ДАРАФЕ́ЕЎ Гаўрыла, лінейшчык 17 ст. з Полацка. У 1646 для Петрапаўлаўскай і Барысаглебскай цэркваў г. Пскоў (Расія) адліў звон, аздоблены арнаментамі і сцэнамі з Евангелля.

т. 6, с. 51

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПІ́НСКІ ПАЛА́Ц,

помнік архітэктуры позняга барока ў г. Пінск Брэсцкай вобл. Пабудаваны ў 1784—90 (арх. К.​Шыльдгаўз) для пінскага старосты М.​Бутрымовіча на высокім левым беразе р. Піна, да якой павернуты дваровым фасадам. Мураваны П-падобны ў плане будынак з развітым цокальным паверхам. 1-павярховую сярэднюю ч. будынка займаюць парадныя памяшканні з авальнай залай у цэнтры, якая ўтварае эркер з балконам на гал. фасадзе. Бакавыя крылы вырашаны ў 2 узроўнях і маюць невял. жылыя памяшканні ўздоўж калідораў. Знадворны дэкор мас рысы ранняга класіцызму. Фасады аздоблены плоскімі і руставанымі лапаткамі, сандрыкамі, фрыз антаблемента — трыгліфамі і метопамі. Эркер, выкружаныя вуглы і тарцы бакавых крылаў аздоблены калонамі і паўкалонамі дарычнага ордэра.

Ю.​А.​Якімовіч.

Пінскі палац.

т. 12, с. 373

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МО́САРСКІ КАСЦЁЛ ГА́ННЫ,

помнік архітэктуры класіцызму ў в. Мосар Глыбоцкага р-на Віцебскай вобл. Пабудаваны ў 1792. Прамавугольны выцягнуты па падоўжнай восі мураваны будынак накрыты 2-схільным дахам з трохвугольнымі франтонамі на тарцах. Гал. фасад аздоблены канеліраванымі пілястрамі, філёнгамі, паўкруглымі нішамі са скульптурамі святых. Аконныя і дзвярныя праёмы прамавугольныя, аздоблены ліштвамі. Пры ўваходзе вылучаны вузкі нартэкс з бакавымі ўваходамі ў асн. залу. Зала перакрыта люстраным скляпеннем з арнаментаванай размалёўкай. Алтарная сцяна дэкарыравана канеліраванымі пілястрамі, 10 філянговымі рамамі з ляпнымі барэльефнымі выявамі евангелістаў. Сцены завершаны па перыметры магутным антаблементам, які мае фрыз з трыгліфамі і ляпнымі гірляндамі, карнізам з сухарыкамі. З паўд.-зах. боку ад касцёла стаіць 3-ярусная мураваная званіца, накрытая шатром. Збудаванні абнесены мураванай агароджай з брамай.

Т.​В.​Габрусь.

Мосарскі касцёл Ганны. Рэльеф «Евангеліст Марк».
Мосарскі касцёл Ганны.

т. 10, с. 524

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІХРА́Б (араб. свяцілішча),

малітоўная ніша ў мячэці. Змяшчаецца ў сцяне, звернутай да Меккі (у ранніх мячэцях — да Іерусаліма). Бываюць у плане паўкруглыя, шматгранныя, радзей прамавугольныя. У завяршэнні — паўкупал, аздоблены арнаментальнай разьбой, інкрустацыяй, размалёўкай. У некат. мячэцях М. можа быць некалькі.

Міхраб (злева) і мінбар мячэці ў г.п. Іўе Гродзенскай вобл.

т. 10, с. 487

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАГІЛЁЎСКІ ДОМ ГУБЕРНА́ТАРА Існаваў у 2-й пал. 18—1-й пал. 20 ст. ў Магілёве. Пабудаваны ў 1778 на б. Губернатарскай пл. ў стылі класіцызму. З’яўляўся рэзідэнцыяй магілёўскіх губернатараў

(у 1872—93 А.​С.​Дамбавецкага). Мураваны 2-павярховы прамавугольны ў плане будынак, завершаны вальмавым дахам. Гал. фасад вылучалі 3 рызаліты (цэнтральны з нязначным выступам завершаны трохвугольным франтонам, бакавыя аздоблены вуглавымі пілястрамі),

падзелены карнізным поясам на 2 ярусы. 1-ы ярус аздоблены рустам. Рытм фасадаў стварала сетка прамавугольных аконных праёмаў, завершаных у 2-м ярусе плоскімі сандрыкамі, на цэнтр. рызаліце — трохвугольнымі франтончыкамі. Двор быў абнесены каменнай сцяной, да якой прыбудаваны стайня, свірны і інш. гасп. пабудовы. Уваход у двор афармляла манум. брама ў выглядзе плоскага 4-калоннага порціка з арачным праездам у цэнтры, яна злучала дом з Магілёўскім губернскага праўлення будынкам, утвараючы адзіны ансамбль. У 1944 узарваны ням.-фаш. захопнікамі.

Т.​І.​Чарняўская.

Магілёўскі дом губернатара. Чарцёж.

т. 9, с. 465

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЗІ́СЕНСКІ ЗВОН,

помнік ліцця мастацкага. Адліты з бронзы 30.8.1751 ліцейшчыкамі Іванам, Сцяпанам і Максімам Сініцамі для царквы г. Дзісна Міёрскага р-на Віцебскай вобл. Выш. каля 40 см, найб. дыяметр 30 см. Аздоблены раслінным і хвалістым арнаментам. Дата і фундацыйны надпіс размешчаны ў выглядзе фрызаў, імёны ліцейшчыкаў на тулаве звона. Знаходзіцца ў Дзісенскай царкве.

М.​М.​Яніцкая.

т. 6, с. 117

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗВАРТНО́Ц,

помнік раннесярэдневяковай арм. архітэктуры. Храм пабудаваны ў 641—661 каля г. Эчміядзіна. Руіны З. выяўлены раскопкамі ў 1901—07. Захаваліся камяні падмурка, арх. абломы, калоны. Уяўляў сабой круглае 3-яруснае купальнае збудаванне, унутры — тэтраконх з абходнай галерэяй. Фасады былі аздоблены аркатурай, разьбой, рэльефамі, інтэр’ер — мазаікай і размалёўкай. Стаў прататыпам шэрагу наступных арх. пабудоў.

Рэшткі храма Звартноц.

т. 7, с. 37

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВІ́ЦЕБСКАГА АКРУГО́ВАГА СУДА́ БУДЫ́НАК,

помнік архітэктуры позняга класіцызму. Пабудаваны ў Віцебску ў 1883 (арх. І.​Камінскі). Разам з Мікалаеўскай царквой завяршыў кампазіцыю Саборнай пл. (сучасная пл. Свабоды). 2-павярховы П-падобны ў плане асіметрычны будынак вызначаецца манументальнасцю і маштабнасцю формаў.

Цэнтр фасада вылучаны 3-павярховым рызалітам, завершаным атыкавай сценкай з трохвугольным франтонам. Інтэр’еры памяшканняў багата аздоблены (ляпныя плафоны, разеткі, карнізы, пілястры і інш.).

В.​М.​Чарнатаў.

Віцебскага акруговага суда будынак.

т. 4, с. 212

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГРО́ДЗЕНСКІ ДОМ ВІ́ЦЭ-ГУБЕРНА́ТАРА,

помнік архітэктуры класіцызму. Пабудаваны ў Гродне каля 1800 для гродзенскага віцэ-губернатара Максімовіча. Двухпавярховы Г-падобны ў плане мураваны будынак накрыты 2-схільным дахам. Сіметрыя гал. фасада падкрэслена 4-калонным порцікам дарычнага ордэра з трохвугольным франтонам. Бакавыя часткі вылучаны рызалітамі. Фасад раскрапаваны філёнгамі, рустам, завершаны развітым прафіляваным карнізам. Прамавугольныя аконныя праёмы аздоблены фігурнымі ліштвамі і сандрыкамі. Інтэр’еры былі ўпрыгожаны фрэскавай размалёўкай.

Гродзенскі дом віцэ-губернатара.

т. 5, с. 431

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГРО́ДЗЕНСКІ ДОМ ВІ́ЦЭ-АДМІНІСТРА́ТАРА,

помнік архітэктуры 18 ст. Пабудаваны ў Гродне, мае рысы стыляў барока і класіцызму. Уваходзіў у арх. ансамбль Гарадніцы. Двухпавярховы прамавугольны ў плане мураваны будынак з вальмавым дахам. Гал. фасад аздоблены лапаткамі, філёнгамі і нішамі, па баках раскрапаваны плоскімі рызалітамі. Больш нізкі 2-і паверх аддзелены карнізным поясам і багата дэкарыраваны. Архітэктурная выразнасць дасягаецца рэгулярным рытмам прамавугольных аконных праёмаў. Першапачатковая планіроўка і аздабленне інтэр’ераў парушаны.

А.​М.​Кулагін.

Гродзенскі дом віцэ-адміністратара.

т. 5, с. 431

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)