Засн. ў 1624 у г.п. Бялынічы (Магілёўская вобл.) канцлерам ВКЛ Львом Сапегам. Пазней апекунамі кляштара былі ўладальнікі Бялынічаў Агінскія. У сярэдзіне 18 ст. першапачатковыя драўляныя будынкі заменены мураванымі. У комплекс уваходзілі Успенскі касцёл, Т-падобны ў плане корпус кляштара, агароджа з уваходнай брамай, званіца, вежа з гадзіннікамі. Касцёл (пабудаваны ў 1742—63 у стылі позняга барока) — 3-нефавая крыжова-купальная базіліка з трансептам. Багата дэкарыраваны ордэрнымі элементамі і скульптурамі гал. фасад падзяляўся па гарызанталі на 3 ярусы, раскрапаваныя антаблементамі, па вертыкалі — на 5 частак вязкамі пілястраў. Сярэдняя частка завяршалася фігурным франтонам, бакавыя — масіўнымі валютамі, прамежкавыя — вежамі, накрытымі гранёнымі купалкамі. Інтэр’ер быў багата аздоблены драўлянай і стукавай скульптурай, сюжэтнымі размалёўкамі. У 1534 невядомы мастак намаляваў тут абраз Маці Божай, які знік у Вял.Айч. вайну. У 1960-я г. ўзарваны касцёл, у 1970-я г. — кляштар.
Бялыніцкі касцёл і кляштар кармелітаў. З гравюры 19 ст.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АРША́НСКІ КУЦЕ́ІНСКІ УСПЕ́НСКІ МАНАСТЫ́Р.
Існаваў у 17—20 ст. Заснаваны як жаночы манастыр у 1631 Багданам Сцянкевічам на паўд.-зах. ускраіне Оршы. У комплекс уваходзіла некалькі драўляных цэркваў, жылыя і гасп. пабудовы. Гал. драўляны сабор згарэў у 1635. Пабудаваны мураваны Успенскі сабор (1655) меў рысы стылю барока. Крыжова-купальны 3-апсідны храм. Асн. неф і крылы трансепта былі накрыты ўзаемна перпендыкулярнымі 2-схільнымі дахамі з трохвугольнымі франтонамі на тарцах. Сяродкрыжжа ўвенчана 8-гранным глухім барабанам і масіўным грушападобным купалам з галоўкай. Сцены ўпрыгожаны прафіляванымі карнізамі, пілястрамі на вуглах. Высокія вокны з паўцыркульнымі арачнымі завяршэннямі. Франтоны завершаны галоўкамі і аздоблены патройнымі плоскімі арачнымі нішамі. У 1658 куцеінскія манахіні пераведзены ў новаадчынены Уваскрасенскі манастыр у Смаленску. Ёсць звесткі, што з Куцейна былі і першыя насельніцы Новадзявочага манастыра ў Маскве. У 1842 манастыр прылічаны да 1-га класа. Зачынены ў 1918, будынкі не захаваліся.
Т.В.Габрусь, А.А.Ярашэвіч.
Аршанскі Куцеінскі Успенскі манастыр. Агульны выгляд. Малюнак 19 ст.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
І́ШКАЛДСКІ ТРО́ІЦКІ КАСЦЁЛ,
помнік архітэктуры готыкі. Пабудаваны да 1472 у в. Ішкалдзь Баранавіцкага р-на Брэсцкай вобл. Мікалаем Неміровічам. Мураваны храм зальнага тыпу. Кампактны асн. прамавугольны ў плане аб’ём накрыты высокім двухсхільным дахам са стромкімі шчытамі на тарцах. З паўн. боку да апсіды прылягаюць невысокія сакрысція і паўкруглы аб’ём з вітымі ўсходамі. Масіўныя сцены ў ніжняй ч. арнаментаваны сеткавай муроўкай (пазней атынкаваны) і ўмацаваны на бакавых фасадах вертыкальнымі, на вуглах ступеньчатымі контрфорсамі. Пластычныя ступеньчатыя шчыт і контрфорсы на гал.зах. фасадзе аздоблены сіметрычна размешчанымі плоскімі нішамі. Унутры асн. аб’ём падзелены 4 слупамі на 3 нефы, перакрытыя крыжовымі скляпеннямі. У апсідзе зорчатае нервюрнае скляпенне (у канцы 15—1-й пал. 16 ст. скляпенні касцёла і слупы былі размаляваны). У 2-й пал. 16 ст. касцёл перайшоў да кальвіністаў, у 1641 Радзівілы вярнулі яго католікам. У час вайны Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—67 пашкоджаны, у 1866—1919 — царква.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАГІЛЁЎСКАГА НАСТА́ЎНІЦКАГА ІНСТЫТУ́ТА БУДЫ́НАК,
помнік архітэктуры эклектыкі ў Магілёве. Узведзены ў 1853. Спалучае рысы стыляў позняга класіцызму, псеўдарус. і мадэрн. Мураваны 3-павярховы Т-падобны ў плане будынак. Гал. фасад расчлянёны 3 неглыбокімі рызалітамі з параднымі ўваходамі, балконамі 2-ra і 3-га паверхаў з ажурнымі металічнымі агароджамі і невысокімі атыкамі з паўцыркульнымі франтонамі ў цэнтры. Фасад карнізнымі паясамі падзелены на 3 ярусы. 1-ы ярус масіўны, вырашаны як цокаль, сцены аздоблены руставанымі пілястрамі. Рытм 2-га яруса ствараюць размешчаныя папарна арачныя аконныя праёмы, падзеленыя пілястрамі, з геам.скульпт. арнаментам архівольтаў паўцыркульных арак, міжаконных пілястраў і інш. 3-і ярус з прамавугольнымі аконнымі праёмамі кантрастна вылучаецца больш дробным маштабам арх. дэталей. У Вял.Айч. вайну будынак пашкоджаны, у 1953 адноўлены. Напачатку ў будынку размяшчалася жаночая гімназія, з 1913 — настаўніцкі ін-т, з 1919 — Ін-тнар. адукацыі, з 1930 — пед.ін-т, цяпер Магілёўскі пед.ун-т імя А.Куляшова.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІ́НСКІ ПІШЧА́ЛАЎСКІ ЗА́МАК,
турэмны замак, гарадскі астрог, помнік архітэктуры 19 ст. Пабудаваны ў 1822—25 у Мінску на ўскраіне тагачаснага горада на гары ў прадмесці Раманаўская Слабада (сучасная вул. Валадарскага) пад кіраўніцтвам арх. М.Чахоўскага і К.Хршчановіча (ад прозвішча падрадчыка Р.Пішчалы доўгі час наз. Пішчалаўскім). Мураваны 3-павярховы прамавугольны ў плане з 4 круглымі вежамі на вуглах будынак, накрыты вальмавым дахам. Вежы, аздобленыя нішамі, завершаны прафіляванымі зубцамі. Рытм фасадаў ствараюць прамавугольныя аконныя праёмы. 2-і і 3-і паверхі аддзелены карнізным поясам. Будынак абнесены мураванай сцяной, умацаванай контрфорсамі. У паўн.-ўсх.ч. сцяны размешчаны 2-павярховы прамавугольны ў плане аб’ём, накрыты 2-схільным дахам. Гал. фасад падзелены карнізам на 2 ярусы (ніжні ярус з шырокай праезнай аркай аздоблены рустам) і завершаны трохвугольным франтонам. З 2-й пал. 19 ст. выкарыстоўваецца як турма; у замку былі царква, шпіталь, школа, аптэка, майстэрні і інш. Помнік рэсп. значэння.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАРАЧА́НСКІ АНДРЭ́ЎСКІ КАСЦЁЛ,
помнік архітэктуры неаготыкі ў в. Нарач Мядзельскага р-на Мінскай вобл. Пабудаваны ў 1901 з цэглы. Касцёл — прамавугольная ў плане 3-нефавая бязвежавая базіліка з 3-граннай апсідай, накрытая агульным 2-схільным дахам. Гал. фасад з 2-схільным шчытом расчлянёны слаістымі контрфорсамі на 3 часткі: цэнтральную са стральчатым парталам і акном-ружай і бакавыя, крапаваныя арачнымі нішамі. Стракаты сілуэт фасада ствараюць пластычна насычаныя фіялы контрфорсаў. Апсіда завершана трохвугольным гранёным шчытом і шатровай вежай-ліхтаром.
Плоскасныя бакавыя фасады рытмічна расчлянёны высокімі стральчатымі аконнымі праёмамі і ступеньчатымі контрфорсамі ў прасценках, апяразаны прафіляваным карнізам і аркатурным фрызам. Каларыстычнае багацце дасягаецца высакаякаснай «адкрытай» цаглянай муроўкай насычанага чырвонага колеру і паліхромнай муроўкай цокаля, выкладзенага з вапнавых блокаў. Інтэр’ер дэкарыраваны арнаментальнай размалёўкай ракайльнага малюнка. Амбон, алтары і арган выкананы ў Вільні ў стылі неаготыкі, аздоблены разьбой і скульптурай. Побач з касцёлам стаіць званіца — помнік драўлянага дойлідства 19 ст. 4-граннае 3-яруснае зрубна-каркаснае збудаванне, завершанае шатровым дахам.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАГІЛЁЎСКАЯ КЕРА́МІКА,
традыцыйныя ганчарныя вырабы рамеснікаў з г. Магілёў канца 15 — пач. 20 ст. Выраблялі посуд, цацкі і інш. прадметы хатняга ўжытку. У канцы 15—16 ст. гаршкі з прамой шыйкай і косым ці закругленым краем венчыка, макотры аздаблялі хвалістым арнаментам, наколкамі, насечкамі. Традыцыі арнаментацыі непаліваных гаршкоў захоўваліся да 17—18 ст. З 16 ст. пашырылася вытв-сць паліванай і чорназадымленай керамікі. У 17—18 ст. выраблялі гаршкі, кубкі, куфлі, міскі, паўміскі, збаны, макотры, глякі, талеркі. Паліваны посуд (міскі і талеркі) упрыгожвалі арнаментам у выглядзе кругоў і кветак, збаны з вял. ручкай — адбіткам пальцаў на яе краях і арнаментам у выглядзе наляпных кветак на плечуках, куфлі — выявамі гар. герба і пакрывалі зялёнай палівай. У 2-й пал. 17—18 ст. выраблялі посуд (талеркі, збаны), аздоблены ангобнаю размалёўкаю (геам. і расл. арнамент). Выраблялі таксама кафлю (гл.Магілёўская кафля), дзіцячы посуд (кубачкі, талерачкі), падсвечнікі, рукамыйнікі, цэглу-пальчатку, непаліваную (плоскую і паўцыркульную) і паліваную зялёную дахоўку, магчыма, чорназадымленыя і паліваныя люлькі.
А.А.Трусаў, Н.І.Здановіч.
Да арт.Магілёўская кераміка. Талерка. 2-я пал. 17 ст.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІ́РСКІ МІКАЛА́ЕЎСКІ КАСЦЁЛ,
помнік архітэктуры рэнесансу ў г.п. Мір Карэліцкага р-на Гродзенскай вобл. Пабудаваны ў 1599—1605 на месцы драўлянага касцёла 1587, фундаванага М.К.Радзівілам Сіроткам і асвячонага Ю.Радзівілам. У 1605 новы мураваны касцёл асвячоны Б.Войнам. Ў 1710 касцёл адноўлены, узведзены мураваны алтар у стылі барока, адліты вял. звон у гонар перамогі над шведамі ў Паўн. вайне 1700—21. Пры касцёле існавалі школа і шпіталь св. Шкаплера (засн. Радзівілам Сіроткам у 1610), мураваная 2-павярховая плябанія (1609—1880). У 1865 касцёл прыстасаваны пад царкву. Храм — мураваная 3-нефавая 3-вежавая базіліка. Цэнтр. неф з паўкруглым прэсбітэрыем раней завяршаўся на гал. фасадзе вял. квадратнай у плане 4-яруснай вежай з шатровым дахам (захаваліся 2 ніжнія ярусы). Бакавыя нефы на гал. фасадзе завершаны круглымі ў плане вежачкамі з вітымі ўсходамі, з боку алтарнай ч. — закругленымі ў плане сакрысціямі, абапал якіх — больш высокія гранёныя аб’ёмы, што нагадваюць трансепт. На бакавых фасадах высокія аконныя праёмы з паўцыркульным завяршэннем. Дзверы аздобленымаст. коўкай. Пад будынкам крыпта-пахавальня.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЕ́ТКАЎСКАЯ РАЗЬБА́,
1) аб’ёмна-ажурная пазалочаная разьба, якой у г. Ветка Гомельскай вобл. ў 18—19 ст. аздаблялі ківоты да абразоў. Была высокаразвітым пасадскім ці манастырскім рамяством, працягвала і развівала традыцыі беларускай рэзі. Дэкор уключаў вінаградныя лозы, лісце, гронкі, пазней кветкі і інш. На пач. 20 ст. прыйшла ў заняпад. Калекцыя ўзораў веткаўскай разьбы ёсць у Веткаўскім музеі народнай творчасці.
2) Архітэктурны дэкор, пашыраны ў г. Ветка і навакольных вёсках. Традыцыя ідзе ад перасяленцаў з Цэнтр. Расіі (17—18 ст.). Веткаўская разьба арганічна спалучае бел. і рус. традыцыі нар.арх. дэкору. У 18—19 ст. нескладанай выемчатай разьбой геам. характару аздабляліся пераважна аконныя ліштвы. З сярэдзіны 19 ст. пад уплывам класіцызму дэкор узбагаціўся накладнымі элементамі ў выглядзе ромбаў, прамавугольнікаў, рэечак, такарных дэталей. Верхнія часткі ліштваў набылі форму трохвугольных франтончыкаў з прафіляванымі накладкамі, дэкор карнізаў і вуглоў часам імітаваў элементы мураванай архітэктуры класіцызму. З канца 19 ст. пашырыўся прапілаваны дэкор расліннага характару, якім багата аздаблялі ліштвы, карнізы, ганкі, вароты, а ў наш час і веранды, мансарды, франтоны. Сучасная веткаўская разьба звычайна спалучаецца з паліхромнай расфарбоўкай, вызначаецца павышанай дэкаратыўнасцю, перавагай стылізаваных раслінных матываў, шматпланавасцю кампазіцыі.
Я.М.Сахута.
Фасад дома, аздоблены традыцыйнай веткаўскай разьбой.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КІНАТЭА́ТР,
будынак для паказу кінафільмаў, глядзельная зала якога абсталявана кінапраекцыйнай апаратурай, экранам, гучнагаварыцелямі. Першыя К. ўзніклі ў пач. 20 ст. (К. на Нолендорфплац у Берліне, 1910). У 1920-я г. К. будавалі ў розных арх. стылях, з традыц.тэатр. планіроўкай глядзельнай залы. Ствараліся і т. зв. суперкіно (на 4—5 тыс. гледачоў), з выкарыстаннем метал. канструкцый (у г. Стамфард, Вялікабрытанія, 1928). З 1930-х г. у Зах. Еўропе будавалі К. з залай на 1200—2200 гледачоў, спрошчаных арх. форм з утульнымі інтэр’ерамі. Сучасныя будынкі К. пераважна строгія па форме, пабудаваны на кантрасце глухіх кубічных аб’ёмаў і вял. замкнёных паверхняў гал. фасадаў; глухія сцены часта аздоблены мазаікай. Большасць К. абсталявана для паказу звычайных і шырокаэкранных фільмаў; універсальныя К. — для звычайных, шырокаэкранных і шырокафарматных са стэрэафанічным гукаўзнаўленнем. Для дэманстрацыі спец. відаў фільмаў існуюць К. стэрэафанічныя, панарамныя, кругарамныя, дзённага кіно і інш. Сярэдняя ўмяшчальнасць залаў сучасных К. 200—1000 месцаў. Ёсць К. з некалькімі заламі, дзе адначасова дэманструюцца розныя фільмы. У некаторых краінах пры бесперапынных паказах фільмаў гледачы могуць уваходзіць у залу і выходзіць у любы час. У Беларусі прыняты пасеансавы паказ фільмаў.