ВУЛКАНІ́ЧНЫЯ ГО́РНЫЯ ПАРО́ДЫ, вулканіты,
горныя пароды, якія ўтварыліся ў выніку вывяржэння вулканаў. Падзяляюць на вылітыя, або эфузіўныя горныя пароды (базальты, андэзіты, трахіты, ліпарыты, дыябазы і інш.) і вулканагенна-абломкавыя, або піракластычныя пароды (туфы, туфабрэкчыі, вулканічныя бомбы, попел, пясок і інш.), якія розняцца хім. саставам, структурна-тэкстурнымі асаблівасцямі, ступенню захаванасці рэчыва. Глыбока змененыя, больш старажытныя, эфузіўныя пароды называюць палеатыпнымі, а нязмененыя — кайнатыпнымі. Выкарыстоўваюцца як буд. і абліцовачны матэрыял, у керамічнай і цэментнай прам-сці. На Беларусі вядомыя ў дакембрыі (звычайна змененыя другаснымі працэсамі), у верхнім пратэразоі (андэзіты, дацыты, базальты, туфы і інш.) і дэвоне (трахіты, базальты, нефелініты, сіеніт-парфіры, туфы і інш.).
У.Я.Бардон.
т. 4, с. 293
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЗЯРЖА́ЎНАЕ АБ’ЯДА́ННЕ «БЕЛКАНЦЭ́РТ».
Створана ў 1992 у Мінску ў выніку рэарганізацыі канцэртна-гастрольнага аб’яднання «Мінскканцэрт» (да 1990 наз. Белдзяржэстрада) як Рэсп. дырэкцыя эстрадна-цыркавога мастацтва; з 1996 сучасная назва. Маст. кіраўнік В.Вуячыч. У складзе «Белканцэрта» (1997): творчыя аб’яднанні фестываляў і конкурсаў, «Студыя «Сябры», «Верасы»; маладзёжны т-р эстрады, цыркавыя калектывы «Беларусь», «Мінчане», «Паяцы», вак.-інстр. група пад кіраўніцтвам У.Ухцінскага, вак.-інстр. ансамбль «Карусель», вак. ансамбль «Славяне»; эстрадна-харэаграфічны ансамбль «Чараўніцы», харэаграфічныя групы «Сэнс», «Фіеста», танц. ансамбль «Архідэя», цыганскі фалькл. ансамбль «Гіля-Рамэн»; лялечны т-р «Лялькі і акцёры», дзіцячы вак. ансамбль «Званочкі», вял. трупа салістаў-вакалістаў.
А.А.Літвіновіч.
т. 6, с. 143
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДРЫ́СЕНСКАЯ АПЕРА́ЦЫЯ 1942,
аперацыя партыз. брыгады «За Савецкую Беларусь» (камандзір А.І.Петракоў) па падрыве 110-метровага чыг. моста цераз р. Дрыса на лініі Даўгаўпілс—Полацк у Дрысенскім р-не Віцебскай вобл. ў Вял. Айч. вайну, праведзеная 4 жніўня. Мост ахоўваў фаш. гарнізон (70 чал.), падыходы былі замініраваны, абнесены агароджай з калючага дроту. У ходзе аперацыі ўдарная група з 3 партыз. атрадаў пад кіраўніцтвам П.М.Машэрава знішчыла ахову моста; група падрыўнікоў на чале з П.Р.Мандрыкіным узарвала мост. У выніку аперацыі рух на магістралі быў спынены на 16 сутак, прапускная здольнасць дарогі зменшылася з 60 да 8 эшалонаў за суткі.
т. 6, с. 229
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІНДЗЕ́ЙЦЫ,
карэннае насельніцтва Амерыкі (акрамя эскімосаў і алеутаў). Каля 35 млн. чал. (1992). Буйнейшыя народы — кечуа, аймара, ацтэкі, мая, гуарані і інш. Навук. даследаваннямі ўстаноўлена, што продкі І. пачалі перасяляцца ў Амерыку 30—20 тыс. гадоў назад з Паўн.-Усх. Азіі. У выніку еўрап. каланізацыі многія плямёны цалкам ці часткова знішчаны або выцеснены ў інш. раёны. У ЗША і Канадзе жывуць пераважна ў рэзервацыях. У Балівіі і Гватэмале складаюць б. ч. насельніцтва. Моцна метысаваны. Гавораць на індзейскіх мовах, значная ч. таксама на ісп. (Лац. Амерыка) і англ. (Паўн. Амерыка) мовах. Паводле веравызнання католікі, пратэстанты, ёсць прыхільнікі сінкрэтычных культаў і традыц. вераванняў.
т. 7, с. 234
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІНТЭРПРЭТА́ЦЫЯ (ад лац. interpretatio тлумачэнне, пасрэдніцтва),
1) вытлумачэнне, пераклад на больш зразумелую мову.
2) І. навуковая ў логіцы — сукупнасць значэнняў (сэнсаў), якія надаюцца якім-н. чынам элементам некаторай тэорыі (выразам, формулам, сімвалам і інш.). Выкарыстоўваецца і ў дачыненні да асобных элементаў такой тэорыі; у гэтым выпадку гавораць пра І. выразу, формулы, сімвала. Мае важнае значэнне пры супастаўленні навук. тэорый з адлюстраванай у іх рэчаіснасцю, пры апісанні розных спосабаў пабудовы тэорыі, яе развіцця і функцыянавання. У выніку І. фармальная лагічная сістэма ператвараецца ў мову, што апісвае пэўную прадметную вобласць. Паняцце «І.» цесна звязана з паняццем «мадэль» (гл. Мадэліраванне).
В.М.Пешкаў.
т. 7, с. 289
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
О́КСФАРДСКАЯ ШКО́ЛА,
плынь у зах.-еўрап. філасофіі 13 ст. Узнікла ў Оксфардскім ун-це. Філас. асновай поглядаў мысліцеляў О.ш. (Грасетэст, Альфрэд Англійскі, Адам з Марча) было аўгусцініянства. Значную ўвагу яны звярталі на пытанні прыродазнаўства (творы Арыстоцеля, інш. грэч. і араб. вучэнні), што на той час было наватарствам, бо рымская курыя забараняла вывучэнне твораў, прысвечаных гэтым праблемам. У выніку аддаленасці ад рымскай курыі Оксфардскі ун-т валодаў значнай свабодай. Акрамя таго, яго даследаванні стымуляваліся тым, што ў Англіі раней, чым у інш. краінах, атрымалі развіццё рамесная вытв-сць і гандаль, якім патрэбны былі прыродазнаўчанавук. веды. З О.ш. выйшаў мысліцель і прыродазнавец Р.Бэкан.
т. 11, с. 431
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРО́ЛЕЖАНЬ,
амярцвенне (некроз) мяккіх тканак (скуры з падскурнай клятчаткай, слізістай абалонкі, сценкі полага органа або крывяноснага сасуда) у выніку нейратрафічных расстройстваў і парушанага кровазвароту. Адрозніваюць П. экзагенныя (ад працяглага, інтэнсіўнага сціскання тканак; бываюць вонкавыя і ўнутр.) і эндагенныя (у цяжкахворых, якія доўгі час ляжаць нерухома; у хворых з хранічнымі парушэннямі нерв. сістэмы ад кантузіі спіннога мозга, кровазліцця ў мозг, пашкоджання буйных нерв. ствалоў). Узнікаюць П. на крыжы, лапатках, пятачных буграх, інш. костачках. Калі некратызаваныя тканкі адпадаюць, утвараюцца і доўга не зажываюць язвы. П. можа ўскладняцца гнойнай інфекцыяй. Лячэнне: мазевыя павязкі, агульнаўмацавальныя сродкі. П. бывае і ў аслабленых жывёл пры працяглым вымушаным ляжанні.
М.З.Ягоўдзік.
т. 13, с. 39
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЭКЧЭ́,
адна з трох карэйскіх дзяржаў (П., Кагуро, Сіла), якія ўзніклі ў пач. н.э. Займала ПнЗ Карэйскага п-ва. Першы вядомы цар (ван) П. — Кой [234—286], да часу кіравання якога адносяцца першыя юрыд. ўстанаўленні дзяржавы, пашырэнне будызму, які ў 384 быў абвешчаны дзярж. рэлігіяй. З канца 4 ст. вяла войны з Кагуро, з 5 — з Сіла, у выніку чаго страціла значную ч. сваёй тэрыторыі і вымушана была перанесці сталіцу ў 475 з Хансона (цяпер Кванджу) ва Унчхон (цяпер Канджу), а ў 538 — у Сабуры (цяпер Пуё). У 660 разгромлена аб’яднаным войскам Сіла і кіт. імперыі Тан. З канца 7 ст. тэр. П. ўвайшла ў склад аб’яднанай дзяржавы Сіла.
т. 13, с. 154
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РА́ДА ПЯЦЁХ,
другі ўрад Беларускай Народнай Рэспублікі ў маі 1918. Сфарміраваны пасля выхаду з 1-га складу Народнага сакратарыята Беларусі ў пач. мая 1918 бел. сацыялістаў-рэвалюцыянераў П.Бадуновай, Т.Грыба, Л.Зайца і сацыял-дэмакрата А.Смоліча. У склад Р.п. уваходзілі прадстаўнікі Беларускай партыі сацыялістаў-федэралістаў Я.Варонка (старшыня), Я.Бялевіч, К.Езавітаў, В.Захарка, П.Крачэўскі. Правыя ў Радзе Беларускай Народнай Рэспублікі з мэтай адхіліць Р.п. стварылі Нар. сакратарыят пад кіраўніцтвам Р.Скірмунта. У выніку кампрамісу, дасягнутага паміж левымі і правымі, у чэрв. 1918 быў сфарміраваны 4-ы склад Нар. сакратарыята.
Літ.:
Гл. пры арт. Беларуская Народная Рэспубліка.
А.М.Сідарэвіч.
т. 13, с. 204
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РЭМА́РКА (ад франц. remarque памета),
1) заўвага аўтара тэксту (кнігі, рукапісу, пісьма), што ўдакладняе ці дапаўняе нейкія дэталі.
2) У драматургіі, тэатры — тлумачэнне, указанне драматурга для чытача, пастаноўшчыка, акцёра ў тэксце п’есы. Змяшчае кароткую характарыстыку абставін дзеяння, знешні выгляд, манеру вымаўлення, асаблівасці паводзін персанажаў. Мае важнае значэнне для разумення п’есы пры чытанні і пры пастаноўцы яе на сцэне. Р. называюць і паметы рэжысёра на рабочым экзэмпляры п’есы, адрасаваныя асістэнту рэжысёра, заг. пастановачнай часткі і інш. 3) У гравюры — накід у баку ад асн. выявы. З’явілася ў выніку выпрабавання інструментаў пры рабоце над гравюрнай дошкай, іншы раз мае і самаст. маст. значэнне.
т. 14, с. 9
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)