ЗАЛЕ́СКІ (Антон Ігнатавіч) (15.2.1824, Варшава — 4.10.1885),

мастак, адзін з кіраўнікоў паўстання 1863—64 у Польшчы, Беларусі і Літве. Адукацыю атрымаў у Вільні і Варшаве, жывапісу вучыўся ў Вене і Фларэнцыі. Працаваў як мастак-графік, ілюстраваў творы А.​Міцкевіча, Т.​Ленартовіча, А.​Мальчэўскага, І.​Ходзькі і інш. Чл. Віленскай археал. камісіі. У 1862 прыхільнік «чырвоных», увайшоў у Літоўскі правінцыяльны камітэт, дзе разам з К.​Каліноўскім рыхтаваў паўстанне. 26.1.1863 арыштаваны і высланы ў Вятку. З 1867 у Варшаве, потым за мяжой.

Г.​В.​Кісялёў.

А.Я.Залескі.

т. 6, с. 513

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗЕ́ЕМАН ((Zeeman) Пітэр) (25.5.1865, Зонемайрэ, Нідэрланды — 9.10.1943),

нідэрландскі фізік. Чл. Нідэрландскай АН. Скончыў Лейдэнскі ун-т (1890). Працаваў у Лейдэнскім і Амстэрдамскім ун-тах (з 1900 праф.). Навук. працы па оптыцы, магнітаоптыцы, атамнай спектраскапіі. Адкрыў з’яву расшчаплення спектральных ліній пад дзеяннем магн. поля (гл. Зеемана з’ява). Даследаваў падвойнае праменепераламленне ў эл. полі, распрацаваў метад вызначэння каэф. паглынання эл.-магн. хваль, вызначыў аптычныя пастаянныя шэрагу металаў. Нобелеўская прэмія 1902 (разам з Х.А.Лорэнцам).

Літ.:

Льоцци М. История физики. М., 1970. С. 297—299.

П.Зееман.

т. 7, с. 50

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НАРО́ДНАЕ АПАЛЧЭ́ННЕ 1612 пад кіраўніцтвам Мініна і Пажарскага, Другое апалчэнне. Створана ў 1611 для барацьбы з іншаземнай інтэрвенцыяй. Дасягала 20—30 тыс. чал. Частка яго (10 тыс. чал.) 22—24.8.1612 разам з рэшткамі 1-га апалчэння (гл. Першае апалчэнне 1621) нанесла паражэнне польска-літ. войску Я.​К.​Хадкевіча (10—12 тыс. чал.) і пасля працяглай аблогі (22—26 кастр.) прымусіла да капітуляцыі гарнізон інтэрвентаў у Крамлі. Н.а. паспрыяла аднаўленню дзярж. улады ў Расіі, прадвызначыла пэўныя змены ва ўзаемаадносінах Расіі і Рэчы Паспалітай.

т. 11, с. 165

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НА́ТАНС ((Nathans) Даніэл) (н. 30.10.1928, г. Уілмінгтан, ЗША),

амерыканскі вірусолаг. Чл. Амер. акадэміі навук і мастацтваў. Скончыў Дэлавэрскі ун-т (1950). Працаваў ва ун-тах Вашынгтонскім і Дж.​Хопкінса ў г. Балтымар. Навук. працы па структуры і функцыі генома віруса. Выкарыстаў ферменты рэстрыктазы для даследавання структуры (карціравання) ДНК аднаго з анкагенных вірусаў. Вывучыў працэс яго рэплікацыі і транскрыпцыі, выявіў у яго геноме «анкагенны» ўчастак, атрымаў яго т.зв. эвалюцыйныя мутанты і гібрыды з адэнавірусамі. Нобелеўская прэмія 1978 (разам з Г.Смітам і В.Арберам).

Д.Натанс.

т. 11, с. 205

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НО́РТРАП ((Northrop) Джон Хоўард) (5.7.1891, г. Іонкерс, ЗША — 27.5.1987),

амерыканскі біяхімік, адзін з заснавальнікаў прыкладной энзімалогіі. Чл. Амер. акадэміі навук і мастацтваў (1949). Скончыў Калумбійскі ун-т (1912). У 1915—62 у Ракфелераўскім ін-це мед. даследаванняў. Працаваў таксама ў Гарвардскім, Калумбійскім, Іельскім, Прынстанскім, Каліфарнійскім ун-тах. Навук. працы па хіміі ферментаў. Вылучыў у крышт. форме ферменты: хіматрыпсін, пепсін і трыпсін, а таксама адзін з вірусаў і дыфтэрыйны антытаксін. Даказаў бялковую прыроду ферментаў. Нобелеўская прэмія 1946 (разам з У.М.Стэнлі і Дж.Б.Самнерам).

Дж.Нортрап.

т. 11, с. 379

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НЭ́РУ (Мацілал) (6.5.1861, Дэлі — 6.2.1931),

дзеяч інд. нац.-вызв. руху. Бацька Дж.Нэру. Скончыў каледж у Алахабадзе. З 1907 адзін з лідэраў Індыйскага нацыянальнага кангрэса (ІНК). Напачатку чл. умеранага крыла ІНК, пасля расстрэлу брыт. войскамі мірнага мітынгу ў Амрытсары (1919) перайшоў на радыкальныя пазіцыі. Разам з М.К.Гандзі ўзначальваў кампаніі грамадз. непадпарадкавання, за што не раз быў арыштаваны брыт. ўладамі. З 1923 адзін з лідэраў свараджысцкай партыі ўнутры ІНК. У 1928 распрацаваў праект канстытуцыі Індыі, які прадугледжваў наданне Індыі статуса дамініёна ў межах Брыт. імперыі.

т. 11, с. 399

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАЗНЯ́К (Мікалай Іванавіч) (н. 10.1.1945, г.п. Іўе Гродзенскай вобл.),

бел. вучоны ў галіне афтальмалогіі. Д-р мед. н. (1990). Скончыў Мінскі мед. ін-т (1974), дзе і працаваў у 1979—91. З 1993 у Мед. цэнтры Мінскага трактарнага з-да (заг. аддзялення). Навук. працы па этыялогіі, патагенезе, лячэнні і прафілактыцы катаракты, глаўкомы, блізарукасці, дыстрафіі сятчаткі і захворванняў зрокавага нерва.

Тв.:

Поляризационные методы исследований в биологии и медицине. Мн., 1988 (у сааўт.);

Возрастная катаракта. Мн., 1997 (разам з Я.​В.​Баркоўскім).

т. 11, с. 520

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАЛЯШЧУ́К (Юрый Міхайлавіч) (н. 10.2.1946, г. Стоўбцы Мінскай вобл.),

бел. вучоны ў галіне аховы раслін. Д-р с.-г. н. (1992), праф. (1995). Скончыў Бел. тэхнал. ін-т (1970). З 1972 у Бел. тэхнал. ун-це (у 1988—93 заг. лабараторыі). Навук. працы па лясной фітапаталогіі.

Тв.:

Аб пашкоджанасці асобных форм елкі звычайнай каранёвай губкай (разам з М.​І.​Фёдаравым) // Весці АН БССР. Сер. біял. навук. 1978. № 5;

Использование биопрепарата пениофоры гигантской в сосновых насаждениях (з ім жа) // Лесное хозяйство. 1982. № 6.

т. 12, с. 30

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЛАДАФІ́НЫ,

прадстаўнікі апазіц. плыні ліберальна-бурж. кірунку ў Фінляндыі ў канцы 1880-х г.—1918; апаненты старафінаў. Сярод М. былі фін. пісьменнікі Ю.​Аха, М.​Кант, мастакі А.Гален-Калела, П.​Халанен, браты Ярнефельт (гл. Ярнефельт Э.), кампазітар Я.Сібеліус. У 1902 разам з Швед. нар. партыяй утварылі Партыю фін. канстытуцыяналістаў. У 1907—17 мелі 23—25 месц у сейме. У 1918 раскалоліся; большасць М. на чале з К.Ю.Стольбергам утварыла Нац. прагрэс. партыю (прыхільнікі рэсп. дзярж. ладу), меншасць увайшла ў манархічна настроеную Нац. кааліцыйную партыю.

т. 10, с. 496

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛУ́НДСТРЭ́М (Алег Леанідавіч) (н. 2.4. 1916, г. Чыта, Расія),

расійскі дырыжор, кампазітар. Засл. арт. Расіі (1973). Нар. арт. Расіі (1984). З 1921 у Харбіне. Скончыў Харбінскі муз. тэхнікум (1935), Вышэйшы тэхн. цэнтр у Шанхаі (1944), Казанскую кансерваторыю (1953). Арганізаваў у Харбіне джаз-аркестр (1934), разам з якім пераехаў у Шанхай (1936), потым у Казань (1947). З 1956 у Маскве, маст. кіраўнік і гал. дырыжор эстр. аркестра Расканцэрта (цяпер Канцэртны аркестр джазавай музыкі). Аўтар джазавых кампазіцый і аранжыровак, песень, музыкі да драм. спектакляў.

т. 9, с. 369

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)