парастак (сістэма парасткаў), на якім знаходзяцца кветкі. Уласцівы большасці кветкавых раслін. Па ступені разгалінавання адрозніваюць С. простыя і складаныя. У залежнасці ад тыпу галінавання і парадку распускання кветак простыя С. падзяляюць на батрычныя (бакакветныя), або рацэмозныя (монападыяльнае галінаванне, распусканне кветак ад асновы да верхавінкі — галоўка, гронка, катах, каташок, колас, парасонік, шчыток), і цымозныя, верхакветныя (сімпадыяльнае галінаванне, распусканне кветак ад верхавінкі да асновы — просты плеяхазій, дыхазій і манахазій). Складаныя С. бываюць аднародныя (напр., складаная гронка, складаны колас), разнародныя (спалучэнне розных тыпаў С. умежах адной групы — батрычнай або цымознай — напр., мяцёлка з каласкоў, дыхазій з манахазіяў) і змяшаныя (камбінацыя батрычных і цымозных С., напр., плеяхазій з кошыкаў, парасонік з манахазіяў). Колькасць кветак у С. ад 1—3 (напр., у гароху) да некалькіх дзесяткаў тысяч (у некат. відаў агавы), даўж. — да 12 м (напр., у пальмаў роду каламус). Будова С. мае значэнне ў сістэматыцы раслін: яна адлюстроўвае кірункі эвалюцыі блізкіх усістэм. адносінах груп.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
УСА́,
рака ў Валожынскім і Стаўбцоўскім р-нах Мінскай вобл. і Навагрудскім р-не Гродзенскай вобл., правы прыток р. Нёман. Даўж. 75 км, пл. вадазбору 665 км². У сярэднім цячэнні наз. канал Шубіна, у ніжнім — канал Шубіна-Нёманскі. Пачынаецца за 1 км на У ад в. Таўканы Валожынскага р-на, цячэ па паўд.-зах. схілах Мінскага ўзв., Верхнянёманскай нізіне, Налібоцкай пушчы, упадае ў р. Нёман за 2 км на ПнУ ад г.п. Любча Навагрудскага р-на. Асн. прытокі: Шура, канал Каменка (злева), Быстрая, Замянка (справа). Даліна парэзана ярамі і лагчынамі, у верхнім цячэнні трапецападобная, шыр. 0,8—1 км, у Стаўбцоўскім р-не каля в. Драздоўшчына пашыраецца да 1,5 км, каля в. Пільніца звужаецца да 200 м. Схілы спадзістыя або сярэдне стромкія, выш. 10—15 м. Пойма ў верхнім і ніжнім цячэнні двухбаковая (шыр. 100—200 м), у вярхоўі і ў межах Шубіна-Нёманскага канала забалочаная, куп’істая, на астатнім працягу роўная, сухая, перасечана ручаямі і меліярац. каналамі. Рэчышча (шыр. 8—10 м) на працягу 20 км перад вусцем каналізаванае. Ледастаў ад ліст.—снеж. да сак.—красавіка. На перыяд веснавога разводдзя прыпадае 45% гадавога сцёку. Сярэднегадавы расход вады ў вусці 5 м³/с. Выкарыстоўваецца як водапрыёмнік меліярац.сістэм. На вадазборы У. біял. заказнік Налібоцкі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАЗЬЯ́НСКІ,
біялагічны заказнік на тэр. Шумілінскага і Полацкага р-наў Віцебскай вобл.Засн. ў 1960 як паляўнічы заказнік рэсп. значэння для захавання і ўзнаўлення запасаў паляўнічай фауны. Пл. 41,4 тыс.га (1997). Заказнік у міжрэччы Обалі і Сосніцы ў межах Полацкай нізіны. Расліннасць складаецца з відаў барэальнай і зах.-еўрап. флоры, якая належыць да Заходне-Дзвінскай акругі падзоны дубова-цемнахвойных падтаежных лясоў: хваёвыя (31%), бярозавыя (30%), чорна- і шэраальховыя (22%), яловыя (13%); папарацевыя, кіслічныя, чарнічныя, сніткавыя асакова-сфагнавыя, даўгамошныя і інш. тыпы лесу. Палавіна тэр. заказніка пад вярховымі балотамі, рэдкалеснымі пераходнабалотнымі згуртаваннямі; на буйнейшым балотным масіве Обаль-2 растуць унікальныя і рэдкія раслінныя згуртаванні, рэдкія і знікаючыя віды — бяроза карлікавая, марошка прыземістая, сфагнум Ліндберга. Вядомы 46 месцаў росту 22 відаў раслін, занесеных уЧырв. кнігу Беларусі і 12 месцаў знаходжання 44 відаў жывёл, сярод якіх: барсук, беркут, бусел чорны, журавель шэры, курапатка белая, мядзведзь, няясыць даўгахвостая, падворлікі малы і вял., рысь, скапа і інш. Адзначаны месцы гнездаванняў вераценніка вял., дупеля, кулонаў вял. і сярэдняга, сяўца залацістага, турухтана, уліта вял. і інш. Шмат паляўнічых звяроў і птушак, найбуйнейшая на Беларусі папуляцыя белай курапаткі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РЭ́ЧЫЦКАЕ РАДО́ВІШЧА НА́ФТЫ За 10 км на ПдЗ ад г.Рэчыца Гомельскай вобл. Першае нафтавае радовішча, адкрытае на Беларусі (1964). Распрацоўваецца з 1965. 6 пакладаў нафты прымеркаваны да міжсалявых (ялецкі, задонскі гарызонты), падсалявых карбанатных (варонежскі, сямілуцкі) і падсалявых тэрыгенных (ланскі і верхнепратэразойскі) адкладаў. Асн.ч. разрэзу (да 80%) складаюць верхне- і сярэднедэвонскія адклады. Рэчыцкая структура на паверхні падсалявых адкладаў уяўляе сабой паўантыклінальную складку памерамі 16 4 км, на паверхні міжсалявых адкладаў — антыклінальную складку памерамі 12 4 км. Размешчана на Пн Прыпяцкага прагіну ў межах Рэчыцка-Вішанскай тэктанічнай зоны, разам з Асташкавіцкім, Цішкаўскім, Паўд.-Асташкавіцкім, Чырванасельскім і Дняпроўскім радовішчамі. Глыб. залягання нафтаносных гарызонтаў 1900—2800 м. Пароды-калектары — трэшчынава-каверна-поравыя даламіты і вапнякі і кварцава-палевашпатавыя розназярністыя пясчанікі, алеўраліты. Шчыльн. нафты павялічваецца знізу ўверх ад 805 кг/м³у верхнепратэразойскім пакладзе да 890 кг/м³у міжсалявым. Адпаведна павялічваецца колькасць серы (ад 0,2 да 1%), парафіну (ад 2,8 да 10%) і смол (ад 6 да 24,5%). Спадарожны газ выкарыстоўваецца прамысл. прадпрыемствамі Рэчыцкага і Светлагорскага р-наў. Здабыта 25 млн.т нафты (каля 80% пач. запасаў, якія здабываюцца, 2000).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САЦЫЯ́ЛЬНЫ ДЫЯЛЕ́КТ, сацыялект,
мова пэўнай сац. групы, што існуе ў межах агульнанар. мовы. С.д. былі мовай працоўна-прафес. груп (ганчароў, шаўцоў, рыбакоў, паляўнічых, шапавалаў і інш.), што калісьці адыгрывалі значную ролю ў гасп. укладзе грамадства. У наш час С.д. прадстаўлены мовамі прафес. карпарацый, часам арганізаваных фармальна (праз сімволіку, форму адзення і інш.): маракоў, чыгуначнікаў, ваенных, мастакоў, журналістаў, палітыкаў і інш. Узнікаюць і функцыянуюць як адметная рыса паводзін і зносін самых розных больш-менш акрэсленых сац. груп (секты, касты, аб’яднанні дэкласаваных элементаў, групоўкі фанатычных аматараў пэўнага віду спорту, жанру музыкі, занятку). У С.д. замацоўваюцца асаблівасці дачыненняў і камунікавання такіх калектыўных соцыумаў, як спартсмены, навучэнцы, студэнты. Істотныя ўласцівасці С.д. (прадстаўлены ў кожным з іх не абавязкова з найб. паўнатой); адсутнасць, пераважна, сваёй граматыкі і фанетыкі (гэтым адрозніваюцца ад тэр. дыялектаў), спец. тэрміналагічная сістэма, якая выконвае жаргонаўтваральную функцыю. Лексічны склад С.д. і ўся сістэма жаргоннага камунікавання — сведчанне існавання і адноснай сац. значнасці пэўнага тыпу субкультуры. Узнікненне і функцыянаванне С.д. — адна з праяў працэсу бесперапыннага вар’іравання мовы ў сац. прасторы і гіст. часе (параўн.арго, дыялект, ідыялект, нацыялект, храналект).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ТЭКТАНІ́ЧНЫЯ РУ́ХІ,
механічныя рухі блокаў тэктанасферы. Абумоўлены фіз.-хім. працэсамі ў нетрах Зямлі, падкоравымі канвекцыйнымі цячэннямі, перыядычнымі зменамі скорасці вярчэння Зямлі і інш. Крыніцы энергіі Т.р. — радыягеннае ўнутр. цяпло нетраў і гравітацыйная энергія Зямлі і інш. планет. Прыводзяць да парушэнняў у заляганні горных парод і адлюстроўваюцца ў рэльефе зямной паверхні. Адрозніваюць Т.р.: павольныя эпейрагенічныя (утвараюць мацерыкі) і хуткія арагенічньы (горы), верт. (нармальныя; дадатныя і адмоўныя) і гарыз. (тангенцыйныя), накіраваныя і вагальныя, хвалевыя (паслядоўныя падняцці і прагіны — мегаундацыі), глыбавыя (умежах пэўных тэктанічных структур); паводле часу праяўлення — стараж., найноўшыя, сучасныя. Старажытныя Т.р. (даалігацэнавыя) даследуюцца пераважна метадам фацый і магутнасцей асадкавых і вулканагенных тоўшчаў, выкарыстоўваюцца таксама палеамагнітныя даныя, а для апошніх 180—160 млн.г. (час існавання сучасных акіянаў) — лінейныя магнітныя анамаліі (адпавядаюць ізахронам акіянічнага ложа). Найноўшыя Т.р. даследуюцца геамарфал. метадамі, метадам фацый і магутнасцей асадкавых тоўшчаў. Сучасныя Т.р. даследуюцца геад. метадамі (паўторнае нівеліраванне, трыянгуляцыя, трылатэрацыя, лазерныя вымярэнні, метады касм. геадэзіі). Скорасць верт. рухаў ад доляў да першых дзесяткаў міліметраў за год (на Беларусі ±2 мм), гарыз. — да некалькіх сантыметраў за год.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ФРА́НЦА-ІО́СІФА ЗЯМЛЯ́,
архіпелаг на Пн Баранцава м., у Архангельскай вобл. Расіі. Пл. 16,1 тыс.км². Больш за 190 астравоў. Вылучаюць 3 групы: усх. (з а-вамі Вільчака Зямля, Грээм-Бел), аддзеленую Аўстрыйскім пралівам; цэнтр. (з а-вамі Рудольфа, Гукера) паміж Аўстрыйскім пралівам і Брытанскім каналам; зах. (уключае найб. буйныя а-вы Зямля Аляксандры і Зямля Георга) на З ад Брытанскага канала. Большая ч. астравоў складзена з пясчанікаў, алеўрытаў і вапнякоў, перакрытых базальтавай лавай. Больш за 85% паверхні ўкрыта ледавікамі. Месцамі з-пад ледавікоў уздымаюцца нунатакі. Выш. да 620 м (на в-ве Венер-Нойштат). Клімат арктычны. Сярэдняя т-растудз. -23, -24 °C, ліп. ад -1,2 да 1,6 °C. Ападкаў 300—500 мм за год. Больш за 1 тыс. азёр. Мохава-лішайнікавая тундра. Трапляюцца белы мядзведзь, пясец; птушыныя кірмашы. Палярныя станцыі. Геафіз. абсерваторыя (з 1957) імя Э.Т.Крэнкеля (в-аў Хейса). Ф.-І.З. адкрыта аўстра-венг. экспедыцыяй Ю.Паера і К.Вайпрэхта ў 1873. Названа імем імператара Аўстрыі Франца Іосіфа I. Паводле пастановы СНКСССР ад 15.4.1926 аб граніцах Сав. Саюза на Крайняй Поўначы Ф.-І.З. ў складзе СССР (умежах РСФСР).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАЛЕЙБО́Л (англ. volley-ball),
камандная спартыўная гульня з мячом. Гуляюць 2 каманды па 6 чал. на пляцоўцы 9 × 18 м, падзеленай на 2 роўныя ч. сеткай (выш. 2,43 м для мужчын і 2,24 м для жанчын). Пасля падачы мяча на пляцоўку саперніка той, скарыстаўшы не больш як 3 удары рукамі па мячы, прычым розных гульцоў, накіроўвае яго над сеткай на процілеглую пляцоўку так, каб мяч апусціўся на зямлю ў межах пляцоўкі ці сапернік у час прыёму мяча парушыў правілы. Гульня складаецца з 3—5 партый, у кожнай з якіх перамагае той, хто першы набярэ 15 ачкоў. Пры ліку 14:14 гульня доўжыцца да перавагі адной з камандаў у 2 ачкі.
Зарадзіўся валейбол у ЗША (1895), пазней пашырыўся ў краінах Усходу (Японія, Кітай), Еўропы. З 1947 дзейнічае Міжнар. федэрацыя валейбола (ФІВБ), з 1948 праводзяцца чэмпіянат Еўропы, з 1949 — свету. У праграме Алімпійскіх гульняў з 1964. У апошнія гады пашырыўся т.зв. пляжны валейбол.
На Беларусі развіваецца з пач. 1920-х г. (Віцебск, Гомель, Мінск). Жаночыя клубы з Мінска займалі 3-е месца ў чэмпіянатах СССР: «Спартак» (1966—67), «Камунальнік» (1986—87), апошні валодаў Кубкам уладальнікаў кубкаў еўрап. краін (1987). Сярод выхаванцаў бел. валейбола чэмпіён Алімпійскіх гульняў (1988), свету (1977) А.Сапега, сярэбраны прызёр Алімпійскіх гульняў (1988) Ю.Сапега.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАЛТЫ́ЙСКІ ШЧЫ́Т, Фенаскандыя,
дадатная структура на ПнЗУсходне-Еўрапейскай платформы (кратона), у якой дакембрыйскія пароды крышт. фундамента выходзяць на паверхню Зямлі. Займае ПдУ Скандынаўскага п-ва, Кольскі п-аў і Карэлію. На ПнЗ абмежаваны ўтварэннямі каледонскай складкавасці Скандынавіі, якія насунуты на пароды шчыта, на ПнУ на іх развіта познакембрыйскае тэктанічнае покрыва (працяг Ціманскай сістэмы), на Пд і ПдУ фундамент апускаецца пад платформавы чахол Рускай пліты.
Складзены з моцна метамарфізаваных парод архею і пратэразою, прарваных шматлікімі інтрузіямі, у т. л. гранітаў (утвараюць вял. масівы). У пародах фундамента Балтфыйскага шчыта вылучаецца шэраг комплексаў, якія адпавядаюць дакембрыйскім этапам тэктагенезу: дасвекафена-карэльскі (узрост больш за 2,6—2,7 млрд. гадоў), свекафена-карэльскі (1,75 млрд. гадоў), гоцкі (1,75—1 млрд. гадоў, калі б.ч. тэрыторыі шчыта прайшла этап платформавага развіцця), дальсландскі (каля 1 млрд. гадоў) і байкальскі, калі складкавасць закранула крайні ПнУ. Апошняму платформаваму этапу развіцця Балтыйскага шчыта ўласцівы разломна-глыбавыя тэктанічныя рухі, каледонская інтрузіўная дзейнасць, узнікненне грабена Осла, Батнічнай і Беламорскай дэпрэсій, упадзін Ладажскага і Анежскага азёраў, глыбокая дэнудацыя. У антрапагенавы перыяд Балтыйскі шчыт — цэнтр неаднаразовага зледзянення Еўропы і далёкага ледавіковага разносу крышт. парод. Умежах Балтыйскага шчыта буйныя радовішчы жалезных (Кіруна, Аленягорск, Каўдор) і медна-нікелевых рудаў (на Кольскім п-ве), апатытаў (Хібіны), нефеліну, слюдаў, рэдказямельных мінералаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЁСАВАЕ ПЛАТО́, Лёсавая раўніна. У сярэдняй частцы бас.р. Хуанхэ, у Кітаі. Абмежавана хр. Тайханшань, Цыньлін і ўсх. адгор’ямі Наньшаня. Пл. каля 430 тыс.км². Пераважаюць вышыні 1200—1500 м. Умежах Л.п. ёсць асобныя хрыбты (Люпаньшань, Люйляншань, Утайшань і інш.), грэбні якіх месцамі дасягаюць 2500 м. Угеал. адносінах — упадзіна, запоўненая тоўшчай мезазойскіх адкладаў, перакрытых лёсамі. Магутнасць лёсаў 100—200 м, на Пн да 250 м. Л.п. амаль поўнасцю разбурана эрозіяй (сетка яроў дасягае 5—6 км на квадратны кіламетр пры глыб. 100—150 м). Клімат умераны з сухой халоднай зімой і гарачым летам. Сярэдняя т-растудз. ад -4 °C да -8 °C, ліп. 22—24 °C. Ападкаў ад 500 мм за год на У да 250 мм на ПнЗ; большасць іх выпадае ў час летняга мусону (ліп.—вер.), звычайна ў выглядзе ліўняў, якія стымулююць эрозію. Рэкі цякуць у глыбокіх цяснінах і выносяць вял. колькасць наносаў. Лёсавыя глебы высокаўрадлівыя, але ў большасці змыты. Значныя тэр. ўзараны, схілы выш. да 1000 м тэрасаваныя. Вырошчваюць бавоўнік, проса, гаалян, пшаніцу. На непрыдатных землях захавалася прыродная расліннасць (стэпы і лесастэпы). Радовішчы каменнага вугалю, жалезнай руды, нафты, гаручых сланцаў, гіпсу, солі. Л.п. густа населена (асабліва даліна р. Вэйхэ). Буйныя гарады — Сіянь, Таюань, Ланьчжоў.