БЯЛЬКЕ́ВІЧ Пётр Іларыёнавіч (27.1.1907, Мінск — 28.5.1992),

бел. вучоны ў галіне хіміі торфу. Чл.-кар. АН Беларусі (1953), д-р хім. н., праф. (1952). Засл. дз. нав. і тэхн. Беларусі (1980). Скончыў БДУ (1928). З 1936 у Ін-це хіміі АН БССР. З 1952 дырэктар, у 1960—87 заг. лабараторыі Ін-та торфу АН БССР. Навук. працы па хім. перапрацоўцы торфу. Прапанаваў новыя шляхі выкарыстання торфу (вытв-сць з торфу воску, прэс-парашковых пластычных мас, тарфашчолачных рэагентаў, напаўняльнікаў для фенапластаў), тэхналогію вылучэння з торфу стэарынаў і метад сінтэзу на іх аснове гарманальных прэпаратаў.

Тв.:

Торфяной воск и сопутствующие продукты. Мн., 1977 (у сааўт.).

Літ.:

П.​И.​Белькевич // Весці АН БССР. Сер. хім. навук. 1977. № 1.

М.​У.​Токараў.

П.І.Бялькевіч.

т. 3, с. 403

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГРЫ́ШЫН Ігар Мікалаевіч (н. 19.4.1933, Мінск),

бел. вучоны ў галіне хірургіі. Акад. Бел. акадэміі мед. н. (1997). Д-р мед. н. (1975), праф. (1977). Засл. дз. нав. Беларусі (1989). Акадэмік і прэзідэнт Бел. акадэміі мед. н. (1997). Скончыў Мінскі мед. ін-т (1957). З 1973 у Бел. ін-це ўдасканалення ўрачоў (з 1978 заг. кафедры і кіраўнік Рэсп. цэнтра клінічнай і эксперым. хірургіі). Навук. працы па хірургіі стрававода, крывяносных сасудаў, печані і жоўцевывадных шляхоў, падстраўнікавай залозы, эндакрыннай сістэмы, хірург. гастраэнтэралогіі і практалогіі. Дзярж. прэмія Беларусі 1993 1992.

Тв.:

Клиническая ангиология и ангиохирургия. Т. 1—2. Мн., 1980—81 (разам з А.​М.​Саўчанкам);

Разрывы аневризм брюшной аорты и их лечение. Мн., 1987 (разам з І.​А.​Давідоўскім, М.​П.​Бацяном);

Холецистэктомия. Мн., 1989.

т. 5, с. 488

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГУ́ЗІКАЎ Міхаіл Іосіфавіч (14.9.1806, г. Шклоў Магілёўскай губ. — 27.10.1837),

бел. музыкант, віртуоз-ксілафаніст. Іграў на флейце і цымбалах у нар. інстр. ансамблях. У пач. 1830-х г. на аснове ўдасканалення нар. муз. інструмента брусочкаў распрацаваў сучасную канструкцыю ксілафона. З 1833 выступаў з канцэртамі, у т. л. ў Аўстрыі, Германіі, Бельгіі, Францыі. Выконваў уласныя транскрыпцыі твораў К.​М.​Вебера, І.​Гумеля, Н.​Паганіні, папуры і варыяцыі на папулярныя оперныя мелодыі, імправізацыі, апрацоўкі бел., рус., укр., яўр. песень і танцаў. Артыкулы пра яго змяшчалі муз. слоўнікі 19 ст. Яму прысвечана брашура З.​Шлезінгера «Іозеф Гузікаў і яго інструмент з дрэва і саломы» (Вена, 1836).

Літ.:

Ямпольский И. Первый виртуоз на ксилофоне // Сов. музыка. 1959. №11;

Тищенко И.К. Белорусский Орфей // Неман. 1983. № 5.

т. 5, с. 522

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДАКУЧА́ЕЎ Васіль Васілевіч (1.3.1846, с. Мілюкова Смаленскай вобл., Расія — 8.11.1903),

рускі вучоны-прыродазнавец, заснавальнік навук. генет. глебазнаўства і занальнай аграхіміі. Скончыў Пецярбургскі ун-т (1871). З 1880 выкладаў у ім, з 1883 праф., у 1892—97 дырэктар Новаалександрыйскага ін-та сельскай гаспадаркі і лесаводства (заснаваў у ім першую ў Расіі кафедру глебазнаўства, 1895). Стварыў вучэнне пра геагр. зоны. Абгрунтаваў навук. класіфікацыю глеб (1886), распрацаваў комплекс мер па барацьбе з засухай, метады картаграфавання і склаў першую глебавую карту паўн. паўшар’я. Імя Д. прысвоена Глебаваму ін-ту і Цэнтр. музею глебазнаўства УАСГНІЛ. З 1946 прысуджаецца залаты медаль і прэмія імя Д. АН СССР.

Тв.:

Соч. Т. 1—9. М.; Л., 1949—61.

Літ.:

Рагавой П.П. В.​В.​Дакучаеў. Мн., 1951.

В.В.Дакучаеў.

т. 6, с. 14

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДАЛУХА́НАВА Зара (Заруі Агасьеўна; н. 5.3.1918, Масква),

армянская спявачка (мецца-сапрана). Нар. арт. Арменіі (1955). Нар. арт. Расіі (1956). Нар. арт. СССР (1990). Скончыла Муз.-пед. ін-т імя Гнесіных (1957). З 1972 выкладае ў Расійскай акадэміі музыкі імя Гнесіных (праф. з 1983). З 1939 салістка Армянскага т-ра оперы і балета, з 1944 — Усесаюзнага радыё, у 1959—82 — Маскоўскай філармоніі. Яе рэпертуар уключае шматлікія творы кампазітараў 16—20 ст., у т. л. І.​С.​Баха, Г.​Ф.​Гендэля, Ф.​Шуберта, Р.​Шумана, Х.​Вольфа, Г.​Малера. Упершыню выканала шэраг твораў Дз.​Шастаковіча, С.​Пракоф’ева, Р.​Шчадрына, М.​Тарывердыева і інш. Удзельнічала ў канцэртных пастаноўках опер «Італьянка ў Алжыры» Дж.​Расіні, «Сястра Анджэліка» Дж.​Пучыні. Дзярж. прэмія СССР 1951. Ленінская прэмія 1966.

т. 6, с. 20

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДАМІ́НГА (Domingo) Пласіда (н. 21.1.1941, Мадрыд),

іспанскі спявак (тэнар). З сям’і акцёраў і спевакоў — выканаўцаў сарсуэл. Вучыўся ў бацькоў і ў кансерваторыі ў Мехіка. З 1966 выступае ў буйнейшых т-рах свету, з 1968 саліст т-ра «Метраполітэн-опера»; спявае і ў т-ры «Ла Скала». Адзін з буйнейшых прадстаўнікоў стылю бельканта, выконвае лірычныя і драм. партыі: Атэла, Радамес, Альфрэд, Дон Карлас («Атэла», «Аіда», «Травіята», «Дон Карлас» Дж.​Вердзі), Каварадосі, Калаф, Рэнэ дэ Грые («Тоска», «Турандот», «Манон Леско» Дж.​Пучыні), Вертэр у аднайм. операх Вердзі і Ж.​Маснэ. Яго выкананне вылучаецца вышэйшым сінтэзам акцёрскага і вак. майстэрства, натуральнай, спантаннай эмацыянальнасцю. Выступае як оперны дырыжор, здымаецца ў кіно («Травіята», 1983). Аўтар кн. «Мае першыя сорак гадоў» (рус. пер. 1989).

П.Дамінга ў ролі Калафа.

т. 6, с. 32

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДВА́ЦЦАЦЬ ЧАЦВЁРТЫ З’ЕЗД КПБ.

Адбыўся 17—19.2.1960 у Мінску. Прысутнічала 702 дэлегаты з рашаючым і 90 з дарадчым голасам ад 203 447 чл. і канд. у чл. партыі. Парадак дня: справаздачы ЦК КПБ (К.​Т.​Мазураў), Рэвіз. камісіі КПБ (В.​Я.​Сядых); выбары ЦК КПБ і Рэвіз. камісіі КПБ. З’езд прааналізаваў дзейнасць КПБ па выкананні сямігадовага плана, патрабаваў ад парт. органаў павысіць узровень кіраўніцтва асн. галінамі нар. гаспадаркі рэспублікі. Выбраў ЦК КПБ з 115 чл. і 51 канд. у чл., Рэвіз. камісію КПБ з 33 чл.

Літ.:

Мазураў К.Т. Справаздачны даклад Цэнтральнага Камітэта Кампартыі Беларусі XXIV з’езду. Мн., 1960;

Коммунистическая партия Белоруссии в резолюциях и решениях съездов и пленумов ЦК. Т. 5. 1956—1965. Мн., 1986.

т. 6, с. 79

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АСКАХІТО́ЗЫ,

хваробы раслін, якія выклікаюцца грыбамі з роду аскахіта. Прычыняюць вял. шкоду лёну, зернебабовым і пладова-ягадным культурам. На надземных органах раслін паяўляюцца плямы рознай формы, памеру і колеру, часцей круглыя, шаравата-бурыя, у цэнтры больш светлыя, з цёмным краем. На плямах развіваюцца жаўтавата-бурыя або чорныя кропкападобныя пладовыя целы грыба — пікніды. Пасля выспявання з іх выходзяць бясколерныя споры. Хворае лісце засыхае, сцёблы робяцца крохкімі (у бобу), у лёну размачальваюцца, насенне не выспявае. Інфекцыя перадаецца з насеннем, праз хворыя расліны, пасляўборачныя рэшткі. На Беларусі найб. пашырэнне аскахітозаў адзначана ў вільготныя гады. Меры барацьбы: правільныя севазвароты, падбор устойлівых супраць аскахітозаў скараспелых сартоў, пратручванне насення, своечасовая ўборка ўраджаю, знішчэнне пажніўных рэшткаў, глыбокае зяблевае ворыва, дэзінфекцыйныя мерапрыемствы.

Аскахітозы: гароху і лёну.

т. 2, с. 35

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АСТЭО́Н (ад грэч. osteon косць), гаверсава сістэма,

структурная адзінка кампактнага губкаватага рэчыва касцей пазваночных жывёл і чалавека. Утвараецца пры замяшчэнні храсткоў касцявой тканкай, што суправаджаецца іх разбурэннем, урастаннем у іх крывяносных сасудаў і адкладаннем вакол іх астэабластамі міжклетачнага рэчыва, якое пасля мінералізуецца. У выніку фарміруецца сістэма з 5—20 касцявых пласцінак, складзеных з калагенавых валокнаў, рознанакіраваных (пад вуглом) у кожнай з сумежных пласцінак, што надае косці высокую мех. трываласць. Пласцінкі канцэнтрычна акружаюць цэнтральны (гаверсаў) канал, праз які праходзяць крывяносны сасуд і нерв. валокны. У поласці паміж пласцінкамі месцяцца астэацыты. Сістэма рацыянальных трафічных канальцаў у астэоне забяспечвае жыўленне косці і сувязь (апастамоз) цэнтр. крывяносных сасудаў астэона з сасудамі надкосніцы і касцявога мозга. Паміж суседнімі астэонамі ёсць т.зв. ўставачныя, або прамежкавыя, касцявыя пласцінкі.

т. 2, с. 60

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЎТАДРО́М (ад аўта... + грэч. dromos месца для бегу),

тэрыторыя з комплексам дарог і збудаванняў для выпрабавання аўтамабіляў і правядзення аўтаспаборніцтваў. Тэр. для спарт. спаборніцтваў і выпрабаванняў аўтамабіляў і матацыклаў наз. аўтамотадромам. Адзін з першых аўтадромаў (трэкаў) пабудаваны ў Англіі — Бруклінскі (1906).

Аўтадром складаецца з замкнёнай (асноўнай) дарогі і дапаможных дарог. Замкнёная дарога (трэк) мае бетоннае пакрыццё і нахіл на віражах, што дае магчымасць развіваць макс. скорасць. Дапаможныя дарогі маюць розныя тыпы пакрыццяў: асфальтабетонныя, гравійныя, грунтавыя, на асобных участках з калдобінамі, крутымі пад’ёмамі і з’ездамі, рабрыстымі бетоннымі пакрыццямі і інш. перашкодамі для выпрабавання аўтамабіляў на трываласць, надзейнасць, устойлівасць. У склад аўтадрома ўваходзяць таксама трыбуны для гледачоў, пляцоўкі для спаборніцтваў, гаражы, памяшканні для тэхн. абслугоўвання машын, метэаралагічная станцыя і інш.

т. 2, с. 109

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)