кампазітар. Нар.арт. Расіі (1980). Скончыў Варшаўскую (1939, клас фп.) і Бел. (1941, клас кампазіцыі В.Залатарова) кансерваторыі. З 1943 у Маскве. Сярод твораў: оперы «Пасажырка» (1968), «Зося» (1970), «Мадонна і салдат» (1975), «Партрэт» (1983), «Ідыёт» (1986); балеты «Залаты ключык» (1955), «Белая хрызантэма» (1958); аперэты; кантаты «У краі родным» (1952), «Дзённік кахання» (1965), «Хірасімскія пяцірадкоўі» (1966); 20 сімфоній (некаторыя з салістамі і хорам, 1942—89); камерная сімфонія (1986); канцэрты для інструментаў з арк.; камерна-інстр. ансамблі; рамансы; санаты; музыка да драм. спектакляў і кінафільмаў («Ляцяць жураўлі», «Апошні дзюйм»), Дзярж. прэмія СССР 1990.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАНДРО́ЎНЫ ГО́ЛУБ (Ectopistes migratorius),
вымерлая птушка сям. галубіных. Да 1880-х г. быў шматлікі ў лісцевых лясах на УПаўн. Амерыкі (ад Паўд. Канады да Паўн. Караліны). Рабіў пералёты вял. чародамі (да некалькіх мільярдаў асобін). Вынішчаны чалавекам у 1890-я г., бо шкодзіў с.-г. культурам і лесу. Апошні вандроўны голуб загінуў у 1914 у заапарку ЗША.
Даўж каля 30 см, размах крылаў да 65 см. Зграбная птушка з доўгім клінападобным хвастом, зверху шаравата-бурая, знізу карычнявата-чырвоная. Самка больш цёмная. Карміўся пераважна жалудамі, каштанамі, рознымі арэхамі. Зімаваў на Пд ЗША.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГО́РСКІ ЗА́МАК.
Існаваў у 16—18 ст. у стараж.г. Горы Вялікія (цяпер в. Горы Горацкага р-на Магілёўскай вобл.). Быў умацаваны 7 бастыёнамі, злучанымі паміж сабой валамі-курцінамі, а таксама шырокім і глыбокім ровам. У вайну Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—67 замак быў заняты ў вер. 1654 войскамі А.М.Трубяцкога. У 1663 «фортеция Горская» згадваецца як вельмі разбураная, але ў дакументах 1680-х г. ужо ўпамінаюцца замак і гар. астрог. У апошні раз умацаванні Горскага замка спрабаваў выкарыстаць у 1708 шведскі кароль Карл XII. Пазней Горскі замак страціў сваё ваен. значэнне.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДАМІЦЫЯ́Н (Ціт Флавій) (Titus Flavius Domitianus; 24.10.51, Рым — 18.9.96),
рымскі імператар [81—96). Апошні з дынастыі Флавіяў, малодшы сын Веспасіяна. У 83 перамог герм. племя хетаў, арганізаваў буд-ва лімеса (сістэма пагран. умацаванняў), засн. правінцыі Ніжняя і Верхняя Германія. У 85—92 вёў барацьбу на Дунаі супраць цара дакаў Дэцэбала, у 89 вымушаны быў заключыць мір, паводле якога рымляне абавязваліся выплачваць дакам штогоднюю даніну. Праводзіў самадзяржаўную палітыку, абмяжоўваў уплыў сената, абапіраўся на саслоўе коннікаў і войска, загадаў называць сябе «гаспадаром і богам», што выклікала апазіцыю сената. Забіты ў выніку змовы і пракляты сенатам Біяграфія Д. выкладзена Светоніем.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІЛАВА́ЙСКІ (Дзмітрый Іванавіч) (11.2.1832, г. Чаплыгін Ліпецкай вобл., Расія — 15.2.1920),
рускі гісторык. Скончыў Маскоўскі ун-т (1854). Аўтар манаграфій «Гісторыя Разанскага княства» (1858), «Гродзенскі сейм 1793. Апошні сейм Рэчы Паспалітай» (1870), «Даследаванні пра пачатак Русі» (1876). Выступаў супраць нарманскай тэорыі ўзнікнення Рас. дзяржавы. Асн. праца І. «Гісторыя Расіі» (т. 1—5, 1876—1905) будавалася па канцэпцыі М.М.Карамзіна і мела кампілятыўны характар. Аўтар афіц. школьных падручнікаў па гісторыі Расіі, напісаных з манархічных пазіцый.
Тв.:
Краткие очерки русской истории. М., 1992;
Очерки отечественной истории. М., 1995.
Літ.:
Шапиро А.Л. Русская историография с древнейших времен до 1917 г. 2 изд. М, 1993.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІХАІ́Л АЛЯКСА́НДРАВІЧ (1333, г. Пскоў, Расія — 26.8.1399),
вялікі князь Цвярскога княства [1365—99, з перапынкамі]. Сын вял. цвярскога кн. Аляксандра Міхайлавіча. Двойчы (1368 і 1370) быў скінуты з прастола вял. маскоўскім кн.Дзмітрыем Іванавічам Данскім і хаваўся ў ВКЛ (яго сястра была жонкай вял. князя літоўскага Альгерда). У 1372 пры дапамозе войск ВКЛ вярнуў сабе цвярскі прастол. МА. — апошнівял. цвярскі князь, які змагаўся з Масквой за Уладзімірскае вял. княжанне, валоданне якім фармальна азначала паліт. панаванне ў Паўн.-Усх. Русі. У 1370—71 і 1375 атрымліваў вялікакняжацкія ярлыкі ў Залатой Ардзе, але замацавацца на Уладзімірскім прастоле не здолеў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МУ́НІ (Muni) Пол [сапр. Вайзенфройнд
(Weisenfreund) Фрэдэрык Маер; 22.9.1895, г. Львоў, Украіна — 26.8.1967], амерыканскі акцёр. Выступаў у нью-йоркскім яўрэйскім т-ры, з 1926 на Брадвеі. З 1929 здымаўся ў кіно пад псеўданімам М. Творчасці ўласцівы выдатная акцёрская тэхніка, выкарыстанне складаных партрэтных грымаў. Зняўся ў фільмах «Аповесць пра Луі Пастэра» (1936; прэмія «Оскар», прыз міжнар. кінафестывалю ў Венецыі),
«Жыццё Эміля Заля» (1937), «Хуарэс» (1939; усе рэж. У.Дытэрле). Пасля 2-й сусв. вайны выступаў у т-ры; зняўся ў фільмах, «Анёл на маім плячы» (1946), «Незнаёмец крадзецца» (1952, ЗША—Італія), «Апошні раззлаваны чалавек» (1959).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НЯДЗВЕ́ЦКІ (Іосіф Маркавіч) (23.6.1908, г. Магілёў — 26.12.1959),
Герой Сав. Саюза (1940). Скончыў 1-ы курс Прамакадэміі (1941). Працаваў машыністам на ледаколе «Ярмак», які ў 1938 удзельнічаў у выратаванні ледакольных параходаў «Садко», «Малыгін», «Георгій Сядоў». Апошні карабель вывесці з лядовага палону не ўдалося, таму частку яго экіпажа замянілі чл. «Ермака». У цяжкіх умовах 812-дзённага дрэйфу экіпаж з 15 маракоў, у т. л. Н., правёў цыкл назіранняў у недаследаванай частцы Арктычнага басейна, за што кожнаму з іх было прысвоена званне Героя Сав. Саюза. У Вял.Айч. вайну з 1943 на фронце. Пасля вайны ў Запаляр’і, загінуў на палярнай станцыі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ПАРА́Д ПЛАНЕ́Т»,
уяўнае збліжэнне планет па прамяні зроку. Бачны з Зямлі, калі здаецца, што большасць планет знаходзяцца блізка адна да адной (напр., у адным задыякальным сузор’і); на самай справе планеты аддалены адна ад адной на вял. адлегласці. Адбываецца прыблізна 1 раз у некалькі гадоў. Не аказвае адчувальнага гравітацыйнага ўздзеяння на Зямлю з прычыны малой агульнай масы планет у параўнанні з масай Сонца. Апошні «П.п.» адбыўся 6.4—17.5.2000, калі Марс, Юпітэр, Меркурый, Сатурн, Сонца і Венера знаходзіліся блізка па прамяні зроку (з прычыны блізкага вуглавога размяшчэння планет ад Сонца, гэта з’ява практычна не назіралася).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ПАСТУ́Х І ВОЎК»,
бел.нар. гульня. Удзельнікі (ад 6 да 15 чал.) выбіраюць «пастуха» і «ваўка». Апошні хаваецца, а «пастух» збірае гульцоў — «авечак» і заганяе іх у «статак», пасля садзіцца і робіць выгляд, што спіць. «Воўк» хавае «авечак», а сам застаецца. «Пастух», «прачнуўшыся», ідзе шукаць «авечак». Калі ён набліжаецца да месца, дзе яны схаваны, «авечкі» пачынаюць ці сіпець, ці стукаць, ці пішчаць, на што «воўк» павінен хутка адказаць, хто гэта робіць Калі ён з адказам затрымліваецца, то «авечкі» пачынаюць «бляяць». «Воўк» уцякае, а «авечкі» павінны злавіць яго і прывесці да «пастуха».