ЗАКО́Н (юрыд.),

нарматыўна-прававы акт, прыняты вышэйшым прадстаўнічым органам дзярж. улады або шляхам усенар. галасавання (рэферэндуму). З. рэгулюе найб. важныя грамадскія адносіны, валодае вышэйшай юрыд. сілай у адносінах да нарматыўных актаў усіх інш. органаў дзяржавы. Ён складае аснову сістэмы права дзяржавы. Як самаст. крыніца права З. склаўся яшчэ ў старажытнасці і прыйшоў на змену прававому звычаю. Для З. характэрны асобы парадак прыняцця, спец. заканатворчая працэдура, якая распадаецца на шэраг стадый: заканадаўчую ініцыятыву, абмеркаванне праекта, прыняцце З., абнародаванне закону. Адрозніваюць канстытуцыйны З., які змяняе канстытуцыю, уносіць у яе папраўкі і дапаўненні або па сваёй сутнасці і важнасці рэгулюемых адносін прыраўноўваецца да канстытуцыі, і звычайны З., які выдаецца ў адпаведнасці з канстытуцыяй. Асн. З. дзяржавы з’яўляецца канстытуцыя. У федэратыўных дзяржавах адрозніваюць З. федэральныя і З. суб’ектаў федэрацыі. Асобную катэгорыю складаюць надзвычайныя З., якімі ў час абвешчанага ў краіне надзвычайнага становішча абмяжоўваюцца правы і свабоды грамадзян і правы юрыд. асоб (гл. Надзвычайнае заканадаўства).

т. 6, с. 506

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СЛЮНЬКО́Ў Мікалай Мікітавіч (н. 26.4.1929, в. Гарадзец Рагачоўскага р-на Гомельскай вобл.),

дзяржаўны і парт. дзеяч БССР. Герой Сац. Працы (1974). Засл. работнік прам-сці Беларусі (1972). Скончыў Бел. ін-т механізацыі сельскай гаспадаркі (1962). З 1950 працаваў на Мінскім трактарным з-дзе. З 1960 дырэктар Мінскага з-да запасных частак, з 1965 — Мінскага трактарнага з-да. З 1972 1-ы сакратар Мінскага гаркома КПБ. У 1974—83 нам. старшыні Дзяржплана СССР. З 1983 1-ы сакратар ЦК КПБ. У 1987—91 сакратар ЦК КПСС, адначасова ў 1987—88 заг. эканам. аддзела ЦК КПСС, у 1988—91 старшыня Камісіі ЦК КПСС па пытаннях сац.-эканам. палітыкі. Чл. ЦК КПБ у 1966—76, 1983—90. Чл. ЦК КПСС з 1986, канд. у чл. Палітбюро з сак. 1986, чл. Палітбюро ЦК КПСС у 1987—91. Дэп. Вярх. Савета СССР у 1966—70, 1979—89, нар. дэп. СССР з 1989. Дэп. Вярх. Савета БССР у 1971—75, 1980—90. Дзярж. прэмія СССР 1971.

М.М.Слюнькоў.

т. 15, с. 36

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СТРАЛЬБА́ СТЭ́НДАВАЯ,

стральба з гладкаствольнай зброі шротам па лятаючых мішэнях (талерачках) на спец. пляцоўках — траншэйным і круглым стэндах; від стралковага спорту. Да 1940 наз. «стралкова-паляўнічы спорт».

Паходзіць ад трэніровачнай стральбы ў сярэдневяковай Англіі. Як від спорту існуе з канца 19 ст. У праграме Алімп. гульняў: на траншэйным стэндзе з 1900; паводле сучасных правіл (200 мішэней) — з 1952; на круглым стэндзе — з 1968. Асабіста-камандныя чэмпіянаты свету праводзяцца з 1935 на траншэйным і з 1947 на круглым стэндах; для жанчын на абодвух стэндах з 1962. Чэмпіянаты Еўропы праводзяцца для мужчын з 1955, для жанчын з 1964. Найб. пашырана ў Вялікабрытаніі, Германіі, ЗША, Італіі, Іспаніі, Польшчы, Расіі, Францыі і інш.

На Беларусі развіваецца з пач. 1920-х г. Першы чэмпіянат рэспублікі праведзены ў 1927. Зборная каманда Беларусі на VI летняй Спартакіядзе народаў СССР (1975) заняла 4-е месца. Сярод бел. стралкоў найб. вызначыліся Г.​Галкін, чэмпіёны СССР: В.​Вятохін (1967), Ш.​Ляцьен (1971).

т. 15, с. 197

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГІДРАЛО́ГІЯ (ад гідра... + ...логія),

навука пра прыродныя воды, іх пашырэнне, уласцівасці, працэсы і з’явы, што ў іх адбываюцца. Прадмет вывучэння гідралогіі — водныя аб’екты: акіяны, моры, рэкі, азёры, вадасховішчы, сажалкі, балоты, вільгаць, што назапашана ў снегавым покрыве і ледавіках, грунтавыя і падземныя воды. Падзяляецца на акіяналогію, гідралогію сушы і гідрагеалогію, у якой да гідралогіі належаць раздзелы аб рэжыме падземных вод. Цесна звязана з навукамі геагр., геал. і біял. кірункаў. Вывучае кругаварот вады на Зямлі, прасторава-часавыя ваганні гідралагічных элементаў (узроўню, расходаў, т-ры вады і інш.), уплыў гасп. дзейнасці чалавека на гідрасферу і працэсы ў ёй і інш. Практычнае значэнне гідралогіі ў ацэнцы і прагнозе стану водных рэсурсаў, абгрунтаванні рацыянальнага іх выкарыстання.

Тэрмін «гідралогія» з’явіўся ў канцы 17 ст. (Германія). Спачатку гідралогія развівалася як апісальныя галіны фіз. геаграфіі, гідратэхнікі, геалогіі, навігацыі. Як сістэма навук. ведаў аформілася ў пач. 20 ст. (1915, В.​Р.​Глушкоў). Пачатак гідралагічнага вывучэння тэр. Беларусі далі працы Зах. экспедыцыі па асушэнні балот Палесся пад кіраўніцтвам І.​І.​Жылінскага (1873) і навігацыйна-апісальнай камісіі Мін-ва шляхоў зносін (1875).

На Беларусі даследаванні ў галіне гідралогіі праводзяць Камітэт па гідраметэаралогіі (Гідраметэаралагічная служба), Цэнтр. НДІ комплекснага выкарыстання водных рэсурсаў, Ін-т праблем выкарыстання прыродных рэсурсаў і экалогіі АН, БДУ, Белдзіправадгас і інш. Праводзяцца экспедыцыйныя і лабараторныя даследаванні асобных тэр. і водных аб’ектаў. Вывучаюцца антрапагенныя змены ў гідралагічным рэжыме, распрацоўваюцца меры па ахове гідрасферы. Значны ўклад у развіццё гідралогіі зрабілі бел. вучоныя С.​Х.​Будыка, А.​Р.​Булаўка, Д.​А.​Дановіч, В.​В.​Дрозд, А.​Д.​Дубах, П.А. Дудкін, А.​І.​Івіцкі, П.​А.​Кісялёў, І.​М.​Ліўшыц, В.​Ф.​Шабека, В.​М.​Шырокаў, В.​П.​Якушка.

Літ.:

Калинин Г.П. Проблемы глобальной гидрологии. Л., 1968;

Чеботарев А.И. Общая гидрология. 2 изд. Л., 1975;

Плужников В.Н., Макаревич А.А. Итоги гидрологических исследований в Беларуси // Развіццё геаграфіі Беларусі: вынікі, прабл., перспектывы: Тэз. дакл. навук. канф. Мн., 1994.

А.​А.​Макарэвіч.

т. 5, с. 228

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АМАЗО́НКА (Amazonas),

рака ў Паўд. Амерыцы, пераважна ў Бразіліі, найбольшая ў свеце па памерах басейна і воднасці і другая па даўжыні. Утвараецца ад зліцця рэк Мараньён і Укаялі. Даўж. ад вытоку р. Мараньён 6400 км, ад вытоку Укаялі больш за 7000 км. Пл. бас. 7180 тыс. км². Б. ч. басейна Амазонкі ў межах Амазонскай нізіны. Пачынаецца ў Андах, упадае ў Атлантычны ак., утварае самую вял. ў свеце ўнутраную дэльту (больш за 100 тыс. км²) і лейкападобнае вусце. Больш за 500 прытокаў, род іх каля 20 даўжынёй больш за 1500 км. Найб. справа — Журуа, Пурус, Мадэйра, Тапажос, Шынгу, Такантынс (упадае ва ўсх. рукаў дэльты Амазонкі — Пару), злева — Жапура, Рыу-Негру (прыток Касік’ярэ злучае бас. Амазонкі з р. Арынока — найб. выразны прыклад біфуркацыі рэк). Шыр. Амазонкі ў месцы сутокаў Мараньёна і Укаялі 1,5 км, у сярэднім цячэнні да 5 км, у ніжнім 15—20 км, перад вусцем 80—150 км. Жыўленне пераважна дажджавое. Рака паўнаводная ўвесь год, макс. ўзровень у маі—ліп., мінімальны — у жн.—верасні. Сярэднегадавы расход вады ў ніжнім цячэнні каля 220 тыс. м³/с, макс. — больш за 300 тыс. м³/с. Сярэднегадавы сцёк каля 7000 км³ (каля 15% агульнага гадавога сцёку ўсіх рэк зямнога шара). Прылівы падымаюцца ўверх па рацэ на 1400 км. Амазонка і яе прытокі багатыя арган. рэчывамі. У водах Амазонкі — кайманы, прэснаводныя дэльфіны, ламанціны. Рыбалоўства. У Амазонцы і яе прытоках 2 тыс. відаў прэснаводных рыб, сярод якіх драпежныя піранья, электрычны вугор. Амазонка мае значны энергет. патэнцыял. Даўжыня ўсіх водных шляхоў у бас. Амазонкі каля 25 тыс. км. Рака суднаходная на 4300 км ад вусця (да Андаў), да г. Манаус (1690 км) падымаюцца акіянскія судны. Гал. парты: Белен (Пара), Сантарэн, Обідус, Манаус (Бразілія), Ікітас (Перу).

Рака Амазонка.

т. 1, с. 303

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІНТАРЭ́С (ад лац. interest мае значэнне, важна),

1) сацыяльны I. (у філасофіі, сацыялогіі і інш.) — рэальная прычына сац. дзейнасці індывідаў, сац. груп, супольнасцей, што ляжыць у аснове непасрэдных намераў (ідэй, жаданняў і інш.) і вызначае сац. паводзіны. Франц. матэрыялісты 18 ст. К.​Гельвецый, П.​Гольбах, Д.​Дзідро бачылі ў І. рэальную аснову маралі, палітыкі, грамадскага ладу ў цэлым. Пры гэтым сац. І. яны разглядалі як простую суму індывід. І., што выводзіліся з нязменнай у цэлым пачуццёвай прыроды чалавека. І.​Кант і Г.​Гегель адзначалі нязводнасць І. да натуральнай прыроды чалавека. Гегель падкрэсліваў, што І. ёсць нешта большае, чым змест намеру і свядомасці, разглядаў бясконцую шматлікасць І. і патрэбнасцей як ажыццяўленне ў гісторыі т.зв. «абсалютнай ідэі». Паводле марксізму, у сац. І. замацоўваюцца адносіны класа ці сац. групы да ўсёй сукупнасці грамадска-паліт. ін-таў, матэрыяльных і духоўных каштоўнасцей, абумоўленыя іх эканам. становішчам; але нязводныя да яго. Адрозніваюць І.: па ступені агульнасці (індывідуальныя, групавыя, грамадскія), сферы накіраванасці (эканамічныя, палітычныя, духоўныя), характары суб’екта (нацыянальныя, дзяржаўныя, партыйныя і інш.), ступені асэнсаванасці (дзейнічаюць стыхійна і на аснове распрацаванай праграмы), магчымасці іх ажыццяўлення (рэальныя і ўяўныя), адносінах да аб’ектыўнай тэндэнцыі грамадскага развіцця (прагрэсіўныя, рэакцыйныя, кансерватыўныя). І. складае аснову любых форм спаборніцтва, барацьбы і супрацоўніцтва паміж людзьмі і выступае ў якасці важнейшых стымулаў дзейнасці і рухаючых сіл гіст. працэсу.

2) У псіхалогіі — форма выяўлення пазнавальнай патрэбнасці. Адрозніваюць І. непасрэдны (выкліканы прывабнасцю аб’екта) і апасродкаваны (характарызуецца адносінамі да аб’екта як да сродку дасягнення мэты дзейнасці). Класіфікуецца паводле зместу (прадметнай аднесенасці) і шырыні прадметнага зместу, па глыбіні (укаранёнасці ў сістэме патрэбнасных адносін асобы) і ўстойлівасці, па сіле і працягласці. У працэсе развіцця І. можа ператварацца ў схільнасць (патрэбнасць у ажыццяўленні дзейнасці, якая выклікае І.).

В.​В.​Філіпава.

т. 7, с. 277

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛЬВО́ЎСКА-САНДАМІ́РСКАЯ АПЕРА́ЦЫЯ 1944,

стратэгічныя наступальныя дзеянні войск 1-га Укр. фронту (Маршал Сав. Саюза І.С.Конеў) па вызваленні Зах. Украіны і Паўд.-Усх. Польшчы 13.7—29.8.1944 у Вял. Айч. вайну. 1-му Укр. фронту (налічваў 1,2 млн. чал., 13,9 тыс. гармат і мінамётаў, каля 2,2 тыс. танкаў і самаходных артыл. установак, каля 3 тыс. самалётаў) процістаяла ням.-фаш. групоўка армій «Паўн. Украіна» (ген.-палк. І.​Гарпе), якая мела больш за 600 тыс. чал. (з часцямі тылу 900 тыс. чал.), 6,3 тыс. гармат і мінамётаў, 900 танкаў і штурмавых гармат, 700 самалётаў. Сав. камандаванне планавала нанесці 2 моцныя ўдары па праціўніку і прарваць яго фронт на 2 напрамках. На 1-м этапе аперацыі (13—27 ліп.) сав. войскі прарваліся на Рава-Рускім і Львоўскім напрамках, акружылі і ліквідавалі 8 дывізій ворага, фарсіравалі р. Сан, вызвалілі гарады Рава-Руская, Львоў, Перамышль, Станіслаў (цяпер Івана-Франкоўск), прасунуліся на гал. напрамку на 200—220 км. На 2-м этапе (28 ліп. — 29 жн.) войскі 1-га Укр. фронту дзейнічалі на Сандамірскім напрамку, 29 ліп. — 1 жн. фарсіравалі р. Вісла, 3 жн. захапілі плацдарм на Пд ад г. Сандамір. Адбіўшы шэраг контратак і контрудараў ням. войск, сав. часці да 30 жн. пашырылі і паглыбілі (да 75 км па фронце і да 60 км у глыбіню) плацдарм, стварылі перадумовы для будучага наступлення на Сілезскім напрамку (гл. Вісла-Одэрская аперацыя 1945). У час Л.-С.а. сярод інш. воінаў вызначыліся афіцэры-беларусы А.Ц.Краўцоў, І.І.Якубоўскі і інш.

Літ.:

Полушкин М.А. На Сандомирском направлении: Львовско-Сандомирская операция: (июль—авг. 1944). М., 1969;

Бродовский котел: Воспоминания. Очерки. Документы. Львов, 1974;

От Западного Буга до Вислы: Очерки. Воспоминания. Документы. Львов, 1985;

Конев И.С. Записки командующего фронтом, 1943—1945. 4 изд. М., 1985.

У.​Я.​Калаткоў, В.​А.​Юшкевіч.

т. 9, с. 388

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІ́НСКАЕ ТАВАРЫ́СТВА АМА́ТАРАЎ ПРЫГО́ЖЫХ МАСТА́ЦТВАЎ,

грамадская культ.-асв. і літ.-маст. арг-цыя. Існавала ў 1898—1906 у Мінску. Створана на аснове муз.-драм. т-ва (1888—98) па ініцыятыве Я.​Чырыкава, А.​Аляксандрава, В.​Чавусава і інш. Т-вам кіраваў савет старэйшын з 10 чал. У розны час у яго ўваходзілі Д.​Мейчык, С.​Мядзведзеў, А.​Холмскі, К.​Какоўцаў, К.​Фальковіч, М.​Мысаўской, С.​Нейфах, С.​Камінскі, В.​Сушчынскі і інш. Паводле статута (зацверджаны 19.11.1899) мела на мэце развіццё і папулярызацыю прафес. і аматарскага мастацтва, маст. адукацыі. Мела літ., тэатр.-драм., муз. і маст. секцыі, б-ку, тэатр. залу. Літ. секцыя наладжвала лекцыі, дыспуты, чытанне рэфератаў пра творчасць Э.​По, М.​Метэрлінка, В.​Бялінскага, А.​Чэхава, Л.​Андрэева, М.​Горкага, абмеркаванне новых літ. плыней. У рэпертуары аматарскага т-ра былі п’есы «Багна», «Лес», «Не ў свае сані не садзіся» А.​Астроўскага, «Рэвізор» М.​Гогаля, «Улада цемры» Л.​Талстога, «На дне» і «Фама Гардзееў» М.​Горкага, «У двары, у флігелі» Чырыкава, «Дзядзька Ваня» Чэхава, «Маскарад» М.​Лермантава, «Нора» Г.​Ібсена, «Злачынства і кара», «Ідыёт» паводле Ф.​Дастаеўскага, «Патанулы звон» Г.​Гаўптмана і інш. Маст. секцыя арганізавала выстаўкі жывапісу, графікі, фатаграфіі (1901, 1902, 1904). Муз. секцыя мела аркестр, клас па тэорыі харавых спеваў. Дзейнасць т-ва развівалася ў кантэксце рус. літ. і культ. традыцыі. Пад уплывам рэв. руху 1905—06 масавыя мерапрыемствы т-ва перараслі ў антыўрадавыя дэманстрацыі пад лозунгамі «Далоў самадзяржаўе!», «Няхай жыве Рэспубліка!». Паводле данясення мінскага паліцмайстра і губернатара П.​Курлова, члены т-ва падазраваліся ў нядобранадзейнасці. 8.2.1906 дзейнасць т-ва была прыпынена. Па просьбе савета старэйшын т-ву было дазволена самаліквідавацца рашэннем агульнага сходу (25.7.1906), маёмасць і даўгі перададзены новаўтворанаму Мінскаму літаратурна-артыстычнаму таварыству.

Літ.:

Дорошевич Э., Конон В. Очерк истории эстетической мысли Белоруссии. М., 1972.

У.​М.​Конан.

т. 10, с. 415

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПО́ЛАЦКІ ЦАРКО́ЎНЫ САБО́Р 1839,

сход іерархаў уніяцкай царквы на Беларусі і Украіне (у межах Расійскай імперыі), які прыняў рашэнне аб яе далучэнні да Рускай праваслаўнай царквы. Адбыўся 24.2.1839 у Полацку. Пачынаючы з дзейнасці мітрапаліта Іраклія Лісоўскага (1806—09), у кіраўніцтве уніяцкай царквы (гл. Беларуская грэка-каталіцкая царква) выявіліся тэндэнцыі да збліжэння з праваслаўем (напачатку ў форме вяртання ад лац. да ўсх. абраднасці). Палітыка царскіх улад да уніяцкай царквы пры Кацярыне II, Паўле I, Аляксандру I была непаслядоўнай: ад масавага пераводу ў праваслаўе пасля 2-га падзелу Рэчы Паспалітай да падтрымкі уніяцкага духавенства, каб мець у ім сац. апору. У 1820-я г. пры Мікалаю I праводзілася палітыка ўзмацнення «рускага элемента» ў зах. губернях; беларусы і ўкраінцы былі абвешчаны неадрыўнай часткай рус. народа, што выклікала пытанне аб іх рэліг. уніфікацыі. Гэта супадала з жаданнем шэрагу уніяцкіх іерархаў, якія хацелі далучыцца да праваслаўя — пануючага веравызнання як па ідэалаг. меркаваннях, так і для паляпшэння свайго сац. статуса. Ініцыятарам далучэння стаў у 1827 асэсар 2-га (уніяцкага) дэпартамента Рымска-каталіцкай калегіі Іосіф Сямашка (з 1829 епіскап). У канцы 1820-х—30-я г. з дапамогай дзярж. улад быў ажыццёўлены шэраг мер па збліжэнні грэка-каталіцкай царквы з праваслаўем: уніятам забаронена пераходзіць у лац. абрад; замест 4 уніяцкіх епархій пакінуты 2 — Полацкая (Беларуская) і Віленская (Літоўская); прымаліся захады па павышэнні адукац. ўзроўню белага духавенства, найб. схільнага да праваслаўя; закрываліся манастыры і школы базыльян; пашыраліся служэбнікі маскоўскага друку; ва уніяцкіх храмах інтэр’еры мяняліся паводле правасл. узораў; у епіскапы былі пасвячоны паплечнікі Сямашкі — Васіль Лужынскі і Антоній Зубко. Ідэя пераходу ў праваслаўе ахоплівала ўсё больш прадстаўнікоў духавенства; святароў, якія адмаўляліся даць распіску аб згодзе з праваслаўем, каралі пераводам у горшыя прыходы, паніжэннем у пасадзе, аж да зняволення ў манастырах. Смерць у 1838 апошняга праціўніка аб’яднання з праваслаўем мітрапаліта Ігнація Іасафата Булгака зняла апошнія перашкоды для скасавання Брэсцкай уніі 1596. Скліканы 24.2.1839 у Полацку сабор з 3 епіскапаў (Сямашка, Зубко, Лужынскі) і 21 інш. высокай духоўнай асобы, прыняў Акт з 2 пунктаў: у 1-м абвяшчалася адзінства з правасл. царквой, у 2-м змяшчалася просьба да Мікалая I садзейнічаць хутчэйшаму далучэнню уніятаў да праваслаўя. Да саборнага Акта прыкладаліся абавязацельствы 1305 святароў і манахаў, пасля прыняцця Акта іх колькасць павялічылася да 1607. Паводле распараджэння Мікалая I 6.4.1839 прынята пастанова Св.Сінода аб далучэнні уніятаў да праваслаўя. Напачатку ў храмах дазвалялася захоўваць уніяцкія абрады, аднак пры замене уніяцкіх царк. атрыбутаў праваслаўнымі быў нанесены значны культурны ўрон (страчаны многія старыя кнігі, абразы, посуд і інш.). Паводле Акта П.ц.с. да правасл. царквы далучана каля 1,5 млн. чал. Найб. цяжка скасоўвалася уніяцтва ў паўн. Беларусі, дзе лацінізацыя грэка-каталіцкай царквы была найб. глыбокая, частка уніятаў там перайшла ў рыма-католікі. Уніяцкая царква ў Царстве Польскім (у Люблінскай, Сувалкаўскай і Сядлецкай губ.) далучана да праваслаўя ў 1875.

Літ.:

Мартос А. Беларусь в исторической государственной и церковной жизни. Мн., 1990 [рэпр. выд.: Буэнос-Айрес. 1966];

Уния в документах. Мн., 1997. С. 415—490;

Шейкин Г.Н. Полоцкая епархия. Мн., 1997. С. 32—48.

В.​Р.​Кірэеў.

т. 12, с. 469

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЭТНАЛОГІЯ

На Беларусі этналагічная навука развіваецца з пач. 19 ст. Першую праграму для збірання этналагічных матэрыялаў склаў Г.​Калантай (1810). Распрацоўку методыкі збірання такіх матэрыялаў у 19 ст. вёў Віленскі ун-т. Збіралі і друкавалі этналагічныя матэрыялы М.​Чарноўская, А.​Рыпінскі, Я.​Чачот, З.​Даленга-Хадакоўскі. Яны належалі да міфалагічнага кірунку ў бел. этналогіі і найб. ўвагу звярталі на духоўную культуру — песні, паданні, абрады, разглядалі іх як рэшткі стараж. светапогляду, ідэалізавалі міфалогію. Міфалагічны кірунак быў характэрны і для бел. этналогіі 1850—70-х г., калі значную ролю ў этналагічным вывучэнні Беларусі адыгрывала Рускае геаграфічнае таварыства, у прыватнасці яго аддзяленне этнаграфіі. У яго выданнях «Этнографический сборник» і «Записки Русского географического общества по отделению этнографии» надрукаваны працы М.​Анімеле «Побыт беларускіх сялян» (1854), А.​Г.​Кіркора «Этнаграфічны погляд на Віленскую губерню» (1858), П.​В.​Шэйна «Беларускія песні» (1873). У 1860—70-я г. Рус. геагр. т-ва арганізавала этналагічныя экспедыцыі С.​В.​Максімава і П.​П.​Чубінскага, якія сабралі каштоўныя матэрыялы па традыцыйнай культуры бел. народа. У гэты час актыўна працаваў Паўночна-заходні аддзел Рускага геаграфічнага таварыства (1867—75).

Значных поспехаў дасягнулі энтузіясты бел. этналогіі, якія працавалі асобна. Навук. значэнне ў гэтай галіне маюць працы П.​М.​Шпілеўскага «Беларусь у характарыстычных апісаннях і фантастычных яе казках» (1853), «Падарожжа па Палессі і Беларускім краі» (1853—1855) і інш. і У.​Сыракомлі «Вандроўкі па маіх былых ваколіцах» (1853), «Нёман ад вытокаў да вусця» (1861) і інш.

У 1880—90-я г. ў этналагічным вывучэнні Беларусі актыўна ўдзельнічала Т-ва аматараў прыродазнаўства, антрапалогіі і этнаграфіі пры Маскоўскім ун-це. На сродкі т-ва ажыццёўлены этналагічныя экспедыцыі па Беларусі М.​Я.​Янчука (1886) і М.​В.​Доўнар-Запольскага (1890—1891). У выданнях т-ва «Этнографическое обозрение» і «Труды этнографического отдела Общества любителей природоведения, антропологии и этнографии» апублікавана шмат прац бел. даследчыкаў.

У 1910—15 працаваў адноўлены Паўн.-зах. аддзел Рус. геагр. т-ва. Ён арганізаваў этналагічныя экспедыцыі Е.​Р.​Раманава і І.​А.​Сербава. Сабраныя матэрыялы Раманаў апублікаваў у працы «Матэрыялы па этнаграфіі Гродзенскай губерні» (вып. 1—2, 1911—12), а Сербаў у кн. «Паездкі па Палессі 1911 і 1912 гг.» (1914). На сродкі гэтага т-ва выдадзены «Смаленскі этнаграфічны зборнік» У.​М.​Дабравольскага (вып. 1—4, 1891—1903). У этналагічным вывучэнні Беларусі ўдзельнічаў этнаграфічны аддзел Рус. музея ў С.-Пецярбургу, супрацоўнік якога А.​К.​Сержпутоўскі напісаў этналагічныя працы «Нарысы Беларусі» (1907—09), «Бортніцтва на Беларусі» (1910), «Земляробчыя прылады Беларускага Палесся» (1910). Велізарны матэрыял пра бел. этнас надрукаваны ў працах П.​В.​Шэйна, Раманава, М.​Я.​Нікіфароўскага, А.​Я.​Багдановіча.

У першыя дзесяцігоддзі 20 ст. з’явіліся абагульняльныя працы пра бел. этнас М.​В.​Доўнар-Запольскага «Беларусы» (1905), Янчука «Этнаграфічны нарыс Беларусі» (1918—1920), Я.​Ф.​Карскага «Беларусы» (т. 1—3, 1903—22).

Духоўную, матэрыяльную і сац. культуру бел. народа вывучалі Дабравольскі, Доўнар-Запольскі, Карскі, Нікіфароўскі, Раманаў, Сербаў, Сержпутоўскі, якія належалі да эвалюцыйнага кірунку і паказвалі яе развіццё ад простых форм да больш складаных. Многія з іх усебакова абгрунтоўвалі погляд на беларусаў як асобную і самастойную этнічную супольнасць. Карскі заклаў фундамент навук. вывучэння этнагенезу беларусаў.

У 1920-я г. значную ролю ў этналагічным вывучэнні беларусаў адыграў Інстытут беларускай культуры. Ён арганізаваў шмат этналагічных экспедыцый па Беларусі, удзельнікі якіх сабралі каштоўныя матэрыялы па традыцыйных відах гасп. дзейнасці і духоўнай культуры беларусаў.

У 1930—1-й пал. 1950-х г. этналагічныя даследаванні ажыццяўляў Ін-т гісторыі АН Беларусі, яго сектар этнаграфіі і фальклору. Ён арганізаваў шэраг этналагічных экспедыцый па Беларусі, зроблены крокі па ўдасканаленні эвалюцыйнага метаду. У ліку найб. значных этналагічных прац, выдадзеных ін-там, былі манаграфіі М.​М.​Нікольскага. «Міфалогія і абраднасць валачобных песень» (1931), «Жывёлы ў звычаях, абрадах і вераваннях беларускага сялянства» (1933), «Паходжанне і гісторыя беларускай вясельнай абраднасці» (1956).

З 1957 этналагічныя даследаванні ў сістэме АН Беларусі ажыццяўляе Інстытут мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору імя К.​Крапівы, яго аддзел этнаграфіі (з 1995 аддзел этналогіі). У выніку сістэматычнай экспедыцыйнай работы абследаваны ўсе рэгіёны Беларусі. Ім удасканалены метады аналізу этналагічных матэрыялаў. Этналагічныя даследаванні набылі сістэмны характар. Ін-т распрацаваў шэраг важных этналагічных праблем. В.​К.​Бандарчык паслядоўна даследаваў гістарыяграфічную спадчыну бел. этналогіі («Беларусы», т. 3, 1999). Апублікаваны шэраг фундаментальных прац пра паходжанне і этнічную гісторыю бел. народа, у іх ліку «Беларусы» М.​Я.​Грынблата (1968), «Этнаграфія беларусаў» І.​У.​Чаквіна, Бандарчыка, П.​У.​Церашковіча, Г.​І.​Каспяровіч (1985), «Узнікненне Беларусі» М.​Ф.​Піліпенкі (1991), «Беларусы. Т. 4. Вытокі і этнічнае развіццё» Піліпенкі, Чаквіна, Каспяровіч і інш. (2001). Матэрыялы пра асобныя прамысл. і рамесныя заняткі абагульнены ў навук. працах В.​С.​Цітова «Дрэваапрацоўчыя промыслы Беларусі» (1976), І.​М.​Браіма «Рыбалоўства ў Беларусі» (1976), Г.​М.​Курыловіч «Беларускае народнае ткацтва» (1981), С.​А.​Мілючэнкава «Беларускае народнае ганчарства» (1984), У.​С.​Гуркова, С.​Ф.​Цярохіна «Занятак спрадвеку высакародны» (пра пчалярства, 1987), В.​Я.​Фадзеевай «Беларуская народная вышыўка» (1991). Калектыў аўтараў (Н.​І.​Буракоўская, Я.​М.​Сахута, Цітоў і інш.) апублікаваў абагульняльную працу аб промыслах і рамёствах беларусаў («Беларусы. Т. 1. Прамысловыя і рамесныя заняткі», 1995). А.​І.​Лакотка падрыхтаваў працы «Беларусы. Т. 2. «Дойлідства» (1997), «Нацыянальныя рысы беларускай архітэктуры» (1999). Л.​І.​Маленка прасачыла эвалюцыю бел. народнага строю ў працы «Беларускі народны касцюм» (2001). Рэгіянальныя асаблівасці земляробчай тэхнікі, жылых і гасп. пабудоў, прадметаў адзення беларусаў разгледжаны ў працах: «Матэрыяльная культура беларусаў» (1968) Л.​А.​Малчанавай, «Беларускае народнае жыллё» (1973) У.​С.​Гуркова, Э.​Р.​Сабаленка і інш., «Народная сельскагаспадарчая тэхніка беларусаў» (1974) І.​П.​Корзуна, Л.​І.​Мінько і інш., «Беларускае народнае адзенне» (1975) Бялявінай, Курыловіч і інш., «Гістарычна-этнаграфічнае раянаванне матэрыяльнай культуры беларусаў» (1983) Цітова. Высновы пра рэгіянальныя асаблівасці матэрыяльнай культуры беларусаў, гіст.-этнаграфічныя рэгіёны Беларусі сталі навук. базай для стварэння Беларускага дзяржаўнага музея народнай архітэктуры і побыту.

Супрацоўнікі ін-та даследавалі сац. культуру бел. этнасу: Т.​І.​Кухаронак «Маскі ў каляндарнай абраднасці беларусаў» (2001) і «Радзінныя звычаі і абрады беларусаў» (1993), Л.​В.​Ракавай «Традыцыі сямейнага выхавання ў беларускай вёсцы» (2000). Абагульняльную працу пра грамадскія традыцыі выдалі В.​Ф.​Бацяеў, В.​М.​Бялявіна, А.​В.​Гурко, Чаквін і інш. («Беларусы. Т. 6. Грамадскія традыцыі», 2002), пра сям’ю — Курыловіч, Кухаронак, Ракава і інш. («Беларусы. Т. 5. Сям’я», 2001).

Найб. грунтоўна вывучана паэтычная творчасць беларусаў — выдадзена 45 тамоў серыі «Беларуская народная творчасць» (1970—2003), «Беларускі фальклор: Жанры. Віды. Паэтыка» (кн. 1—6, 2001—04). Нар. музычнаму і дэкаратыўна-прыкладному мастацтву беларусаў прысвечаны працы З.​Я.​Мажэйка «Каляндарна-песенная культура Беларусі» (1985), Сахуты «Народнае мастацтва Беларусі» (1997). Абагульняльная этналагічная праца пра бел. народ «Беларусы», выдадзеная ў 1998 у Маскве ў міжнар. серыі «Народы і культуры».

У наш час этналагічныя даследаванні праводзяцца таксама ў БДУ (Церашковіч, Т.​А.​Навагродскі, А.​А.​Кілбас, І.​С.​Махоўская, У.​І.​Мядзянік), у Рэспубліканскім ін-це вышэйшай школы пры БДУ (І.​І.​Калачова), Бел. пед. ун-це імя М.​Танка (І.​Б.​Канапацкі, У.​В.​Тугай, Цітоў), у Гомельскім дзярж. ун-це імя Ф.​Скарыны (А.​Р.​Яшчанка), у Полацкім дзярж. ун-це (У.​А.​Лобач), у Бел. ун-це культуры (Т.​М.​Мікуліч).

Літ.:

Бандарчык В.К. Беларусы. Т. 3. Гісторыя этналагічнага вывучэння. Мн., 1999;

Інстытут мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору імя К.​Крапівы. Мн., 1997;

Інстытут беларускай культуры. Мн., 1993;

Піліпенка М.Ф., Цягака Л.І. Этнаграфія і антрапалогія ў Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі // Весці Нац. АН Беларусі. Сер. гуманіт. навук. 1998. №4. Наука Беларуси в XX столетии. Мн., 2001.

М.​Ф.​Піліпенка.

т. 18, кн. 2, с. 472

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)