плынь у рускай паэзіі 1920-х г., якую прадстаўляла аб’яднанне «Імажыністы» (тэарэтыкі В.Шаршаневіч і А.Марыенгоф, паэты С.Ясенін, І.Грузінаў, Р.Іўнеў, А.Кусікаў, мастакі Б.Эрдман, Г.Якулаў). Імажыністы апублікавалі дэкларацыю (1919), мелі сваё выд-ва «Імажыністы» (выпусціла больш за 20 кніг) і час. «Гостиница для путешествующих в прекрасном» (1922—24, № 1—4).
Яны развівалі эстэт. прынцыпы англ. паэтаў-імажыністаў (адмаўленне акадэмізму і рытарычнасці, арыентацыя на творчую інтуіцыю і парадаксальную вобразнасць), спалучалі іх з традыцыямі айч.маст. культуры (рытмічная і вобразная разнастайнасць фальклору, вольны верш, элементы сімвалізму, пераўтварэнне адных і адмаўленне другіх рыс паэтыкі футурызму), сцвярджалі аўтаномнасць паэт. мовы, самакаштоўнасць вобразнасці, метафарыстыкі і рытмікі, схіляючыся часам да «чыстага мастацтва».
І. паўплываў на маладую бел. паэзію і часткова крытыку 1920-х г. (мадэрнісцкія тэндэнцыі ў «Маладняку», «кантрастная вобразнасць» у дэкларацыі «Узвышша», «жывапісанне словам» у паэзіі і прозе, акцэнт на «асацыятыўную рытміку вобразаў»), Асобныя рысы паэтыкі І. прыкметныя ў ранняй творчасці Я.Пушчы, Т.Кляшторнага, прозе А.Бабарэкі і інш. маладнякоўцаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІНДУР́А,
вёска ў Гродзенскім р-не, на аўтадарозе Гродна—Ваўкавыск. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 25 км на Пд ад горада і чыг. ст. Гродна. 1574 ж., 552 двары (1997).
У пач. 16 ст. двор маршалка ВКЛ Я.Я.Давойнавіча, які да 1525 заклаў тут мястэчка. З 2-й пал. 16 ст. ўласнасць Кішкаў, Радзівілаў, Пацаў, Валовічаў, Агінскіх, Салагубаў, Масальскіх і інш. З 1795 у Рас. імперыі. У 19 ст. цэнтр воласці Гродзенскага пав. У 1897—2681 ж., 314 двароў, царква, касцёл, сінагога, 4 яўр. малітоўныя дамы, прыходскае вучылішча, фельч. пункт, бровар, 2 вінакурні, 16 майстэрняў, вапнавы з-д, 8 корчмаў У 1921—39 у складзе Польшчы, мястэчка Гродзенскага пав. Беластоцкага ваяв. З 1939 у БССР, з 1.5.1940 гар. пасёлак, з 1940 цэнтр сельсавета Гродзенскага р-на, з 29.12.1949 вёска. У 1971—1549 жыхароў.
Сярэдняя і муз. школы, клуб, б-ка, бальніца, аптэка, Дом быту, аддз. сувязі. Брацкая магіла сав. воінаў. Помнік архітэктуры Індурскі Троіцкі касцёл (1825). Царква. На ўскраіне вёскі археал помнік Індура.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІНТЭРФЕРЭ́НЦЫЯ ХВА́ЛЬ,
з’ява ўзмацнення ў адных і аслаблення ў другіх пунктах прасторы амплітуды выніковай хвалі, атрыманай пры складанні дзвюх (ці больш) хваль. Назіраецца для хваль любой прыроды. Прыводзіць да пераразмеркавання энергіі ваганняў паміж суседнімі ўчасткамі асяроддзя, аднак у сярэднім выніковая энергія роўная суме энергій зыходных хваль.
І.х. адбываецца, калі рознасць іх фаз не мяняецца з цягам часу (гл.Кагерэнтнасць) або змяняецца настолькі павольна, што атрыманая інтэрферэнцыйная карціна за час назірання не паспявае зрушыцца на адметную велічыню; для назірання інтэрферэнцыі папярочных хваль неабходна таксама супадзенне плоскасцей іх ваганняў. Амплітуда выніковага вагання мае найб. значэнне, калі φ = 2πn, дзе п — цэлы лік, і найменшае, калі φ = 2πn+1. Размеркаванне максімумаў і мінімумаў у прасторы залежыць ад даўжыні хвалі, памераў, формы і ўзаемнага размяшчэння крыніц зыходных хваль. Асобны выпадак І.х. — інтэрферэнцыя сустрэчных хваль (напр., прамой і адбітай), што вядзе да ўтварэння стаячай хвалі. І.х. выкарыстоўваецца ў оптыцы (гл.Інтэрферэнцыя святла), астрафізіцы, акустыцы, радыётэхніцы, галаграфіі і інш.Гл. таксама Інтэрферометр.
А.І.Болсун.
Да арт.Інтэрферэнцыя хваль: 1 — інтэрферэнцыя дзвюх хваль на паверхні вады; 2 — утварэнне мінімумаў (а) і максімумаў (б).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІСААКЯ́Н (Аветык Саакавіч) (31.10.1875, Казарапат, каля г. Гюмры, Арменія — 17.10.1957),
армянскі паэт.Акад.АН Арменіі (1943). Вучыўся ў Эчміядзінскай духоўнай семінарыі «Геваркян» (1889—92). У 1911—36 жыў пераважна за мяжой. Друкаваўся з 1892. Творчасць цесна звязана з гісторыяй і культурай арм. народа, прасякнута гуманізмам і павагай да чалавечай годнасці. Першы зб. вершаў «Песні і раны» (1897) вылучаецца лірызмам і напеўнасцю. У філас. паэме «Абул Ала Маары» (1909—11) тэма трагічнага адзіноцтва моцнай асобы. Аўтар гіст. балады «Нашы продкі» (1917), паэмы «Сасма Мгер» (1919, перапрацавана ў 1937), зб. вершаў і апавяданняў «Люлька цярпення» (1928), цыклаў вершаў «Нашы гісторыкі і нашы гусаны» (1939), «Маёй радзіме» (1940), «Армянская архітэктура» (1942), патрыят. вершаў гадоў Вял.Айч. вайны (Дзярж. прэмія СССР 1946), рамана «Уста Каро» (незакончаны). На бел. мову творы І. перакладалі М.Аўрамчык, Р.Барадулін, Я.Брыль, Э.Валасевіч.
Тв.:
Бел.пер. — у кн.: Кветкі Арарата. Мн., 1964;
Рус.пер. — Избр. произв.Т. 1—2. М., 1975.
Літ.:
Ахвердян Л.О. Жизнь и дело Аветика Исаакяна. М., 1975.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІСА́ЕЎ (Ягор) (Георгій) Аляксандравіч (н. 2.5.1926, в. Коршава Баброўскага р-на Варонежскай вобл., Расія),
рускі паэт.Герой Сац. Працы (1986). Скончыў Літ.ін-т імя М.Горкага (1955). Друкуецца з 1945. Аўтар лірычных вершаў, балад, паэмы «Над хвалямі Дуная» (1953). Лірыка-філас., антыфаш. дылогія «Суд памяці» (1962) і «Даль памяці» (1977, за абедзве паэмы Ленінская прэмія 1980) аб прычынах узнікнення фашызму ў Германіі, эмацыянальнае сведчанне сучасніка пра час, мір, працу і нар. спадзяванні, роздум пра лёс пасляваен. Еўропы. Творы вызначаюцца маштабнай вобразнасцю, сімвалічнасцю, абагульненасцю, вострадрам. успрыняццем жыцця, трагічным гратэскам, філас.-публіцыстычнай глыбінёй. Тэмы лірычнай сац.-філас. трылогіі з паэм «Мае асеннія палі», «Дваццаць пятая гадзіна», «Паляўнічы забіў жураўля» (1980-я г.) — вайна і мір, лёс чалавека і чалавецтва. Аўтар празаічных твораў, кніг пра псіхалогію творчасці, літ.-крытычных і публіцыстычных артыкулаў.
Тв.:
Избр. произв.Т. 1—2. М., 1990;
Жизнь прожить М., 1979;
Колокол света. М., 1984, Чувство глагола. М., 1985;
Миг вечности: Поэмы. М., 1986.
Літ.:
Числов М.М. Егор Исаев. Очерк творчества. 2 изд. М., 1990.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІТАЛЬЯ́НСКАЯ КАМПА́НІЯ 1943—45,
баявыя дзеянні ўзбр. сіл Вялікабрытаніі і ЗША супраць ням.-фаш. і італьян. войск на тэр. Італіі ў 2-ю сусв. вайну. Пачалася з высадкі англа-амер. войск 10.7.1943 на в-аў Сіцылія. Да канца жн. 1943 яны авалодалі Сіцыліяй, 3 вер. высадзіліся на Пд Апенінскага п-ва. Працяглыя баі адбыліся на ўмацаванай лініі па рэках Гарыльяна і Сангра, у т. л. 17.1—4.6.1944 каля горнага кляштара Монтэ-Касіна (за 150 км на ПдУ ад Рыма), дзе вызначылася польская Андэрса армія. У гэтай арміі было нямала беларусаў і ўраджэнцаў Зах. Беларусі. Паводле наяўных звестак, у баях каля Монтэ-Касіна загінулі 264 беларусы з 1078 забітых вайскоўцаў Андэрса. 4.6.1944 саюзныя войскі занялі Рым. 17 жн. — г. Фларэнцыю. Паўн. Італія вызвалена саюзнікамі з дапамогай італьян. партызан у выніку Паўн.-Італьян. аперацыі (крас.—май 1945), якая завяршылася 2.5.1945 капітуляцыяй ням.-фаш. войск у Італіі. Агульныя страты ням.-фаш. войск склалі 536 тыс.чал., саюзнікаў — 320 тыс.
Літ.:
Заварошкін У. Монтэ-Касіна: Трыумф і трагедыя // Бел. мінуўшчына. 1995. № 1.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІУДЗЕ́ЙСКАЯ ВАЙНА́ 66—73,
антырымскае паўстанне ў Іудзеі. Выклікана злоўжываннямі рым. пракуратара Флора. Паўстанне ўзначалілі рэліг.-паліт. групоўкі: зелоты, якія змагаліся супраць Рыма з пазіцый рэліг. фанатызму, і сікарыі — змагары супраць рабства і засац. роўнасць. Паўстанцы авалодалі Іерусалімам, уласна Іудзеяй, Галілеяй і інш. тэрыторыямі, адбілі першы карны паход рымлян (ліст. 66). Аднак у 67—68 моцнае рым. войска на чале з Веспасіянам захапіла Галілею і б.ч. Іудзеі. Галілейскі палкаводзец Іосеф бен Матыт’яху (Іосіф Флавій) трапіў у палон і перайшоў на бок рымлян. Правадыр галілейскіх зелотаў Іаханан (Іаан) з Гісхалы са сваім атрадам зрабіўся ў Іерусалім і там узначаліў кіраўніцтва паўстаннем. Пасля абвяшчэння Веспасіяна імператарам (69) на чале рым. войска стаў яго сын Ціт, які выкарыстаў міжусобную барацьбу зелотаў з сікарыямі і ў жн. 70 пасля 5 месяцаў аблогі захапіў Іерусалім. Рымляне поўнасцю разбурылі горад і храм. Палонныя, у т. л. Іаханан, былі ператвораны ў рабоў, правадыр сікарыяў Сімон бар Гіёра пакараны смерцю ў Рыме. У 73 рымляне захапілі апошнюю крэпасць сікарыяў Масаду.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІХЭТУА́НЬСКАЕ ПАЎСТА́ННЕ, Баксёрскае паўстанне,
паўстанне пераважна супраць засілля іншаземцаў у Паўн. Кітаі ў 1898—1901. Ініцыіравана тайным рэліг. т-вам Іхэцюань («Кулак у імя справядлівасці і згоды»), пазней перайменаваны ў Іхэтуані («Атрады справядлівасці і згоды» — адсюль назва) у прав. Шаньдун. У 1900 паўстанцы (100 тыс.; сяляне і гар. беднякі), якіх не здолелі спыніць урадавыя войскі, накіраваліся да Пекіна, знішчаючы замежныя місіі і прадстаўніцтвы. 14.6.1900 іхэтуані ўступілі ў Пекін і разам з урадавымі войскамі 56 дзён вялі аблогу пасольскага квартала. Пасля сумеснай ноты кіт. ўраду Вялікабрытанія, ЗША, Германія, Японія, Расія, Францыя, Італія і Аўстра-Венгрыя распачалі ўзбр. інтэрвенцыю. 21 чэрв.кіт. ўрад абвясціў вайну дзяржавам-інтэрвентам, аднак іх аб’яднаная армія на чале з ням. фельдмаршалам А. фон Вальдэрзе 14 жн. заняла Пекін. 7 вер.кіт. ўрад, які перабраўся ў г. Сіань, абвясціў іхэтуаняў па-за законам. У 1901 замежныя і кіт. войскі задушылі паўстанне. 7.9.1901 Кітай падпісаў навязаны яму «Заключны пратакол», які фактычна зводзіў краіну да становішча паўкалоніі.
Літ.:
Калюжная Н.М. Восстание ихэтуаней (1898—1901). М., 1978.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАЗА́НСКІЯ ПАХО́ДЫ 1545—52,
ваенныя дзеянні, у т. л. прэвентыўныя, рус. войск супраць Казанскага ханства, якое праводзіла ў адносінах да Расіі агрэсіўную палітыку: рабіла пастаянныя рабаўнічыя набегі, закрывала волжскі гандл. шлях; у сярэдзіне 16 ст. ў Казані ўтрымлівалася каля 100 тыс.рус. нявольнікаў. Паход 1545 меў характар ваен. дэманстрацыі, паходы 1547—48 і 1549—50 былі безвыніковыя. Апошні паход 1552 быў добра падрыхтаваны ў дыпламат., ваен. і матэрыяльных адносінах. Яшчэ ў 1551 паводле загаду цара Івана IV Грознага рус. майстры пабудавалі за 30 км ад Казані апорную базу — крэпасць Свіяжск, куды былі загадзя завезены асадная артылерыя, боепрыпасы і харчаванне. 16 чэрв.рус. войскі на чале з царом выступілі з Масквы. 24 чэрв. яны разбілі каля Тулы войска крымскага хана Дэўлет-Гірэя, узмоцненае атрадам тур. янычараў, потым накіраваліся да Казані і ў жн. асадзілі яе. Іван IV сканцэнтраваў вакол Казані каля 150 тыс. воінаў, 150 гармат. Рус. войскі бамбардзіравалі горад з цяжкіх гармат, з дапамогаю мінных падкопаў разбуралі яго ўмацаванні. 2.10.1552 Казань узята штурмам; Казанскае ханства спыніла існаванне і было далучана да Расіі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАЗЕ́КА (Янка) (Іван Дарафеевіч; н. 31.8.1915, в. Кострычы Кіраўскага р-на Магілёўскай вобл.),
бел. крытык і літ.-знавец. Засл. работнік культ. Беларусі (1975). Скончыў Мінскі пед.ін-т (1938). Настаўнічаў, працаваў у прэсе. У 1957—67 гал. рэдактар выд-ва «Беларусь». У 1967—91 у выд-ве «Беларуская Савецкая Энцыклапедыя» (у 1969—79 нам.гал. рэдактара). Друкуецца з 1935.
Аўтар прац па пытаннях развіцця класічнай і сучаснай бел. л-ры: зб-кі «З невычэрпных крыніц» (1958), «Натхненне і майстэрства» (1963), кн. «Беларуская байка» (1960), «Кандрат Крапіва» (1965), «Кузьма Чорны» (1980). Даследуе пераважна прозу, а таксама жанры сатыры, байку, праблемы творчай індывідуальнасці пісьменніка (Я.Колас, К.Чорны, К.Крапіва, І.Мележ, І.Шамякін, В.Вітка, А.Кулакоўскі), стылёва-жанравых прыкмет маст. твора. Складальнік кніг аўтабіягр. матэрыялаў бел. пісьменнікаў «Пяцьдзесят чатыры дарогі» (1963), «Пра час і пра сябе» (1966), «Вытокі песні» (1973). Дзярж. прэмія Беларусі 1976 за ўдзел у выданні Бел.Сав. Энцыклапедыі ў 12 тамах.