ХАЛАДЗІ́ЛЬНЫ ЦЫКЛ,

адваротны тэрмадынамічны кругавы працэс, які выкарыстоўваецца для штучнага ахаладжэння. Найб. пашыраны Х.Ц., заснаваныя на выпарэнні вадкасці, Джоўля—Томсана эфекце, расшырэнні рабочага цела ў дэтандэры, з дапамогай якіх атрымліваюць нізкія т-ры да 0,3 К. У халадзільных машынах розных сістэм для павышэння эканамічнасці, расшырэння інтэрвалу т-р і інш. часта выкарыстоўваюцца ўскладненыя Х.ц. (шматступеньчатыя, каскадныя, з рэгенерацыяй цеплаты і інш.). Напр., каскадны Х.ц. аб’ядноўвае некалькі Х.ц. і цеплата ад ніжэйшых цыклаў перадаецца верхнім цыклам, што дазваляе атрымліваць т-ру да -110 °C.

т. 16, с. 527

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ХЛАРЫ́ТЫ,

1) солі хлорыстай к-ты HClO2.

Бясколерныя або жаўтаватыя крышталі, добра раствараюцца ў вадзе (за выключэннем Х. серабра і свінцу); у цвёрдым стане пры награванні і ўдары ўзрываюцца. У кіслым асяроддзі — моцныя акісляльнікі. У прам-сці Х. натрыю выкарыстоўваюць для адбельвання тканін. Пры пападанні ў арганізм чалавека дзейнічаюць на кроў. Таксічная доза для чалавека да 1 г на 1 кг масы цела.

2) Х. — група мінералаў, у асн. алюмасілікатаў магнію, алюмінію, жалеза (напр., карундафіліт, амезіт, шамазіт). Уваходзяць у састаў многіх горных парод.

т. 17, с. 30

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ШАБУ́ЕЎ Васіль Казьміч (13.4.1777, г. Кранштат, Расія — 28.6.1855),

рускі жывапісец, адзін з майстроў позняга класіцызму і акадэмізму. Вучыўся ў Пецярбургскай АМ (1782—97), з 1807 выкладаў у ёй (з 1812 праф., з 1832 рэктар). У 1803—07 пенсіянер АМ у Рыме. Творчасць вылучаецца строга акадэмічным малюнкам, удалай кампаноўкай шматфігурных сцэн, цікавасцю да нац. гісторыі: «Подзвіг купца Іголкіна» (1839). Некат. творам уласцівы рысы рамантызму і рэалізму: «Варажба. Аўтапартрэт» (1805), «Партрэт адстаўнога чыноўніка Швыкіна» (1833).

Літ.:

Круглова В. В.​К.​Шебуев. Л., 1982.

т. 17, с. 355

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ШАРСНЁЎ Пётр Мяркур’евіч (н. 15.5.1932, в. Курбатаўшчына Смаленскай вобл., Расія),

бел. вучоны ў галіне земляробства і раслінаводства. Канд. с.-г. н., праф. (1998). Засл. работнік сельскай гаспадаркі Беларусі (1990). Скончыў БСГА (1955) і працуе там (з 1972 дэкан ф-та, у 1983—91 прарэктар). Навук. працы па распрацоўцы і ўдасканаленні тэхналогій вырошчвання збожжавых, зернебабовых культур, канюшыны, кукурузы.

Тв.:

Сорные растения и меры борьбы с ними. Мн., 1987 (разам з М.​І.​Пратасавым, К.​П.​Падзёнавым);

Земледелие Белоруссии. Мн., 1987 (у сааўт).

т. 17, с. 382

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«ШАЎЦЫ́»,

«Шавец», бел. нар. мужчынскі танец. Муз. памер ​2/4. Тэмп умераны. У танцы выразнымі рухамі перадаюцца працэсы працы шаўца: намотванне на руку і васкаванне дратвы, шыццё абутку, падбіўка падэшвы цвікамі і інш., а потым выхваленне абуткам. У пач. 20 ст. быў вядомы сольны варыянт танца «Чобаты», яго выконваў І.​Буйніцкі ў выступленнях сваёй трупы. Існуе варыянт і для мяшанага складу выканаўцаў. Зафіксаваны ва ўсх. і зах. раёнах Беларусі. Падобны танец ёсць у Літве і на Украіне.

Л.​К.​Алексютовіч.

т. 17, с. 391

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЭКЗАБІЯЛО́ГІЯ (ад экза... + біялогія),

галіна касмічнай біялогіі, якая займаецца пошукамі жывой матэрыі і арган. рэчываў у космасе і на інш. планетах. Ускоснымі доказамі існавання жыцця ў космасе служаць знаходкі папярэднікаў складаных арган. малекул (сінільнай к-ты, фармальдэгіду; усяго каля 20), якія выяўлены ў касм. прасторы спектраскапічнымі метадамі. У межах Сонечнай сістэмы жыццё, верагодна, ёсць толькі на Зямлі. У Э. існуюць уяўленні, што жыццё па-за межамі Зямлі магчыма як на водна-вугляроднай аснове, так і на крэмніева-аміячнай.

т. 18, кн. 1, с. 67

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЭТЫЛЕНДЫЯМІНТЭТРАВО́ЦАТНАЯ КІСЛАТА́ (ЭДТА),

арганічнае злучэнне, чатырохасноўная амінакіслата.

Бясколерныя крышталі. Тэрмічна ўстойлівая да 180 °C. Раствараецца ў растворах шчолачаў. Утварае ўстойлівыя комплексы з катыёнамі розных элементаў. Атрымліваюць узаемадзеяннем этылендыяміну з монахлорвоцатнай к-той у шчолачным асяроддзі і інш. Выкарыстоўваюць у вытв-сці паверхнева-актыўных рэчываў (у т. л. вадкіх мылаў і шампуняў), сродкаў аховы раслін; экстрагент для ачысткі паверхняў металаў, выдалення рэшткаў металаў з расл. алеяў, лек. сродкаў; кансервант крыві і харч. прадуктаў; антыаксідант і хелатуючы агент у арган. сінтэзе і інш.

т. 18, кн. 1, с. 184

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЮВА́РА (Juvara, Juvarra) Філіпа (27.3.1678, г. Месіна, Італія — 1.2.1736), італьянскі архітэктар; прадстаўнік позняга барока. Вучыўся ў Рыме (1703—14) у арх. К.​Фантаны. Працаваў пераважна ў г. Турын, а таксама ў Партугаліі і Іспаніі. Пабудовы Ю. вылучаюцца веліччу форм, спалучэннем павялічанага па маштабе «каласальнага» ордэра з класічнай выразнасцю дэталей і прамалінейнасцю планаў: фасад і лесвіца Палацца Мадама ў Турыне (1718—21), комплекс кляштара Суперга (1714—31), палац Ступініджы (1729—33; абодва каля Турына). Іл. гл. да арт. Турын.

т. 18, кн. 1, с. 199

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЮЗАФО́ВІЧ-БАРО́ЎСКАЯ Тэафілія (Багуміла) Якаўлеўна (1826 ці 1828, г. Гродна — ?),

бел. скрыпачка-віртуоз. Вучылася ў г. Гродна ў скрыпача-аматара Звіровіча, удасканальвала майстэрства ў Пецярбургу (1838—41) у А.​В’ётана, У.​Буля, Ф.​Прума. У 1835 — пач. 1870-х г. выступала ў гарадах Беларусі і Літвы, у Пецярбургу і Варшаве. За майстэрскае выкананне яе называлі «Паганіні ў жаночым адзенні». У рэпертуары творы Н.​Паганіні, В’ётана, К.​Ліпінскага, Г.​Вяняўскага, Ш.​Берыо, Г.​Эрнста і інш.

А.​Л.​Капілаў.

т. 18, кн. 1, с. 205

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЯГО́РАЎ Барыс Барысавіч (26.11.1937, Масква — 19.9.1994),

савецкі касманаўт. Герой Сав. Саюза (1964). Лётчык-касманаўт СССР (1964). Д-р мед. н. (1979), праф. (1984). Палк. мед. службы. Скончыў 1-ы Маскоўскі мед. ін-т (1961). З 1964 у Цэнтры падрыхтоўкі касманаўтаў імя Ю.​А.​Гагарына. 12—13.10.1964 з У.М.Камаровым і К.П.Феакціставым здзейсніў палёт на першым у свеце шматмесным касм. караблі «Узыход» (як урач). У космасе правёў 1 сут. Залаты медаль імя К.​Э.​Цыялкоўскага АН СССР. Залаты медаль «Космас».

У.​С.​Ларыёнаў.

т. 18, кн. 1, с. 231

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)