АЗА́РЫЧЫ,

гарадскі пасёлак у Беларусі, у Калінкавіцкім р-не Гомельскай вобл., на левым беразе р. Віша. Цэнтр пасялковага Савета і саўгаса «Азарычы». За 42 км на Пн ад Калінкавіч, 22 км ад чыг. ст. Халоднікі на лініі Жлобін — Калінкавічы, на аўтадарозе Калінкавічы — Бабруйск. 1,7 тыс. ж. (1995).

У сярэдзіне 16 ст. вёска ў Мазырскім пав. ВКЛ. З 1786 у Азарычах праводзіліся 2 кірмашы на год. З 1793 у складзе Рас. імперыі. З канца 19 ст. мястэчка, цэнтр Бабруйскага пав: У 1878 — 900 ж. У 1924—31 цэнтр сельсавета і раёна, у 1931—35 цэнтр сельсавета Мазырскага р-на, у 1935—60 — Даманавіцкага р-на і Азарыцкага сельсавета. З 1938 вёска. У Вял. Айч. вайну ў сак. 1944 ням.-фаш. захопнікі стварылі паблізу Азарыч Азарыцкі лагеры смерці. З 1959 гар. пасёлак. З 1960 у Калінкавіцкім р-не.

Сепаратарнае аддз. Мазырскага малочнага з-да, участкі Калінкавіцкага лясгаса і лясніцтва, хлебапякарня, геафіз. экспедыцыя. Сярэдняя школа, дапаможная школа-інтэрнат. Дом культуры, 2 б-кі, бальніца, аптэка, дзіцячы сад-яслі, аддз. сувязі, кафэ. Брацкая магіла і брацкія могілкі сав. воінаў і партызан. Мемарыяльны комплекс вязням Азарыцкіх лагераў смерці.

т. 1, с. 152

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЗГУ́Р (Заір Ісакавіч) (15.1.1908, в. Маўчаны Сенненскага р-на Віцебскай вобл. — 18.2.1995),

бел. скульптар. Нар. мастак Беларусі (1944), нар. мастак СССР (1973). Чл. АМ СССР (1958), Герой Сац. Працы (1978). Вучыўся ў Віцебскім маст. тэхнікуме, Ленінградскім і Кіеўскім маст. ін-тах. Працаваў у галіне станковай і манум. скульптуры, прыхільнік строгай рэаліст. формы. У канцы 1920-х—30-я г. стварыў партрэты дзеячаў сацыяліст. і рэв. руху для Дома ўрада ў Мінску. Прыкладам тонкага разумення сутнасці гіст. асобы з’яўляюцца партрэты пісьменнікаў Лу Сіня і Р.​Тагора. Стварыў галерэю партрэтаў герояў Вял. Айч. вайны. Найб. значныя манум. работы: помнікі-бюсты С.​І.​Грыцаўцу, Я.​Купалу і Ф.​Э.​Дзяржынскаму ў Мінску, В.​І.​Талашу ў Петрыкаве, помнікі П.​М.​Машэраву ў Віцебску і інш. Вобраз Я.​Коласа ўвасоблены ў помніку паэту ў Мінску. Сярод станковых работ 1980-х г. партрэт М.​Гусоўскага. З 1980 кіраўнік Творчай майстэрні скульптуры ў Мінску. Аўтар публіцыст. твораў па праблемах выяўл. мастацтва і мемуараў («Незабыўнае», 1962; «Тое, што помніцца...», кн. 1—2, 1977—83). Дзярж. прэмія СССР 1946.

Э.​А.​Петэрсон.

З.І.Азгур.
З.Азгур. Помнік Якубу Коласу ў Мінску. 1972.

т. 1, с. 154

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АКСАНАМЕ́ТРЫЯ (ад грэч. axōn вось + ...метрыя),

спосаб адлюстравання прасторавых фігур на чарцяжы пры дапамозе паралельных праекцый. Для пабудовы аксанаметрычнай праекцыі выбіраюць 3 узаемна перпендыкулярныя восі OX, OY, OZ і маштабы даўжыняў на гэтых восях; праецыруюць на плоскасць восі і дадзеную фігуру. Калі X, Y, Z — даўжыні 3 адрэзкаў у фігуры, то іх аксанаметрычныя праекцыі, паралельныя восям, будуць мець даўжыні x, y, z, пры гэтым x/X=lx, y/Y=ly, z/Z=lz наз. паказчыкамі скажэння. Найбольш выкарыстоўваецца аксанаметрыя, пры якой lx: ly : lz = 1 : 1 : 1 (ізаметрыя) і lx : ly: lz=​1/2 : 1 : 1 (дыметрыя). У залежнасці ад вугла паміж напрамкам праецыравання і плоскасцю аксанаметрычных праекцый адрозніваюць прамавугольную і косавугольную аксанаметрыю. Гл. таксама Нарысоўная геаметрыя. Аксанаметрыя ў архітэктуры — адзін з відаў перспектыўнага адлюстравання. Выкарыстоўваецца ў арх. праектах і чарцяжах будынкаў, комплексаў, ансамбляў для нагляднага паказу іх структуры, асабліва ў выпадку, калі генпланы, планы, фасады і разрэзы не даюць поўнага ўяўлення пра іх арх.-прасторавую арганізацыю. Нярэдка аксанаметрыя агульнага выгляду пабудоў сумяшчаецца з іх арх. разрэзам, што ўдакладняе структуру ў цэлым.

Да арт. Аксанаметрыя: а — ізаметрыя; б — дыметрыя.
Да арт. Аксанаметрыя. Праект Дома урада Беларусі. Архітэктар І.​Лангбарп. 1931.

т. 1, с. 204

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АБАГАЧЭ́ННЕ КАРЫ́СНЫХ ВЫ́КАПНЯЎ,

сукупнасць працэсаў і метадаў канцэнтрацыі мінералаў пры пач. перапрацоўцы цвёрдых карысных выкапняў. Праводзіцца пры малой колькасці каштоўных кампанентаў у сыравіне або наяўнасці ў ёй шкодных прымесяў. Пры абагачэнні адбываецца мех. раздзяленне мінералаў, атрыманне канчатковых прадуктаў (напр., сільвініту, азбесту, графіту і інш.), канцэнтратаў, прыдатных на металургічную, хім. і інш. перапрацоўку і адходы. Пры абагачэнні карысных выкапняў з руд вылучаюць ад 60 да 95% карысных кампанентаў (з малібдэнавых руд з 0,1% Мо атрымліваюць 50%-ны канцэнтрат). Асн. метады абагачэння — флатацыя, гравітацыйнае абагачэнне, магнітная і эл. сепарацыя. Практыкуецца таксама абагачэнне па вонкавых прыкметах (сартаванне мінералаў па колеры і бляску), радыеметрычнае (па прыроднай ці наведзенай радыеактыўнасці), на ліпкіх паверхнях (наліпанне алмазаў з пульпы на паверхню са слоем тлушчу) і інш. Метады абагачэння карысных выкапняў выкарыстоўваюцца паасобку або ў розных спалучэннях. Флатацыяй вылучаюць хлорысты калій з сільвінітавай руды на калійных камбінатах Беларусі. Пры гравітацыйным абагачэнні выкарыстоўваюць розную шчыльнасць мінералаў. Магнітнай сепарацыяй раздзяляюць матэрыялы рознай магнітнай успрымальнасці (напр., жал. руду). Эл. метады заснаваны на неаднолькавай электраправоднасці часцінак і рознай іх здольнасці набываць эл. зарады. Абагачэнне карысных выкапняў павялічвае прадукцыйнасць і эфектыўнасць металург. і хім. працэсаў.

М.​Я.​Зусь.

т. 1, с. 10

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АРХЕАЛАГІ́ЧНАЯ КУЛЬТУ́РА,

гіст. агульнасць археалагічных помнікаў, што існавалі на акрэсленай тэрыторыі, прыкладна ў адзін час, аднастайныя па сваёй матэрыяльнай культуры, але істотна адрозніваюцца ад адначасовых помнікаў суседніх абласцей. Археалагічная культура — аб’ектыўна існуючая рэальнасць, якая адлюстроўвае ў рэштках матэрыяльнай культуры генезіс развіцця і гіст. лёс этнасу, якому яна належала. Звычайна археалагічнай культуры даюць назву па найб. характэрнай прыкмеце (штрыхаванай керамікі культура, шарападобных амфар культура), абрадзе пахавання (адзінкавых пахаванняў культуры), ад найб. значнага ці найб. даследаванага помніка (банцараўская культура, калочынская культура, мілаградская культура) або мясцовасці, дзе пашыраны старажытнасці гэтай культуры (верхнедняпроўская культура, нёманская культура і інш.). Адрозненні археалагічнай культуры павінны існаваць у такіх памерах і разнастайнасцях, якія немагчыма растлумачыць ні падабенствам умоў існавання, экалогіі і гасп.-культурнага тыпу, ні аднолькавым узроўнем грамадска-эканам. развіцця. У раннім жалезным веку адпаведнасць археалагічнай культуры пэўнаму этнасу парушаецца. Пад уплывам прыродных працэсаў і чалавечай дзейнасці яна можа ўзбагачацца або збядняцца. Разам з тым археалагічная культура — навук. паняцце, з дапамогай якога даследуецца гіст. працэс.

Літ.:

Клейн Л.С. Археологическая типология. Л., 1991;

Загорульский Э.М. Археология Белоруссии. Мн., 1965;

Археалогія і нумізматыка Беларусі: Энцыкл. Мн., 1993.

У.​Ф.​Ісаенка.

т. 1, с. 520

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АРХІВАЗНА́ЎСТВА,

комплексная дысцыпліна, якая вывучае гісторыю, арганізацыю, тэорыю і практыку работы архіваў у галіне ўліку, апісання, выкарыстання, забеспячэння захаванасці дакументаў, навук. арганізацыі працы і эканомікі архіўнай справы. Практычнае архівазнаўства як набор правілаў па захаванні, уліку і выкарыстанні дакументаў існуе з глыбокай старажытнасці.

У 16—18 ст. у краінах Зах. Еўропы склалася «навука пра архівы», якая вызначала іх месца ў дзярж. апараце, класіфікацыю дакументаў, іх апісанне і выкарыстанне для практ. мэтаў; з канца 18 ст. распрацоўваліся пытанні камплектавання, захаванасці з мэтаю навук выкарыстання дакументаў і экспертызы. Да канца 19 ст. архівазнаўства аформілася ў самаст. навук дысцыпліну, з’явіліся нац. школы архівазнаўства. З пач. 20 ст. ў архівазнаўства ўвайшлі паняцці фондавага прынцыпу класіфікацыі дакументаў, камплектавання архіваў кінафотафонадакументаў і інш.; з сярэдзіны 20 ст. выкарыстоўваюцца аўтаматызаваныя сістэмы пошуку дакумент. інфармацыі. У б. СССР вынікі распрацовак друкавалі ў час. «Советские архивы», «Трудах Всесоюзного научно-исследовательского института документоведения и архивного дела» і інш.

На Беларусі распрацоўка пытанняў архівазнаўства вядзецца ў Бел. н.-д. цэнтры дакументазнаўства, археаграфіі і архіўнай справы, дзярж. архівах. Як спец. гіст. дысцыпліна архівазнаўства выкладаецца на гіст. ф-тах універсітэтаў.

Літ.:

Вопросы архивоведения и источниковедения в БССР. Мн., 1971.

т. 1, с. 524

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АСАКА́ (Carex),

род кветкавых раслін сям. асаковых. Каля 1500 відаў (паводле інш. даных — да 2500). Пашырана на ўсіх кантынентах, акрамя Антарктыды. Большасць відаў трапляецца ў Паўн. паўшар’і, пераважна ва ўмераным і халодным паясах. На Беларусі 68 відаў. Большасць з іх расце ў лясных (каля 18 відаў), балотных і прыбярэжна-водных (43 віды) фітацэнозах, некаторыя — дамінанты ў раслінных згуртаваннях: асака вострая (Carex acuta), вастраватая (Carex acutiformis), дрыжнікавая (Carex brizoides), валасістая (Carex pilosa), бутэлечная (Carex rostrata), пузыраватая (Carex vesicaria) і інш. Каля дарог трапляюцца асака касматая (Carex hirta), заечая (Carex leporina), суседняя (Carex contigua) і чорная (Carex nigra).

Шматгадовыя травяністыя адна-, радзей двухдомныя расліны з падоўжанымі ці ўкарочанымі карэнішчамі, утвараюць рыхлыя або шчыльныя дзернавіны і купіны. Сцябло суцэльнае, трохграннае, зрэдку амаль цыліндрычнае з вузламі каля асновы, часцей бязлістае. Лісце лінейнае з вострашурпатымі краямі, ніжняе лускападобнае, рознай афарбоўкі. Кветкі аднаполыя, дробныя, адзінкавыя ці ў коласападобных суквеццях. Плод — арэшкападобны, трохгранны або пукаты, у мяшочку рознай формы (важная сістэматычная прыкмета). Асака — асноўны торфаўтваральнік на нізінных і пераходных балотах. Большасць яе відаў кармавыя расліны, некаторыя — лек., дэкар., тэхнічныя. 11 відаў асакі занесены ў Чырв. кнігу Рэспублікі Беларусь.

А.​М.​Скуратовіч.

Асака: 1 — пузыраватая; 2 — двухдомная; 3 — птушканожкавая; 4 — прысадзістая.

т. 2, с. 19

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АСВЕ́Я,

гарадскі пасёлак у Беларусі, у Верхнядзвінскім раёне Віцебскай вобл., на паўд. беразе Асвейскага воз. За 40 км ад Верхнядзвінска, 37 км ад чыг. ст. Верхнядзвінск на лініі Полацк—Даўгаўпілс. 2 тыс. ж. (1995).

Вядома з 15 ст., цэнтр воласці ў складзе Полацкай зямлі. З 1505 уласнасць Глебавічаў, з 1600 Л.​Сапегі, з 1749 мінскага ваяводы Я.​Гільзена, які пабудаваў тут палац, касцёл, заснаваў кляштар месіянарыяў, з 1786 да канца 19 ст. ўласнасць шляхціцаў Шадурскіх. З 16 ст. цэнтр воласці Полацкага ваяв. У 1616 і 1633 занята рус. войскамі. З 1695 горад, праводзіліся 2 кірмашы на год. З 1772 у складзе Рас. імперыі, мястэчка. У 1897 — 2830 ж., у 1905 — 3700 ж., нар. вучылішча. У 1924—59 цэнтр раёна, з 27.9.1938 гар. пасёлак. У Вял. Айч. вайну акупіравана ням.-фаш. захопнікамі, якія спалілі Асвею і 158 навакольных вёсак, загубілі 4,4 тыс. мірных жыхароў; дзейнічала Асвейскае патрыятычнае падполле. З 1959 у Верхнядзвінскім раёне.

Прадпрыемствы: буд. Матэрыялаў, лёгкай і харч. прам-сці, торфабрыкетны завод. Брацкая магіла сав. воінаў і партызанаў, магіла ахвяр фашызму. Помнік архітэктуры 18 ст.Асвейскі манастырскі шпіталь, помнік палацава-паркавай архітэктуры 18 ст.Асвейская сядзіба.

т. 2, с. 26

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АСМАГЛА́ССЕ,

сістэма знаменнага распеву ў стараж.-правасл. пеўчым мастацтве. Складалася з 8 самаст. частак — гласаў, якія ўяўлялі сабой арганізацыю песнапенняў, засн. на пэўным меладычным папевачным складзе і суаднясенні папевак, падпарадкаваных ладавай апорнасці.

Песнапенні аднаго гласа спяваліся на працягу тыдня, пасля іх змянялі песнапенні наступнага па парадкавым нумары гласа. 8-тыднёвы цыкл з 1-га да 8-га гласа ўтвараў т.зв. стоўп (песнапенні святаў маглі не супадаць з тыднёвымі). Парадак чаргавання гласаў канчаткова ўсталяваўся ў 15 ст. Сістэме асмагласся падпарадкаваны знаменны распеў, пуцявы, грэчаскі, балгарскі, кіеўска-літоўскі і інш., у т. л. мясц. распевы на Беларусі — супрасльскі, слуцкі, жыровіцкі і інш. Унутраная муз. арганізацыя гласаў і сістэмы асмагласся магла будавацца на аснове 2 прынцыпаў — ладава-гукараднага (суаднясенне пануючага і канечнага тонаў) і ладава-меладычнага (сума меладычных формул — папевак; фіксаваліся строга замацаванымі за імі графічнымі знакамі). З развіццём мелодыкі песнапенняў сістэма асмагласся часткова парушылася, гласы часткова страцілі ладава-меладычную характэрнасць. Асн. рысы асмагласся — дыятанізм, у меладычнай аснове — лады-інтанацыі, лады-папеўкі, унутрыладавая шматустойнасць. Звод асмагласся змешчаны ў «Асмагласніку», або «Актоіху». Найб. вядомыя асмаглассі: «Сімвал веры», «Свеце ціхі», трапар «Уваскрэсенне Хрыстова».

Л.​П.​Касцюкавец.

т. 2, с. 37

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЎТАМАБІ́ЛЬНЫ РУХАВІ́К,

цеплавы або электрычны рухавік для аўтамабіляў. Найб. пашыраныя поршневыя рухавікі ўнутранага згарання складаюцца з корпуса (картэр з паддонам і блок цыліндраў з галоўкай), крывашыпна-шатуннага і газаразмеркавальнага механізма, сістэм сілкавання палівам, выпуску адпрацаваных газаў, ахаладжэння і інш. Маюць 2- ці 4-тактавы рабочы працэс, ад 2 да 12 цыліндраў, размешчаных вертыкальна, V-падобна ці гарызантальна. Працуюць на вадкім і газавым паліве, маюць знешняе ці ўнутранае сумесеўтварэнне, іскравое запальванне ці ўзгаранне ад сціскання (дызелі). Выкарыстоўваюцца таксама ротарна-поршневыя, газатурбінныя рухавікі, электрарухавікі. Развіццё аўтамабільных рухавікоў ідзе ў кірунку павышэння эканамічнасці і рэсурсу работы, выкарыстання новых трывалых матэрыялаў (кераміка, кампазіты і інш.), электронных сістэм кантролю і кіравання рабочым працэсам, зніжэння шкодных выкідаў, памяншэння масы і габарытаў. На Беларусі вытворчасць аўтамабільных рухавікоў пачата ў 1992 на Мінскім маторным з-дзе, дзе зроблены дызельны аўтамабільны рухавік Д-265 з гарыз. размяшчэннем цыліндраў магутнасцю 155 кВт (210 к.с.) пры 2100 абаротах за мінуту. Прызначаны для гарадскіх аўтобусаў.

Літ.:

Двигатели внутреннего сгорання: Устройстве и работа поршневых и комбинированных двигателей. 4 изд. М., 1990;

Автомобильные двигатели. 2 изд. М., 1977.

В.​А.​Сяргеенка.

Дызельны аўтамабільны рухавік Д-265 Мінскага маторнага завода.

т. 2, с. 112

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)