ГЛІЁМА (ад грэч. glia клей + ...ома),
пухліна ц. н. с. (галаўнога і спіннога мозга), што паходзіць з клетак нейрагліі. Да гліёмы адносяцца: астрацытома, алігадэндрагліёма, палярная спангіябластома (разнавіднасць астрацытомы з марудным ростам), эпендымома. Разнавіднасцю злаякасных гліём з’яўляюцца гліябластома і медулабластома (гліёма саркаматозная), якая найчасцей бывае ў дзяцей, лакалізуецца ў вобласці мазжачка з інфільтратыўным ростам і хуткімі неўралагічнымі расстройствамі. Лячэнне хірургічнае.
т. 5, с. 294
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГО́РАЧЫ,
лекавыя сродкі, якія маюць горкія рэчывы. Яны стымулююць апетыт і паляпшаюць страваванне. Дзеянне горачаў заключаецца ў рэфлектарным узмацненні выдзялення страўнікавага соку ў выніку раздражнення канцоў смакавых нерваў поласці рота. Да горачаў адносяцца прэпараты, прыгатаваныя з адной (палын горкі, гарычка, дзьмухавец, цвінтарэй, трыліснік) ці некалькіх лек. раслін (настойка горкая, чай апетытны). Горач бывае ў выглядзе адвараў, настояў, экстрактаў, настоек.
т. 5, с. 358
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАТАШО́К,
бакакветнае (батрычнае), коласападобнае паніклае суквецце. Складаецца з вял. колькасці аднаполых кветак і ападае цалкам пасля цвіцення (тычынкавы К.) ці паспявання пладоў (песцікавы К.). Да К. адносяцца суквецці бярозы, вярбы, таполі, мужчынскія суквецці алешніку, дуба, грэцкага арэха, каштана і інш. драўнінных ветраапыляльных раслін. У вярбы, таполі К. — просты колас, у алешніку, бярозы і інш. — колас з дыхазіяў (складанае суквецце).
т. 8, с. 174
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НЕЗАМЕ́ННЫЯ ПРЫРО́ДНЫЯ РЭСУ́РСЫ, незамяшчальныя прыродныя рэсурсы,
прыродныя рэсурсы, якія ніколі не могуць быць заменены іншымі. Да Н.п.р. адносяцца віды жывога, асяроддзеўтваральныя ўмовы існавання людзей (напр., кісларод паветра, чыстая прэсная вада) і інш. У адрозненне ад іх, заменныя прыродныя рэсурсы могуць быць заменены цяпер ці з навук.-тэхн. развіццём (напр., металы — пластмасай, мінер. паліва — гідраэнергіяй, ветравой, сонечнай, атамнай энергіяй).
т. 11, с. 271
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НЕПРАДУКЦЬІЙНЫЯ ЗАТРА́ТЫ,
залішнія затраты, выкліканыя безгаспадарчасцю, недастаткова зладжанай працай, недахопамі кіравання вытв-сцю. Да іх адносяцца: штрафы (у т. л. за парушэнне ўмоў перавозак), пені, няўстойка за несвоечасовую аплату рахункаў пастаўшчыкоў, нястачы і страты ад псавання мат. каштоўнасцей і інш. Н.з. не плануюцца і іх сума з’яўляецца перарасходам супраць планавага сабекошту. Ліквідацыя Н.з. — важны фактар зніжэння сабекошту.
т. 11, с. 289
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПО́ЛЫМНАЯ ПЕЧ,
прамысловая печ, у якой цеплата атрымліваецца ад непасрэднага згарання паліва, перадаецца вырабам (матэрыялам) выпрамяненнем і канвекцыяй ад газападобных прадуктаў гарэння, а таксама выпрамяненнем ад распаленай муроўкі. Да П.п. адносяцца некаторыя награвальныя печы (напр., вярчальная печ, камерная печ), плавільныя печы і тэрмічныя печы. Цвёрдае, вадкае ці газападобнае паліва згарае ў топцы печы або ў яе рабочай прасторы.
т. 12, с. 481
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАССЕ́ЯНЫЯ ЭЛЕМЕ́НТЫ,
група рэдкіх элементаў, якія не ўтвараюць уласных мінералаў. У якасці ізаморфных прымесей ёсць у мінералах больш распаўсюджаных элементаў. Да Р.э. адносяцца рубідый, скандый, галій, індый, германій, талій, селен, тэлур, кадмій, бром, ёд, гафній. Атрымліваюць пры перапрацоўцы руд інш. элементаў ці з няруднай сыравіны (напр., попелу вуглёў, адходаў каксавання). З сярэдзіны 20 ст. выкарыстоўваюць у тэхніцы.
т. 13, с. 361
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РЭПРАГРА́ФІЯ [ад рэпра(дукцыя) + ...графія],
абагульненая назва розных відаў капіравання тэкставых і ілюстрацыйных матэрыялаў, дакументаў і інш., не звязаных (у адрозненне ад паліграфіі) з выкарыстаннем друкарскіх форм. Да Р. адносяцца дыязакапіраванне, ксеракапіраванне (гл. Ксераграфія), мікрафільмаванне, святлокапіраванне, тэрмакапіраванне, фотакапіраванне, спосабы электраграфіі. Адрозніваецца дакладнасцю (факсімільнасцю) узнаўлення арыгінала, магчымасцю змены яго маштабу, кароткім тэхнал. цыклам (копія робіцца непасрэдна з арыгінала). У Р. выкарыстоўваецца разнастайная размнажальная тэхніка.
т. 14, с. 20
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САКРАТЫ́ЧНЫЯ ШКО́ЛЫ,
шэраг кірункаў у стараж.-грэч. філасофіі, якія грунтаваліся на вучэнні Сакрата. Засн. вучнямі Сакрата. Да С.ш. адносяцца: Акадэмія платонаўская (Платон, Спеўсіп, Ксенакрат і інш.), кінікі (Антысфен, Дыяген Сінопскі, Кратэт і інш.), кірэнская школа (Арыстып, Арыстып Малодшы, Арэта, Феодар і інш.), мегарская школа (Эўклід, Стылпон, Эўбулід і інш.), эліда-эратрыйская школа (Федон з Эліды, Менедэм і інш.).
т. 14, с. 90
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САЛЬМАНЕ́ЛЫ (Salmonella),
род энтэрабактэрый. Адносяцца пераважна да патагенных відаў (узбуджальнікі тыфапаратыфозных захворванняў і харч. таксікаінфекцый, гл. Сальманелёзы), маюць у сабе эндатаксін. Знаходзяцца ў кішачным тракце чалавека і пазваночных жывёл. Доўга захоўваюцца ў вонкавым асяроддзі і харч. прадуктах.
Прамыя палачкі з закругленымі канцамі. Рухомыя. Грамадмоўныя. Факультатыўныя анаэробы, гетэратрофы. Сералагічна разнастайныя (больш за 2 тыс. сератыпаў), класіфікуюцца па антыгенных уласцівасцях.
т. 14, с. 119
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)