РАСІ́ЙСКІ ДЗЯРЖА́ЎНЫ АРХІ́Ў ЛІТАРАТУ́РЫ І МАСТА́ЦТВАў Маскве.
Створаны ў 1941 як Цэнтр.дзярж.літ. архіў СССР часткова на базе збору Дзярж.літ. музея. Сюды перададзены профільныя фонды з Цэнтр.дзярж. архіва Кастр. рэвалюцыі СССР, Дзярж.гіст. музея, Цэнтр. архіва стараж. актаў, Дзярж. Траццякоўскай галерэі і інш. архівасховішчаў. У 1954 перайменаваны ў Цэнтр.дзярж. архіў л-ры і мастацтва СССР, з 1992 сучасная назва. 2886 фондаў, 1 101 400 адзінак захоўвання з 18 ст. да 1994 (ёсць асобныя дакументы 14, 16, 17 ст.); 5 181 612 кадраў мікрафільмаў. Найбуйнейшае сховішча дакументаў па гісторыі рус. л-ры, грамадскай думкі, музыкі, тэатра, кіно, выяўл. мастацтва. Захоўвае фонды адм. органаў у галіне культуры: К-та па справах мастацтваў прыСНКСССР (1936—53) і РСФСР (1938—53), Галоўмастацтва (1925—28), Мін-ва культуры СССР і яго аддзелаў (1953—91), галіновых органаў упраўлення асобнымі відамі мастацтва. Зберагае дакументы творчых саюзаў, т-ваў і арг-цый, выд-ваў, тэатраў, кінастудый, музеяў і інш., асабістыя фонды дзеячаў л-ры і мастацтва. У дарэв. фондах захоўваюцца дакументы Акадэміі мастацтваў (1757—1918), Т-ва аматараў рас. славеснасці (1811—1930), Маскоўскай канторы Імператарскіх тэатраў (1842—1917), рэдакцый газет і часопісаў, у т. л. «Русский вестник», «Дело», «Русское богатство», «Современник». Сярод асабістых фондаў — «Астаф’еўскі архіў» Вяземскіх, фонды Ф.Дастаеўскага, І.Ганчарова, М.Някрасава, І.Тургенева, М.Салтыкова-Шчадрына, А.Астроўскага, А.Сухаво-Кабыліна, А.Чэхава, Г.Ахматавай, А.Блока, М.Цвятаевай, І.Буніна, А.Купрына, А.Грына, У.Маякоўскага, К.Паустоўскага, Б.Пастарнака, Ю.Тынянава, А.Фадзеева, І.Эрэнбурга, С.Ясеніна і інш. Мастацтва прадстаўлена фондамі І.Рэпіна, П.Чайкоўскага, Дз.Шастаковіча, С.Пракоф’ева, С.Эйзенштэйна, У.Меерхольда, А.Даўжэнкі, В.Камісаржэўскай і інш. У архіве зберагаюцца матэрыялы бел. мастацтва: аўтографы вершаў Я.Купалы, М.Багдановіча; пераклады на рус. мову твораў Я.Коласа, П.Броўкі, П.Глебкі, А.Куляшова, П.Панчанкі, М.Танка, Э.Самуйлёнка; лісты А.Міцкевіча, Э.Ажэшкі, Я.Купалы, Я.Коласа, М.Лынькова, І.Мележа, Я.Брыля, В.Быкава, Ф.Турука, І.Шамякіна, М.Янчука, П.Малчанава і інш. У фондах Н.Лойтара і С.Розанава — дакументы пра іх дзейнасць у БДТ-2, рэжысёрская распрацоўка камедыі «Несцерка» В.Вольскага; у фондзе В.Бялыніцкага-Бірулі — матэрыялы па бел.выяўл. мастацтве, эскізы і фатаграфіі работ Я.Чамадурава, В.Цвіркі, У.Сухаверхава; у фондзе Ю.Тарыча — матэрыялы пра пастаноўкі кінафільмаў, перапіска з У.Корш-Сабліным. У фондах архіва шмат фатаграфій бел. музыкантаў, акцёраў (Л.Александроўскай, Я.Цікоцкага, Г.Цітовіча), у фондах Галоўрэперткома і «Масфільма» — п’есы К.Крапівы, А.Макаёнка, М.Клімковіча, лібрэта і сцэнарыі розных аўтараў і інш. Дакументы архіва публікуюцца ў выданнях «Літаратурная спадчына» (т. 1—98, 1931—91), «Сустрэчы з мінулым» (вып. 1—8, 1970—96).
Літ.:
Центральный государственный архив литературы и искусства СССР: Путеводитель. Вып. 1—7. М., 1959—98;
Архивы России: Москва и Санкт-Петербург М., 1997;
Дакументы па гісторыі Беларусі, якія зберагаюцца ў цэнтральных дзяржаўных архівах СССР. Мн., 1990.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РЫБАЛО́ЎСТВА,
здабыўная галіна рыбнай прамысловасці. Сыравінная база — прыродныя рэсурсы акіянаў, мораў, азёр, рэк, вадасховішчаў і сажалак (рыба, малюскі, марскія млекакормячыя, ракападобныя і інш.). Падзяляецца на прамысл. і аматарскае, а па месцы здабычы рыбы і морапрадуктаў — на марское, далёкае ад берагоў, марское прыбярэжнае і азёрна-рачное. Прамысл. Р. грунтуецца на вывучэнні рыбных запасаў, біял. асаблівасцях аб’ектаў промыслу, раёнаў лоўлі, міграцыі рыб і марскіх жывёл. Адзін з найстарэйшых відаў чалавечай дзейнасці. Да эпохі палеаліту і неаліту адносяцца вынаходствы рыбалоўных прылад (кручкі, гарпуны, восці і інш.). З развіццём сельскай гаспадаркі Р. ператварылася ў дапаможную галіну. Формы, спосабы і прылады стараж. Р. амаль усе вядомы і ў наш час. Развіццё прадукцыйных сіл паступова ператварыла здабычу рыбы і морапрадуктаў у промысел, а потым і ў прамысловае Р. Асн. частку ўлову дае акіянскае і марское Р. ў межах кантынент. шэльфа. Да сярэдзіны 20 ст. прыкладна 75% улову прыпадала на паўн.ч.Сусв. акіяна, але ўжо ў 1970-я г. цэнтр Р. перамясціўся ў трапічныя раёны і Паўд. паўшар’е. Матэрыяльна-тэхн. базу складае рыбапрамысл. флот, рыбалоўныя парты, прадпрыемствы па вытв-сці прылад, сродкаў вытв-сці і іх рамонце. Гал. месца належыць тралаваму лову. Выкарыстоўваюцца таксама кашальковы, дрыфтэрны і ярусны лоў. Для павышэння эфектыўнасці распрацаваны метады ўздзеяння на рыбу святлом, электрычнасцю, хім. прэпаратамі і інш. Спалучэнне рыбных помпаў з тралам і нератам прывяло да распрацоўкі гідрамеханізаванай лоўлі бесперапыннага дзеяння. Касм. назіранні дазволілі пашырыць лоўлю ва ўсіх морах і акіянах. У марскім Р. існуюць аўтаномныя і экспедыцыйная формы арганізацыі лоўлі. Неабмежаваная лоўля рыбы і здабыча морапрадуктаў адмоўна адбіваецца на стане сыравінных рэсурсаў, таму парадак лоўлі і здабычы ў адкрытым моры вызначаецца міжнар. пагадненнямі, а ў тэр. водах — нац. заканадаўствам. Значныя страты наносяць браканьерская лоўля рыбы і здабыча марской жывёлы.
У 1998 у свеце вылаўлена 117,2 млн.т рыбы, ракападобных і малюскаў, у т. л. 30,9 млн.т у сажалках і пры выкарыстанні інш. метадаў штучнага развядзення. 10 краін, дзе найб. развіта Р., вылавілі 78,1 млн.т, у т. л. Кітай 38 млн.т, Японія 6 млн.т, Індыя і ЗША па 5,2 млн.т, Расія 4,5 млн.т, Інданезія і Перу па 4,4 млн.т, Чылі 3,6 млн.т, Тайланд 3,5 млн.т, Нарвегія 3,3 млн.т. Ад 1 да 2 млн.т штогод вылоўліваюць Паўд. Карэя, Ісландыя, Філіпіны, Данія, Мексіка, Малайзія, Іспанія, Аргенціна, Бангладэш, Вялікабрытанія, В’етнам, Канада, Тайвань. Значная здабыча (ад 0,5 да 1 млн.т) у Бразіліі, Эквадоры, Францыі, Італіі, Марока, Нідэрландах, Новай Зеландыі. Пакістане, Сенегале, ПАР, Венесуэле і Турцыі. Унутрыкантынент. дзяржавы арганізуюць Р. (акрамя ўнутр. вадаёмаў) у моры на зафрахтаваных або сваіх суднах. У спарт. і рэкрэацыйных мэтах з дапамогай ручных прылад (вуды, спінінгі, перамёты, дарожкі і інш.) развіваецца аматарскае Р.
На Беларусі Р. ажыццяўляюць рыбакамбінаты, сажалкавыя рыбгасы, азёрна-таварныя гаспадаркі, рыбзаводы і інш. Ва ўнутраных вадаёмах Беларусі ўлоў рыбы склаў 13,6 тыс.т (1998). Абмежавана лоўля рыб, занесеных у Чырвоную кнігу Беларусі (сцерлядзь, ручаёвая стронга, звычайны харыус, рыбец, вусач).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САФІ́Я,
горад, сталіца Балгарыі. Знаходзіцца на З краіны, у Сафійскай катлавіне, каля падножжа гор Віташа і Люлін. Адм. ц. Сафійскай вобл.; з гарадамі Банкя, Нові-Іскыр і інш. ўтварае самаст.адм. адзінку — Вял. Сафію. 1192 тыс.ж. (1996). Вузел чыгунак і аўтадарог. Міжнар. аэрапорт. Гал.эканам., навук. і культ. цэнтр краіны. У С. сканцэнтравана каля 1/6 агульнабалгарскай прамысл. вытв-сці. Прам-сць: маш.-буд. (у т. л. эл.-тэхн. і радыёэлектронная, станка- і прыладабудаўнічая, вытв-сць пад’ёмна-трансп. абсталявання); каляровая і чорная металургія, хім., гумавая, цэлюлозна-папяровая, паліграф., харчасмакавая, лёгкая. Ун-т. Кансерваторыя. АН і НДІ; бібліятэкі. Музеі: Нац.маст. галерэя, Нар. археалагічны, этнагр., гісторыі С. і інш. Тэатры. Філармонія.
Засн. ў 1 ст. рымлянамі на месцы б. фракійскага паселішча пад назвай Сердзіка. У 3 ст.гал. горад (наз. Ульпія-Сердзіка) рым. правінцыі Дакія, потым адзін з гандл. цэнтраў Візант. імперыі. У 447 разбурана гунамі. Адноўлена пры Юсцініяне [527—565]. З 809 у складзе Першага (681—1018) і Другога (1187—1396) балг. царстваў пад назвай Срэдзец. У 1018—1194 пад уладай Візантыі. У 1078 у горадзе адбылося антывізант. паўстанне. У 1194 вызвалена ад візант. панавання. З канца 14 ст.наз. С. ад гал. царквы св. Сафіі. У 1382 захоплена туркамі, тут размяшчалася рэзідэнцыя румелійскага бейлербея. У 16—18 ст. С. — буйнейшы (пасля Канстанцінопаля) гандл.-рамесніцкі і культ. цэнтр Балканскага п-ва. У канцы 18 — пач. 19 ст. адзін з цэнтраў балг.нац.-вызв. руху. У 1878 вызвалены ад тур. панавання рус. войскамі. З 1879 сталіца Балгарыі. С. — адзін з цэнтраў Вераснёўскага народнага ўзброенага паўстання 1944.
Ад рым. часу захаваліся рэшткі крапасной сцяны, пабудова нявызначанага прызначэння (перабудавана ў 3—4 ст. у царкву св. Георгія, размалёўкі 12—14 ст.). У 6 ст. ўзведзена царква св. Сафіі, якая дала назву гораду. З канца 14 ст. С. развівалася ва ўсх. стылі (тур. мячэць Баня-пашы, 1576, і інш.). Інтэнсіўнае буд-ва пачалося ў канцы 19 ст. Планіроўка радыяльна-кальцавая (у цэнтры) і прамавугольная. У стылях мадэрн і неавізант. створаны пабудовы гар. цэнтра: храм-помнік Аляксандра Неўскага (1904—12, арх. А.Памяранцаў), Нар.т-р імя І.Вазава (1907, арх. Ф.Фельнер, Г.Гельмер), мінер. лазні (1907—10, арх. П.Момчылаў). Сярод помнікаў канструктывізму і неакласіцызму: атэль і канцэртная зала «Балгарыя» (1937, арх. С.Бялкоўскі, І.Данчаў), Балг.нац. банк (1938, арх. І.Васільёў, Дз.Цолаў). Паводле генпланаў 1945 і 1961 узведзены Дзярж.б-ка імя В.Каларава (1946—53), ансамбль цэнтра з сістэмай плошчаў, неакласіцыстычнымі будынкамі і маўзалеем Г.Дзімітрова (1949, арх. Г.Аўчараў, Р.Рыбараў), стадыён імя В.Леўскага (1953), спарт. комплекс «Універсіяда» (1961), Палац культуры «Сафія» (1981, арх. А.Бараў). Створаны свабодныя па планіроўцы жылыя раёны (Зах. парк, комплексы Усход, Іпадром, мікрараён імя Мілева і інш.). Помнікі: Вызваліцелям (1907, скульпт. А.Цокі), Манумент у гонар Сав. Арміі (1954, арх. Д.Мітаў, Л.Нейкаў, скульпт. І.Фунеў і інш.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СКАРБ,
1) знаходкі комплексаў манет, плацежных зліткаў і разнастайных рэчаў (вырабаў), ухаваных у зямлі ці інш. месцах, уладальнік якіх невядомы. Самыя стараж. С. з эпохі неаліту — каменныя прылады працы і зброя. У 7 ст. да н.э. — 20 ст.н.э. пераважаюць манетныя і манетна-рэчавыя С. (манеты, сярэбраныя і залатыя плацежныя зліткі і іх фрагменты, тавара-грошы рознага тыпу, упрыгожанні і г.д.). У С. позняга сярэдневякоўя пераважалі манеты (манетным лічыцца С., калі ў ім знаходзілася не менш як 5 адзінак). Захоўваліся яны ў розных упакоўках (посудзе, шкатулках, скрынках, скураных і палатняных торбах, драўляных калодах і інш), часам у камбінаваных (напр., скрутак тканіны, у якім былі грошы, змяшчаўся ў скрынку ці інш. ўпакоўку). Звычайна С. выяўляюць на невял. глыбіні (0,2—1 м), што тлумачыцца выветрываннем, узорваннем ці вымываннем глебы. Знаходкі багатых С. і ўзнікненне легенд, звязаных з імі, садзейнічалі вял. пашырэнню скарбашукальніцтва ва ўсіх краінах. С. з’яўляліся ў выніку адтоку грошай з абарачэння, выключэння ранніх паўнавагавых (па масе і пробе) манет у параўнанні з больш познімі легкавагавымі, у час войнаў, паўстанняў і інш. грамадска-сац. узрушэнняў ці прыродных катаклізмаў. Паводле заканадаўства знойдзены С. належыць дзяржаве і павінен быць перададзены ў банк ці музей. У Рас. імперыі згодна з указамі 1718 і 1728 С., знойдзеныя на дзярж., грамадскіх і ўдзельных землях, належалі дзяржаве, а на прыватных — землеўладальнікам з правам музеяў набываць іх для нумізматычных калекцый. Да 1917 С. ў Рас. імперыі вывучаліся ў Імператарскай археал. камісіі, у 1919—29 — секцыяй нумізматыкі і гліптыкі Акадэміі матэрыяльнай культуры, з 1930-х г. — у рэсп. музеях. З 1920-х г. той, хто знаходзіў С., атрымліваў узнагароджанне ў памеры 25% ад кошту знаходкі. Тэр. Беларусі багатая на С. і адзінкавыя знаходкі манет. Зафіксавана больш за 1100 С., з іх больш за 100 у Брэсцкай вобл., больш за 200 у Віцебскай, больш за 170 у Гомельскай, каля 140 у Гродзенскай, больш як па 200 у Мінскай і Магілёўскай абл. Самыя стараж. манеты — стараж.-грэч. і рымскія (адпаведна і С., у якіх яны былі) — на тэр. Беларусі з’явіліся ў канцы 1 — пач. 2 ст., пасля некат. перапынку ў 4—8 ст. яны выкарыстоўваліся рэгулярна.
2) У праве — закапаныя ў зямлі або схаваныя інш. спосабам грошы ці каштоўныя прадметы, уласнік якіх не можа быць устаноўлены ці паводле акта заканадаўства страціў на іх права. Паводле заканадаўства Рэспублікі Беларусь С. пераходзіць ва ўласнасць асобы, якой належыць маёмасць (зямельны ўчастак, пабудова і да т.п.), дзе С. быў схаваны, і асобы, якая знайшла С., у роўных долях, калі пагадненнямі паміж імі не ўстаноўлена іншае. У выпадку, калі ў С. былі рэчы, што адносяцца да помнікаў гісторыі або культуры, яны належаць перадачы ў дзярж. ўласнасць. Пры гэтым уласнік маёмасці і асоба, якая знайшла С., маюць права на атрыманне ўзнагароджання ў памеры палавіны кошту знойдзенага. Прысваенне С., які мае вял. каштоўнасць, цягне за сабой крымін. адказнасць.
Літ.:
Рябцевич В.Н. Нумизматика Беларуси. Мн., 1995.
Ш.І.Бекцінееў, Г.А.Маслыка (права).
Да арт.Скарб. Гальшанскі манетны скарб. Пач. 16 ст.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БІБЛІЯТЭ́КА НАЦЫЯНА́ЛЬНАЯ БЕЛАРУ́СІ,
галоўная універсальная навук.б-ка Рэспублікі Беларусь; цэнтр. кнігасховішча; даследчы, метадычны і каардынацыйны цэнтр у галіне бібліятэказнаўства, бібліяграфіі і кнігазнаўства. Засн. ў 1921 як б-каБДУ (гл.Бібліятэка фундаментальная БДУ). У 1922 пераўтворана ў аб’яднаную Бел.дзярж. і універсітэцкую б-ку з Бел. кніжнай палатай; пры б-цы арганізаваны аддзел бел. л-ры і бібліяграфіі, пачалася работа ў галіне рэтраспектыўнай нац. і краязнаўчай бібліяграфіі. 14.5.1926 вылучана ў самастойную Бел.дзярж. б-ку. 10.8.1932 рэарганізавана ў Дзярж. б-ку і бібліяграфічны ін-тБССР, ёй прысвоена імя Леніна. У 1932 кніжны фонд б-кі налічваў больш за 1 млн. адзінак захоўвання. Б-ка стала грунтоўнай базай для абслугоўвання навукоўцаў, спецыялістаў розных галін навукі і нар. гаспадаркі; працавалі даведачна-бібліягр. аддзел, абанемент, міжбібліятэчны абанемент, кабінет бібліятэказнаўства. Б-ка адкрыла філіялы ў Віцебску (1925), Гомелі (1933), Магілёве (1938), у Мінску пры Доме ўрада; потым на базе гэтых філіялаў створаны Урадавая б-ка (гл.Бібліятэка прэзідэнцкая) і ў 1938 абласныя б-кі (гл. ў арт.Бібліятэка). На пач. 1941 б-ка стала цэнтрам метадычнай і бібліягр. работы на Беларусі, яе кніжны фонд налічваў каля 2 млн. тамоў, колькасць чытачоў 15 тыс. У Вял.Айч. вайну разрабаваны і знішчаны яе фонды і даведачны апарат. Найбольш пацярпеў фонд абавязковага экз. (засталіся толькі 33 тыс. тамоў); цалкам быў вывезены архіў друку БССР, газетны фонд, фонды аддзела бел. л-ры, рэдкіх і старадрукаваных кніг, абанемента, чытальных залаў, спалены разам з л-рай будынак рэзервовага фонду. Уцалела 321 тыс.экз. У 1944 пачалося аднаўленне б-кі. У 1948 яе фонды па колькасным складзе дасягнулі даваен. ўзроўню. З 1956 б-ка з’яўляецца дэпазітарыем матэрыялаў ААН і ЮНЕСКА, з 1975 — універсальным дэпазітарыем Рэспублікі Беларусь. 19.5.1993 перайменавана ў Нацыянальную б-ку Беларусі. Кніжны фонд (на 1.1.1996) 7,3 млн. адзінак захавання больш чым на 50 мовах свету.
Асаблівую каштоўнасць мае паўмільённы унікальны збор л-ры, выдадзенай на Беларусі з пач. 19 ст. да нашага часу, а таксама ўсіх выданняў і матэрыялаў пра Беларусь, у т. л. і замежных. Зберагаецца 56-тысячны збор рэдкіх выданняў, рукапісаў і старадрукаў. Сярод рукапісных матэрыялаў 16—20 ст. (больш за 1 тыс. адзінак захавання) на славянскіх, заходнееўрапейскіх і ўсходніх мовах вылучаюцца калекцыі: рукапісных кніг, у т. л.бел. паходжання (евангеллі, пралогі, служэбнікі, жыціі святых, зборнікі слоў і павучанняў і інш.), спеўных рукапісаў крукавай і ноталінейнай натацыі, усходніх рукапісаў па граматыцы, філасофіі, праве, мусульманскай тэалогіі і інш.; рукапісы дзеячаў навукі і культуры Беларусі (М.В.Доўнар-Запольскага, Е.Р.Раманава, А.М.Семянтоўскага, У.І.Пічэты, З.Бядулі, Ц.Гартнага, Я.Коласа і інш.). Фонд старадрукаў (больш за 26 тыс. асобнікаў) уключае калекцыю інкунабулаў (44 адз.), у т. л. «Сусветная хроніка» Х.Шэдэля (1493), выданне «Боскай камедыі» Дантэ (1481), першы ням. пераклад грэч. рамана 3 ст. «Гісторыя Апалонія, караля Цірскага» (Аўгсбург, 1471); калекцыю палеатыпаў (каля 200 асобнікаў), у т. л. 16 прыжыццёвых М.Лютэра, выданні венецыянскай друкарні Аладаў (15—16 ст.), галандскіх кнігадрукаў Эльзевіраў (16—18 ст.), друкароў Эцьенаў, Фробенаў, Плантэнаў і інш. У калекцыі кірылаўскага друку захоўваецца адзіны ў Рэспубліцы Беларусь збор выданняў бел. першадрукара Ф.Скарыны — 10 выпускаў «Бібліі» (Прага, 1517—19); выданні В.Гарабурды («Евангелле вучыцельнае», каля 1580), І.Фёдарава («Апостал», Львоў, 1574, і «Біблія», Астрог, 1581); кнігі з друкарні братоў Мамонічаў (16—17 ст.); выданні бел., рус. і ўкр. друкарняў 16—18 ст., у т. л. «Азбука» В.Ф.Бурцава (1634), «Арыфметыка» Л.Магніцкага (1703), «Граматыка...» М.Сматрыцкага (1648). У калекцыі рус. грамадзянскага друку 18 — пач. 19 ст. 10 кніг пятроўскай эпохі, прыжыццёвыя выданні М.В.Ламаносава, М.І.Навікова (у т. л. яго часопісы «Древняя российская вивлиофика», «Живописец» і «Кошелёк»); каштоўныя выданні 19 — пач. 20 ст. з прыватных калекцый П.М.Жуковіча, І.П.Карнілава, У.І.Пічэты, А.П.Сапунова. І.І.Гальдштэйна па гісторыі Беларусі, Літвы і Польшчы; Я.Ф.Карскага, М.А.Янчука па бел. л-ры, мове і этнаграфіі; першыя выданні твораў В.Дуніна-Марцінкевіча, Ф.Багушэвіча, Я.Купалы, Я.Коласа, М.Багдановіча і інш.; першая нелегальная бел.газ. «Мужыцкая праўда» (выдавалася 1862—63 К.Каліноўскім), першыя легальныя бел. газеты «Наша доля» і «Наша ніва»; першыя сав. газеты на бел. мове, у т. л. «Дзянніца»; рэсп., абласныя, раённыя газеты і часопісы Беларусі ад пачатку іх выдання. Захоўваюцца дакументы і выданні перыяду франц. рэвалюцыі 1789—94; калекцыі лістовак часоў Парыжскай камуны 1871; калекцыя вольнага рус. друку (выданні, забароненыя царскай цэнзурай); першыя і прыжыццёвыя выданні К.Маркса, Ф.Энгельса, Леніна; калекцыі бальшавіцкага друку дакастр. перыяду і выданняў першых гадоў сав. улады; збор падп. і партыз. друку перыяду Вял.Айч. вайны і інш. Вялікая калекцыя кніг з аўтографамі вядомых пісьменнікаў, навукоўцаў, грамадскіх дзеячаў. Самая вялікая на Беларусі калекцыя нот (77 тыс.экз.), больш за 100 тыс. адзінак захавання выяўл. матэрыялаў (плакаты, паштоўкі, рэпрадукцыі); каля 30 тыс. аўдыёвізуальных дакументаў, у т. л. грамзапісаў класічнага рэпертуару. У газетным фондзе сабраны ўсе бел. газеты за сав. перыяд (цэнтральныя, рэсп., абласныя), асобныя газеты замежных краін. Б-ка мае амаль 15-тысячны фонд картаў, каля 650 тыс. аўтарэфератаў і мікрафіш дысертацый. З 1990 укараняецца аўтаматызаваная інфарм. сістэма б-кі, дзейнічае электронны каталог. Ствараюцца рэтраспектыўныя базы даных нац. дакумента, рэдкай і старадрукаванай кнігі, нот, выяўленчых, аўдыёвізуальных і інш. дакументаў.
Штогод б-ка абслугоўвае 500 тыс. чытачоў, агульная выдача перавышае 3 млн.экз. Працуюць 14 галіновых і спец. чытальных залаў на 1000 месцаў. Паслугамі міжбібліятэчнага і міжнар. абанемента карыстаюцца каля 1 тыс. б-к у краіне і за яе межамі. Кнігаабменам б-ка звязана з 280 партнёрамі ў 36 краінах свету. Б-ка арганізуе выстаўкі (тэматычныя, юбілейныя, прысвечаныя знамянальным і памятным датам, выстаўкі прагляды; больш за 500 штогод), вядзе н.-д. работу па гісторыі бібліятэчнай справы на Беларусі. Выдае навук.-дапаможную і рэкамендацыйную бібліяграфію, у т. л. «Кніга Беларусі. 1517—1917» (1986), «Бібліяграфія па гісторыі Беларусі: Феадалізм і капіталізм» (1969), «Беларусь у друку XVI — пач. XX ст.» ў 5 кн. (1982—85), нотафанаграфічны паказальнік «Беларуская літаратура ў музыцы (1918—1989)» (1991); з 1960 выдае штомесячны бібліягр. бюлетэнь «Новыя кнігі Беларусі» і інш. У 1929—32 узведзены спец. будынак б-кі (арх. Г.Лаўроў) у стылі канструктывізму. Б-ка мела агульную (на 400-месцаў) і для навук. работнікаў чытальныя залы. У 1961 пабудаваны дадатковы корпус, што палепшыла ўмовы работы чытачоў і захавання фондаў.
Літ.:
Нацыянальная бібліятэка Беларусі: Памятка чытачу. Мн., 1992.
Т.М.Мінчэня.
Бібліятэка нацыянальная Беларусі. У чытальнай зале.Бібліятэка нацыянальная Беларусі. Уваход у галоўны корпус.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАМУНІСТЫ́ЧНАЯ ПА́РТЫЯ ЗАХО́ДНЯЙ БЕЛАРУ́СІ (КПЗБ). Створана ў кастр. 1923 на канферэнцыі Беластоцкага, Брэсцкага і Віленскага акр. к-таў Камуніст. рабочай партыі Польшчы (КПРП), скліканай паводле рашэння II з’езда КПРП, з лют. 1925 Камуністычная партыя Польшчы, КПП. У КПЗБ увайшлі члены б. арг-цый КП(б)Б і КП Літвы, што перайшлі ў падполле, чл. КПРП. У снеж. 1923 у КПЗБ улілася Беларуская рэвалюцыйная арганізацыя (БРА), кіраўнікі якой І.К.Лагіновіч (П.Корчык), Л.І.Родзевіч (Антось), А.Р.Капуцкі (Лёкса) былі кааптаваны ў склад Цэнтральнага Камітэта КПЗБ, што садзейнічала павелічэнню бел. элемента ў кіраўніцтве КПЗБ. Функцыянавала да жн. 1938 на правах тэр.-аўтаномнай арг-цыі КПП, зыходзіла з яе праграмных установак. КПЗБ змагалася за сацыяліст. рэвалюцыю, ліквідацыю памешчыцкага землеўладання і перадачу сялянам зямлі без выкупу, за права самавызначэння Заходняй Беларусі і ўз’яднанне з БССР. Працавала нелегальна ва ўмовах паўакупац. рэжыму ў краі. Польскія ўлады праследавалі членаў КПЗБ, знявольвалі іх у турмы, Бяроза-Картузскі канцэнтрацыйны лагер, наладжвалі масавыя палітычныя працэсы. На час стварэння КПЗБ у яе парт. арг-цыях налічвалася 528 чал.; у канцы 1924—2296 чал., у канцы 1927—3254 чал. У 1924—29 дзейнічала 6 акруговых (Баранавіцка-Слонімскі, Беластоцкі, Брэсцкі, Віленскі, Гродзенскі, Пінскі) і больш за 50 раённых к-таў КПЗБ. У сак. 1932 у КПЗБ налічвалася 3600 членаў, з іх 20% пражывалі ў гарадах і каля 80% на вёсцы; у 1933—3800—4000 членаў, дзейнічала 11 акруговых (дадаткова Лідскі, Маладзечанскі, Навагрудскі, Пастаўска-Глыбоцкі, Свянцянска-Браслаўскі) і больш за 90 раённых к-таў партыі. Прыкладна палова членаў КПЗБ знаходзілася ў турмах і канцлагеры. Сярод бел.паліт. партый, што дзейнічалі ў краі, КПЗБ была найб. шматлікай і ўплывовай. Пад яе кіраўніцтвам дзейнічалі Камуністычны саюз маладзі Заходняй Беларусі, Міжнародная арганізацыя дапамогі рэвалюцыянерам Заходняй Беларусі. За час існавання КПЗБ адбыліся 2 з’езды і 3 канферэнцыі. Практычную работу партыі ўзначальваў ЦККПЗБ, які складаўся з Бюро ЦККПЗБ і Краявога сакратарыята ЦККПЗБ. Частка членаў Бюро і ЦК знаходзілася ў Мінску з мэтай кіраўніцтва Прадстаўніцтвам ЦККПЗБпрыЦККП(б)Б, замежнай часткай Цэнтр. рэдакцыі і Мінскай школай КПЗБ. Цэнтр. орган КПЗБ — газ.«Чырвоны сцяг», з 1924 выдаваўся тэарэт.час.ЦККПЗБ«Бальшавік». Легальнымі органамі партыі былі газ.«Барацьба», «Беларуская газета», «Наша воля», сатыр.час.«Асва».
На этапе станаўлення КПЗБ карысталася падтрымкай з боку КП(б)Б. З ліп. 1924 да лют. 1925 у Мінску існавала Бюро дапамогі Кампартыі Заходняй БеларусіпрыЦККП(б)Б. Да стварэння КПЗБ асноўнай формай рэв. і нац.-вызв. руху на анексіраваных Польшчай бел. землях была партыз. барацьба, якая ў 1923—24 ахапіла большасць паветаў (гл.Партызанскі рух у Заходняй Беларусі). На Другой канферэнцыі КПЗБ (ліст. 1924) арганізацыйна аформілася антыпарт. групоўка, якая зыходзіла з курса на ўзбр. паўстанне, патрабавала адасаблення КПЗБ ад КПРП (гл.Сэцэсія). Трэцяя канферэнцыя КПЗБ (студз. 1926) прызнала памылковым курс на ўзбр. паўстанне і вызначыла новую тактыку па збіранні сіл рабочых, сялян і нац. інтэлігенцыі. Гэта тактыка далей развіта ў рашэннях Першага з’езда КПЗБ (чэрв.—ліп. 1928). Па ініцыятыве ЦККПЗБбел. паслы (дэпутаты) у польск. сейме стварылі ў чэрв. 1925 асобны куб — фракцыю Беларуская сялянска-работніцкая грамада (БСРГ), якая перарасла ў больш як стотысячную арг-цыю і фактычна стала легальным асяродкам КПЗБ. Пасля разгрому ў студз. 1927 Грамады правадніком ідэй Кампартыі ў сейме быў бел. рабоча-сял. пасольскі клуб «Змаганне». КПЗБ была ў авангардзе барацьбы супраць рэжыму Ю.Пілсудскага, узначальвала большасць выступленняў рабочых у абарону сваіх эканам. і паліт. правоў. Праз БСРГ, «Змаганне», Таварыства беларускай школы Кампартыя арганізоўвала масавыя акцыі супраць нац. ўціску, што стрымлівала працэс паланізацыібел. насельніцтва. У канцы 1920 — пач. 1930-х г. палітыка КПЗБ характарызавалася лявацка-сектанцкім падыходам, адмоўным стаўленнем да бел.нац.паліт. партый і арг-цый — Беларускай хрысціянскай дэмакратыі, Беларускай санацыі, Беларускага інстытута гаспадаркі і культуры, кваліфікуючы іх як састаўную частку нацыянал-фаш. лагера. Арыентацыя на сацыяліст. рэвалюцыю і выключэнне з рэв. лагера дэмакр. сіл звузіла фронт апазіцыйнага да пілсудчыкаў бел.дэмакр. лагера і стала адной з прычын спаду нац.-вызв. руху ў Зах. Беларусі ў пач. 1930-х г. На яго аслабленне адмоўна паўплывалі і рэпрэсіі палітычныя ў 1930-я г. ў БССР у адносінах да кіраўнікоў БСРГ, «Змагання» і ЦККПЗБ, якія ў 1932 па абмене палітзняволенымі перададзены ў СССР. У рэзалюцыях ЦККПЗБ 1934 па нац. пытанні БРА трактавалася як агентура бел. нацыяналізму ў радах КПЗБ. У 2-й пал. 1930-х г. Кампартыя ўзяла курс на аб’яднанне дэмакр. сіл. У рашэннях Другога з’езда КПЗБ (май 1935) выпрацаваны новыя тактыка і стратэгія, скіраваныя на адзінства дзеянняў і стварэнне шырокага антыфашысцкага народнага фронту. Забастоўкі, мітынгі, дэманстрацыі ў 1936—37 праходзілі пад заклікамі барацьбы супраць наступу сіл фашызму і вайны, увядзення антыдэмакр. канстытуцыі, за амністыю палітзняволеным, салідарнасць з рэсп. Іспаніяй, разрыў саюза з гітлераўскай Германіяй і за супрацоўніцтва з СССР. У 1938 дзейнасць КПЗБ спынена. Паводле рашэння Выканкома Камінтэрна КПП і яе састаўныя часткі КПЗБ і КПЗУ ў жн. 1938 на аснове беспадстаўнага абвінавачання былі распушчаны. Роспуску папярэднічалі рэпрэсіі ў 1937 у адносінах да кіруючага актыву партыі. Абвінавачанні супраць КПЗБ і яе актыву зняты пасля апублікавання 21.2.1956 у газ. «Правда» заявы Цэнтр. Камітэтаў Кампартый Сав. Саюза, Балгарыі, Італіі, Польшчы і Фінляндыі, у якой дадзена высокая ацэнка дзейнасці КПП, падкрэслена, што роспуск яе быў неабгрунтаваны.
Літ.:
Борьба трудящихся Западной Белоруссии за социальное и национальное освобождение и воссоединение с БССР’ Док. и материалы. Т. І—2. Мн., 1962—72;
Революционный путь Комларгии Западной Белоруссии (1921—1939 гг.). Мн., 1966;
Полуян В.А., Полуян И.В. Революционное и национально-освободительное движение в Западной Белоруссии в 1920—1939 гг.Мн., 1962;
Мацко А.Н. Революционная борьба трудящихся Польши и Западной Белоруссии против гнета буржуазии и помещиков 1918—1939 іт. Мн., 1972;
Воткович Г.Б. КПЗБ в борьбе за интернациональное единство трудящихся (1929—1933 гг.). Мн., 1975;
Ладысеў У.Ф. КПЗБ — арганізатар барацьбы працоўных за дэмакратычныя правы і свабоды (1934—1938 гг.). Мн., 1976;
Яго ж. В борьбе за демократические права и свободы. Ми., 1988;
Орехво Н.С. Дела и люди КПЗБ: Воспоминания. Мн., 1983;
Зелинский П.И. Политическая работа КПЗБ в массах, 1923—1938. Мн., 1986;
Мисаревич Е.А. На освобожденной земле. Мн., 1989;
Bergmann A Sprawy białoruskie w II Rzeczypospolitej. Warszawa, 1984.
У.Ф.Ладысеў.
Дэлегаты II з’езда Камуністычнай партыі Заходняй Беларусі. 1935.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КНІГАДРУКАВА́ННЕ,
спосаб размнажэння кніг, заснаваны на пераносе фарбы з друкарскай формы на паперу. Тэрмін «К.» звычайна выкарыстоўваюць у дачыненні да гісторыі вырабу друкаванай кнігі, да сучаснай кнігадрукавальнай вытв-сці часцей ужываюць тэрмін паліграфія. Асн. спосабы К. — высокі друк, глыбокі друк, плоскі друк, якія рэалізуюцца ў адпаведных друкарскіх машынах.
Да К. існавала бясфарбавае адцісканне тэксту з дапамогай рэльефных форм (захаваўся гліняны дыск з в-ва Крыт, 17 ст. да н.э.). Самы ранні спосаб мех. ўзнаўлення тэксту і ілюстрацый — ксілаграфія (дрэварыт), пры якой на дошцы выразалася форма для друкавання цэлых старонак. Адбіткі, зробленыя гэтым спосабам, знойдзены ў Карэі (датуюцца 704—751), Кітаі (713—741), Японіі (764—770). Друкаванне пераносам фарбавага слоя з наборнай формы на паперу ажыццявіў Бі Шэн (у 1041—48, Кітай). Ён складаў тэкставую форму з рухомых гліняных літар, пакрываў іх фарбай і атрымліваў адбіткі (некалькі тыс.экз.), вынайшаў таксама драўляныя скрыні-касеты для захоўвання шрыфту. Метал. літары (з бронзы) выкарыстаны ў 15 ст. ў Карэі. У Еўропе К. ўзнікла ў 1440-я г. пасля вынаходства І.Гутэнбергам друкарскага станка (прэса), прыстасавання для адліўкі метал. шрыфту ў матрыцах і спец. фарбаў. Ён заснаваў у Майнцы (Германія) першую друкарню, выдаў шэраг кніг. У іх друкарскім спосабам узнаўляўся толькі тэкст, а арнаментальныя ўпрыгожанні рабіліся ад рукі па палях. Упершыню арнаментыка перададзена друкаваннем на старонках т. зв. Майнцкай псалтыры ў 1457 (П.Шофер), дзе з’явіліся і шматфарбавыя адбіткі. У 1461 у Бамбергу (цяпер г. Быдгашч, Польшча) выдадзена кніга з гравіраванымі на дрэве ілюстрацыямі. З Германіі К. пранікла ў Італію (1465), Швейцарыю (каля 1468), Францыю (1470), Бельгію і Венгрыю (1473), Польшчу (каля 1473), Іспанію (1474), Чэхію (1476, выдадзена першая дакладна датаваная кніга), Англію (1476) і інш. У 15 ст. значнае развіццё К. атрымала ў Венецыі, дзе да 1500 заснавана каля 150 друкарняў. Да 1500 друкарні ўзніклі прыкладна ў 260 гарадах, надрукавана каля 40 тыс. кніг тыражом больш за 10 млн.экз. (кнігі, выдадзеныя ў Еўропе да 1.1.1501, наз.інкунабуламі, у 1-й пал. 16 ст. — палеатыпамі). У канцы 15 ст. буйныя рамесныя друкарні сталі ператварацца ў мануфактуры. У Еўропе ў 16 ст. выдадзена каля 500 тыс. назваў кніг, у 17 ст. — каля 3 млн.Асн. друкарска-выдавецкія дынастыі — Мануцыі (Італія), Эцьены (Францыя), Плантэны (Бельгія), Эльзевіры (Нідэрланды). Першыя кнігі славянскай глаголіцай надрукаваны ў 1483, кірыліцай — у 1491 (Ш.Фіёль, Кракаў). У 1517 бел. асветнік Ф.Скарына першы ва ўсходнеславянскім свеце надрукаваў кірыліцкім шрыфтам у Празе 23 кнігі Бібліі, каля 1520 у Вільні заснаваў першую друкарню ў Вялікім княстве Літоўскім. Каля 1553 заснавана т. зв. ананімная друкарня ў Маскве, у якой І.Фёдараў і П.Мсціславец у 1564 выпусцілі першую дакладна датаваную рус. друкаваную кнігу «Апостал». Першая друкарня на Украіне заснавана І.Фёдаравым у 1573 у Львове.
Тэхн. ўдасканаленне К. спачатку ішло пераважна ў ілюстрацыйных формных працэсах. У 15 ст. побач з ксілаграфіяй развівалася паглыбленая (разцовая і «сухой іголкі») гравюра на метале (гравіраваныя ілюстрацыі), каляровая фігурная ксілаграфія. Пашыранай тэхнікай ілюстравання стаў афорт (заснаваны на траўленні металу кіслотамі), яго разнавіднасць т. зв.мяккі лак і акватынта. Для друкавання выкарыстоўваўся ручны друкарскі станок (першы яго відарыс адносіцца да 1499), які паступова ўдасканальваўся: механізаваліся асобныя працэсы, драўляныя дэталі замяняліся металічнымі і інш. Першы суцэльнаметал. друкарскі станок зроблены ў 1800 (Ч.Стэнхап, Англія). Развіццю К. паспрыяла тыпаметрыя — друкарская сістэма мер, прапанаваная ў 1737 П.С.Фурнье (Францыя). Яна стварыла магчымасць стандартызацыі друкарскіх шрыфтоў. Бел. кнігавыдавец І.Ф.Капіевіч на аснове шрыфту Скарыны стварыў удасканалены кірыліцкі шрыфт, якім карыстаюцца многія славянскія краіны У канцы 18 ст. ў К. з’явіліся новыя спосабы рэпрадуцыравання — тарцовая ксілаграфія і літаграфія (вынайдзена каля 1798 А.Зенефельдэрам, Германія), якія зрабілі ілюстраванне кніг больш танным. У 1811 створана плоскадрукавальная машына (Ф.Кёніг, Германія), у 1840-х г. у выніку развіцця стэрэатыпіі — ратацыйная друкарская машына. Значным крокам у развіцці паліграф. тэхнікі стала ратацыйная машына, якая друкавала з паўцыліндрычных стэрэатыпаў на паперу, што змотвалася з рулона (запатэнтавана У.Балакам, ЗША). У 1851 створана тыгельная друкарская машына з верт. размяшчэннем формы (Дж.Гордан, ЗША), значнае пашырэнне набыла вынайдзеная ў 1869 (М.Галі, ЗША) тыгельная машына з нерухомым талерам (з замацаванай на ім формай) і рухомым тыглем (для прыціскання паперы). У 1822 запатэнтавана наборная машына (У.Чорч, Англія), у 1886 — радковаадліўная наборная машына лінатып (О.Мергенталер, ЗША), якая набыла масавае пашырэнне; у 1897 вынайдзена (Т.Ланстан, ЗША) літараадліўная наборная машына — манатып. У 19 ст. асвоены фотамех. рэпрадукцыйныя працэсы. цынкаграфія (прапанавана ў 1850 Ф.Жыло, удасканалена ў 1862 Г.Джэймсам), фотатыпія (1865, Я.Гуснік), геліягравюра — спосаб глыбокага друку, пры якім друкарская форма рабілася з выкарыстаннем фатаграфічных і хім. працэсаў (1879, К.Кліч, Чэхія), аўтатыпія (1880-я г., С.Д.Лапцеў, Г.Майзенбах). У 1890 Кліч пабудаваў машыну ракельнага глыбокага друку, у пач. 20 ст. А.Рубел (ЗША) і К.Герман (Германія) стварылі новы друкарскі працэс — афсетны друк. Удасканальваліся і наборныя працэсы. У 1894 Е.Порцэльт (Венгрыя) абгрунтаваў ідэю фотанабору, у 1895 В.А.Гасіеў (Расія) пабудаваў першую фотанаборную машыну (пашырыліся ў 1950—60-я г., калі ў паліграфію ўкаранілася электроніка). З дапамогай фотаэлектронікі ўдасканалены працэсы вырабу ілюстрацыйных форм (электрагравіравальнымі апаратамі), колеракарэктура і колерадзяленне. З’явіліся эл. спосабы фарміравання відарысу на фотапаўправадніковых паверхнях (электраграфія), бескантактныя электрастатычныя і эл.-магн. спосабы пераносу фарбавай выявы. У сучасным К. шырока выкарыстоўваюцца сінт. матэрыялы (фотапалімерныя друкарскія формы, пластмасавыя пераплётныя накрыўкі і інш). Пра развіццё і сучасны стан К. на Беларусі гл. ў арт Выдавецкая справа, а таксама Друк, Нотадрукаванне, Картадрукаванне, Паліграфічная прамысловасць.
Літ.:
Щелкунов М.И. История, техника, искусство книгопечатания. М.; Л., 1926;
Кацпржак Е.И. История письменности и книги М., 1955;
Пятьсот лет после Гутенберга, 1468—1968. М., 1968;
Варбанец Н.В. Йоханн Гутенберг и начало книгопечатания в Европе. М., 1980;
Немировский Е.Л. Начало славянского книгопечатания. М., 1971;
450 год беларускага кнігадрукавання. Мн., 1968;
Волк А.А., Ракович А.И. Книгоиздательское дело в Белоруссии: Ист. очерк. Мн., 1977;
Бярозкіна Н.Ю. Гісторыя кнігадрукавання Беларусі (XVI — пачатак XX ст.). Мн., 1998.
У.М.Сацута.
Да арт.Кнігадрукаванне. Друкарня. Гравюра І.Амана. 16 ст.Да арт.Кнігадрукаванне. 1 — выгляд адной з першых шрыфтаадліўных майстэрняў, т.зв. словалітні (гравюра І.Амана); 2 — першая плоскадрукавальная друкарская машына з аўтаматычным накатам друкарскай формы (вынайдзена ў 1839 С.Раглсам, ЗША); 3 — ратацыйная машына «Вікторы» (вынайдзена ў Англіі, друкавала на рулоннай паперы і фальцавала разрэзаныя лісты); 4 — тыгельная друкарская машына (у СССР выраблялі з 1932); 5 — наборна-праграмавальны апарат (манатып) МК-5 (асартымент розных знакаў да 288).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАНА́КА (Monaco),
Княства Манака (Principauté de Monaco), дзяржава ў Паўд. Еўропе, на беразе Міжземнага м., на сушы абкружана тэр. Францыі. Пл. 1,95 км². Нас. 32 тыс.чал. (1998). Афіц. мова — французская. Сталіца — г.Манака. Падзяляецца на 4 адм.гар. акругі. Нац. свята — Нацыянальны дзень (19 ліст. — дзень нараджэння правячага князя Рэнье III).
Дзяржаўны лад. М. — канстытуцыйная манархія. Дзейнічае канстытуцыя 1911, абноўленая ў 1962. Кіраўнік дзяржавы — наследны князь. Заканад. ўлада належыць Нац. савету, у які ўваходзяць кіраўнік дзяржавы і 18 членаў, выбраных на ўсеагульных выбарах на 5 гадоў. Выканаўчую ўладу ажыццяўляе Урадавы савет з удзелам прадстаўніка Францыі, які прапануецца на пасаду франц. урадам і зацвярджаецца князем. Існуе таксама дарадчы орган — Каронны савет.
Прырода. Княства займае частку Блакітнага берага на ўзбярэжжы Міжземнага м. і паўд. схілы Прыморскіх Альпаў. Рэльеф перадгорны і горны. Выш. да 145 м. Клімат міжземнаморскі, з сухім летам і мяккай зімой. Сярэдняя т-растудз. 8 °C, ліп. 23 °C. Ападкаў за год каля 800 мм. Амаль уся тэрыторыя занята гар. забудовай. На стромкіх схілах гор вечназялёныя зараснікі каменнага дубу, калючага дроку, карлікавай пальмы, хмызнякі маквісу з ладаннікам, дзікай фісташкай, размарынам. На схілах прыбярэжных скал — Экзатычны сад з сусв. вядомай калекцыяй субтрапічных раслін: пальмаў, магнолій, алеандраў і кактусаў.
Насельніцтва. Карэнныя жыхары — манегаскі (16%), французы (47%), італьянцы (16%); жывуць таксама грэкі, немцы, англічане, амерыканцы і інш. Сярод вернікаў пераважаюць католікі — 95%. Сярэднегадавы прырост 0,4%. Сярэдняя шчыльнасць найб. ў свеце — 16 410 чал. на 1 км². Усё насельніцтва засяроджана ў 4 гарадах: Манака, Монтэ-Карла, Ла-Кандамін і Фанв’ей. Каля 75% эканамічна актыўнага насельніцтва занята ў абслуговых галінах, каля 25% — у прам-сці. У М. працуе каля 10 тыс.чал. з суседніх раёнаў Францыі і Італіі.
Гісторыя. У 10—9 ст. да н.э. на тэр. М. (назва, верагодна, ад праіндаеўрап. кораня mon — высокае месца, скала) існавала фінікійская калонія (гандл. прыстань, крэпасць), з 8—6 ст. да н.э. — грэчаская (пабудаваны храм Геракла). З 2 ст. да н.э.тэр. М. належала Стараж. Рыму, пазней — арабам, з 11 ст.н.э. — генуэзцам, якія ў 1215 пабудавалі тут крэпасць. У 1346 утворана асобнае княства пад пратэктаратам Генуі. У 1419 у М. замацавалася правячая дынастыя знатнага генуэзскага роду Грымальдзі. З 1524 княства М. пад уладай Іспаніі пры фармальным захаванні аўтаноміі. У 1641 у выніку нар. паўстання перайшло пад пратэктарат Францыі. У 1731 М. па жан. лініі перайшло да Дж.Ф.Л.Гаён-Маціньёна, які прыняў прозвішча Грымальдзі і ўступіў на прастол пад імем Анарэ III [1731—93]. У 1793 княства анексіравана Францыяй. Адноўлена паводле Парыжскага мірнага дагавора 1814. Паводле рашэння Венскага кангрэса 1814—15 перададзена пад пратэктарат Сардзінскага каралеўства. Рэвалюцыя 1848 знішчыла ў М. княжацкую ўладу, ад княства аддзяліліся і фактычна далучаны да Францыі гарады Ментона і Ракбрун. У 1849 сардзінскія войскі аднавілі манархію, але сардзінскі пратэктарат спынены. У 1860 пасля пераходу Ніцы ва ўладанне Францыі кн Карл III [1856—89] пагадзіўся на франц. пратэктарат над М., у 1861 за 4 млн. франкаў фармальна ўступіў Францыі свае правы на Ментону і Ракбрун. Паводле манака-франц. дагавора 2.2.1861 Францыя прызнала незалежнасць М. У 1865 устаноўлены мытны саюз паміж М. і Францыяй. У 1861—1910 у г. Монтэ-Карла пабудаваны комплекс казіно, які пасля буд-ва чыгункі паміж М. і Францыяй (1868) стаў адной з гал. крыніц папаўнення бюджэту княства. У 1899 у г. Манака заснаваны Акіянаграфічны музей — цяпер міжнар. цэнтр акіянаграфічных даследаванняў.
У 1911 прыкн. Альберце I [1889—1922] уведзена ў дзеянне канстытуцыя, паводле якой М. абвешчана канстытуцыйнай манархіяй і ўтвораны выбарны парламент — Нац. савет. У выніку дагавора 1918 Францыя атрымала права трымаць на тэр. М. войскі і зацвярджаць заключаныя М. міжнар. пагадненні. У 2-ю сусв. вайну М. акупіравалі ням. фашысты (1942—44). З 1949 правіць кн. Рэнье III. У 1962 прынята новая канстытуцыя, якая пашырыла правы Нац. савета, перадала выканаўчую ўладу Урадаваму савету, стварыла Каронны савет. Апошнія выбары ў Нац. савет адбыліся ў студз. 1998. Асн.паліт.арг-цыя — Нац.дэмакр. саюз (з 1963 дамінуе ў Нац. савеце), асн. прафсаюзная арг-цыя — Аб’яднанне прафсаюзаў М. М. — чл.ААН (з 1993), Арганізацыі па бяспецы і супрацоўніцтве ў Еўропе, Інтэрпола і інш.міжнар. арг-цый.
Гаспадарка. М. — эканамічна развітая краіна з высокім узроўнем даходаў. Штогадовы даход на 1 чал. 25 тыс.дол. (1996). Аснова эканомікі — гандл.-фін. дзейнасць, турызм і курортная справа, ігральныя дамы, некаторыя галіны прам-сці. Ільготны падатковы рэжым дазваляе буйным міжнар. банкам шырока выкарыстоўваць М. для фін. аперацый (дзейнічае каля 800 міжнар. кампаній і 50 банкаў). Замежныя прамысл., гандл. і фін. прадпрыемствы, у якіх доля капіталу М. перавышае 25%, цалкам вызваляюцца ад падаткаў. Падаткі ў М. намнога меншыя, чым у інш. краінах. Развіты страхавая справа, афшорныя паслугі, гандаль нерухомасцю. М. — сусветна вядомы курорт з басейнамі, купальнямі, водалячэбніцай. Асн.дзярж. даходы прыпадаюць на падаткі з банкаў, атэляў і інш. (55%), ад турызму 25% (М. штогод наведвае каля 700 тыс. замежных турыстаў). Турыстаў прываблівае ў М. сонечнае надвор’е, марскія купанні, арх. і гіст. помнікі, казіно, ігральныя дамы, Акіянаграфічны музей і марскі акварыум з унікальнымі экспанатамі, буйныя міжнар. тэнісныя турніры, аўтамаб. ралі Монтэ-Карла, міжнар. спаборніцтвы па стэндавай стральбе і гольфе, муз. і цыркавыя фестывалі і інш. З-за нізкіх падаткаў у М. жывуць многія багатыя людзі, у т. л. сусветна вядомыя артысты і спартсмены, што з’яўляецца дадатковым фактарам прыцягнення турыстаў. Склалася сучасная індустр. база з экалагічна чыстых прадпрыемстваў лёгкай і перапрацоўчай прам-сці. Найб. развіты эл.-тэхн. і радыёэлектронная (электронныя вузлы і прылады, электрычныя рэле і пераключальнікі, электрабыт. прылады), дакладнае машынабудаванне, хім., фармацэўтычная, швейная, харч., паліграф., суднарамонтная, буд. матэрыялаў прам-сць; выпуск паштовых марак, малая металургія, вытв-сць пластмас, фаянсу, маёлікі, ювелірных вырабаў, сувеніраў. Электраэнергію М. атрымлівае з Францыі. Працуе магутная радыёстанцыя «Монтэ-Карла». Ёсць невял. вінаграднікі і аліўкавыя гаі. Рыбалоўства. Транспарт пераважна аўтамабільны. У М. 1,7 км чыгункі і 50 км асфальтаваных дарог і вуліц. Праз М. праходзяць чыгунка і шаша Ніца (Францыя) — Генуя (Італія). У М. ёсць пляцоўкі для верталётаў, якія перавозяць пасажыраў у міжнар. аэрапорт у г. Ніца (Францыя). Марскі порт прымае невял. гандл. судны і яхты. М. ўтварае адзіную мытную прастору з Францыяй. У экспарце пераважаюць прамысл. вырабы, у імпарце — харч. і спажывецкія тавары. Грашовая адзінка — франц. франк. Манегаскія франкі выпускаюцца для продажу нумізматам.
І.Я.Афнагель (прырода, насельніцтва, гаспадарка).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІ́НСКАЕ ПАТРЫЯТЫ́ЧНАЕ ПАДПО́ЛЛЕў Вялікую Айчынную вайну.
Дзейнічала з ліп. 1941 да ліп. 1944 у Мінску і яго наваколлі. Узнікла і развівалася па ініцыятыве камуністаў, камсамольцаў, рабочых, ІТР, студэнтаў, прадстаўнікоў інтэлігенцыі. Станоўчую ролю ў стварэнні падп. груп і арг-цый адыграла дзейнасць Л.Я.Адзінцова, У.С.Амельянюка, І.Дз.Будаева, С.І.Зайца, І.К.Кавалёва, Дз.А.Караткевіча, А.Л.Коцікава, Ф.С.Кузняцова, С.В.Сержановіча, І.Г.Сцяпуры, б. вайскоўцаў Я.К.Горыцы, П.П.Суравягіна. У ліку першых утварыліся групы на чыг. вузле (А.Дз.Балашоў, Ф.К.Жавалёў, І.І.Івашчонак, Кузняцоў, В.С.Купрыянава, К.А.Паўлечка, Сцяпура і інш.), у раёне Камароўкі (С.К. і У.С.Амельянюкі, В.С.Жудро, Заяц, А.В.Каліноўскі, А.П.Макаранка, І.М.Цімчук, М.А.Шугаеў), ў Кастрычніцкім раёне з б. работнікаў рэсп. канторы Белнафтазбыту (К.Дз.Грыгор’еў, А.Л.Зубкоўскі, І.П.Жазінец, В.К.Нікіфараў, Г.М.Сямёнаў і інш.), з выкладчыкаў і студэнтаў юрыд. ін-та (М.Ф.Малаковіч, М.Б.Осіпава, А.А.Сакалова). Падполле фарміравалася ва ўмовах жорсткага акупацыйнага рэжыму. Патрыёты вялі агітацыю сярод насельніцтва, распаўсюджвалі газеты, што паступалі з тылу, выводзілі са строю абсталяванне на вытворчасці, зрывалі мерапрыемствы акупац. улад. Восенню 1941 пры актыўным удзеле ўпаўнаважанага ЦККП(б)Б І.К.Кавалёва створаны Мінскі падп. гарком КП(б)Б і Ваен. савет партыз. руху (ВСПР). У склад гаркома ўваходзілі Кавалёў (сакратар), Грыгор’еў, Жудро, Заяц, Казінец, Коцікаў, Нікіфараў, І.І.Рогаў, Сямёнаў. Стварэнне гаркома завяршыла аб’яднанне падп. груп і арг-цый горада ў адно арганізац. цэлае. У кастр.—снеж. 1941 гарком даў жыццё першым на Міншчыне партыз. атрадам «Дзядзькі Васі», Сяргеева, Пакроўскага. Па яго заданнях збіраліся звесткі пра размяшчэнне ў горадзе і наваколлі ваен. аб’ектаў, штабоў, складоў, бензабаз ворага, наладжваліся сувязі з надзейнымі людзьмі на перыферыі, арганізоўваліся ўладкаванне б. ваеннаслужачых на работу, матэрыяльная дапамога падпольшчыкам. Найб. важныя звесткі перапраўляліся ў партыз. атрады, адтуль — за лінію фронту. У пач. 1942 ВСПР аб’ядноўваў больш за 300 чал., ажыццяўляў кантакты з партыз. атрадамі, што дзейнічалі ў Дзяржынскім, Заслаўскім, Лагойскім, Плешчаніцкім і Рудзенскім р-нах; з яго ўдзелам створана некалькі атрадаў, куды савет накіроўваў камандзіраў і палітработнікаў. У канцы 1941 гарком і ВСПР арганізавалі першую падп. друкарню, дзе выпускаўся перыяд. лісток «Вестник Родины», зводкі Саўінфармбюро, лістоўкі; у маі 1942 выйшаў 1-ы нумар падп.газ.«Звязда» (рэд. У.Амельянюк, 2—4-га нумароў — Я.М.Савіцкая). У 1941 у Мінску і наваколлі дзейнічала каля 50 падп. груп і арг-цый (больш за 2 тыс.чал.): на Балотнай станцыі, плодаагародніннай базе № 1, цагельным з-дзе № 1, ст. Мінск-Таварная, у гаражы Мінгаруправы, у в. Прылепы, група студэнтаў і выкладчыкаў юрыд. ін-та, у паравозным дэпо, на вагонарамонтным з-дзе, на ЦЭЦ-2, Старажоўскай хлебапякарні, цагельных з-дах № 2 і 3, на Грушаўскім пасёлку, цвіковым з-дзе, у інфекц. бальніцы, «Вера», на гарбарным і станкабуд. з-дах, у медпункце і на чыг. ст. Мінск-Пасажырскі, у Доме друку, Доме ўрада, на Пугачоўскім зав., у аптэцы № 1, на піўзаводзе, на чыг. вузле, у в. Ліпкі, ваен. гарадку Сцяпянка, у раёне вуліц Калгаснай, Маладзечанскай, Саўгаснай і Старавіленскай, на хлебзаводзе «Аўтамат», у друкарні Дома друку, на малочным з-дзе, хімфармзаводзе, на дрожджа-патачным з-дзе, «Красворд», на мэблевай ф-цы па вул. Апанскага, група настаўнікаў, на складзе бухгалтарскіх бланкаў, група Лагойскага падп. райкома КП(б)Б, у раёне вуліц Р.Люксембург і К.Лібкнехта, на радыёзаводзе, у гаражы гаруправы, «Каўказ», медработнікаў, арг-цыя «Андруша». У складзе М.п.п. з ліп. 1941 дзейнічала камсам.-маладзёжнае падполле (кіраўнік С.А.Благаразумаў), створанае гаркомам КП(б)Б і структурнымі органамі ЛКСМБ: на радыёзаводзе, вагонарамонтным, гарбарным, цвіковым з-дах, на Балотнай станцыі, на чыг. вузле, арг-цыя «Андруша» (больш за 60 чал.). У снеж. 1942 пасля арышту і пакарання смерцю Благаразумава Мінскі падп. міжрайком ЛКСМБ стварыў Мінскі падп. гарком ЛКСМБ (дыслацыраваўся ў Заслаўскім р-не), які праз сувязных узначаліў маладзёжны падп. рух у Мінску. У першыя месяцы пасля стварэння гета (19.7.1941) яго вязні стварылі «дзесяткі» і інш. групы, якія адыгралі важную ролю ў наладжванні сувязі з гар. падполлем, арганізацыі матэрыяльнай і фінансавай дапамогі падполлю і партызанам, зборы сакрэтнай інфармацыі, перапраўцы вязняў у партызаны.
Гарком і ВСПР сваю дзейнасць накіроўвалі ў адпаведнасці з падзеямі на фронце: у снеж. 1941, у час бітвы пад Масквой, група падпольшчыкаў учыніла дыверсію, у выніку якой на 10 дзён спыніўся рух ням. эшалонаў на фронт; на ЦЭЦ-2 зрывалі падачу электраэнергіі на ваен. аб’екты ворага (выводзілі са строю абсталяванне, зацягвалі яго рамонт, сапсавалі прылады гал. пульта). Недастатковая канспірацыя ў арганізацыі некаторых аперацый прывяла ў сак. 1942 да арышту і гібелі кіраўнікоў (П.І.Антохін, Рогаў) і многіх членаў ВСПР і да спынення дзейнасці гэтай арг-цыі. У сак.—крас. ахвярамі ням. рэпрэсій сталі члены арг-цый і груп падполля, вязні гета. Пасля катаванняў 7.5.1942 публічна пакараны смерцю 28 кіраўнікоў і актывістаў, у т. л.чл. гаркома Казінец, Заяц, Сямёнаў, расстраляны 251 падпольшчык. Але актыўная барацьба з акупантамі працягвалася. У пач. мая на канспіратыўнай кватэры М.П.Дразда адбылася нарада актыву падполля з 14 чал., на якой вырашаліся пытанні ўдасканалення арганізац. структуры і канспірацыі падполля. У склад гаркома давыбраны У.Амельянюк (пасля яго гібелі К.І.Хмялеўскі) і Караткевіч, выйшаў са складу Грыгор’еў Былі створаны 5 падп.гар. райкомаў КП(б)Б: Варашылаўскі (сакратар Шугаеў), Кастрычніцкі (Хмялеўскі, з вер. М.К.Каржанеўскі), Сталінскі (Н.Я.Герасіменка), Тэльманаўскі (раён гета, М.Л.Гебелеў), Чыгуначны (Коцікаў, з вер. І.І.Матусевіч). Пад кіраўніцтвам і пры ўдзеле гаркома адноўлена і пашырана сетка падп. арг-цый. З удзелам падпольшчыкаў да 1943 створана каля 20 партыз. атрадаў, брыгады «Дзядзькі Колі», «Стары», «Штурмавая». У выніку прапагандысцкай работы падпольшчыкаў 357 чал. з укр. ахоўных батальёнаў, больш за 150 салдат-антыфашыстаў (бельгійцы, немцы, палякі, сербы, славакі і інш.) перайшлі да партызан. Падпольшчыкі сістэматычна адпраўлялі партызанам зброю, выбуховыя прылады, радыёпрыёмнікі, пішучыя машынкі, паперу, соль, вопратку, бінты і інш., у т. л. члены падп. арг-цыі на Грушаўскім пас. і хлебазаводзе «Аўтамат» адвезлі брыгадзе Нікіціна машыну з хлебам; з хімзавода ў 11 атрадаў перадалі медыкаменты і перавязачныя матэрыялы; з гарбарнага з-да тром атрадам — больш за 100 кажухоў, футравых безрукавак, некалькі соцень аўчынных шапак, рукавіц, 13 шавецкіх машын; са станкабуд. з-да вывозілі сакрэтную тэхн. дакументацыю; па заданні гаркома ў бюро пропускаў гар. камісарыята каля 2 гадоў працаваў З.З.Гала, які забяспечваў нелегалаў бланкамі пропускаў, узорамі ням. пячатак, подпісаў, папярэджваў пра аблавы і інш. карныя мерапрыемствы акупантаў; прафесар Я.У.Клумаў разам з інш. медыкамі лячыў параненых патрыётаў, забяспечваў падполле і партызан медыкаментамі, хірург. інструментам, поўнасцю абсталяваў 2 партыз. шпіталі. Ва ўзаемадзеянні з партызанамі падпольшчыкі правялі шэраг дыверсій у авіямайстэрнях, на станкабуд. і хіміка-фармацэўтычным з-дах, чыг. вузле, прыводзілі ў непрыгоднасць на складах акупантаў харч. прадукты, парушалі тэлефонную сувязь і інш. Пад уплывам гаркома дзейнічалі Дзяржынскае патрыятычнае падполле, Тарасава-Ратамскае патрыятычнае падполле. У канцы 1942 — пач. 1943 пасля жорсткіх допытаў загінулі сакратар гаркома Кавалёў, чл. гаркома Караткевіч, Хмялеўскі, Нікіфараў, сакратары гаррайкомаў Герасіменка, Каржанеўскі, Матусевіч, Шугаеў, шмат актывістаў падполля. З вер. 1942 (час арышту кіраўнікоў падполля) да вер. 1943 у Мінску не існавала адзінага падп. кіруючага цэнтра. Партызаны выходзілі на падполле праз сувязных. У крас. 1943 акупанты правялі карную аперацыю «Чароўная флейта», у адказ на якую падпольшчыкі ўчынілі шэраг дыверсій на прадпрыемствах горада. У час Курскай бітвы 1943 чыгуначнікі затрымалі і пашкодзілі 155 паравозаў. Пасля вял. страт у антыфаш. руху Мінска ў 1943 ЦККП(б)Б, падп. Мінскі абком, Мінскі і Слуцкі міжрайкомы, Барысаўскі міжрайпартцэнтр, Дзяржынскі, Заслаўскі, Лагойскі, Мінскі, Рудзенскі, Смалявіцкі, Чэрвеньскі райкомы, камандаванне партыз. фарміраванняў, што былі звязаны з М.п.п., прынялі дадатковыя меры для працягу антыфаш. барацьбы. 29.9.1943 ЦККП(б)Б зацвердзіў прапанову Мінскага падп. абкома пра стварэнне Мінскага падп. гаркома КП(б)Б (сакратары С.К.Ляшчэня, Г.М.Машкоў, І.П.Паромчык, базіраваўся ў партыз. зоне пры спецатрадзе НКДБСССР «Мясцовыя»), які накіроўваў дзейнасць падполля ў горадзе праз спец.партыз. сувязных. 22.9.1943 падпольшчыцы А.Р.Мазанік, Осіпава, Н.В.Траян здзейснілі падрыхтаванае падполлем знішчэнне ген. камісара Беларусі В.Кубэ. Восенню 1943 акупанты правялі ў горадзе новыя карныя мерапрыемствы, у т. л. амаль поўнасцю знішчылі гета. Да канца 1943 сетка падп. утварэнняў ахапіла амаль увесь горад. Узніклі падп. групы на хлебазаводзе «Аўтамат», у Кастрычніцкім р-не, чыг. упраўленні па вул. Апанскага, на вул. Грушаўскай, з работнікаў грабянёвай ф-кі, гаруправы, хлебазавода № 1, Бел. тэатра, на чыг. вузле, «Першыя», «Суседзі», «Чацвёртыя», «Родныя», «Юрый», «Мсцівец», «Актыўныя», «Артур», арг-цыі «Танюша» на радыёзаводзе, вул. Грунтавая, «Зубілкін», «Галя», «Тамара», «Таццяна», «Роберт», «Адам», «Крылоў», «Вырві вока», «Віктар», «Уладзімір». Толькі ў 1944 у горадзе было зарэгістравана больш за 60 дыверсій, учыненых падпольшчыкамі. За час акупацыі ў горадзе дзейнічала больш за 90 падп. груп і арг-цый (6355 чал.), існавала больш за 200 канспіратыўных кватэр; падпольшчыкі правялі больш за 1500 баявых аперацый. У перыяд адступлення захопнікаў падпольшчыкі перашкаджалі ім у знішчэнні прамысл. і адм. будынкаў, вывазе і знішчэнні нарабаванай маёмасці і харч. прадуктаў. За гераізм і мужнасць у барацьбе супраць ням.-фаш. акупацыі У.С.Амельянюку, І.П.Казінцу, Я.У.Клумаву, І.К.Кабушкіну, М.А.Кедышку, А.Р.Мазанік, М.Б.Осіпавай, Н.В.Траян прысвоена званне Героя Сав. Саюза, каля 600 чал. узнагароджаны ордэнамі і медалямі СССР. 26.6.1974 Мінску нададзена ганаровае званне «Горад-герой». Імёнамі падпольшчыкаў Адзінцова, Амельянюка, Гала, Герасіменкі, Дразда, Жудро, І.К.Кабушкіна, Кавалёва, Казінца, Караткевіча, Каржанеўскага, М.А.Кедышкі, Клумава, А.М.Ляўкова, Матусевіча, Сямёнава, Хмялеўскага, В.Д.Шацько названы вуліцы Мінска. Месцы, звязаныя з дзейнасцю падполля і гібеллю падпольшчыкаў, адзначаны мемар. знакамі.
Літ.:
О партийном подполье в Минске в годы Великой Отечественной войны (июнь 1941 — июль 1944 гг.). Мн., 1961;
Савицкая Я.М. Бойцы подпольного фронта. Мн., 1982;
В непокоренном Минске: Док. и материалы о подпол. борьбе сов. патриотов в годы Великой Отечественной войны (июнь 1941 — июль 1944). Мн., 1987;
Лещеня С.К. С паролем горкома. 2 изд. Мн., 1988;
Доморад К.И. Партийное подполье и партизанское движение в Минской области, 1941—1944. Мн., 1992;
Мінскае антыфашысцкае падполле. Мн., 1995.
Я.І.Бараноўскі, І.М.Ігнаценка.
Да арт.Мінскае патрыятычнае падполле. Помнік падпольшчыкам у Цэнтральным скверы.Да арт.Мінскае патрыятычнае падполле. Мемарыяльная дошка на вул. Караля.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
А́РКТЫКА,
паўночная палярная вобласць Зямлі, якая ўключае паўн. ўскраіны Еўразіі і Паўн. Амерыкі (акрамя паўд. часткі Грэнландыі і п-ва Лабрадор), амаль увесь Паўн. Ледавіты акіян з астравамі (акрамя Усх. і Паўд. Нарвежскага мора) і прылеглыя часткі Атлантычнага і Ціхага акіянаў. Паўд. мяжа на сушы суадносіцца з паўд. мяжой зоны тундры (ізатэрма 10 °C самага цёплага месяца — ліп. ці жніўня). Пл. 27 млн.км² (часам мяжой Арктыкі лічаць лінію Паўн. палярнага круга, тады пл. Арктыкі 21 млн.км²). У Паўн. Амерыцы найб. плошчы займаюць невысокія (выш. 400—700 м) узгоркавыя пласкагор’і (Арктычнае плато і інш.). Самыя высокія горы на У Грэнландыі (3700 м, г. Гунб’ёрн), Бафінавай Зямлі і в-ве Элсміра. У рэльефе сушы Еўразіі пераважаюць раўніны. Месцамі ўчасткі гор (горы Быранга на п-ве Таймыр). Многія астравы ўкрыты ледавікамі; пл. ледавікоў Арктыкі 2 млн.км². Карысныя выкапні: каменны і буры вугаль, лігніт, каменная соль, руды каляровых металаў. У мацерыковай ч. многа рэк, якія замярзаюць на 8—10 месяцаў, невял. азёры (воз. Таймыр). У Паўн. Ледавітым ак. вылучаюць шэльф (глыб. 200—300 м), заняты ўскраіннымі морамі (Бафіна, Бофарта, Чукоцкім, Усх.-Сібірскім, Лапцевых, Карскім, Баранцавым, Грэнландскім) і а-вамі мацерыковага паходжання (Канадскі Арктычны Архіпелаг, Новасібірскія а-вы, Паўн. Зямля, Новая Зямля, Зямля Франца-Іосіфа, архіпелаг Шпіцберген і інш.), і дно — глыбакаводную частку, абмежаваную з Пд краем шэльфа Еўразіі і Паўн. Амерыкі. Пл. каля 5,3 млн.км², найб.глыб. 5527 м (упадзіна Літке). Падводныя хр. Ламаносава, Гакеля і Мендзялеева падзяляюць дно на падводныя катлавіны Канадскую, Макарава, Амундсена, Нансена і інш. Працяглая палярная ноч, нізкія значэнні радыяц. балансу (пры адмоўных сярэдніх т-рах студз. ад -30 да -34 °C, ліп. каля 0 °C), фарміраванне Арктычнага антыцыклону, інтэнсіўная цыкланічная дзейнасць спрыяюць існаванню дрэйфуючага ледавіковага покрыва шматгадовых (пакавых) ільдоў. Ледавітасць марскіх акваторый Арктыкі каля 11 млн.км² зімой і каля 8 млн.км² летам. Цыркуляцыя водаў і льдоў вызначаецца водаабменам з Атлантычным і Ціхім акіянамі. Салёнасць 30—32‰. Скорасць дрэйфу лёду і пастаянных цячэнняў 2—4 км за суткі. Панаванне арктычных паветраных масаў, арктычнага клімату, наяўнасць шматгадовай мерзлаты абумовілі існаванне ландшафтаў ледзяных пустыняў, хмызняковай тундры (карлікавая бяроза, вярба, багун) і арктычных пустыняў зоны на прымітыўных арктычных глебах. Жывёльны свет: белы мядзведзь, пясец, паўн. алень, аўцабык; з птушак — белая сава, тундравая курапатка, рагаты жаваранак, «птушыныя кірмашы» (гагі, гусі, казаркі, тундравы лебедзь). У водах Арктыкі 70 відаў фітапланктону і каля 80 розных формаў зоапланктону. У морах — маржы і цюлені. Прамысловыя рыбы: селядзец, траска, пікша, марскі акунь і інш.
У 1937 у раёне полюса была арганізавана першая сав. дрэйфуючая ст. «Паўночны полюс» пад кіраўніцтвам І.Дз.Папаніна. Вялікая роля ў асваенні Арктыкі належыць Паўн. марскому шляху. У сучасным міжнар. праве замацаваны падзел Арктыкі на 5 сектараў у адпаведнасці з паўн. граніцамі Расіі, ЗША (Аляска), Канады, Даніі (Грэнландыя) і Нарвегіі, бакавыя межы — мерыдыяны, вяршыня — Паўн. полюс. Усе землі і астравы ў межах кожнага сектара ўваходзяць у склад тэр. прылеглых дзяржаў.
Літ.:
Арикайнен Л.И. Сквозь льды Арктики. М., 1982;
Яго ж. Во льдах Североамериканской Арктики. Л., 1989.
В.Ю.Панасюк.
Да арт.Арктыка. Арктычны ландшафт.Да арт.Арктыка. Белая сава.Да арт.Арктыка. Статак маржоў у Чукоцкім моры.