РОД І ВІД у логіцы,
паняцці, якія служаць для выражэння адносін падпарадкавання. Усякае лагічнае паняцце можа быць адначасова відам (у адносінах да больш агульнага паняцця) і родам (у адносінах да паняцця менш агульнага). Напр., паняцце «службовае злачынства» — род у адносінах да паняцця «службовы падлог» і ў той жа час від у адносінах да паняцця «злачынства»; паняцце «дзяржава» — відавое паняцце ў адносінах да паняцця «палітычная арганізацыя грамадства», якое з’яўляецца родавым у адносінах да паняцця «дзяржава». Родавых паняццяў не існуе толькі для гранічна шырокіх класаў — катэгорый, якія ўжо не ўваходзяць у склад больш шырокага класа. Калі ў адносінах падпарадкавання знаходзяцца агульнае і адзінкавае (індывідуальнае) паняцці, то агульнае паняцце (тое, што падпарадкоўвае) з’яўляецца відам, а адзінкавае (падпарадкаванае) — індывідам. У такіх адносінах, напр., знаходзяцца паняцці «гісторык-славіст» і «У.І.Пічэта». Такім чынам, паняцце А з’яўляецца родам у адносінах да паняцця Б, калі А можа быць утворана ў выніку абагульнення Б; паняцце Б. з’яўляецца відам паняцця А, калі Б можа быць утворана ў выніку абмежавання А і вылучэння агульных прыкмет у індывід. паняццях і само мае агульныя прыкметы з інш. відавымі паняццямі. У розных навуках шырока выкарыстоўваецца лагічная аперацыя вызначэння паняццяў праз род і відавое адрозненне. Так, у тэорыі дзяржавы і права даецца вызначэнне паняцця «рэспубліка»: рэспубліка — форма праўлення (род), пры якой вышэйшая дзярж. ўлада належыць выбраным на пэўны тэрмін прадстаўнічым органам (відавое адрозненне). Узаемасувязь відавых і родавых паняццяў адлюстроўвае ў свядомасці аб’ектыўную ўзаемасувязь Р. і в. ў прыродзе і грамадстве. Устаноўленыя ў логіцы прынцыпы ўзаемадзеяння Р. і в. выкарыстоўваюцца ў шэрагу тэорый. Напр., у сістэматызацыі раслін і жывёл, дзе паняцце «род» ахоплівае групу роднасных відаў, а паняцце «від» характарызуе агульнасць роднасных паміж сабой індывідаў, пэўныя прыкметы якіх, застаючыся адносна нязменнымі, супадаюць (гл. Від, Сістэматыка).
Літ.:
Ковальски Р. Логика в решении проблем: Пер. с англ. М., 1990;
Арно А., Николь П. Логика, или Искусство мыслить: Пер. с фр. М., 1991;
Брюшинкин В.Н. Практический курс логики для гуманитариев.
С.Ф.Дубянецкі.
т. 13, с. 393
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ЖАНІ́ЦЬБА ЦЯРЭ́ШКІ»,
традыцыйнае гульнявое прадстаўленне «вяселля для ўсіх», прымеркаванае да Каляд. Паводле характару адпавядае карнавалізавана-гульнявым звычаям (з абрадавым травесці), уласцівым культуры многіх еўрап. народаў. Пашырана на Бел. Паазер’і. Адлюстроўвае настрой калядных святкаванняў як «крывых вечароў» (з амбівалентнасцю дзеянняў «шыварат-навыварат»). Уключае некалькі этапаў: выбар са старэйшых удзельнікаў «бацькі» і «маці», якія потым «дабіраюць» і «жэняць» пары, «прыпяваюць» іх адзін да аднаго («Ай, роўная парачка — ім гарэлкі чарачка») і «скручваюць» у танцы (часцей «Лявоніха»); пачарговае «пералоўліванне» «маладых», агульнае застолле з песнямі і танцамі. Скразным элементам, які цэментуе ўсю гульню, з’яўляюцца рытуальныя «цярэшкінскія песні» з адметнай тыповай рытмаформулай. Разнастайныя тэксты «Ж.Ц.» амбівалентна пераафарбоўваюць драматызм сапраўднага вяселля ў гумарыстычным (часам гратэскавым) плане («Дзед бабу — чабок на дно, а мне, дзед, і тут ладно»). Умоўнасць «несапраўднага» гульнявога вяселля адзначана і ў «цярэшкінскіх песнях» («Мне з табой не век векаваць — адну ночаньку пагуляць»).
Літ.:
Жаніцьба Цярэшкі. Мн., 1993.
З.Я.Мажэйка.
т. 6, с. 422
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗО́РНЫЯ СКО́ПІШЧЫ,
сукупнасці (групы) зорак, якія маюць агульнае паходжанне і звязаны паміж сабой сіламі ўзаемнага прыцягнення. Для сфарміраваных З.с. характэрна наяўнасць цэнтр. згушчэння (ядра), абкружанага менш шчыльнай каранальнай вобласцю. У залежнасці ад знешняга выгляду, памераў, узросту і хім. складу адрозніваюць рассеяныя і шаравыя З.с.
Рассеяныя З.с. (напр., Гіяды, Плеяды) у Галактыцы канцэнтруюцца ў плоскасці сіметрыі Млечнага Шляху і маюць найб. скорасці адносна Сонца; узрост да 1 млрд. гадоў. Пры назіранні ў слабы тэлескоп раздзяляюцца на асобныя зоркі. Шаравыя З.с. (напр., скопішча M3 у сузор’і Гончых Псоў, M13 у сузор’і Геркулеса) маюць вял. колькасць кампактна размешчаных зорак у выглядзе сферычнай або эліптычнай сістэмы; з цяжкасцю раздзяляюцца на асобныя зоркі нават у моцных тэлескопах. Утвараюць у Галактыцы сферычную падсістэму і канцэнтруюцца ў яе цэнтры; маюць узрост ад 5 да 15 млрд. гадоў. Наяўнасць пераменных зорак (напр., тыпу RR Ліры) дазваляе вызначаць адлегласці да скопішчаў.
А.А.Шымбалёў.
т. 7, с. 113
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«КРУП»
(Krupp, Fried. Krupp Gmb Η),
буйнейшы металургічны і машынабудаўнічы канцэрн ФРГ. Засн. ў 1968 у г. Эсен. Яго вытворчая камбінаваная праграма ахоплівае горназдабыўную, сталеліцейную, металаапрацоўчую прам-сць, агульнае машынабудаванне, аўта-, судна- і авіябудаванне, вытв-сць электраэнергіі, праектаванне і буд-ва камплектных прадпрыемстваў, гандаль і інш. Бярэ пачатак з заснаванага ў 1811 Ф.Крупам сталеліцейнага прадпрыемства, якое больш за паўтара стагоддзя (да 1967) належала гэтай сям’і. Канцэрн актыўна ўдзельнічаў у стварэнні ваен. патэнцыялу Германіі да і ў час 1-й сусв. вайны. У 2-ю сусв. вайну фірма Крупаў была адным з вядучых пастаўшчыкоў узбраення фаш. Германіі. У 1960-я г. канцэрн аднавіў выпуск ваен. прадукцыі для бундэсвера. У 1968 «К.» апынуўся на мяжы фін. краху і звярнуўся за крэдытамі да дзяржавы і вядучых банкаў краіны. У кіруючыя органы канцэрна былі ўведзены прадстаўнікі інш. фін. і прамысл. груп, у выніку чаго ён страціў статус сямейнага прадпрыемства.
т. 8, с. 486
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЕГА́РСКАЯ ШКО́ЛА,
адна з сакратаўскіх школ стараж.-грэч. філасофіі 4 ст. да н.э. Заснаваў Эўклід — вучань Сакрата. У М.ш. ўваходзілі мегарац Стылпон, Эўбулід, Дыядор Крон і інш. У тэарэт. плане прадстаўнікі М.ш. зрабілі спробу аб’яднаць у адзінае цэлае вучэнні Сакрата, элеятаў і сафістаў. Пры разглядзе быцця Эўклід абсалютызаваў агульнае і супрацьпастаўляў яго адзінкаваму, свет уяўляў як адзінае, вечнае, нерухомае, саматоеснае. Лічылася, што ў гэтым адзіным арганічна спалучаны розум, дабро, бог; толькі адзінае існае. Адзінкавага ж не існуе. З дапамогай сафізмаў прадстаўнік М.ш. Дыядор Крон адмаўляў катэгорыю магчымасці, бо лічыў магчымым толькі сапраўднае, а тое, што несапраўднае, тое і немагчымае. Таму, на яго думку, не існуе нерэалізаваных магчымасцей. Ідэі М.ш. ў далейшым зрабілі ўплыў на стоікаў (Зянона) і скептыкаў (Пірона і Тымона). Разважанні пра розныя формы лагічных імплікацый, а таксама многія сафізмы дайшлі да нашых часоў і выкарыстоўваюцца пры вывучэнні класічнай логікі.
Т.У.Адула.
т. 10, с. 246
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АНГІ́НА (лац. angina літар. ўдушша),
вострая інфекцыйная хвароба з запаленнем міндалін, пераважна паднябенных. Узбуджальнік ангіны — звычайна гемалітычны стрэптакок; перадаецца хвароба праз кантакты з хворым, праз ежу і пітво. Ангіна можа быць сімптомам некаторых інфекц. захворванняў (дыфтэрыя, шкарлятына, адзёр), пры хваробах крыві і крывятворных органаў. Захворванню спрыяе агульнае і мясц. ахаладжэнне арганізма. Бывае катаральная (пачырваненне, прыпухласць слізістай абалонкі міндалін), лакунарная (у лакунах — паглыбленнях міндалін з’яўляецца фібрынозны налёт, які выступае на паверхні міндаліны ў выглядзе белых, шэрых палосаў), фалікулярная (нагнаенне лімфозных фалікул, што выступаюць пад слізістай абалонкай у выглядзе буйных жоўтых кропак), флегманозная (запаленне тканак вакол міндаліны, каляміндалінавы абсцэс). Асн. сімптомы ангіны: боль у горле, недамаганне, павышаная тэмпература (38—40°). Працягласць хваробы — 4—7 дзён. Ускладненні: рэўматызм, энда-, міякардыт, нефрыт. Лячэнне ангіны: пасцельны рэжым, цёплая, негустая ежа, сагравальныя кампрэсы, павязкі на шыю, паласканне горла (1—2%-ным растворам борнай к-ты, растворам марганцавакіслага калію, кухоннай солі), гарачкапаніжальныя (аспірын), сульфаніламіды, антыбіётыкі (пры цяжкім стане). Пры абсцэсах неабходна іх ускрыццё.
В.А.Быстрэнін.
т. 1, с. 343
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГО́РАД-СПАДАРО́ЖНІК,
горад, пасёлак або група гарадоў, створаных вакол буйнога горада з мэтай абмежавання яго росту, разушчыльнення забудовы, стварэння больш зручных умоў для жыццядзейнасці чалавека. Мае цесныя сац., эканам. і прасторавыя сувязі з гал. горадам. Першыя з іх узніклі ў канцы 19 ст. ў Англіі, Германіі, Расіі ў сувязі з развіццём прам-сці і ростам гар. насельніцтва. Адрозніваюцца функцыян. роляй (т.зв. гарады-спальні або адносна самаст. паселішчы са сваімі вытв. зонамі), велічынёй (30—100 тыс. жыхароў), аддаленасцю ад гал. Горада (10—80 км) і інш. Агульнае для ўсіх: стварэнне зручных і хуткіх зносін з горадам-цэнтрам, фарміраванне зялёных паясоў, якія раздзяляюць гарады-спадарожнікі паміж сабой і аддаляюць іх ад гал. горада. Шырока вядомыя гарады-спадарожнікі Лондана — Харлаў, Стывенедж, Кроўлі; Парыжа — Эўры, Сержы-Пантуаз, Сен-Кантэн; Масквы — Зеленаград, Дзяржынскі, Дубна і інш. У Мінску ролю гарадоў-спадарожнікаў выконваюць Бараўляны, Самахвалавічы, Заслаўе, Лагойск і інш.
Літ.:
Города-спутники: Сб. ст. М., 1961.
І.А.Іода.
т. 5, с. 356
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГІБРЫ́ДНАЯ ВЫЛІЧА́ЛЬНАЯ СІСТЭ́МА,
камбінаваны комплекс з некалькіх вылічальных машын з рознай формай выяўлення велічынь (аналагавай і лічбавай), аб’яднаных агульнай сістэмай кіравання. Спалучае якасці і ўласцівасці аналагавых і лічбавых выліч. машын. Выкарыстоўваецца, калі магчымасці аналагавых і лічбавых выліч. машын, узятых паасобку, недастатковыя: пры мадэляванні задач кіравання (у рэальным маштабе часу) рухомымі аб’ектамі (у т. л. ў сістэмах саманавядзення), энергет. комплексамі; стварэнні комплексных трэнажораў і інш.
Адрозніваюць аналага-арыентаваныя, лічбава-арыентаваныя і збалансаваныя (найб. магутныя) гібрыдныя вылічальныя сістэмы. Структура гібрыднай вылічальнай сістэмы, патрабаванні да яе асобных частак залежаць ад галіны выкарыстання і вынікаў дэталёвага аналізу тыповых задач. Разгалінаванне выліч. працэсу паміж аналагавымі і лічбавымі машынамі, якія працуюць у комплексе, забяспечвае высокую дакладнасць і магчымасць выканання многафункцыянальных аперацый, павялічвае агульнае хуткадзеянне і інш.
На Беларусі даследаванні па праблемах гібрыднай вылічальнай сістэмы вядуцца ў Бел. ун-це інфарматыкі і радыёэлектронікі. Распрацаваныя сістэмы выкарыстоўваюцца на аб’ектах судна- і машынабудавання, энергетыкі.
А.С.Кабайла.
т. 5, с. 216
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІНДЫВІДУА́ЦЫЯ,
1) вылучэнне адзінкавага і індывід. са ўсеагульнага. Ідэя І. сфармулявана ант. філосафамі. Прадстаўнікі «стаіцызму» (Зянон з Кітыёна, Хрысіп, Л.А.Сенека) лічылі, што навука імкнецца пазнаць агульнае, а пачуцці чалавека ўспрымаюць рэчаіснасць як нешта адзінкавае. Арыстоцель сфармуляваў прынцып І. як спалучэнне формы і матэрыі. У сярэдневяковай філасофіі прынцыпам яе называлі пастулат аб пачатках (асновах) І. Існавалі 3 канцэпцыі асноў І.: канцэптуалісцкая (яе прыхільнікі лічылі магчымым існаванне розных рэчаў адной формы), рэалісцкая (пачатак І. не ў колькасных, а ў якасных адрозненнях паміж рэчамі) і наміналісцкая (яе паслядоўнікі сцвярджалі, што пачаткі І. ў вонкавых характарыстыках рэчаў, іх назве, становішчы ў прасторы і часе). Ф.Шэлінг бачыў аснову І. ў адыходзе ад Бога. Дж.Лок, А.Шапенгаўэр яе формамі лічылі прастору і час. 2) У аналіт. псіхалогіі К.Г.Юнга І. — працэс станаўлення і развіцця індывіда ў выніку асіміляцыі свядомасцю зместу асабістага і калектыўнага неўсвядомленага; канчатковы вынік ажыццяўлення І. — самарэалізацыя чалавека, дасягнуць якой могуць найб. мэтанакіраваныя і здольныя людзі. Э.С.Дубянецкі.
т. 7, с. 239
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАТЭХІ́ЗІС (ад грэч. katēchēsis павучанне, вуснае настаўленне),
1) рэлігійная кніга; выкладанне асноў хрысц. веравучэння ў форме пытанняў і адказаў. Першапачаткова слова «К.» азначала вуснае настаўленне асоб, якія пераходзілі ў хрысціянства, перад прыняццем імі хрышчэння. З 16 ст. К. — кніга, навуч. дапаможнік, мэта якога — агульнае рэліг. навучанне вернікаў. Пачатак такім выданням паклаў М.Лютэр, які ў 1529 надрукаваў «Малы катэхізіс». У 1566 у Ватыкане выдадзены «Рымскі катэхізіс», у якім выкладзена каталіцкая дактрына: сімвал веры, таінствы, дэкалог (10 запаведзей), гал. малітвы. У сярэдзіне 19 ст. правасл. мітрапаліт Філарэт (Драздоў) склаў «Прасторны катэхізіс», які доўгі час быў падручнікам па закону Божаму. На бел. мове ў 1562 выдадзены «Катэхізіс» С.Буднага, у 1783 — Л.Зізанія. Існуе некалькі варыянтаў К. Звычайна яны складаюцца з 3 частак: у 1-й даюцца звесткі пра Бога і царкву, у 2-й — этычныя настаўленні, у 3-й апісаны сродкі атрымання божай міласці.
2) У перан. сэнсе — твор, напісаны ў форме пытанняў і адказаў.
А.А.Цітавец.
т. 8, с. 181
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)