ТРАКТАРАБУДАВА́ННЕ,

галіна машынабудавання па вытв-сці трактароў, трактарных і камбайнавых рухавікоў, уніфікаваных вузлоў, агрэгатаў, запасных частак і дэталяў да іх. Як галіна прам-сці існуе з 1917, калі на з-дах Форда ў ЗША пачаўся масавы выпуск трактароў.

У Еўропе масавая вытв-сць трактароў пачалася ў 1920-я г. ў Германіі, Італіі, Францыі і інш. У СССР упершыню наладжана ў 1923 на з-дзе «Чырвоны пуцілавец» у Петраградзе. У 1930 пабудаваны Сталінградскі, у 1931 — Харкаўскі трактарныя з-ды, якія выпускалі колавыя трактары; у 1933 на Чэлябінскім трактарным з-дзе наладжана вытв-сць гусенічных трактароў (з 1936 — з дызельным рухавіком). У 1937 на выпуск трактароў на гусенічным хаду перайшлі Сталінградскі і Харкаўскі з-ды. У 1942—44 пабудаваны Алтайскі, Уладзімірскі, Ліпецкі трактарныя з-ды. У 1950-я г. ўведзены ў дзеянне Мінскі, Анежскі, Ташкенцкі і інш. трактарныя з-ды; павялічылася вытв-сць трактароў агульнага прызначэння. У 1960-я г. ўсе з-ды перайшлі на выпуск трактароў з дызельнымі рухавікамі. Ствараліся уніфікаваныя мадэлі трактароў, што спрыяла вылучэнню вытв-сці іх асобных вузлоў, дэталяў, агрэгатаў, рухавікоў у спецыялізаваныя прадпрыемствы. Пабудаваны з-ды ў Валгаградзе, Мінску, Барнауле, Харкаве, Нагінскі з-д паліўнай апаратуры (паліўныя помпы для трактарных рухавікоў), арэнбургскі з-д «Трактаразапчастка» і інш. З 1990-х г. асноўная ўвага аддаецца павышэнню універсальнасці трактароў, іх надзейнасці і даўгавечнасці, пашырэнню дыяпазону магутнасці рухавікоў (ад 10 да 450 к.с.), зніжэнню ўдз. расходу паліва, забеспячэнню аховы навакольнага асяроддзя ад неспрыяльных уздзеянняў машын, стварэнню камфортных і бяспечных умоў працы трактарыста і інш.

На Беларусі Т. — адна з найважнейшых галін машынабудавання. Серыйная вытв-сць трактароў (КД-35) пачалася на Мінскім трактарным заводзе ў 1950. У 1972 створана ВА «Мінскі трактарны завод», у склад якога ўваходзяць Бабруйскі завод трактарных дэталяў і агрэгатаў, Віцебскі завод трактарных запасных частак, Мінскі з-д спецінструменту і тэхнал. аснасткі, Смаргонскі агрэгатны з-д. Запчасткі, вузлы, агрэгаты, дызельныя рухавікі для трактароў і інш. выпускаюць таксама Мінскі маторны завод, Гомельскі завод пускавых рухавікоў, Мінскі завод шасцерняў, Барысаўскі завод агрэгатаў, Барысаўскі завод аўтатрактарнага абсталявання і інш. Да 2002 ВА «Мінскі трактарны з-д» выпусціла больш як 3 млн. трактароў, з якіх каля 600 тыс. пастаўляліся ў 100 краін свету, у т. л. ЗША, Канаду, Германію, Францыю, Венгрыю, Грэцыю і інш. На аб’яднанні наладжана вытв-сць 24 мадэляў універсальна-прапашных трактароў магутнасцю ад 50 да 150 к.с., 6 мадэляў малагабарытных трактароў магутнасцю ад 20 да 25 к.с., 8 мадэляў мотаблокаў і мінітрактароў магутнасцю ад 6 да 12 к.с., 15 мадэляў спец. машын: камунальных, пагрузачных, шахтавых, для лясной прам-сці. Трактары «Беларус» агрэгатуюцца з больш як 550 машынамі і прыладамі рознага прызначэння. Упершыню на МТЗ ствараюцца трактары агульнага прызначэння магутнасцю ад 155 да 260 к.с. У 2000 усе 13 трактарных з-даў былога СССР выпусцілі 47 тыс. трактароў, з якіх 23 тыс. выраблены на Мінскім трактарным з-дзе. Т. найб. развіта ў ЗША, Вялікабрытаніі, Германіі, Італіі, Японіі і інш. Буйнейшыя фірмы (1999): «Нью-Холанд» (54 тыс. трактароў за год), «Джон Дзір» (28 тыс.), «Масі Фергюсан» (27,7 тыс.), «Дойц» (24,4 тыс.), «Ландзіні» (18 тыс.), «Кейс» (17 тыс. трактароў за год) і інш. ВА «Мінскі трактарны завод» уваходзіць у лік 8 вытворцаў трактароў свету, якія забяспечваюць 96% агульнага аб’ёму сусв. рынку збыту гэтай тэхнікі.

П.​І.​Рогач.

т. 15, с. 501

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ТУ́РАЎ,

гарадскі пасёлак у Жыткавіцкім р-не Гомельскай вобл., прыстань на р. Прыпяць. За 25 км на ПнЗ ад горада і чыг. ст. Жыткавічы, 258 км ад г. Гомель. Аўтадарогамі злучаны з Давыд-Гарадком, Жыткавічамі. Лельчыцамі. 3,2 тыс. ж. (2002).

Упершыню ўпамінаецца ў «Аповесці мінулых гадоў» пад 980. Гарадзішча стараж. Т. ўключала дзядзінец і вакольны горад. Пры археал. раскопках знойдзены рэшткі амфар з Паўн. Прычарнамор’я, інструменты і прылады працы, зброя, прадметы гасп. ўжытку, ювелірныя вырабы, фрагменты бронз. посуду, засцежкі для кніг, прадметы рэліг. культу; вырабы з косці, шкла і скуры. Да рэдкіх знаходак адносяцца 4 свінцовыя рэльефныя абразкі 13—14 ст. з выявамі Багародзіцы. прападобнай Ефрасінні (?) або Анастасіі (?), велікапакутніцы (магчыма, Варвары) і свяціцеля (магчыма, Кірылы Тураўскага). Т. — адзіны горад 10 ст. на тэр. рассялення дрыгавічоў. Мяркуюць, што ён быў племянным цэнтрам самастойнага «княжання». У канцы 1-га тыс. н.э. стаў паліт., эканам. і культ. цэнтрам Тураўскага княства. У гэты час у Т. ўзнікла адна з першых на Русі епіскапій на грэч. ўзор (гл. Тураўская праваслаўная епархія). У час княжання Святаполка Ізяславіча [1097—1113] яго жонка грэч. царэўна Варвара заснавала ў Т. Варварынскі жаночы манастыр, у горадзе пры яе ўдзеле стала пашырацца грэч. правасл. культура. У 12 ст. пабудавана Тураўская царква. У Т. жыў і працаваў выдатны дзеяч усх.-слав. культуры Кірыла Тураўскі. У 1158 Т. вытрымаў жорсткую дзесяцітыднёвую аблогу войск паўднёварус. кааліцыі князёў, а ў 1160 трохтыднёвую аблогу валынскіх князёў. З 2-й пал. 13 ст. на тэр. дзядзінца існаваў замак (гл. Тураўская вежа). З 1320-х г. у ВКЛ. З 1430 належаў вял. кн. ВКЛ Свідрыгайлу, з канца 15 ст. — М.​Л.​Глінскаму, у 1508—1620 — Астрожскім, потым Сапегам, Патоцкім. З 15 ст. ў складзе Трокскага, з 1566 — Берасцейскага ваяв. У 1502 і 1521 Т. падвяргаўся нападам крымскіх татар. У 16 ст. горад складаўся з асн. часткі і 2 прадмесцяў — Заяцэлле і Запясочча. Насельніцтва Т. ўдзельнічала ў антыфеадальнай вайне 1648—51. У 1649 Т. захоплены і спалены войскамі Я.​Радзівіла. Спустошаны ён у час вайны Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—67. У 1648 у Т. 401 дом, у 1667—111 дамоў, у 1790—497 дамоў. З 1793 у Рас. імперыі, мястэчка, цэнтр воласці Мазырскага пав., належаў Салагубам. У 1865 у Т. выяўлены адзін з найб. ранніх помнікаў усх.-слав. пісьменнасці 11 ст. — Тураўскае евангелле. У 1886 у Т. 1183 ж., 370 двароў, школа, крама, 2 млыны, 3 царквы, капліца, сінагога, 3 яўр. малітоўныя дамы; у 1897—4290 ж., цагельня, млын, штогод адбываліся 2 кірмашы. У 1923—6217 ж. З 17.7.1924 цэнтр Тураўскага раёна, з 27.9.1938 гар. пасёлак Палескай вобл. У 1939—5,5 тыс. ж. У Вял. Айч. вайну з 14.7.1941 да 5.7.1944 акупіраваны ням. фашыстамі, якія загубілі ў Т. і раёне 1792 чал. Дзейнічала Тураўскае камсамольска-маладзёжнае падполле. З 1954 у Гомельскай вобл., з 1962 у Жыткавіцкім р-не.

Працуюць кансервавы з-д, камбінат быт. абслугоўвання, 2 сярэднія і музычныя школы, дзіцячы сад; Дом дзіцячай творчасці, 2 дамы культуры, 3 б-кі, Тураўскі краязнаўчы музей, бальніца. Брацкія магілы сав. воінаў. Помнікі: Кірылу Тураўскаму, Канстанціну Астрожскаму, землякам, якія загінулі ў Вял. Айч. вайну. Помнік архітэктуры — царква Усіх святых (1810). У паўн.-зах. частцы Т. археал. помнік — замчышча стараж. горада.

П.​Ф.​Лысенка, Т.​С.​Скрыпчанка.

Царква Усіх святых у г.п. Тураў.

т. 16, с. 36

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ТЭКТАНІ́ЧНЫЯ ГІПО́ТЭЗЫ,

навукова абгрунтаваныя меркаванні аб прычынах тэктанічных рухаў і дэфармацый зямной кары, што мяняюць яе структуру. Існуе шмат гіпотэз тэктанічнага развіцця Зямлі.

Адна з першых Т.г., якая тлумачыла тэктанічныя рухі дзейнасцю землетрасенняў і вулканаў, з’явілася ў 17 ст. (англ. вучоны Р.​Гук, рас. Р.​Рыхман). У гіпотэзе нептунізму зроблена спроба тлумачэння дэфармацыі пластоў горных парод у выніку падводных апоўзняў і абвалаў (18 ст., ням. вучоны А.​Г.​Вернер). Гіпотэзу плутанізму прапанаваў шатл. вучоны Дж.​Гетан у працы «Тэорыя Зямлі», 1795. Гіпотэза кратэраў падняцця (утварэнне горных складкавых збудаванняў у выніку пад’ёмаў магмы пры вулканічных і інтрузіўна-магматычных працэсах) развіта ў пач. 19 ст. ням. вучонымі Л.​Бухам, А.​Гумбальтам і Б.​Штудэрам. Кантракцыйная гіпотэза прапанавана франц. вучоным Л.​Элі дэ Бамонам (1829) на аснове ўяўлення аб першапачаткова расплаўленай Зямлі (касмаганічная гіпотэза Канта—Лапласа). Пры паступовым яе ахаладжэнні адбывалася сцісканне, слаі горных парод зміналіся ў складкі, утвараліся горы. Распрацавана ў 2-й пал. 19 — пач. 20 ст. Гэта канцэпцыя выкладзена ў кнізе аўстр. вучонага Э.​Зюса «Аблічча Зямлі» (т. 1—3, 1883—1909). У гэты ж час узніклі вучэнні аб геасінкліналях (амер. вучоны Дж.​Дана) і платформах (рас. вучоныя А.​П.​Карпінскі, А.​П.​Паўлаў), ізастазіі (англ. вучоны Дж.​Эры і інш.). У 1-й пал. 20 ст. з’явіліся гіпотэзы глыбіннай дыферэнцыяцыі (галанд. вучоны Р.В. ван Бемелен, рас. У.​У.​Белавусаў), падкоравых цячэнняў (аўстр. вучоны О.​Ампферэр, ням. Р.​Швінер і Э.​Краўс, галанд. Ф.​Венінг Мейнес), пульсацыйная (амер. вучоны У.​Бачэр, рас. М.​А.​Усаў і У.​А.​Обручаў), расшырэння Зямлі (ням. вучоны О.​Хільгенберг, венг. Л.​Эдзьед, амер. Б.​Хейзен і інш.), перамяшчэння мацерыкоў (амер. вучоны Ф.​Тэйлар, ням. А.​Вегенер; гл. Вегенера гіпотэза, Дрэйф кантынентаў), якая дала пачатак новаму кірунку ў тэктоніцы мабілізму ў супрацьлегласць фіксізму (магчымасць толькі верт. рухаў у зямной кары). У 1960—70-я г. ідэі мабілізму адроджаны ў выглядзе новай глабальнай тэктонікі (тэктонікі пліт) — геадынамічная тэорыя (тэорыя неамабілізму), якая тлумачыць рухі, дэфармацыі і сейсмічную актыўнасць тэктанасферы (амер. вучоныя В.​Морган, К. Ле Пішон, Дж.​Олівер, Дж.​Айзекс, Л.​Сайкс; 1967—68). Гэта тэорыя ўключала таксама ідэю расшырэння (спрэдзінгу) акіянічнага ложа (амер. вучоныя Г.​Хес і Р.​Дзіц, 1961—62).

Згодна з ідэяй тэктонікі пліт літасфера падзелена на 7 вялікіх і малыя цвёрдыя маналітныя пліты, якія рухаюцца па подсцільным менш вязкім слоі (астэнасферы), маюць гарыз. рухі: рассоўванне (з утварэннем рыфтаў, потым акіянаў), падсоўванне адной пліты пад інш. і гарыз. перамяшчэнне ўздоўж трансформных разломаў тыпу зруху. Гэта пацвярджаецца размеркаваннем напружанняў у ачагах землетрасенняў. Геадэзічныя даныя паказваюць рассоўванне глыб (Паўн. Афрыка), іх гарыз. перамяшчэнне ўздоўж разломаў са скорасцю 0,5—3 см за год (Каліфорнія) або збліжэнне па насовах (Таджыкістан). Такія ж скорасці вызначаюцца па палеамагнітных даных, шырыні палос магн. анамалій і па палеагеаграфічных рэканструкцыях. З канца 20 ст. распрацоўваецца гіпотэза гарачых кропак, якія звязаны з праяўленнем вулканічнай актыўнасці на кантынентах і ў акіянах, і канцэпцыя 2-яруснай тэктонікі пліт, якая засн. на рэалагічнай расслоенасці літасферы і мантыі.

Літ.:

Хаин В.Е. Общая геотектоника. 2 изд. М., 1973;

Ле Пишон К., Франшто Ж., Боннин Ж. Тектоника плит: Пер. с англ. М., 1977.

А.​М.​Каўхута, Р.​Р.​Паўлавец.

т. 16, с. 111

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«УСТА́ВА НА ВАЛО́КІ» 1557, адзін з гал. дакументаў агр. рэформы 16 ст. — валочнай памеры. У гаспадарскіх (велікакняжацкіх) уладаннях памера пачалася ў шырокіх маштабах з 1551 у адпаведнасці з распараджэннем Жыгімонта II Аўгуста. Тэкст Уставы 1551 і інструкцыі гаспадарскім мернікам пакуль не выяўлены. Вядома, што напачатку валочнай памеры падлягалі тыя гаспадарскія землі, дзе здаўна існавалі двары — гаспадаркі, заснаваныя на працы прыгонных сялян, правобразы будучых фальваркаў. Пры правядзенні памеры напачатку былі дапушчаны пэўныя парушэнні і недакладнасці, таму вял. князь даў указанне аб праверцы (рэвізіі) правядзення памеры. Менавіта для рэвізораў у першую чаргу і была зацверджана 1.4.1557 «У. на в.». У тым жа годзе і ў 1558 у яе ўнесены некат. папраўкі, і надалей яна стала інструкцыяй не толькі для рэвізораў, але і для ўпраўляючых гаспадарскімі ўладаннямі. Паводле ўставы выпраўляліся пралікі і памылкі папярэдняй памеры, уводзілася аднастайнасць яе правядзення на ўсёй тэр. ВКЛ. У якасці пазямельнай меры прынята валока (21,36 га), яна ж станавілася і стандартнай адзінкай падатковага абкладання сялян. Адначасова перад рэвізорамі і мернікамі ставілася задача пашырэння ранейшых і стварэння новых двароў (фальваркаў) як гаспадарак па вытворчасці таварнага збожжа. На падставе «У. на в.» рэвізія скончана ў 1568. На тэр. Беларусі яна ахапіла ўсе гаспадарскія ўладанні ў Ашмянскім, Берасцейскім, Браслаўскім, Ваўкавыскім, Віленскім, Гарадзенскім, Лідскім, Менскім, Новагародскім, Пінскім і Слонімскім пав. Ва ўсх. валасцях рэформа пачала праводзіцца ў 1560 паводле інструкцыі, якая значна адрознівалася ад «У. на в.». На У Беларусі агр. рэформа завяршылася ў 1630—40-я г.

Устава складаецца з 49 артыкулаў. 1—8-ы арт. вызначалі абавязкі людзей, якія выконвалі спец. «службы» вял. князю (путных баяр, стральцоў, войтаў і інш.); 9—14-ы — статус дзярж. гарадоў; 15—19-ы — павіннасці з валокі і дадатковыя павіннасці і выплаты; 20—25-ы — парадак стварэння і функцыянавання фальваркаў; 26—28-ы — парадак збору падаткаў; 29—30-ы — правядзенне валочнай памеры; 31-ы — парадак збору дзесяціны для мясц. адміністрацыі; 32—34, 40, 48, 49-ы — функцыянаванне лясной гаспадаркі, карыстанне насельніцтвам пушчамі, рэкамі і азёрамі; 35—38-ы — дадатковыя павіннасці сялян (падводы, падвоз камення, будаўніцтва мастоў і інш.); 39-ы — надзяленне зямлёй і абавязкамі рамеснікаў; 41—43-і — парадак задавальнення шкод і крыўд, пакарання злачынцаў; 44-ы — павіннасці на карысць Віленскага і Трокскага замкаў; 45-ы — становішча шляхты ў Жамойці; 46-ы — становішча «рус. валасцей» (падняпроўскіх і падзвінскіх); 47-ы — становішча старостаў і дзяржаўцаў.

Агр. рэформа ў дзярж. уладаннях, праведзеная паводле «У. на в.», дала пачатак перабудове сельскай гаспадаркі ВКЛ. Па прыкладу гаспадара прыватныя і духоўныя землеўладальнікі таксама пачалі праводзіць валочную памеру, ствараючы нават свае адмысловыя ўставы. Рэалізацыя палажэнняў «У. на в.» стварыла прыкладна роўныя ўмовы для атрымання зямельнага надзелу і адбывання павіннасцей з яго і гэтым затармазіла дыферэнцыяцыю сялян. Дакладна вызначаныя павіннасці (у т. л. і раней уведзеныя), дастаткова роўны іх цяжар (2 дні паншчыны з валокі на тыдзень) не выклікалі значных пярэчанняў падданых. Закладзеныя ва ўставу эканам. ідэі спрыялі росту прыбыткаў феадалаў, а разам з тым стваралі ўмовы гасп. стабільнасці і вызначанасці для феадальна-залежнага насельніцтва, спрыялі ўмацаванню эканомікі краіны ў цэлым.

Публ.:

Белоруссия в эпоху феодализма. Т. 1. Мн., 1959.

Літ.:

Пичета В.И. Аграрная реформа Сигизмунда-Августа в Литовско-Русском государстве. 2 изд. М., 1958;

Голубеў В.Ф. Сялянскае землеўладанне і землекарыстанне на Беларусі XVI—XVIII стст. Мн., 1992.

В.​Ф.​Голубеў.

т. 16, с. 269

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ФАТАГРА́ФІЯ (ад фота... + ...графія),

атрыманне фотавідарысаў аб’ектаў на святлоадчувальных матэрыялах; галіна навукі, тэхнікі і мастацтва, якая распрацоўвае і выкарыстоўвае тэорыю і метады атрымання фотаздымкаў. Адрозніваюць чорна-белую (монахраматычную) і каляровую фатаграфію, сярэбраную (галагенідасярэбраную) і несярэбраную, плоскую (звычайную) і аб’ёмную (стэрэаскапічную), мастацкую (гл. Фотамастацтва) і навукова-тэхн. (аэра-, мікра-, астрафатаграфію, рэнтгенаўскую, інфрачырвоную і інш.), а таксама лічбавую фатаграфію, заснаваную на выкарыстанні лічбавай формы атрымання і захоўвання відарыса. Асобны від аб’ёмнай Ф. — галаграфія (падабенства яе са звычайнай Ф. у выкарыстанні святлоадчувальных слаёў для запісу відарыса). Ф. — найважнейшы сродак дакументавання і захоўвання інфармацыі, складае аснову кінематаграфіі, з’яўляецца асн. тэхн. сродкам паліграфіі, фоталітаграфіі і фотатэлегр. тэхнікі, факсімільнай сувязі.

Заснавана на здольнасці святла ствараць у фатаграфічных матэрыялах, якім уласціва святлоадчувальнасць (напр., у фатагр. плёнках, ПЗС-матрыцах), скрыты фатагр. відарыс аб’екта пры яго фотаздымцы з дапамогай фатаграфічнага апарата. Пасля хіміка-фатагр. апрацоўкі (праяўлення фатаграфічнага, замацавання фатаграфічнага і інш.) або камп’ютэрнай апрацоўкі гэты відарыс пераўтвараецца ва ўстойлівы да дзеяння святла бачны вобраз аб’екта — спачатку ў негатыў, а потым у пазітыў (адбітак з негатыва, на якім размеркаванне яркасцей або колераў такое ж, як на аб’екце здымкі). Фотаадбіткі друкуюць на паперы фатаграфічнай, павялічаныя адбіткі атрымліваюць з дапамогай фатаграфічнага павелічальніка У некаторых фатагр. працэсах выкарыстоўваюць абарачальныя матэрыялы, якія даюць пасля адпаведнай апрацоўкі непасрэдна пазітыўны відарыс. Створаны аднаступенны дыфузійны фатагр. працэс — адначасовае хуткае атрыманне негатыўнага і пазітыўнага відарысаў у самім фотаапараце (у выніку дыфузіі галагенідаў серабра негатыўнай плёнкі ў святлоадчувальны слой папяровай або палімернай асновы). Да аднаступенных працэсаў адносяць і ксераграфію.

Адкрыццё Ф. адносяць да 1839, калі франц. мастак Л.Дагер з франц. вучоным Ж.​Ньепсам удасканалілі вынайдзены Ньепсам спосаб замацавання відарыса. атрыманага ў камеры-абскуры. Гэты фатагр. працэс (дагератыпія) дазваляў атрымліваць адразу пазітыўныя (перавернутыя) відарысы, што спрашчала працэс здымкі, аднак не дазваляла рабіць з іх копіі. У 1841 англ. вучоны У.​Толбат вынайшаў калатыпію, паводле якой на святлоадчувальнай паперы напачатку атрымлівалі негатыў, а з яго рабілі любую колькасць пазітываў. Важныя этапы ў развіцці Ф.: пераход ад камеры-абскуры да фотаапарата са спец. аб’ектывам (створаны ў 1840 венг. вучоным І.​Пецвалем), атрыманне каляровых фотавідарысаў (1868—69, Л.​Дзюко дзю Арон, Францыя), адкрыццё з’явы фатагр. сенсібілізацыі (1873, Г.​Фогель, Германія), стварэнне плёначных і бессярэбраных матэрыялаў. З 1950-х г. пачалося шырокае выкарыстанне несярэбранай Ф., у 2-й пал. 20 ст. адбыўся масавы пераход да каляровай Ф., з 1990-х г. пашырылася прамая пазітыўная чорна-белая Ф. без прамежкавага негатыва — на абарачальных святлоадчувальных матэрыялах. Узніклі новыя галіны выкарыстання Ф. — рэпраграфія, фоталітаграфія, фазавая рэльефаграфія і інш.

Літ.:

Поллак П. Из истории фотографии: Пер. с англ. М., 1983;

Чибисов К.В., Шеберстов В.И., Слуцкин А.А. Фотография в прошлом, настоящем и будущем. М., 1988;

Митчел Э. Фотография: Пер. с англ. М., 1988;

Вартанов А.С., Луговьер Д.А. Учись фотографировать. М., 1988;

Федин Л.А., Барский И.Я. Микрофотография. Л., 1971;

Вокулер Ж. Астрономическая фотография: Пер. с англ. М., 1975;

Власенко В.И. Техника объемной фотографии. М., 1978;

Гибсон Х. Фотографирование в инфракрасных лучах: Пер. с англ. М., 1982;

Слуцкин А.А. Электростатическая фотография. М., 1984;

Хокинс Э., Эйвон Д. Фотография: Техника и искусство: Пер. с англ. М., 1986;

Перспективы и возможности несеребряной фотографии. Л., 1988;

Морозов С.А. Творческая фотография. 3 изд. М., 1989;

Фотография: Энцикл. справ. Мн., 1992.

Г.​М.​Бажанкоў, У.​М.​Сацута.

т. 16, с. 335

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ХОР (ад грэч. choros),

1) у антычным тэатры — група выканаўцаў, што выступала ў трагедыях і камедыях як адзіная зборная дзейная асоба — каментатар падзей.

2) Калектыў спевакоў, які выконвае вак.-хар. твор з суправаджэннем ці а капэла. У залежнасці ад манеры выканання ці кірунку бываюць акад. (часта наз. капэламі), нар., ансамблі песні і танца, хар. калектывы ў трупах муз. т-раў. Паводле тыпу падзяляюцца на мяшаныя (поўнага складу — сапрана, альт, тэнар, бас; няпоўнага — без адной з партый) і аднародныя (мужчынскія, жаночыя, дзіцячыя). Склад Х. можа быць малым (больш за 12 чал.), сярэднім (больш за 50 чал.), вял. (да 120 чал.). Зводныя Х. дасягаюць 30 тыс. чал.

На Беларусі хар. выканальніцтва мае даўнія традыцыі. З канца 10 ст. прафес. хар. спевы культываваліся пераважна як царкоўныя; з’явіўся знаменны спеў, які быў гал. у прафес. музыцы да 17 ст. З канца 15 ст. пашырылася кантавая культура, з 2-й пал. 16 ст. — партэсныя спевы без муз. суправаджэння, гал. жанрам якіх быў духоўны канцэрт. Станаўленню партэсных спеваў садзейнічала падрыхтоўка спевакоў у манастырскіх і брацкіх школах. У 1630-я г. ў Магілёўскім брацтве існаваў мяшаны 4-галосы хор, у 18 ст. — 1-й пал. 19 ст. пры магнацкіх дварах у Нясвіжы, Слуцку, Слоніме, Гродне, Шклове, Магілёве і інш. вядомы аркестры і Х. (капэлы), якія суправаджалі спектаклі, балі, службы. У 1830—40-я г. свецкае музіцыраванне развівалася ў прыватных муз. школах. У бел. операх С.​Манюшкі «Рэкруцкі набор» (паст. 1841), «Ідылія» («Сялянка»; паст. 1852; усе з К.​Кжыжаноўскім) значнае месца адведзена Х. Пасля 1907 у многіх гарадах Беларусі адкрыліся пеўча-рэгенцкія курсы. У 1914 У.​Тэраўскі стварыў гар. хор, які пазней выступаў на сцэне «Беларускай хаткі» ў Мінску (з 1917 Бел. нар. хор). У 1918 пачаў працаваць Дзярж. хор пад кіраўніцтвам М.​Анцава ў Віцебску; у 1920-я г. — Х. Галоўпалітасветы пад кіраўніцтвам В.​Яфімава. Па ініцыятыве Інбелкульта створаны Бел. студыйны хор пад кіраўніцтвам А.​Ягорава (1926; у 1928—30 Беларуская дзяржаўная капэла).

Сярод сучасных Х. на Беларусі: Хор акадэмічны Беларускага тэлебачання і радыё, Дзяржаўная акадэмічная харавая капэла Рэспублікі Беларусь імя Р.​Шырмы, Дзяржаўны акадэмічны народны хор Рэспублікі Беларусь імя Г.​Цітовіча, Х. Ансамбля песні і танца Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь, Х. Нац. акад. опернага т-ра Беларусі, камерны Х. Гомельскай абл. філармоніі і інш. Дзейнічаюць таксама самадз. Х. акад. і нар. плана (гл. ў арт. Народныя хары, ансамблі, аркестры).

3) Муз. твор для хар. выканання. У творчасці бел. кампазітараў развіваецца з 1920-х г. (М.​Аладаў, У.​Алоўнікаў, А.​Багатыроў, Л.​Захлеўны, І.​Кузняцоў, І.​Лучанок, А.​Мдывані, Р.​Пукст, Ю.​Семяняка, Дз.​Смольскі, А.​Туранкоў, Э.​Тырманд, М.​Чуркін, Л.​Шлег і інш.). Гл. таксама Харавая музыка.

4) Стараж. назва групы аднародных муз. інструментаў (Х. духавых медных, Х. віяланчэляў, Х. лютняў і інш.).

5) Група настроеных ва унісон струн аднаго муз. інструмента (лютні, мандаліны, цымбалаў і інш.) для ўзмацнення ці тэмбравага ўзбагачэння гуку.

6) У раннехрысціянскіх цэрквах месца перад алтаром, прызначанае для пеўчых (гл. Хоры).

Літ.:

Чесноков П.Г. Хор и управление им. 3 изд. М., 1961;

Гісторыя беларускай савецкай музыкі. Мн., 1971;

Хоровая полифония. Мн., 1981.

Т.​Г.​Слабодчыкава.

...ХОР, гл. ...Харыя.

т. 17, с. 48

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЦЯНЬ-ША́НЬ (кіт. Нябесныя горы),

горная сістэма ў Цэнтр. Азіі. Зах. ч. знаходзіцца пераважна ў Кыргызстане; часткова ў Казахстане, Узбекістане, Таджыкістане, усх. — у Кітаі. Цягнецца з 3 на У амаль на 2500 км. На ПдЗ Алайскім хр. злучаецца з сістэмай Паміра-Алая, на ПнУ хрыбтом Борахара з хр. Джунгарскі Алатау. Найвыш. пункты — пік Перамогі (7439 м) і Хан-Тэнгры (6995). Паводле фізіка-геагр. раянавання вылучаюць (акрамя кіт. ч.) Ц.-Ш. Зах., Паўн., Унутр. і Цэнтральны. Асн. хрыбты і ўпадзіны, што іх падзяляюць, маюць шыротнае і субшыротнае распасціранне. Рэльеф пераважна высакагорны з ледавіковымі формамі, на схілах — восыпны, вышэй за 3200 м — шматгадовая мерзлата. Буйныя міжгорныя (Ферганская, Ісык-Кульская, Нарынская і інш.) і ўскраінныя (Чуйская, Талаская) упадзіны з рачнымі далінамі, азёрамі і балотамі.

Геал. структура Ц.-Ш. ўзнікла ў выніку альпійскіх рухаў на месцы эпіпалеазойскага пенеплена, рэшткі якога захаваліся на выш. 3000—4000 м у выглядзе сыртаў. Горныя хрыбты складзены пераважна з асадкавых, метамарфічных і магматычных парод, катлавіны — з асадкавых адкладаў. Частыя землетрасенні Радовішчы руд ртуці, сурмы, свінцу, цынку, серабра, волава, вальфраму, ва ўпадзінах — нафты, каменнага і бурага вугалю і інш. Клімат рэзка кантынентальны. У далінах ніжняга пояса гор сярэднія т-ры ліп. 20—25 °C, у сярэдневышынных далінах 15—17 °C, каля падножжаў ледавікоў 5 °C і ніжэй; т-ра студз. ў нізкагорнай зоне -5-8 °C, на высакагор’ях ад -17 да -22 °C, ападкаў ад 300 мм у перадгор’ях да 800 мм за год у высакагор’ях. Снегавая лінія ў Зах. Ц.-Ш. на выш. 3600—3800 м, у Цэнтр. — на выш. 4200—4450 м. Плошча сучаснага зледзянення 7,3 тыс. км² (больш за 7700 ледавікоў, найбуйн. Паўд. і Паўн. Энгільчэк, Каінды, Мушкетава). Рэкі належаць да ўнутр. басейнаў Цэнтр. Азіі, найбуйн. Нарын, Сары-Джаз, Сырдар’я, Ілі, Чу, Тарым, Канчэдар’я. Маюць пераважна ледавіковае і снегавое (летняя паводка) жыўленне. Найбуйн. азёры: Ісык-Хуль, Сонг-Кёль, Чатыр-Кёль. У Цэнтр. Ц.-Ш. выражана вышынная пояснасць ландшафтаў. Раўніны заняты гліністымі палыннымі і салянкавымі пустынямі, якія на Пд пераходзяць у палына-эфемеравыя пустыні. На падгорных раўнінах і ў нізкіх перадгор’ях паўпустыні або пустынныя стэпы з перавагай эфемераў і эфемероідаў. Вышэй за 900—1200 м — горна-стэпавы пояс, прадстаўлены злакава-разнатраўнымі стэпамі на Пн і высакатраўнымі паўсаваннамі на Пд. Вышэй за 1200—2000 м — лутавыя стэпы, хмызняковыя зараснікі і лісцевыя лясы. Лясы грэцкага арэха (на зах. схілах Ферганскага хр., паўд. схіле Чаткальскага і ў Зах. Ц.-Ш.) да 1700 м на Пн, да 2500—3000 м на Пд, змяняюцца хвойнымі з цянь-шаньскай елкі і піхты. Субальпійскія і альпійскія лугі пашыраны пераважна на паўн. схілах (на выш. 2800—3400 м). На сыртах — ландшафты халодных пустынь. На выш. 3600—3800 м — ландшафты гляцыяльна-нівальнага пояса. Ва ўнутр. далінах і катлавінах — камяністыя пустыні, паўпустыні і сухія стэпы. Жывёльны свет перадгор’яў і нізкагор’яў: грызуны, паўзуны, антылопа джэйран; у гарах — дзік, горны баран (архар), горны казёл, цянь-шаньскі мядзведзь, снежны барс, суркі; э птушак — горны індык, горная курапатка, альпійская галка, вадаплаўныя.

Пашавая жывёлагадоўля, земляробства (пераважна ў перадгор’ях і на паліўных землях). Вырошчваюць рыс, вінаград, персікі, яблыкі, абрыкос, слівы, ячмень, пшаніцу, бульбу. Запаведнікі: Ісык-Кульскі, Алмацінскі, Аксу-Джабаглы, Сары-Чэлекскі, Чаткальскі і інш.

В.​П.​Кісель.

У гарах Цянь-Шаня.

т. 17, с. 194

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ФІНАНСАВАЕ ЗАКАНАДАЎСТВА.

Сістэму нарматыўных прававых актаў фін. заканадаўства складаюць Канстытуцыя, кодэксы і законы Рэспублікі Беларусь, указы і дэкрэты Прэзідэнта, пастановы Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь, рэсп. органаў дзярж. кіравання, органаў мясц. кіравання і самакіравання. Яны рэгулююць грамадскія адносіны, якія складваюцца ў працэсе абарачэння, размеркавання і выкарыстання дзярж. грашовых сродкаў, г.зн. адносіны ў сферы бюджэту, падаткаў, фін. кантролю, дзярж. страхавання, грашовага абарачэння, разлікаў і валютнага рэгулявання.

Падатковы кодэкс Рэспублікі Беларусь, прыняты 19.12.2002, устанаўлівае сістэму падаткаў, збораў (пошлін), якія паступаюць у бюджэт краіны, асн. прынцыпы падаткаабкладання, правы і абавязкі падаткаплацельшчыкаў і падатковых органаў, рэгулюе ўладныя адносіны па ўвядзенні, змяненні, спыненні дзеяння падаткаў, а таксама адносіны, што ўзнікаюць у працэсе выканання падатковага абавязацельства, ажыццяўлення падатковага кантролю, абскарджвання рашэнняў падатковых органаў і дзеянняў іх службовых асоб. Банкаўскі кодэкс Рэспублікі Беларусь, прыняты 25.10.2000, рэгулюе як фін., так і грамадз.-прававыя адносіны. Спец. нормы фін. права рэгулююць адносіны, звязаныя з ажыццяўленнем Нац. банкам Рэспублікі Беларусь і банкамі (і нябанкаўскімі крэдытна-фін. арг-цыямі) функцый фін. кантролю. Бюджэтныя адносіны рэгулююцца законамі Рэспублікі Беларусь «Аб бюджэтнай класіфікацыі» (5.5.1998), «Аб бюджэтнай сістэме Рэспублікі Беларусь і дзяржаўных пазабюджэтных фондах» (4.6.1993, у рэдакцыі ад 15.7.1998), «Аб бюджэце Рэспублікі Беларусь» (прымаюцца штогод), падатковыя адносіны — законамі Рэспублікі Беларусь «Аб падатках на даходы і прыбытак» (22.12.1991), «Аб падатку за карыстанне прыроднымі рэсурсамі» (23.12.1991; экалагічны падатак), «Аб падатку на дабаўленую вартасць» (19.12.1991, у рэдакцыі ад 16.11.1999), «Аб падатку на нерухомасць» (23.12.1991), «Аб плацяжах за зямлю» (18.12.1991), «Аб падаходным падатку з фізічных асоб» (21.12.1991, у рэдакцыі ад 9.3.1999) і інш.; фін. адносіны — законамі Рэспублікі Беларусь «Аб валютным рэгуляванні і валютным кантролі» (22.7.2003), «Аб знешнім дзяржаўным доўгу Рэспублікі Беларусь» (22.6.1998), «Аб унутраным дзяржаўным доўгу Рэспублікі Беларусь» (27.5 1993) і інш. У межах фін. заканадаўства дзейнічаюць дэкрэты Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь «Аб удасканаленні дзяржаўнага рэгулявання аўдытарскай дзейнасці» (12.2.2004), «Аб адзіным падатку з індывідуальных прадпрымальнікаў і іншых фізічных асоб і аб некаторых мерах па рэгуляванні прадпрымальніцкай дзейнасці» (27.1.2003); указы Прэзідэнта «Аб некаторых мерах па ўдасканаленні каардынацыі дзейнасці кантралюючых органаў Рэспублікі Беларусь і парадку прымянення імі эканамічных санкцый» (15.11.1999, у рэдакцыі ад 6.12.2001, ад 12.11.2003 і ад 25.5.2004), «Аб мерах па ўмацаванні ведамаснага кантролю ў Рэспубліцы Беларусь» (25.5.2000, у рэдакцыі ад 28.1.2002) і інш.

Фінансава-прававыя нормы ўтрымліваюць пастановы Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь, якімі ўстанаўліваюцца стаўкі падаткаў і пошлін, рэгулююцца пытанні выпуску дзярж. каштоўных папер, вызначаецца прававое становішча органаў фін. кантролю. Да іх адносяцца «Палажэнне аб Міністэрстве па падатках і зборах Рэспублікі Беларусь» (31.10.2001), «Аб стаўках акцызаў на падакцызныя тавары» (21.1.2003), «Аб зацвярджэнні асноўных умоў выпуску асобных дзяржаўных каштоўных папер Рэспублікі Беларусь» (13.2.2003). Нарматыўныя прававыя акты па пытаннях фін. адносін у межах сваёй кампетэнцыі прымаюць мін-вы фінансаў, па падатках і зборах, Нац. банк і інш. рэсп. органы дзярж. кіравання, а таксама абл., гар. і раённыя выканаўчыя камітэты, Саветы дэпутатаў і інш. органы мясц. кіравання і самакіравання. Самаст. часткай дзеючага на Беларусі фін. заканадаўства з’яўляюцца міжнар. дагаворы Рэспублікі Беларусь, якія змяшчаюць адпаведныя прававыя нормы.

Літ.:

Деньги, кредит, банки: Справ. пособие. Мн., 1994;

Иванов В.С. Основы права Республики Беларусь. Мн., 1995;

Правоведение: Справ. по курсу высш. шк. Ч. 2. Мн., 2000;

Налоги. Мн., 2000.

С.​К.​Лешчанка.

т. 18, кн. 2, с. 129

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГРАМАДЗЯНСКАЕ ЗАКАНАДАЎСТВА.

Рэгулюе таварна-грашовыя і інш. маёмасныя і звязаныя з імі асабістыя немаёмасныя адносіны, заснаваныя на роўнасці ўдзельнікаў. У сістэму грамадз. заканадаўства ўваходзяць Канстытуцыя і законы Рэспублікі Беларусь, заканад. акты, прынятыя Парламентам, Прэзідэнтам, Урадам, Канстытуцыйным судом, Вярх. судом, Вышэйшым гасп. судом, Нац. банкам, міністэрствамі і інш. рэсп. органамі дзярж. кіравання, мясц. органамі кіравання і самакіравання. Асн. заканад. акт, у якім сістэматызаваны нормы грамадз. права — Грамадз. кодэкс Рэспублікі Беларусь, прыняты 7.12.1998 і ўведзены ў дзеянне 1.7.1999.

У раздзеле «Агульныя палажэнні» сфармуляваны асн. прынцыпы грамада. заканадаўства, падставы ўзнікнення грамада. правоў і абавязкаў, межы іх ажыццяўлення і спосабы абароны; вызначаны суб’екты і аб’екты грамадз. правоў, здзелкі і прадстаўніцтва, тэрміны і іскавая даўнасць. Ў раздзеле «Права ўласнасці і іншыя рэчавыя правы» раскрываецца змест права ўласнасці, вызначаюцца падставы набыцця і спынення гэтага права, утрымліваюцца нормы аб рэчавых правах і сервітуце. У яго спец. раздзелах, прысвечаных абавязацельнаму праву і асобным відам абавязацельстваў, выкладзены палажэнні аб абавязацельствах і дагаворах, нормы аб забеспячэнні выканання і аб адказнасці за іх парушэнне, раскрываюцца асобныя тыпы дагаворных (купля-продаж, падрад, лізінг, перавозка) або недагаворных (у выніку прычынення шкоды, беспадстаўнага а ўзбагачэння) абавязацельстваў. Раздзел «Выключнае права на вынікі інтэлектуальнай дзейнасці (інтэлектуальная ўласнасць)» вызначае прававы рэжым аб’ектаў аўтарскага і сумежных правоў, права прамысл. уласнасці і сродкаў індывідуалізацыі, а таксама абарону ад нядобрасумленнай канкурэнцыі. Парадак атрымання ў спадчыну паводле закону і паводле завяшчання, набыцця спадчыны і асаблівасці атрымання ў спадчыну асобных відаў маёмасці раскрываюцца ў раздзеле «Спадчыннае права», а пытанні прымянення права да грамадз.-прававых адносін з удзелам замежных грамадзян або замежных юрыд. асоб — у раздзеле «Міжнароднае прыватнае права».

Нарматыўнымі актамі, якія рэгулююць грамадз. праваадносіны, з’яўляюцца законы «Аб залогу» ад 24.11.1993, «Аб страхаванні» ад 3.6.1993, «Аб пастаўках тавараў для дзяржаўных патрэб» ад 24.11.1993, «Аб аўтарскім праве і сумежных правах» ад 16.5.1996, «Аб спажывецкай кааперацыі (спажывецкіх таварыствах, іх саюзах) у Рэспубліцы Беларусь» ад 25.2.2002, «Аб абароне правоў спажыўцоў» ад 9.1.2002 і інш. У рамках грамадз. заканадаўства дзейнічаюць дэкрэты Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь «Аб абавязковым страхаванні будынкаў, якія належаць грамадзянам» (8.10.1997), «Аб упарадкаванні дзяржаўнай рэгістрацыі і ліквідацыі (спыненні дзейнасці) суб’ектаў гаспадарання» (16.3.1999), указы Прэзідэнта «Аб лізінгу» (13.11.1997), «Аб прадастаўленні грамадзянам ільготных крэдытаў на будаўніцтва (рэканструкцыю) або набыццё жылых памяшканняў» (14.4. 2000); пастановы Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь аб зацвярджэнні «Палажэння аб пастаўках тавараў у Рэспубліцы Беларусь» (8.7.1996) і «Правіл транспартна-экспедыцыйнай дзейнасці ў Рэспубліцы Беларусь» (9.2.1996) і інш. У неабходных выпадках пытанні грамадз. адносін рэгулююцца рашэннямі судовых інстанцый (у ліку іх, напр., пастанова пленума Вярх. суда ад 26.3.2003 «Аб прымяненні судамі заканадаўства пры вырашэнні спрэчак, звязаных з правам уласнасці на жылыя памяшканні», пастанова пленума Вышэйшага гасп. суда ад 21.11.2002 «Аб асобных пытаннях практыкі разгляду спрэчак, якія вынікаюць з дагавораў перавозкі грузаў» і да т.п. Часткай грамадз. заканадаўства з’яўляюцца нормы грамадз. права, што ўтрымліваюцца ў міжнар. дагаворах, ратыфікаваных Рэспублікай Беларусь (напр., Канвенцыя аб міжнар. фін. лізінгу 1977, Канвенцыя ААН аб дагаворах куплі-продажу тавараў 1980, Парыжская канвенцыя аб абароне прамысловай уласнасці 1983).

Літ.:

Гражданское право: Слов.-справ. Мн., 1996;

Колбасин Д.А. Гражданское право Республики Беларусь: Общ. часть. Мн., 1999;

Гражданское право. Ч. 1—2. Мн., 2000—02;

Правоведение: Справ. по курсу высш. шк Ч. 2. Мн., 2000;

Комментарий к Гражданскому кодексу Республики Беларусь. Ч. 1—3. Мн., 2003.

А.​А.​Папова.

т. 18, кн. 2, с. 130

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАЛІГРАФІЧНАЯ ПРАМЫСЛОВАСЦЬ

Як адна з галін апрацоўчай прамысловасці і састаўная частка выдавецка-паліграфічнага комплексу спецыялізуецца на выпуску друкарскай прадукцыі: кніг, часопісаў, газет, каштоўных папер, бланкаў дакументаў, календароў, плакатаў, сшыткаў, альбомаў, білетаў і інш.

На Беларусі яе развіццё пачалося з дзейнасці Ф.​Скарыны, які ў 1522 заснаваў друкарню ў Вільні, выкарыстаўшы выразаныя ўручную шрыфты і застаўкі. Друкарскае майстэрства ўдасканальвалі С.​Будны, В.​Цяпінскі, П.​Мсціславец і інш. Першая друкарня на тэр. сучаснай Беларусі — Брэсцкая (1550—70-я г.). Пазней друкарні працавалі ў Нясвіжы, Заблудаве, Слуцку, Любчы, Магілёве, Куцейне і інш. Пасля далучэння Беларусі да Рас. імперыі друкарні адкрыты ва ўсіх губ. гарадах. У 1913 выдадзены 232 назвы кніг тыражом 212 тыс. экз. У 1920 у БССР было 76 паліграфічных прадпрыемстваў; пабудаваны Дом друку (з 1960 друкарня выдавецтва «Звязда», з 1969 друкарня Выдавецтва ЦК КПБ, з 1992 у сістэме Дзяржкамдруку, потым Савета Міністраў, з 1994 — Кіраўніцтва справамі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь). У 1940 на Беларусі надрукавана 76 млн. аркушаў-адбіткаў. Пасля Вял. Айч. вайны адноўлены разбураныя паліграфічныя прадпрыемствы, пабудаваны Мінскі паліграфічны камбінат.

У Рэспубліцы Беларусь паліграфічную дзейнасць ажыццяўляюць 257 прадпрыемстваў і арганізацый розных форм уласнасці. Дзярж. сектар прадстаўлены 110 прадпрыемствамі камунальнай і рэсп. форм уласнасці. Выпуск друкаванай прадукцыі ажыццяўляюць 14 устаноў адукацыі, 99 акц. прадпрыемстваў розных відаў, 20 сумесных і замежных прадпрыемстваў, 45 прыватных унітарных прадпрыемстваў і 9 індывід. прадпрымальнікаў.

Найб. дзярж. паліграфічныя прадпрыемствы: «Выдавецтва «Беларускі Дом друку», Мінская фабрыка каляровага друку, Мінская друкарская фабрыка Дзяржзнака, Маладзечанская друкарня «Перамога», гомельскія фабрыка «Палесдрук» і выдавецка-паліграфічнае прадпрыемства «Сож», Бабруйская ўзбуйненая друкарня імя А.​Т.​Непагодзіна, Баранавіцкая ўзбуйненая друкарня, абласныя друкарні ў Гродне, Віцебску і Магілёве, Полацкае унітарнае прадпрыемства «Спадчына» імя Ф.​Скарыны. Сярод акц. т-ваў найб. аб’ёмамі вытворчасці вылучаюцца ААТ «Паліграфічны камбінат імя Я.​Коласа», «Чырвоная зорка» і «Брэсцкая абласная друкарня». Актыўна працуюць на рынку паліграфічных паслуг сумесныя прадпрыемствы «Уніфлекс», «Флексограф», сумеснае ААТ «Поліпрынт», замежныя прадпрыемствы «Інтэрнешнл Транс Кэпітэл», «Прынткорп» і «Друк сервіс». Паліграфічныя прадпрыемствы Беларусі друкуюць прадукцыю дзярж. выдавецтваў «Беларусь», «Беларуская навука», «Беларуская Энцыклапедыя», «Беларускі Дом друку», «Мастацкая літаратура», «Народная асвета», «Вышэйшая школа»; недзярж. выдавецтваў «Харвест», «Сучасны літаратар», «Папуры» і інш.; выдавецкіх прадпрыемстваў «Беларускі кнігазбор», «Беллітфонд», «Кніга», «Тэхналогія», «Чатыры чвэрці» і інш.; каля 400 ведамасных прадпрыемстваў і арганізацый, якія маюць права выдавецкай дзейнасці.

У 2003 усімі паліграфічнымі прадпрыемствамі рэспублікі выпушчана 4141,3 млн. фарба-адбіткаў і 2027,6 млн. аркушаў-адбіткаў друкаванай прадукцыі; у 2000 было адпаведна 4154,5 млн. фарба-адбіткаў (гл. табл. 1). Найб. ўдзельную вагу складае кніжна-часопісная прадукцыя (46% ад агульнага аб’ёму выпушчанай прадукцыі). Выпушчана 931,3 млн. экз. 4-палосных газет, прыведзеных да фармату А2, што на 19,6% больш, чым у 2000. Гл. таксама раздз. Друк, тэлебачанне і радыёвяшчанне.

Літ.:

Ничипорович С.А. Развитие издательско-полиграфического комплекса Беларуси в условиях становления рыночных отношений. Мн., 2001;

Ананич Л.С.*, Воробьев В.П. Информационное пространство Беларуси. Мн., 2003;

Ничипорович С.А., Кулак М.И., Неверов А.В. Управление издательско-полиграфическим комплексом: организационно-экономические аспекты. М., 2003.

М.​М.​Брашко.


Дынаміка агульнага выпуску паліграфічнай прадукцыі ў 2000 і 2003
2000 2003
Млн. фарба-адбіткаў Млн. аркушаў-адбіткаў Млн. фарба-адбіткаў Млн. аркушаў-адбіткаў
Кніжна-часопісная 2274,9 1577,5 1899,4 1233,5
Фарбава-выяўленчая 1209,6 267,1 1547,3 340,8
Бланачная 390,4 313,3 437,2 299,0
Іншая 279,6 179,5 257,3 154,2
Усяго: 4154,5 2337,4 4144,2 2027,5

т. 18, кн. 2, с. 331

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)