МАГУ́ТНАСЦЬ,

фізічная велічыня, што вымяраецца адносінамі работы да прамежку часу, за які яна выконваецца. Сярэдняя М. вызначаецца формулай: N = A/t, дзе A — работа, якая выконваецца за час t. У агульным выпадку N = dA/dt. У СІ М. вымяраецца ў ватах (часам выкарыстоўваюць пазасістэмную адзінку — конскую сілу). М. — найважнейшая энергет. характарыстыка розных сістэм і машын (рухавікоў, генератараў, кампрэсараў і інш.).

т. 9, с. 486

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НАКЛЁП,

змена структуры і ўласцівасцей металаў і сплаваў, выкліканая іх пластычным дэфармаваннем. Робіцца для паверхневага ўмацавання металаў (павялічвае часовае супраціўленне разрыву, мяжу цякучасці, цвёрдасць, стомленасную трываласць). Узнікае пры апрацоўцы вырабаў ціскам (пракатцы, валачэнні, коўцы, штампоўцы) і рэзаннем, пры абкатцы ролікамі, спец. апрацоўцы шротам і інш. Гл. таксама Накатка.

Схема паверхневага ўмацавання наклёпам: 1 — выраб, які апрацоўваецца (зубчастае кола); 2 — інструменты (зубаабкатныя валкі).

т. 11, с. 131

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАРА́НТЭ ((Morante) Эльза) (18.8.1912, Рым — 25.11.1985),

італьянская пісьменніца. Дэбютавала зб. навел і казак «Тайная гульня» (1941). Аўтар сац. раманаў «Падман і варажба» (1948), «Востраў Артура» (1957), зб. навел «Андалузская хустка» (1963), паэт. зб-каў «Алібі» (1958), «Свет, які выратавалі дзеці» (1968) і інш. Найб. значны твор — раман «Гісторыя» (1974) пра лёсы «маленькіх людзей» у гады 2-й сусв. вайны і пасляваен. перыяд.

т. 10, с. 105

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАХДЗІ́ (араб. той, каго вядуць сапраўдным шляхам),

у ісламе — прадвеснік блізкага канца свету, які павінен адрадзіць першапачатковую «чысціню» ісламу; у шыітаў — 12-ы, «схаваны», імам. Ідэя М. часта выкарыстоўвалася правадырамі паўстанняў і рухаў у мусульм. свеце. М. абвяшчалі сябе Убайдалах (заснавальнік дынастыі Фатымідаў у 10 ст.), Мухамед ібн Тумарт (першы з Альмахадаў, 12 ст.), Мухамед Ахмед ва Усх. Судане (гл. Махдзі Суданскі).

т. 10, с. 224

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАЛА́СА (франц. mollasse ад лац. mollis мяккі),

комплекс асадкавых горных парод (кангламератаў, пясчанікаў, мергеляў, глін і інш.), які назапашваўся ў краявых прагінах і міжгорных прагінах. Магутнасць да некалькіх тысяч метраў. Характэрна для заключных (арагенных) стадый развіцця геасінкліналяў пры ўтварэнні складкавых паясоў ва ўмовах сціскання буйных літасферных пліт (паводле гіпотэзы мабілізму). З М. звязаны радовішчы вуглёў, нафты, газу, медзістых пясчанікаў, солей і інш.

т. 10, с. 13

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПІРАФО́РНЫЯ РЭ́ЧЫВЫ (ад піра... + + грэч. phoros які нясе),

рэчывы, здольныя загарацца без нагрэву пры кантакце з паветрам. Т-ра самаўзгарання (tc) П.р. ніжэйшая за пакаёвыя т-ры. Да П.р. адносяцца тонкараздробненыя металы (жалеза, алюміній, магній, кобальт, нікель і інш.), гідрыды крэмнію (SiH4, tс -200 °C), бору і некаторых металаў, дыфасфін (P2H4), алюмінійарган. злучэнні (напр., трыэтылалюміній Al(C2H5)3, tc -80 °C) і інш.

т. 12, с. 381

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПІ́ФІЯ,

старажытнагрэчаская жрыца-прадказальніца ў храме Апалона ў Дэльфах, які таксама наз. Дэльфійскім або Піфійскім аракулам (лац. oraculum, грэч. manteion прароцтва бажаства і месца, дзе яно даецца). П. сядзела на трыножніку і ў стане экстазу адказвала на пытанні, з якімі да яе звярталіся прадстаўнікі дзяржаў і грамадзяне. Адказы П. (часта цьмяныя і двухсэнсоўныя), перакладзеныя жрацамі ў вершаванай форме, лічыліся прадказаннямі (аракуламі) самога Апалона.

т. 12, с. 393

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПІФО́Н,

у старажытнагрэчаскай міфалогіі народжаны багіняй падземнага царства Геяй пачварны дракон, які ахоўваў каля г. Дэльфы аракул Геі. Апалон забіў П. стралой (адсюль Апалон Піфійскі) і заснаваў на тым месцы свой аракул (Піфійскі, або Дэльфійскі аракул), дзе ад яго імя прадказвала Піфія. З нагоды перамогі над П. Апалон, паводле міфа, заснаваў Піфійскія гульні. Ад імя П. паходзіць другая назва г. Дэльфы — Піфо.

т. 12, с. 393

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЛІ́ТКА КЕРАМІ́ЧНАЯ,

адзін з відаў штучных абліцовачных матэрыялаў, які выкарыстоўваюць для ўнутр. і вонкавых абліцовачных работ. Прасуюць з напаўсухіх парашкападобных керамічных мас з наступным абпальваннем да спякання. Вызначаецца высокай трываласцю, зноса-, вода- і хім. устойлівасцю. Паверхня П.к. можа быць гладкая, рэльефная, пакрытая белай ці каляровай палівай, форма — квадратная, прамавугольная, 6- і 8-гранная. Гл. таксама Керамічная прамысловасць.

Узоры пліткі керамічнай акцыянернага таварыства «Керамін».

т. 12, с. 429

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЛУ́ТАС,

у старажытнагрэчаскай міфалогіі бог багацця. Лічыўся сынам багіні Дэметры і крыцкага бога земляробства Іасіёна. Яго ўяўлялі або сляпым старым, які надзяляе людзей багаццем незалежна ад іх маральных якасцей, або малым хлопчыкам з рогам багацця, якога трымае на руках багіня міру Эйрэна. У глыбокай старажытнасці П. часам атаясамлівалі з богам падземнага царства Плутонам (Аідам), бо той лічыўся ўладальнікам незлічоных багаццяў.

т. 12, с. 436

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)