спосаб апрацоўкі драўніны з дапамогай спец. інструментаў (нажа, разца, сякеры, свердла, пілы і інш.); від разьбы мастацкай. Выкарыстоўваецца пры вырабе прадметаў побыту, посуду, трансп. сродкаў, прылад працы, для ўпрыгожвання будынкаў, стварэння скульптур (гл.Скульптура драўляная), маст. вырабаў і інш. Вядома са старажытнасці многім народам свету. Шырока вядомы гуцульская (Украіна), багародская разьба, абрамцава-кудрынская разьба (Расія), драўляная скульптура Літвы, Польшчы, народаў Афрыкі і інш. На Беларусі пашырана контурная, выемчатая (пераважна трохгранна-выемчатая), рэльефная, скразная, аб’ёмная Р. па д., сродкамі якой ствараюць скульптуру. Схематычна, умоўна трактаваныя драўляныя фігуркі чалавека і жывёл вядомы з часоў каменнага веку. У 9—13 ст.геам. («вочкавым») арнаментам аздаблялі грабяні, лыжкі, чарпакі, прылады працы, зброю. У 14—16 ст. нізкарэльефнай разьбой аздаблялі інтэр’еры культавых збудаванняў, палацаў, сядзіб, мэблю. Напр., пінскім разьбяром Ананіем створаны двухбаковы абраз «Премудрость созда себе храм. Праздники» (1499—1525). У 17—18 ст. гэты від разьбы развіўся ў аб’ёмна-ажурную (гл.Беларуская рэзь). Тагачасная разьба характарызуецца цеснай сувяззю з архітэктурай, у ёй адбіліся пануючыя маст. стылі — рэнесанс, барока, ракако, з канца 18 ст. — класіцызм. Разьбой упрыгожвалі іканастасы, алтары, амбоны, арганы, сцены палацаў і храмаў: іканастас Мікалаеўскай царквы ў Магілёве (1669—72), алтары Будслаўскага касцёла бернардзінцаў, Воўпаўскага касцёла Іаана Хрысціцеля, Навамышскага Праабражэнскага касцёла, Порплішчанскай Спаса-Праабражэнскай царквы (усе 17 ст.), касцёла Гродзенскага кляштара езуітаў, Пінскага касцёла і кляштара францысканцаў (18 ст.) і інш. У нар. побыце найб. пашырэнне мела трохгранна-выемчатая разьба геам. характару, якой аздаблялі прылады працы (гл.Камянецкія прасніцы), хатняе начынне, посуд, трансп. сродкі. З канца 19 ст. у нар. драўляным дойлідстве пашырылася прапілоўка, якой аздаблялі ліштвы, карнізы, ганкі (гл.Разьба архітэктурная), а таксама мэблю. Р. па д. займаюцца многія нар. майстры, прафес. і самадзейныя мастакі (М.Няхай, М.Свірачкоў, М.Рышкевіч і інш.). Пашыраны ўсе яе віды. Асаблівую папулярнасць набыла драўляная скульптура (І.Супрунчык, А.Маголін, І.Лізура, А.Лавор, Ф.Максімаў, М.Тарасюк і інш.). Утылітарна-дэкар. вырабы і сувеніры ў тэхніцы Р. па д. выпускаюць многія прадпрыемствы маст. прам-сці (гл.Мастацкіх вырабаў вытворчасць). У 1999 праведзена 1-е Рэсп. свята-конкурс разьбярства «Дрэва жыцця». Іл.гл. таксама да арт.Разьба мастацкая, Скульптура драўляная.
Літ.:
Леонова А.К. Народная деревянная скульптура Белоруссии. Мн., 1977;
Сахута ЯМ. Народная разьба па дрэву. Мн., 1978;
Пластыка Беларусі XII—XVIII стст.: [Альбом]. Мн., 1983;
Канцедикас А.С. Литовская народная скульптура. М., 1974;
Дерево в архитектуре и скульптуре славян: Пер. с фр.М., 1987.
Я.М.Сахута.
Да арт.Разьба па дрэве. Фрагмент царскіх варот з царквы Грыгорыя Неакесарыйскага ў Маскве. 17 ст.Да арт.Разьба па дрэве. Коўш. Беларусь. Пач. 20 ст.Да арт.Разьба па дрэве. Пудраніца, біклага, талерка. Івана-Франкоўская вобл. Украіна. 1970-я г.Да арт.Разьба па дрэве. Маска народа макондэ. Мазамбік.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАСТО́Ў, Растоў-Яраслаўскі,
горад, цэнтр раёна ў Яраслаўскай вобл., у Расіі, на беразе воз. Нера. 36,6 тыс.ж. (1996). Чыг. станцыя, вузел аўтадарог. Агрэгатны з-д; ф-кі: ільнопрадзільная, мініяцюрнага жывапісу па эмалі «Растоўская фініфць», харч. прадпрыемствы. Растоўскі арх.-маст. музей-запаведнік. Турызм.
Упершыню згадваецца ў летапісе пад 862. У 10 ст. адзін з цэнтраў Растова-Суздальскай зямлі, у 11 — пач. 13 ст. ўваходзіў ва Уладзіміра-Суздальскае княства. У 12—17 ст.наз. Р. Вялікі. Росквіту дасягнуў пры князю Канстанціну Усеваладавічу (1186—1219). З 1207 сталіца Растоўскага княства. У 1237 захоплены мангола-татарамі, супраць якіх у 1262 жыхары Р. ўзнялі паўстанне. У 1328 горад падзелены на 2 палавіны: Срэценскую (з 1-й пал. 15 ст. ў складзе Маскоўскай дзяржавы) і Барысаглебскую (з 1474 у складзе Маскоўскай дзяржавы). З канца 10 ст. тут існавала архірэйская кафедра. У 15 ст. горад стаў буйным царк. цэнтрам, у 1589—1788 тут размяшчалася рэзідэнцыя мітрапалітаў. З 1777 Р. павятовы горад Яраслаўскага намесніцтва, з 1796 — Яраслаўскай губ. З 18 ст. буйны гандл.-кірмашны цэнтр (у 1-й пал. 19 ст. кірмаш у Р. трэці ў Расіі пасля Ніжагародскага і Ірбіцкага). З 1870 злучаны чыгункай з Масквой і Яраслаўлем.
Арх. дамінанта гіст. цэнтра — комплекс Растоўскага крамля. Сярод інш.арх. помнікаў цэнтра: ансамбль манастыра Раства Хрыстова (засн. ў канцы 14 ст.) з цэрквамі Раства Маці Божай з трапезнай (2-я пал. 17 ст.) і надбрамнай Ціхвінскай (1847), Успенскі сабор (каля 1589, фрэскі 1659, 1670, пахаванні растоўскіх князёў і мітрапалітаў) са званіцай з 13 званамі (1680-я г.); каля земляных валоў (1631—33) цэрквы: Ушэсця (1566), Толгскай Маці Божай з вежападобнай званіцай (1761), Міколы на Усполлі (1813, ампір; у інтэр’еры разны пазалочаны іканастас з фініфцевымі ўстаўкамі, абразы 15—19 ст.). Захавалася забудова вуліц пач. 19 ст., пераважна 2-павярховымі каменнымі жылымі дамамі з франтонамі, балконамі, чыгуннымі рашоткамі, з грамадскімі будынкамі і драўлянымі дамамі ў стылі правінцыяльнага мадэрну (канец 19 — пач. 20 ст.). На паўн.-ўсх. ускраіне Р., на беразе воз. Нера — Аўраміеў манастыр (засн. на мяжы 11—12 ст.) з Богаяўленскім саборам (1553), цэрквамі — Увядзенскай (1650, перабудавана), надбрамнай Нікольскай з 2 вежамі і класіцыстычнай званіцай (1691, 1826—37). На паўд.-зах. ускраіне — комплекс Якаўлеўскага манастыра (засн. ў 14 ст.) з цэрквамі Зачаццеўскай (1686, фрэскі, 3-ярусны разны пазалочаны іканастас, 1762—65), Дзімітрыеўскай (1794—1802), Якаўлеўскай (1836, абедзве класіцызм); брамы і вежы комплексу перабудаваны ў 1-й пал. 19 ст. ў формах псеўдаготыкі. Непадалёку ад Р. ў сёлах Парэчча-Рыбнае і Багаслова комплексы арх. помнікаў 18—19 ст.; каля р. Вусце — Барысаглебскі манастыр (засн. ў канцы 14 ст.). З 2-й пал. 18 ст. ў Р. развіты мініяцюрны жывапіс па эмалі (гл.Растоўская фініфць).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАЦЫЯНАЛІ́ЗМ (франц. rationalisme ад лац. rationalis разумны),
філасофскі кірунак, які прызнае розум асновай пазнання і паводзін людзей. Адрозніваюць анталагічны, гнасеалагічны і тэалагічны Р. Паводле анталагічнага Р. быццё разумнае, у яго аснове знаходзіцца разумовы пачатак — «ідэі» ў вучэнні Платона, разумная манада ў дактрыне Г.Лейбніца, разумнае «Я» ў І.Фіхтэ, панлагізм Г.Гегеля, які ўяўляў увесь свет як самаразвіццё абсалютнай ідэі. Гнасеалагічны Р. — адзін з пануючых кірункаў у філасофіі 16—17 ст. Прадстаўлены Р.Дэкартам, Лейбніцам, Б.Спінозай, якія лічылі, што безумоўна дакладныя веды могуць быць атрыманы пры дапамозе дэдуктыўных метадаў, найб. моцна развітых у матэматыцы. З іх пункту погляду, вопыт і заснаваны на ім эмпірызм абмежаваны і толькі розум здольны стаць крыніцай ісцін, якія валодаюць уласцівасцямі ўсеагульнасці і неабходнасці, Р. стаў пануючым метадам мыслення эпохі Асветніцтва. У 16—17 ст. распаўсюдзіўся ў працах бел. мысліцеляў Ф.Скарыны, С.Буднага, В.Цяпінскага, Сімяона Полацкага. Ідэі Р. атрымалі развіццё ў вучэнні І.Канта, які лічыў, што, хаця сапраўдныя веды рэальнага свету «рэчаў у сабе» недасягальныя, можна атрымаць дакладныя веды пра з’явы, феномены ў свеце, якім мы яго пазнаём. Гэта становіцца магчымым дзякуючы таму, што фенаменальны свет асэнсоўваецца ў рамках апрыёрнай структуры, якая ствараецца розумам, напр., апрыёрнымі формамі ўспрыняцця прасторы. У філасофіі Гегеля ў якасці зыходнага першапачатку і сутнасці свету прызнаецца абсалютная ідэя — абсалютны розум, які паслядоўна ператвараецца ва ўласнае быццё напачатку ў форме прыроды, а затым і грамадства і прыходзіць да пазнання самога сябе. У гэтай дактрыне развіццё свету ўяўляецца як чыста лагічны рацыянальны працэс («усё сапраўднае разумнае, усё разумнае сапраўднае»), а яго гнасеалагічны Р. набывае рысы анталагічнага Р. і ператвараецца ў панлагізм. Гегелеўскі Р. паўплываў на К.Маркса, і фактычна філасофія марксізму рацыяналістычная. На аснове крытыкі гегельянства ў 19 ст. магутнае развіццё атрымліваюць процілеглыя Р. ідэі ірацыяналізму. Поўнасцю Р. не быў адхілены. Уласцівыя яму ідэі, акрамя марксізму, развіваліся ў 20 ст. ў філасофіі неапазітывізму, у вучэннях структуралізму, у сацыялагічных дактрынах М.Вебера, Ю.Хабермаса, Т.Парсанса і інш. Разам з анталагічным і гнасеалагічным у 17 ст. ўзнік і атрымаў развіццё ў 20 ст.тэалагічны Р. (Э.Жыльсон, Ж.Марытэн, К.Ранер і інш.), паводле якога можна прыняць толькі тыя догматы веры, што ўзгадняюцца з логікай і довадамі розуму. Р. наз. таксама ўсеагульную веру ў здольнасць розуму пазнаць і растлумачыць навакольны свет і чалавека ў ім, вырашыць усе праблемы іх узаемадзеяння. Гл. таксама Крытычны рацыяналізм.
Літ.:
Кант И. Критика чистого разума // Соч.М., 1964. Т. 3;
Фейерабенд П. Избр. труды по методологии науки: Пер. с англ. и нем М., 1986;
Памятники философской мысли Белоруссии XVII — первой половины XVIII в. Мн., 1991;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РЭВАЛЮ́ЦЫЯ 1925—28 У КІТА́І,
нацыянальная рэвалюцыя, якая мела на мэце аб’яднанне Кітая пад уладай Нац. партыі (Гаміньдана, ГМД) і скасаванне ў краіне ўплыву імперыяліст. дзяржаў (ЗША, Вялікабрытаніі, Францыі, Японіі). Выклікана станам паліт. хаосу, у якім Кітай апынуўся пасля паражэння Сіньхайскай рэвалюцыі 1911—13 і смерці ў 1916 прэзідэнта Кіт. Рэспублікі Юань Шыкая, калі ўлада на месцах апынулася ў руках мясц.ваен. правіцеляў — мілітарыстаў і Кітай фактычна перастаў існаваць як адзіная дзяржава. Рух 4.5.1919 спрыяў уздыму ў краіне грамадска-паліт. актыўнасці, на хвалі якой лідэр кіт. нацыяналістаў Сунь Ятсен абвясціў у кастр. 1919 пра стварэнне ГМД. У крас. 1921 ч. дэпутатаў кіт. парламента, які быў разагнаны мілітарыстамі ў 1917, на сходзе ў г. Гуанчжоў абрала Сунь Ятсена прэзідэнтам Кіт. Рэспублікі, але яго ўрад не прызнала міжнар, супольнасць. У гэтых умовах у 1922—23 Сунь Ятсен заключыў саюз з СССР і Камуністычным інтэрнацыяналам. У абмен на фін. і ваен. дапамогу ён пагадзіўся на саюз ГМД з Кітайскай камуністычнай партыяй (КПК). На 1-м кангрэсе ГМД (студз. 1924) ГМД рэарганізавана на ўзор ВКП(б). Пры дапамозе сав.ваен. саветнікаў (М.В.Блюхер і інш.) на Пд Кітая створана Нац.-рэв. армія (НРА) Расстрэл 30.5.1925 паліцыяй брыт. сетльмента (квартал для іншаземцаў з уласнай адміністрацыяй) студэнцкай дэманстрацыі ў Шанхаі рэзка актывізаваў антыімперыялістычны рух у краіне. 1.7.1925 ГМД стварыў у Гуанчжоў Нац ўрад на чале з Ван Цзінвэем. У выніку 1-га этапу Паўночнага паходу 1926—28 (ліп. 1926 — сак. 1927) Нац. ўрад пашырыў сваю ўладу на Пд ад р. Янцзы, у т. л. на такія буйныя гарады, як Шанхай, Нанкін і Ухань. Адначасова павялічваліся супярэчнасці паміж ГМД і КПК, якая заклікала да разгортвання шырокай агр. рэвалюцыі, што выклікала незадаволенасць кіраўніцтва ГМД і афіцэраў. Лідэр правых гаміньданаўцаў Чан Кайшы (галоўнакамандуючы НРА) адмовіўся падпарадкавацца Нац. ўраду, які знаходзіўся ў г. Ухань, абвясціў у крас. 1927 пра разрыў з КПК і пачаў супраць яе рэпрэсіі, потым стварыў у Нанкіне ўласны ўрад. Уханьскі нац. ўрад працягваў супрацоўніцтва з КПК. Кіраўніцтва КПК палічыла, што ў Кітаі склаліся перадумовы для сацыяліст. рэвалюцыі і ў ліп. 1927 ініцыіравала разрыў з уханьскім ГМД. У адказ той пачаў рэпрэсіі супраць КПК. Камуніст. паўстанні ў жн.—снеж. 1927 пацярпелі паражэнне (гл.Наньчанскае паўстанне 1927). У лют. 1928 адноўлена адзінства ГМД і створаны аб’яднаны Нац. ўрад на чале з Чан Кайшы. У выніку 2-га этапу Паўн. паходу (крас.—снеж. 1928) б.ч. Кітая прызнала ўладу нац. ўрада, што дазволіла кіраўніцтву ГМД абвясціць у кастр. 1928 пра сканчэнне ваен. этапу нац. рэвалюцыі.
Літ.:
Юрьев М.Ф. Революция 1925—1927 гг. в Китае. М., 1968;
Делюсин Л.П., Костяева АС. Революция 1925—1927 гг. в Китае: пробл. и оценки. М., 1985;
ВКП(б), Коминтерн и национально-революционное движение в Китае: Док. Т. 1—3. М., 1994—98;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САМАЛЁТ, аэраплан,
найбольш пашыраны цяжэйшы за паветра лятальны апарат для палётаў у атмасферы; асн. сродак авіяцыі. Адрозніваюць С.: грамадзянскія (пасажырскія, грузавыя і спец. прызначэння — санітарныя, сельскагаспадарчыя, для тушэння лясных пажараў, аэрафотаздымкі і інш.), ваенныя (бамбардзіроўшчыкі, знішчальнікі, штурмавікі, разведчыкі, ваенна-транспартныя і інш.), вучэбныя; поршневыя, турбавінтавыя, турбарэактыўныя і ракетныя; сухапутнага базіравання, карабельныя, гідрасамалёты, «амфібіі»; самалёты вертыкальнага ўзлёту, скарочанага і звычайнага ўзлёту і пасадкі; манапланы і біпланы; дагукавыя, звышгукавыя і гіпергукавыя. Найб. вядомыя С.: аэробусы («Боінг» і «Канкорд»), трансп. (грузавыя) «Антэй», «Руслан» і «Мрыя» (Ан-225, для перавозкі грузаў масай да 250 т, далёкасць палёту да 14,7 тыс.км).
Асн. часткі С.: планер (крыло, фюзеляж, апярэнне, шасі), сілавая ўстаноўка (складаецца з авіяцыйных рухавікоў, уваходных і выхадных устройстваў, сістэм кіравання, паліўнай і інш.), а таксама (для ваенных) узбраенне (пушачнае, ракетнае, бамбардзіровачнае). Сілавая ўстаноўка стварае цягу, а крыло пры наяўнасці паступальнай скорасці — пад’ёмную сілу. Для кіравання С. выкарыстоўваюць штурвальныя калонкі, ручкі кіравання, разнастайныя навігацыйныя прылады (у т. л.авіягарызонты, аўтапілоты, аўташтурманы, вышынямеры). У навігацыі паветранай і ў самім працэсе ваджэння С. (самалётаваджэнні) выкарыстоўваюцца сучасныя навігацыйныя комплексы, якія аб’ядноўваюць з дапамогай ЭВМ прылады і сістэмы С. з наземнымі навігацыйнымі сістэмамі. У ваен. С. выкарыстоўваецца прыцэльна-навігацыйная сістэма (складаецца з прыцэльнай, навігацыйнай, індыкатарнай і дальнамернай падсістэм). Для ўзлёту, пасадкі і абслугоўвання С. будуюць аэрадромы (звычайна ў складзе аэрапорта). Вытв-сцю С., авіяц. рухавікоў, абсталявання, бартавых сістэм і інш. займаецца авіяцыйная прамысловасць. Для палётаў на малой вышыні з выкарыстаннем экрануючага эфекту паверхні існуюць экранапланы, для заняткаў самалётным спортам — спец спартыўныя С.
Канцэпцыю С. з раздзеленымі функцыямі нясучай паверхні (крыла) і рухальніка (вінта) прапанаваў у 1799 англ. вучоны і вынаходнік Дж.Кейлі. Патэнт на С. з парасілавой устаноўкай атрымаў у 1881 А.Ф.Мажайскі, паставілі на С. рухавік унутр. згарання і ажыццявілі на ім першыя палёты ў 1903 браты Райт (гісторыю развіцця самалётабудавання гл. ў арт.Авіяцыя). Да канца 20 ст. створаны С. з макс. скорасцю больш за 3000 км/гадз, найб. вышынёй палёту больш за 30 км, далёкасцю палёту больш за 10 тыс.км, грузападымальнасцю да 250 т, пасажыраўмяшчальнасцю да 550 чал.
Літ.:
История техники. М., 1962;
Шульженко М.Н. Конструкция самолетов. 3 изд. М., 1971;
Яковлев А.С. Советские самолеты. 4 изд. М., 1982;
Андреев И. Боевые самолеты. М., 1981;
Пономарев А.Н. Авиация настоящего и будущего. М., 1984;
Житомирский Г.И. Конструкция самолетов. М., 1991.
С.М.Кузьменка, У.М.Сацута.
Самалёт: а — «Тып XI» Л.Блерыо, які зрабіў першы пералёт з Барака (Францыя) у англійскі Дуўр (1 — рухавік, 2 — цыліндры паветранага ахаладжэння, 3 — паліўны бак, 4 — бак для павелічэння пад’ёмнай сілы); б — «Боінг-747» (1 — кабіна экіпажа, 2, 4 — перадкрылкі, 3 — турбавентылятарныя рухавікі, 5 — закрылкі, 6 — пасажырскія месцы на 330—490 чал., 7 — стабілізатар са зменным вуглом устаноўкі, 8 — гідраўлічнае шасі, 9 — патрубак для запраўкі палівам).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АРХЕАЛО́ГІЯ (ад археа... + ...логія),
галіна гістарычнай навукі, якая вывучае станаўленне чалавека і гісторыю чалавечага грамадства па матэрыяльных рэштках жыцця і дзейнасці людзей — рэчавых (археал.) помніках. Даследуе ў комплексе стараж. помнікі (стаянкі, паселішчы, могільнікі, свяцілішчы, майстэрні і інш.), рэчы і іх катэгорыі (прылады працы, прадметы побыту, матэрыялы духоўнай культуры), выяўленыя ў час археалагічных раскопак; узнаўляе сац.-эканам. гісторыю эпох, што недастаткова або зусім не адлюстраваны ў пісьмовых крыніцах, даследуе шэраг пытанняў, якія вывучаюцца і сумежнымі навукамі — этнаграфіяй, антрапалогіяй, палеанталогіяй і інш.; цесна звязаны з дапаможнымі гіст. дысцыплінамі — нумізматыкай, сфрагістыкай, эпіграфікай. Археалогія падзяляецца па эпохах (каменны век, бронзавы век, жалезны век, сярэднявечча), часам па крыніцах, культурна-гіст. абласцях, этнічных прыкметах (скіфскі перыяд, антычныя дзяржавы, славянская археалогія). Паводле храналаг. і тэр. падзелу своеасаблівых рыс помнікаў вылучаюцца т.зв.археалагічныя культуры. Важным пытаннем з’яўляецца класіфікацыя і датаванне здабытых пры раскопках рэчаў. У археалогіі выкарыстоўваюць спецыфічныя метады даследавання: параўнальна-тыпалагічны метад (вызначэнне культ. прыналежнасці і храналогіі рэчаў шляхам параўнання з аналагічнымі, але ўжо вядомымі), стратыграфія (умовы залягання культ. пласта археал. помнікаў адносна геал. напластаванняў і інш. пластоў), статыстычны (улік масавых знаходак аднолькавага прызначэння), а таксама розныя метады археалагічнага датавання. Важны метад даследавання археал. помнікаў — картаграфаванне. Асобная галіна археалогіі — падводная археалогія — вывучае стараж. і сярэдневяковыя помнікі, што апынуліся пад вадой (у азёрах, рэках, морах). Археал. матэрыялы дапаўняюцца пісьмовымі крыніцамі.
Як навука археалогія аформілася ў 19 — пач. 20 ст. (да гэтага яна вывучала антычнасць і мела мастацтвазнаўчы кірунак). У краінах Зах. Еўропы цікавасць да нац. гісторыі, у т. л. да археалогіі, асабліва ўзмацнілася пасля Вял.франц. рэвалюцыі 1789—93, якая спрыяла абуджэнню нац. самасвядомасці. З павелічэннем колькасці археал. матэрыялаў пачаліся спробы іх класіфікацыі. У 1836 дацкі археолаг К.Ю.Томсен падзяліў помнікі першабытнай эпохі на каменны, бронзавы, жал. вякі, Дж.Лебак падзяліў каменны век на палеаліт і неаліт. Гэту класіфікацыю паглыбіў Е.Я.Ворса, які вызначыў храналогію бронзавага веку паводле абрадаў пахавання. З гэтага часу археалогія становіцца навук. дысцыплінай. З 2-й пал. 19 ст. ва ўсіх краінах свету праводзіліся археал. даследаванні; распрацаваны храналагічная і перыядычная сістэмы, навук. метады раскопак; адбываліся археал. з’езды і кангрэсы. У 1869—83 франц. археолаг Г. дэ Мартылье падзяліў палеаліт на перыяды: шэльскі, ашэльскі, мусцьерскі, салютрэйскі, мадленскі. У Еўропе адкрыты эгейскія цывілізацыі дагамераўскай Грэцыі (Г.Шліман, А.Эванс), на Усходзе — шумерская і вавілонская культуры. Шведскі археолаг А.Мантэліус размеркаваў стараж. рэчы па тыпах, якія пазней звязаў у эвалюц. рады, і, такім чынам, стаў заснавальнікам параўнальна-тыпалагічнага метаду. У пач. 20 ст. чэшскі археолаг Л.Нідэрле надрукаваў збор славянскіх старажытнасцяў і даказаў агульныя рысы культуры славян. Дзякуючы даследаванням А.С.Уварава, Д.Я.Самаквасава, Л.К.Іваноўскага, У.І.Сізова, А.А.Спіцына ўзнікла славяна-руская археалогія.
На Беларусі археал. раскопкі пачаліся ў канцы 18 — пач. 19 ст., археал. помнікі даследавалі Т.Нарбут, З.Я.Даленга-Хадакоўскі, К.П. і Я.П.Тышкевічы, А.Г.К.Кіркор, Е.Р.Раманаў, У.З.Завітневіч, В.А.Шукевіч, М.Ф.Кусцінскі, М.М.Турбін, Г.Х.Татур, Л.Ю.Лазарэвіч-Шапялевіч, З.Глогер, М.В.Фурсаў, С.Ю.Чалоўскі і інш. На актывізацыю археал. даследаванняў паўплываў 9-ы археал. з’езд у Вільні (1893). У 1925 пры Інбелкульце створана гісторыка-археал. камісія, у 1927 адкрыта кафедра археалогіі (з 1929 археал. камісія ў Ін-це гісторыі Бел.АН, з 1932 секцыя археалогіі). У даваенны час археал. даследаванні праводзілі А.М.Ляўданскі, К.М.Палікарповіч, С.А.Дубінскі, А.Дз.Каваленя, І.А.Сербаў, С.С.Шутаў і інш. У 1930-я г. многія археолагі рэпрэсіраваны і загінулі (Ляўданскі, Дубінскі, Каваленя і інш.). У Зах. Беларусі археал. раскопкі праводзілі У.Галубовіч, Г.Цэгак-Галубовіч, З.Шмід, З.Дурчэўскі і інш. У 1944 у Ін-це гісторыі АН Беларусі створаны сектар археалогіі, з 1980 — аддзел археалогіі з сектарамі, у 1986 сектары пераўтвораны ў аддзелы. У 1973 створана кафедра археалогіі, этнаграфіі і дапаможных гіст. дысцыплін у БДУ. Бел. археолагі выявілі каля 1300 помнікаў каменнага і бронзавага вякоў, вызначылі іх прыналежнасць да археал. культур (У.Дз.Будзько, У.Ф.Ісаенка, М.М.Чарняўскі, У.П.Ксяндзоў, А.Г.Калечыц, Э.М.Зайкоўскі, В.Ф.Капыцін і інш.), праводзілі мэтанакіраванае вывучэнне помнікаў, культур і этнічных утварэнняў жал. веку (А.Р.Мітрафанаў, Л.Д.Побаль, К.П.Шут, В.І.Шадыра, В.С.Вяргей, М.І.Лашанкоў і інш.). Даследаванні бел. археолагаў дапамаглі ўзнавіць працэс фарміравання ўсх.-слав. племянных аб’яднанняў (дрыгавічоў, крывічоў, радзімічаў), гісторыю стараж. гарадоў (В.Р.Тарасенка, Г.В.Штыхаў, Э.М.Загарульскі, П.Ф.Лысенка, Я.Г.Звяруга, М.А.Ткачоў, З.С.Пазняк, Т.С.Бубенька, В.М.Ляўко, Л.У.Калядзінскі, В.Е.Собаль, Ю.А.Заяц і інш.), матэрыяльную культуру сельскага насельніцтва (Л.У.Дучыц, Я.Р.Рыер, У.У.Багамольнікаў, Т.М.Каробушкіна і інш.). У апошняе дзесяцігоддзе актыўна вывучаліся познасярэдневяковыя помнікі 14—18 ст. (А.А.Трусаў, А.К.Краўцэвіч, В.У.Шаблюк, І.М.Чарняўскі і інш.). Археал. даследаванні на Беларусі праводзілі супрацоўнікі Ін-таў археалогіі і гісторыі матэрыяльнай культуры Расійскай АН (Л.В.Аляксееў, І.І.Арцёменка, Ф.Д.Гурэвіч, Н.М.Гурына, Ю.У.Кухарэнка, В.М.Мельнікоўская, П.А.Рапапорт, Г.Ф.Салаўёва, Э.А.Сымановіч, В.В.Сядоў, П.М.Траццякоў).
Літ.:
Очерки по археологии Белоруссии. Ч. 1—2. Мн., 1970—72;
Каханоўскі Г.А. Археалогія і гістарычнае краязнаўства Беларусі ў XVI—XIX стст. Мн., 1984;
Белорусская археология: Достижения археологов за годы Советской власти. Мн., 1987;
Вяргей В.С. Археалагічная навука ў БССР, 1919—1941 гг.Мн., 1992;
Археалогія і нумізматыка Беларусі: Энцыкл.Мн., 1993.
Г.В.Штыхаў.
Да арт.Археалогія. Раскоп на паселішчы Бароўка ў Быхаўскім р-не Магілёўскай вобл.Да арт.Археалогія. Пантыкапей, рэшткі збудавання 2 ст. да н.э.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЮДЖЭ́Т ДЗЯРЖА́ЎНЫ,
каштарыс (расклад) даходаў і расходаў краіны на наступны год; асн.фін. план дзяржавы. Адлюстроўвае крыніцы фарміравання і напрамкі выкарыстання гал. цэнтралізаванага фонду краіны. Складаецца з вышэйшага — федэральнага ці рэсп. бюджэту і мясцовых бюджэтаў, якія ў сукупнасці ўтвараюць бюджэтную сістэму. Змест і структура Б.дз. залежаць ад многіх фактараў: узроўню развіцця прадукцыйных сіл і характару вытв. адносін, тыпу дзяржавы, яе сац. палітыкі, канкрэтнай эканам. і сац. сітуацыі, нац. асаблівасцей і інш.
Неабходнасць у бюджэту дзяржаўнага узнікла з фарміраваннем дзяржавы і таварна-грашовых адносін. Да гэтага фін. рэсурсы і іх мэтавае выкарыстанне вызначаліся ў асобных каштарысах даходаў і расходаў. З развіццём грамадства, пашырэннем функцый дзяржавы працэс пераразмеркавання нац. даходу ўскладніўся, адпаведна павялічылася колькасць асобных каштарысаў, што ўскладніла кіраванне сродкамі дзярж. казны. Неабходна было аб’яднаць мноства асобных каштарысаў у адзіны фін. план дзяржавы. Практычна спроба скласці адзіны каштарыс даходаў і расходаў дзяржавы зроблены ў Англіі ў 7 ст. пад назвай бюджэт. У Расіі першыя звесткі пра бюджэт дзяржаўны вядомы з 1654, аднак рэгулярнае яго складанне пачалося пасля стварэння ў 1812 мін-ва фінансаў. З пач. 20 ст. бюджэт дзяржаўны распрацоўваецца ў большасці краін.
Беларусь, пазбаўленая дзярж. самастойнасці ў складзе Рас. імперыі, свайго бюджэту дзяржаўнага не мела, удзельнічала толькі ў фарміраванні даходаў бюджэту дзяржаўнага Расіі, плацячы ўскосныя падаткі ад казённай віннай манаполіі (50% агульных паступленняў), пошліны, акцызы; прамыя падаткі не перавышалі 8,3%. Расходы бюджэту дзяржаўнага накіроўваліся пераважна на ваен. мэты і ўтрыманне развітой на Беларусі сеткі чыгунак. Удз. вага астатніх асігнаванняў на Беларусі ў 1913—14 складала: па гасп. мін-вах 12%, органах дзярж. кіравання, юстыцыі і кантролю 24,5%; адукацыі 11% і інш. 8%. Акрамя таго, фін. рэсурсы выдаткоўваліся і праз мясц. бюджэты, на долю якіх прыпадала менш за 1/16 усіх бюджэтных сродкаў. Першы бюджэт дзяржаўны БССР складзены ў 1921, але ён выкананы з вял. дэфіцытам (амаль 92% усіх бюджэтных выдаткаў пакрыта за кошт эмісіі грошай). З 1922 бюджэт дзяржаўны БССР стаў састаўной часткай бюджэту дзяржаўнага СССР і меў адносную самастойнасць (яго даходы і расходы вызначаліся пераважна саюзнымі органамі). Для бюджэтаў 1922—40 характэрны хуткі рост аб’ёму даходаў і расходаў, фарміраванне даходаў пераважна (да 90%) за кошт паступленняў ад нар. гаспадаркі, найб. доля асігнаванняў прыпадала на сац.-культ. мерапрыемствы, таму што важныя нар.-гасп. аб’екты фінансаваліся з саюзнага бюджэту. Пасляваен. бюджэты Беларусі гал. мэтай ставілі аднаўленне нар. гаспадаркі. У 1950—70-я г. ўзмацніўся ўплыў бюджэту дзяржаўнага БССР на эканам. і сац. працэсы ў сувязі з ростам эканам. патэнцыялу рэспублікі і пашырэннем яе бюджэтных правоў; доля асігнаванняў на нар. гаспадарку павялічылася да 40—50% пры змяншэнні долі выдаткаў на сац. сферу і кіраванне. Бюджэты дзяржаўныя 1980—90-х г. вызначаліся раўнамерным ростам даходаў, павелічэннем колькасці плацяжоў прадпрыемстваў, адносным захаваннем прапорцый, што склаліся ў размеркаванні сродкаў. Першы бюджэт дзяржаўны суверэннай Рэспублікі Беларусь складзены ў 1991. Ён распрацоўваўся яшчэ да прызнання незалежнасці Беларусі і захаваў многія ранейшыя рысы, тым не менш змянілася яго прызначэнне, змест, пашырыліся крыніцы даходаў. Адначасова пашырыўся і пералік расходаў, іх аб’ём і структура. Упершыню расходы перавысілі даходную частку, афіцыйна запланаваны дэфіцыт бюджэту дзяржаўнага. З гэтага часу мясц. органы ўлады набываюць поўную самастойнасць у складанні і выкананні сваіх бюджэтаў — абл., раённых, гар. і пасялковых. У гэтыя бюджэты паступаюць мясц. падаткі і зборы, а таксама адлічэнні ад агульнарэсп. падаткаў і даходаў; яны адыгрываюць важную ролю ў забеспячэнні комплекснага эканам. і сац. развіцця адпаведных рэгіёнаў. За рэсп. бюджэтам пакінута фінансаванне органаў дзярж. улады і кіравання, абароны, органаў дзярж. бяспекі, устаноў і аб’ектаў рэсп. падпарадкавання, мерапрыемстваў па мінімізацыі вынікаў катастрофы на Чарнобыльскай АЭС. Бюджэт дзяржаўны на наступны год, а таксама яго выкананне за мінулы год зацвярджае Вярх. Савет Беларусі. У сувязі з пераходам да рыначнай эканомікі і стварэннем новай падатковай сістэмы істотна змяніліся структура і змест бюджэту дзяржаўнага: расце яго агульны аб’ём пры перавышэнні расходаў над даходамі, павялічылася колькасць падатковых плацяжоў, сярод якіх вял. доля ўскосных (гл.табл. 1).
У расходах бюджэту значная доля асігнаванняў (больш за 10%) накіроўваецца на мінімізацыю вынікаў чарнобыльскай катастрофы, паменшылася доля асігнаванняў на нар. гаспадарку, што абумоўлена павелічэннем долі ўласных і крэдытных рэсурсаў у фінансаванні вытв-сці, змяншэннем датацый стратным прадпрыемствам. Прыярытэтнай застаецца сельская гаспадарка, у якую ў розных формах накіроўваецца да 25% усіх асігнаванняў у матэрыяльную сферу. Доля асігнаванняў у сац. сферу расце пераважна за кошт фінансавання праграм падтрымкі маламаёмнага насельніцтва. Аднак тэмпы росту бюджэтных асігнаванняў на адукацыю, ахову здароўя і навуку адстаюць ад тэмпаў росту непрадукцыйных расходаў: на абарону, абслугоўванне дзярж. доўгу, праваахоўныя органы і органы кіравання (гл.табл. 2). Праз бюджэт дзяржаўны і пазабюджэтныя фонды пераразмяркоўваецца да 60% нац. даходу. Гэта сведчыць, што бюджэт дзяржаўны застаецца на Беларусі важным інструментам дзярж. рэгулявання грамадскіх працэсаў.
Літ.:
Очерки развития финансов и кредита в Белоруссии. Мн., 1970;
Государственный бюджет. Мн., 1995.
М.І.Ткачук.
Табліца 1 Структура даходаў дзяржаўнага бюджэту Беларусі, %
Крыніцы паступлення
Гады
1993
1994
1995
Акцызы
16,8
11,0
9,1
Падатак на дабаўленую вартасць
29,6
27,2
23,0
Падатак на прыбытак і даходы
22,9
34,2
32,3
Падаткі з насельніцтва
8,2
10,9
10,5
Падатак на паліва
4,5
4,2
3,0
Падатак на нерухомасць
2,9
0,7
0,3
Плата за зямлю
1,6
2,1
0,4
Мытныя пошліны і зборы ад знешнеэканамічных аперацый
0,2
0,3
0,6
Зборы і непадатковыя даходы
1,4
3,8
9,1
Адлічэнні на ахову здароўя
—
28,0
—
Іншыя даходы
11,8
2,8
14,9
Табліца 2 Структура расходаў дзяржаўнага бюджэту Беларусі, %
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛІВО́НСКАЯ ВАЙНА́ 1558—83, Інфлянцкая вайна,
вайна Маскоўскай дзяржавы з Лівонскім ордэнам, Вялікім княствам Літоўскім, Рэччу.Паспалітай (з 1569) і Швецыяй за Лівонію (Інфлянты). Пачалася ў студз. 1558 па ініцыятыве цара Івана IV Грознага, які спадзяваўся праз Лівонію здабыць сваёй дзяржаве шырокі выхад да Балтыйскага м. Да восені 1558 маскоўскія войскі авалодалі тэр.Усх. Эстоніі з гарадамі Нарва і Дэрпт (цяпер Тарту), у пач. 1559 (да перамір’я ў сак.) прарываліся да Рыгі і ў Курляндыю. 31.8.1559 Лівонскі ордэн падпісаў у Вільні пагадненне аб пераходзе пад пратэктарат ВКЛ. Праз месяц да пагаднення далучылася Рыжскае арцыбіскупства. Вял. князь ВКЛЖыгімонт II Аўгуст увёў свае войскі ў лівонскія замкі ўздоўж р.Зах. Дзвіна. У пач. 1560 маскоўскія войскі аднавілі ваен. дзеянні. 2 жн. ў бітве пры Эрмесе (цяпер Эргеме, Латвія) яны разбілі лепшыя ордэнскія сілы, да восені авалодалі гал. ўмацаваннямі Лівоніі, акрамя Рыгі і Рэвеля (цяпер Талін). Гэта прымусіла Лівонскі ордэн падпісаць 28.11.1561 у Вільні 2-е пагадненне, паводле якога ордэнскія ўладанні ў Лівоніі перайшлі пад уладу ВКЛ, а магістр ордэна Г.Кетлер стаў васалам Жыгімонта II Аўгуста. У лют. 1562 да дагавора далучылася Рыжскае арцыбіскупства. Горад Рыга да 1581 заставаўся незалежным. 5.3.1562 фармальна спыніў існаванне Лівонскі ордэн, які фактычна распаўся ў 1560—61: у 1561 тэр.Паўн. Эстоніі перайшла пад уладу Швецыі, а Пн Курляндыі і в-аў Эзель (Саарэмаа) з прылеглымі а-вамі Маандзунскага архіпелага яшчэ ў 1560 сталі ўладаннем Даніі. У пач. 1562 маскоўскія войскі разгарнулі ваен. дзеянні супраць ВКЛ, падышлі да Шклова, Копысі, Оршы, Дуброўны і Віцебска. У адказ войскі ВКЛ правялі рэйд па Смаленшчыне і пад Веліж. 15.2.1563 больш як 60-тысячная (з 200 гарматамі) армія Івана IV прымусіла да капітуляцыі гарнізон Полацка, які 2 тыдні гераічна трымаў абарону. Гаспадарская рада ВКЛ заключыла перамір’е з царом, прадоўжанае да ліст. 1563. Перагаворы ў Маскве, якія вялі ў канцы 1563 паслы ВКЛ Ю.Хадкевіч і Р.Валовіч, спыніліся безвынікова, бо Іван IV згаджаўся на працяглае перамір’е толькі пры ўмове захавання пад яго ўладай Лівоніі і Полаччыны. У студз. 1564 ваен. дзеянні аднавіліся. 26 студз. ў бітве пад Улай 24-тысячная групоўка кн. П.Шуйскага, што выйшла з Полацка, была разгромлена гетманам ВКЛ М.Радзівілам, у выніку чаго паспешліва адступілі да Смаленска і войскі братоў кн. Сярэбраных (каля 50 тыс.чал.). У далейшым ваен. дзеянні насілі ў асн. лакальны характар. Увосень 1564 войскі ВКЛ няўдала асаджалі Полацк, у адказ на захоп маскоўскімі войскамі Езярышча зрабілі паход пад Вял. Лукі, а вясной 1565 — на Пскоўшчыну. У жн. 1565 вайна была перапынена, перагаворы ў Маскве (чэрв. 1566) скончыліся пагадненнем аб перамір’і да восені 1567. Земскі сабор 1566 падтрымаў намер Івана IV і далей ваяваць за Прыбалтыку. У 1567 аднавіліся лакальныя баявыя дзеянні. Корпус войск ВКЛ паспяхова хадзіў на Смаленшчыну, пад Лепелем былі разбіты фарміраванні царскіх стральцоў, а ў вер. 1568 войскі ВКЛ штурмам узялі замак Улу. Маскоўскія ваяводы ў 1566—69 умацоўвалі Полацк, пабудавалі крэпасці Сушу, Сокал, Сітна, Красны, Казьян, Туроўлю, Усвят. У 1568 шведскім каралём стаў Ян III — швагер Жыгімонта II Аўгуста. У выніку пачалася вайна Маскоўскай дзяржавы са Швецыяй. Цяжар Л.в. падштурхнуў шляхту ВКЛ да дзярж. уніі з Польшчай. Пасля падпісання акта Люблінскай уніі 1569 і стварэння Рэчы Паспалітай вайна з Маскоўскай дзяржавай стала агульнай для ВКЛ і Польшчы. У канцы 1569 у Маскву прыехала супольнае пасольства (ад Польшчы Я.Карташынскі, ад ВКЛ мінскі кашталян М.Тальваш). 22.7.1570 падпісаны трактат аб трохгадовым перамір’і на ўмовах захавання за кожнай дзяржавай падкантрольных ёй на той момант зямель. У 1571—72 асн.ваен. сілы Маскоўскай дзяржавы былі адцягнуты на барацьбу з нашэсцямі крымскіх татар. У пач. 1573, скарыстаўшы ўнутр. праблемы Рэчы Паспалітай пасля смерці 7.7.1572 Жыгімонта II Аўгуста (фактычнае міжкаралеўскае безуладдзе 1572—75, вайна з Гданьскам 1576—77), Іван IV аднавіў вайну у Прыбалтыцы. 1.1.1573 яго войскі ўзялі апорны пункт шведаў у Эстоніі Вейсенштэйн (цяпер Пайдэ), на тэрыторыі, падначаленай Рэчы Паспалітай, у 1575 занялі Пернаў (цяпер Пярну, Эстонія), а ў 1577 — б. рэзідэнцыю вял. магістраў Лівонскага ордэна Вендэн (цяпер Цэсіс, Латвія). Абраны ў 1575 каралём Рэчы Паспалітай Стафан Баторый сабраў у 1579 значнае войска (41 тыс.чал.), на чале якога 30.8.1579, пераадолеўшы амаль трохтыднёвае супраціўленне маскоўскага гарнізона, авалодаў Полацкам. На працягу лета і восені 1579 войскі Рэчы Паспалітай узялі крэпасці Казьян, Красны, Сокал і інш. У 1580 яны ўварваліся на тэр. Маскоўскай дзяржавы, у вер. захапілі Вял. Лукі, зрабілі напады на Холм і Старую Русу. У тым жа годзе шведы захапілі ў Карэліі крэпасць Карэла, а ў 1581 — Нарву, Івангорад, Ям, Капор’е, асадзілі Арэшак. У час перагавораў у Вільні (1581) Стафан Баторый адмовіўся ад перамір’я, прапанаванага яму пасламі Івана IV, і ў ліп. 1581 з раёна Полацка пачаў свой 3-і паход. 26.8.1581 войскі Рэчы Паспалітай аблажылі Пскоў, гарнізон і жыхары якога больш за 5 месяцаў гераічна абараняліся, адбілі 30 штурмаў. 13.12.1581 пачаліся перагаворы, якія завяршыліся падпісаннем 15.1.1582 Ям-Запольскага мірнага дагавора 1582 на 10 гадоў. Паводле дагавора Іван IV адмаўляўся ад заваяваных лівонскіх зямель і ад г. Веліж з наваколлем на карысць Рэчы Паспалітай, а Стафан Баторый згаджаўся вывесці сваю армію з тэр. Маскоўскай дзяржавы. Паводле Плюскага перамір’я 1583 Маскоўская дзяржава ўступала Швецыі Паўн. Эстонію, гарады Нарва, Ям, Капор’е, Івангорад і Карэла. Данія ў 1583 перадала Рэчы Паспалітай паўн. частку Курляндыі. У выніку Л.в. Маскоўская дзяржава пацярпела паражэнне ў сваёй барацьбе за шырокі выхад да Балтыйскага м. Для ВКЛ, у т. л. для Беларусі, якая найбольш пацярпела за гады вайны, перамога ў ёй азначала замацаванне ў складзе ВКЛэтн.бел. зямель. Але вымушанае ў час Л.в. пайсці на падпісанне Люблінскай уніі 1569, ВКЛ страціла частку свайго дзярж. суверэнітэту і многія тэрыторыі (Украіну і Падляшша, перададзеныя ў 1569 Польшчы).
Літ.:
Королюк В.Д. Ливонская война. М., 1954;
Арлоў У. Полацкая вайна // Арлоў У. Таямніцы полацкай гісторыі. Мн., 1994.
Г.М.Сагановіч.
Да арт.Лівонская вайна 1558—83. Узяцце Полацка войскам Стафана Баторыя. Гравюра 16 ст.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЛЯ́КІ (саманазва паляцы),
нацыя, асн. насельніцтва Польшчы, 38,46 млн.чал. (1993). Жывуць таксама на Беларусі (417,7 тыс.чал.), Літве (258 тыс.чал.), Украіне (219,2 тыс.чал.), Расіі (94,6 тыс.чал.), Казахстане, Латвіі (па 60 тыс.чал.), ЗША (5,6 млн.чал.), Германіі (1,5 млн.чал.), Францыі (1 млн.чал.), Канадзе (400 тыс.чал.), Бразіліі (200 тыс.чал.), Чэхіі, Славакіі (па 40 тыс.чал.) і ў інш. краінах. Агульная колькасць больш за 49 млн.чал. Гавораць на польскай мове, вернікі — католікі, ёсць пратэстанты.
Польская народнасць складвалася ў 10—11 ст. ў перыяд фарміравання Польскай дзяржавы. Яе этнічную аснову склалі паляне, слянзане, вісляне, мазаўшане, памаране. У 11 ст. з’явіўся этнонім «П.». Як нацыя П. сфарміраваліся ў 18—19 ст. Побыт П. меў спецыфічныя рысы: больш, чым у беларусаў, пашыраны планіроўка жылля хата + сенцы + хата. Верхняе адзенне тыпу жупан, кунтуш, сурдут; шэры ці чорны колер.
Першыя пасяленні П. на Беларусі вядомы ў 12—13 ст. Узмацненне польскага ўплыву на Беларусі прыпадае на перыяд пасля Люблінскай уніі 1569, калі была створана федэратыўная дзяржава Рэч Паспалітая. Частка бел. насельніцтва, асабліва прадстаўнікі вышэйшых саслоўяў, прымаючы каталіцкую веру, мяняла сваю нац. прыналежнасць на польскую. Перасяленне на бел. землі груп П. з этнічных польскіх зямель не было масавым, бо Статут Вялікага княства Літоўскага 1588 уводзіў абмежаванні для польскай шляхты на заняцце дзярж. пасад і надзяленне зямлёй у ВКЛ. Сваю этнічную спецыфіку захоўвалі групы мазурскіх перасяленцаў, т.зв.буднікаў. Многія дзярж. і культ. дзеячы ВКЛ 16—18 ст. былі П. (Кішкі, Кавячынскія, Гасеўскія, Патоцкія, С.Будны, Д.Ланчыцкі, А.Волан, Я.Ласіцкі, П.Скарга і інш.). З 17 ст.паланізацыябел. магнатаў і шляхты набыла вял. маштабы. Аж да пач. 20 ст. паланізаваную бел. шляхту прылічвалі да П. На Беларусі пашыралася польская культура. Паводле рашэння ўсеагульнай канфедэрацыі саслоўяў Рэчы Паспалітай у 1696 бел. мова забаронена для карыстання ў земскіх судах (карысталіся польскай і лац.). Польская мова панавала ў тэатры, на ёй выдавалі перыяд. выданні (з 18 ст.). Сяляне-католікі вызначалі сваю этнічную прыналежнасць як польскую. Узнік і ўздзейнічаў на працэс фарміравання польскай літ. мовы мясцовы дыялект, т.зв. пальшчызна крэсова (літ. дзейнасць А.Міцкевіча, Я.Баршчэўскага, Я.Чачота, Т.Зана, У.Сыракомлі, Я.Ходзькі, В.Каратынскага, Э.Ажэшкі і інш.). Многія мастакі, кампазітары, рэвалюцыянеры 18—19 ст., якія паходзілі з Беларусі, зрабілі вял. ўклад як у бел., так і польскую культуру і гісторыю: Т.Касцюшка, М.Клеафас Агінскі, В.Ваньковіч, С.Манюшка, Н.Орда, Я.Сухадольскі, В.Урублеўскі і інш. У 2-й пал. 19 — пач. 20 ст. на Беларусі дзейнічалі аддзяленні шэрагу польскіх паліт. партый. У 1897 на Беларусі жыло больш за 324,2 тыс. П., найб. у Гродзенскай (161,7 тыс.) і найменш у Магілёўскай (17,5 тыс.) губ. Павелічэнне колькасці П. на Беларусі ў 1921—39 адбывалася пераважна на землях Заходняй Беларусі, дзе ва ўмовах сац. і нац. прыгнёту праводзілася палітыка акаталічвання і паланізацыі насельніцтва. Сюды з этнічных польскіх зямель перасяліліся групы асаднікаў, розныя катэгорыі рабочых і чыноўнікі (каля 300 тыс.чал.). Паводле перапісу 1926 у БССР было 97,5 тыс.чал. П. У 1921 ЦВКБССР дэкрэтам замацаваў за польскай мовай статус дзярж. разам з бел., рус. і яўрэйскай. У 1920-я г.прыЦККП(б)Б існавала Польбюро, якое курыравала парт. работу сярод П. Нізавыя польбюро былі ў Бабруйску, Бачэйкаве, Віцебску, Гомелі, Мазыры, Мінску, Рагачове, Рэчыцы і інш. У 1924 у БССР было 136 польскіх школ, 7 спец. польскіх дзіцячых дамоў. З 1922 у Мінску працавалі польскі пед. тэхнікум, польскае аддз.Бел.дзярж. вышэйшага пед. ін-та. На польскай мове выдаваліся газ.«Млот», «Orka» («Ворыва»), «Gwiazda Młodzieży» («Зорка моладзі»), «Pionier» («Піянер»), «Sztandar Wolności» («Сцяг свабоды»; усе ў Мінску). З 1927 існавала Польскае аддзяленне Бел. асацыяцыі пралет. пісьменнікаў. У 1929 у Мінску і Магілёве працавалі 2 нар. польскія суды. У 1929—37 у Мінску дзейнічаў Польскі дзярж. вандроўны тэатр, у 1932—37 — польскі сектар Усебел. к-та па радыёвяшчанні. У 1926 быў створаны 31 польскі нац. сельсавет. У 1932—37 на Койданаўшчыне існаваў Польскі нацыянальны раён з 10 нац. сельсаветаў. У 1937 нац.-культ. і нац.-дзярж. будаўніцтва П. у БССР было згорнута, усе адм.-тэр. адзінкі скасаваны. З уз’яднаннем Зах. Беларусі з БССР (вер. 1939) доля П. у рэспубліцы значна павялічылася. У 1939—41 дзейнічалі Дзяржаўны польскі тэатр БССР і Дзяржаўны польскі тэатр лялек БССР. У 1940 значная частка польскага насельніцтва Зах. Беларусі падверглася дэпартацыі. У Вял.Айч. вайну шмат П. удзельнічала ў партыз. руху Арміі Краёвай, частка з іх працягвала дзейнасць, асабліва пасля вайны, супраць сав. дзяржавы. У 1944—48 у рамках абмену насельніцтва паміж СССР і Польшчай з БССР у Польшчу перасялілася 274,2 тыс.чал., у т. л. пэўная колькасць беларусаў-католікаў, якія пры перасяленні падалі сваю нацыянальнасць як польскую. Мігранты з Беларусі былі паселены пераважна на зах. і паўн. землях Польшчы. У 1955—59 адбыўся 2-гі этап рэпатрыяцыі П. з зах. абласцей Беларусі і Украіны. У 1959, паводле перапісу, у БССР было 248,8 тыс. П. У 2-й пал. 1980-х г. пачалося адраджэнне культуры П. Беларусі. Створаны саюзы П. у Ашмянах, Баранавічах, Барысаве, Беразіне, Брэсце, Валожыне, Ваўкавыску, Вілейцы, Віцебску, Вішневе, Воранаве, Гродне, Дзяржынску, Івянцы, Клецку, Лагойску, Лідзе, Ляхавічах, Маладзечне, Мінску, Мядзеле, Навагрудку, Нясвіжы, Рубяжэвічах, Салігорску, Слуцку, Смалявічах, Смаргоні, Стоўбцах, Шчучыне і інш. Дзейнічаюць польскія школы ў Гродне, Ваўкавыску, Сапоцкіне, асобныя польскія класы ў Мінску, Клецку, Рубяжэвічах, Дзяржынску, нядзельныя школы ў Мінску і Нясвіжы. Працуюць польскія маст. калектывы. Выходзяць перыяд. выданні на польскай мове: газ.«Глос знад Немна» (з 1989), квартальны час.«Магазын польскі» (з 1992). З 1991 Гродзенскае абл. радыё і тэлебачанне вядуць штотыднёвыя перадачы на польскай мове. Створаны польскія грамадскія аб’яднанні: «Саюз палякаў на Беларусі» (1988), «Саюз палякаў на Міншчыне» (1994), «Польскае дэмакратычнае аб’яднанне» (1994) і інш. Наладжаны трывалыя сувязі П. Беларусі з Польшчай.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НЯСВІ́Ж,
горад, цэнтр Нясвіжскага р-на Мінскай вобл. За 112 км ад Мінска, 14 км ад чыг. ст. Гарадзея на лініі Мінск—Баранавічы. Аўтадарогамі злучаны з Баранавічамі, Клецкам, Навагрудкам, Стоўбцамі, з аўтамагістраллю Мінск—Слуцк. 14,6 тыс.ж. (2000).
Упершыню ўпамінаецца ў 1446 як уласнасць Сяляўкі, перададзеная вял.кн.ВКЛ Казімірам М.Неміровічу. З 1492 уласнасць маршалка ВКЛ П.Я.Мантыгірдавіча, з 1523 — Радзівілаў. У 1547 з атрыманнем М.Радзівілам Чорным княжацкага тытула Н. стаў цэнтрам Нясвіжскага княства. У сярэдзіне 16 ст. ў Н. дзейнічаў кальвінскі збор. Па ініцыятыве М.К.Радзівіла Сіроткі 23.4.1586 Н. атрымаў магдэбургскае права. У 1586 засн.Нясвіжскі езуіцкі калегіум, у 1591 — Нясвіжскі кляштар бенедыкцінак, у 1598 — Нясвіжскі кляштар бернардзінцаў. У 1583 пачата буд-ва Нясвіжскага замка (гл. ў арт.Нясвіжскі палацава-паркавы комплекс). У 1586 Н. стаў цэнтрам зямельнага ўладання Радзівілаў — Нясвіжскай ардынацыі з рысамі дзярж. адзінкі ў Навагрудскім ваяв. У вер. 1655 і 1660 у час вайны Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—67 Н. заняты ўкр. казакамі і рас. войскамі, але замак аблогу вытрымаў. У 1672 засн.Нясвіжскі кляштар дамініканцаў. У 1673 у Н. каля 2,4 тыс.ж., 366 «дымоў». У 1681 заснаваны штогадовы Міхайлаўскі кірмаш (праводзіўся на свята св. Міхаіла, 29 вер.). Моцна пацярпеў Н. ад шведаў у 1706 у час Паўночнай вайны 1700—21, адбылася Нясвіжа абарона 1706. Горад і замак адбудаваны ў 1720-я г. М.К.Радзівілам Рыбанькам. У прыгарадзе Н. Альбе знаходзілася загарадная рэзідэнцыя Радзівілаў, дзе быў пабудаваны палац, разбіты парк, выкапаны каналы, у 1726—36 працаваў Нясвіжскі чыгуналіцейны завод. У 1764 і 1768 Н. заняты рас. войскамі з-за антырас. пазіцыі К.С.Радзівіла Пане Каханку. З 1793 у Рас. імперыі, да 1796 цэнтр Нясвіжскага павета, пасля заштатны горад Слуцкага пав. У канцы 18 ст. ў Н. 2,7 тыс.ж., 409 дамоў. У ліст. 1812 як уладанне Д.Радзівіла, які з атрадам дзейнічаў у складзе войск Напалеона, заняты рас. арміяй, каштоўнасці замка канфіскаваны. У 1897 у Н. 8446 ж. У ліст. 1917 тут адбыўся 2-і з’езд салдат 2-й арміі Заходняга фронту. У лютым—снеж. 1918 акупіраваны герм. войскамі, 6.8.1919 заняты польск. войскамі. З 1921 у складзе Польшчы, цэнтр павета Навагрудскага ваяв. У кастр. 1926 у Н. адбылася сустрэча маршала Ю.Пілсудскага з буйнымі землеўладальнікамі. З вер. 1939 у БССР, з 15.1.1940 цэнтр раёна. У 1939—8,5 тыс.ж. У Вял.Айч. вайну 28.6.1941 акупіраваны ням. фашыстамі, якія загубілі ў горадзе больш за 6 тыс.чал., у 1943 дзейнічала падп. група. Вызвалены 2—4.7.1944 часцямі 65-й арміі 1-га Бел. фронту ва ўзаемадзеянні з партызанамі ў ходзе Мінскай аперацыі 1944. У 1959—6,7 тыс. ж.
Працуюць (2000) Нясвіжскі завод медыцынскіх прэпаратаў, хлебазавод, швейная ф-ка, малочны з-д, камбінат быт. паслуг, рыбгас «Альба»; Нясвіжскі педагагічны каледж, санаторый «Нясвіж», Нясвіжскі гісторыка-краязнаўчы музей.
У 1580-я г. на тэр. сучаснага Н. пачало фарміравацца паселішча гар. тыпу. Да 1533 на месцы стараж. гарадзішча пабудаваны драўляны замак. Ад першага ўпамінання Н. ў пісьмовай крыніцы ў 1446 і да пач. 16 ст. тут існаваў феад. двор, які ў канцы 15 ст. быў умацаваны. У 1589 пачалося буд-ва ратушы. У канцы 15 ст. пабудаваны касцёл св. Духа, існавала правасл. царква Раства Багародзіцы. У канцы 16 — пач. 17 ст. фарміруецца арх. аблічча Н. (захавалася яго планіровачная структура з невял. зменамі). М.К.Радзівіл Сіротка з удзелам запрошаных ім італьян. архітэктараў узвёў мураваны замак, абнесены земляным валам і вадзяным ровам. У пач, 17 ст. вакол Н. насыпаны земляныя бастыёны і курціны (іх рэшткі захаваліся на беразе Дзявочага става каля кляштара бенедыкцінак, даўж. каля 100—150 м). У 1584—1616 Н. набыў рэгулярную сістэму планіроўкі, сфарміраваўся як горад-крэпасць. Рака падзяляла яго на 2 часткі: уласна горад з замкам і яго прадмесце Новае места, якое будавалася на працягу 17 ст. На 4 асн. уездах у горад былі збудаваны брамы: Нясвіжская замкавая вежа, Нясвіжская Слуцкая брама, Віленская (спачатку наз. Мірская) і Клецкая. Н. меў прамавугольную сістэму планіроўкі з невял. квадратнымі кварталамі. Кампазіцыйным цэнтрам была прамавугольная ў плане Рыначная плошча, забудаваная па перыметры з 3 бакоў мураванымі жылымі дамамі, у цэнтры якой знаходзілася мураваная ратуша. У 17 ст. абапал яе размяшчаліся гандл. рады (перабудаваны ў 18 ст.; гл.Нясвіжская ратуша і гандлёвыя рады). У 1672 за ратушай узведзены мураваны дамініканскі кляштар (не захаваўся). Аснову планіровачнай структуры складалі 2 узаемна перпендыкулярныя вуліцы. Адна, больш працяглая (частка гасцінца Слуцк—Вільня), праходзіла праз увесь горад з З на У і злучала Слуцкую і Віленскую брамы, другая (наз. Водная) — з Пн на Пд, звязвала Рынак з замкавай грэбляй. З канца 16 ст. Н. забудоўваўся паводле класічнай рэнесансавай схемы, прамаляванай ням. жывапісцам А.Дзюрэрам у выглядзе чалавечага цела: замак — галава, калегіум езуітаў з касцёлам — сэрца, ратуша і гандл. рады на рынку — страўнік, рукі і ногі пазначаны кляштарамі і цэрквамі па перыметры горада. Некат. карэкціроўка ўнесена наяўнасцю забалочанага поплаву р. Уша. У канцы 16 ст.паўн.-ўсх. частцы горада, каля замкавай вежы, пабудаваны Нясвіжскі касцёл езуітаў і Нясвіжскі езуіцкі калегіум, у паўд.-ўсх. частцы — Нясвіжскі кляштар бенедыкцінак, у паўн.-зах. частцы — Нясвіжскі кляштар бернардзінцаў. У 1673 узведзены Нясвіжскі кляштар бенедыкцінцаў з касцёлам св. Крыжа. У 2-й пал. 16 ст. ўзнік прыгарад Альба, дзе ў 17—18 ст. сфарміраваўся Альбінскі палацава-паркавы ансамбль. У 1654 і 1659 горад разбураны, у 1706 разрабаваны і спалены, узарваны бастыёны, горад пацярпеў і ад пажараў 1836 і 1843 (згарэла 150 дамоў). У 1720-я г. адбудаваны. У 18 ст. існаваў гар. палац, у 19 ст. — цэрквы Праабражэнская (з 1846 у будынку ратушы), Георгіеўская, Прачысценская (пабудавана ў 1577), 2 касцёлы, сінагога, 7 яўр. малітоўных дамоў. Сучасны горад захаваў гіст.арх.-планіровачную структуру. Ракой і вадаёмам ён падзелены на паўн.-зах. (гіст.) і паўд.-ўсх. (асн. жылы масіў з грамадскім цэнтрам) часткі, звязаныя паміж сабой земляной дамбай і мостам. Асн. кампазіцыйныя восі — вуліцы Ленінская—Савецкая-1 Мая і Шымко—К.Лібкнехта—Садовая (з Пн на Пд). Пасля Вял.Айч. вайны горад развіваўся паводле схемы планіроўкі 1955 (Баранавіцкія праектныя майстэрні) і генплана 1965 (ін-т «Белдзяржпраект»), Гал. вуліца — Ленінская. Адм.-грамадскі і культ. цэнтр сфарміраваўся на Цэнтральнай плошчы (б. Рыначная), на ёй разбіты сквер. Цэнтр забудаваны 3—5-павярховымі дамамі. Сфарміраваліся паўн.-зах. і паўд.-ўсх.вытв. зоны. Зона адпачынку — паркі, вадаёмы, лесапарк. Захаваліся помнікі архітэктуры 16—19 ст.: плябанія, Нясвіжскі«Дом на рынку» і інш. Паводле генплана 1982 (БелНДІПгорадабудаўніцтва, арх. Т.Станішэўская) і праекта дэталёвай планіроўкі цэнтра 1978 (ін-т «Мінскграмадзянпраект», арх. А.Кракалёва, Л.Шылінская, Г.Перліна) прадугледжана далейшае развіццё горада на ПдЗ і ПдУ, стварэнне грамадскага цэнтра на стыку гіст. цэнтра з раёнамі новай жылой забудовы. У 1985 распрацаваны праект рэстаўрацыі і рэгенерацыі гіст. забудовы Н. (арх. Г.Босак, А.Дарэнскі, Т.Куцапалава і інш.). У 1982 у Н. пастаўлены помнік С.Буднаму (скульпт. С.Гарбунова).
Да 20 ст.культ. жыццё Н. развівалася дзякуючы мецэнатам — князям Радзівілам. У 16 і 18 ст. працавала Нясвіжская друкарня, заснаваная С.Будным, М.Кавячынскім і Л.Крышкоўскім і адроджаная Радзівілам Рыбанькам. У 16 ст. склаўся т.зв. Нясвіжскі літ. гурток, у які ўваходзілі С.Будны, А.Рымша, Г.Пельгжымоўскі, Я.Радван, Я.Козак, пазней — Б.Будны і С.Рысінскі. У замку захоўваліся творы дэкар.-прыкладнога мастацтва, карціны, архіў і б-ка Радзівілаў; буйныя кнігазборы былі ў кляштарах. У канцы 16 — пач. 17 ст.пры двары Радзівіла Сіроткі працаваў гравёр і картограф Т.Макоўскі, складзена 1-я дакладная карта ВКЛ. Пры езуіцкім калегіуме з 1610 існавала муз. бурса, з 1620 — канвікт (інтэрнат) для малазабяспечаных вучняў, з 1627 — аптэка, меўся шпіталь, у 1696—1758 дзейнічаў школьны т-р. У 17 ст. ў калегіуме выкладалі паэт М.К.Сарбеўскі, філосаф З.Лаўксмін, у 18 ст. — паэт і драматург Ю.Катэнбрынг, гісторык Я.А.Пашакоўскі. У сярэдзіне 18 ст. Радзівіл Рыбанька заснаваў Нясвіжскую мануфактуру шаўковых паясоў, Нясвіжскую дывановую мануфактуру і Нясвіжскую суконную мануфактуру. У 18 ст. ў Н. працавалі архітэктар К.Ждановіч, мастакі Гескія, гравёр Г.Ляйбовіч. У 18 ст. дзейнічаў Нясвіжскі кадэцкі корпус для падрыхтоўкі афіцэраў радзівілаўскага войска. У 18 — пач. 19 ст. існавалі Нясвіжскі тэатр Радзівілаў з Нясвіжскай балетнай школай, Нясвіжская капэла Радзівілаў з Нясвіжскай музычнай школай; ставіліся п’есы Ф.У.Радзівіл, оперы М.Радзівіла. У выніку канфіскацый рас. улад у 1772 і 1812 страчана значная частка замкавай б-кі, музейных збораў і каштоўнасцей. У 1815 у Н. жыў паэт-дзекабрыст К.Ф.Рылееў, у 1833—35 і 1840—44 — паэт У.Сыракомля. Пасля скасавання езуіцкага ордэна ў 1773 замест калегіума адкрыта вучылішча Адукацыйнай камісіі, да 1835 дзейнічала школа пры дамініканскім кляштары. У 1875 адкрыта Нясвіжская настаўніцкая семінарыя, дзе вучыліся этнографы А.Я.Багдановіч і А.К.Сержпутоўскі, пісьменнікі Я.Колас, К.Чорны, Р.Мурашка, мастак М.К.Сеўрук (з 1939 жыў пастаянна, тут і пахаваны). У 1921—24 дзейнічала Нясвіжская бел. гімназія. У 1994 для адраджэння помнікаў Н. заснаваны міжнар. фонд «Нясвіж». З 1995 працуе Нясвіжскі гісторыка-краязнаўчы музей. У 1996 створаны гіст.-культ. запаведнік «Нясвіж». У горадзе праводзяцца міжнар.навук. сімпозіумы па гісторыі і культуры, фестывалі старадаўняй і камернай музыкі «Музы Нясвіжа». Брацкая магіла сав. воінаў і партызан, магіла ахвяр фашызму, мемар. знак на месцы расстрэлу ахвяр фашызму. Помнік Вызвалення ад ням.-фаш. захопнікаў.