ПАРТУГА́Л (партуг. portuguer),

1) залатая манета каралеўства Партугалія 1499—1557 (з перапынкам) вартасцю ў 10 крузада (лігатурная маса 39,9 г).

2) Назва ў Рэчы Паспалітай 16—18 ст. залатых манет з масай, большай за масу дуката. Першы 10-дукатавы П. 1562 ВКЛ выпусціў Жыгімонт II Аўгуст, апошні — у 1661 Ян II Казімір Ваза. Апошнія П. — каронныя 1794 3-дукатавы і 1,5-дукатавы Станіслава Аўгуста Панятоўскага. П. часта прызначаліся не для абарачэння, а даваліся манархамі як узнагарода або на памяць, таму выконваліся на высокім маст. узроўні.

т. 12, с. 107

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)