ВЕСТЫБУЛЯ́РНЫ АПАРА́Т (ад лац. vestibulum пераддзвер’е),
орган пачуцця, які ўспрымае становішча і рух галавы і цела ў прасторы, перыферычны аддзел аналізатара раўнавагі. У ніжэйшых жывёл мае форму пузырка (статацыста), у пазваночных жывёл і чалавека — частка ўнутр. вуха (лабірынт), якая складаецца з пераддзвер’я і трох паўкружных праток (гл. Вуха).
Рэцэптары вестыбулярнага апарата знаходзяцца ў двух мяшочках пераддзвер’я і ў ампулах паўкружных праток перапончатага лабірынта ўнутр. вуха. Поласць мяшочкаў і паўкружных праток запоўнена тканкавай вадкасцю — эндалімфаю. Вярчальныя рухі галавы і цела выклікаюць рух эндалімфы паўкружных праток, гэта раздражняе ампулярныя рэцэптары. Раздражненне ўспрымаецца дэндрытамі адчувальных нейронаў вестыбулярных гангліяў і па іх аксонах перадаецца ў вестыбулярныя ядры прадаўгаватага мозга, якія звязаны праводзячымі шляхамі са спінным мозгам, цэнтрамі вегетатыўнай нервовай сістэмы, ядрамі вокарухальных нерваў, карой галаўнога мозга. Вестыбулярны апарат мае выключнае значэнне для захавання раўнавагі цела пры руху і ў стане спакою. Даследаванні вестыбулярнага апарата выкарыстоўваюцца ў адборы для работы на вышыні, на марскую і лётную службу. Высокая ўстойлівасць вестыбулярнага апарата дасягаецца трэніроўкай. Ад непасрэдных або рэфлекторных пашкоджанняў функцыі вестыбулярнага апарата ўзнікаюць вестыбулярныя парушэнні. Прыкметы: галавакружэнне, парушэнне раўнавагі, рытму дыхання, дзейнасці сэрца, моташнасць.
А.С.Леанцюк.
т. 4, с. 119
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БА́НКАЎСКІЯ АПЕРА́ЦЫІ,
аперацыі, што ажыццяўляюць банкі пры выкананні сваіх функцый. Бываюць пасіўныя (па фарміраванні рэсурсаў банка), актыўныя (па размяшчэнні гэтых рэсурсаў) і пасрэдніцкія (камісійныя).
Найб. пашыраныя з банкаўскіх аперацый: дэпазітныя (па залучэнні грашовых сродкаў ва ўклады ў банк ці пераводзе наяўных сродкаў банка ва ўклады ў інш. банках), крэдытныя (па прадастаўленні крэдыторам пазыкі пазычальніку), разліковыя (паслугі па разліках, пераводах па даручэнні кліента, афармленні плацежных дакументаў, выпісак з рахункаў і інш.), валютныя (па афармленні здзелак з валютнымі каштоўнасцямі), эмісійна-касавыя (звязаныя з выпускам грошай, каштоўных папераў, арганізацыяй іх абарачэння, выдачай і прыёмам наяўных грошай), фондавыя (аперацыі з каштоўнымі паперамі), факторынгавыя (па набыцці грашовых запатрабаванняў, перадачы права банку на спагнанне даўгоў з плацельшчыка), траставыя, ці даверныя (па распараджэнні маёмасцю або грашовымі сродкамі кліента паводле яго даручэння), інвестыцыйныя (па доўгачасовым крэдытаванні прадпрыемстваў і насельніцтва, укладванні сродкаў у каштоўныя паперы, удзел у інвестыцыйнай дзейнасці юрыдычных асоб у ролі інвестараў, укладчыкаў, крэдытораў), лізінгавыя (калі банк выступае арэндадаўцам ці пасрэднікам паміж арэндадаўцам і арандатарам, крэдытуе лізінгадаўцу і выступае гарантам здзелкі), залогавыя (па крэдытаванні пад залог рухомай і нерухомай маёмасці, каштоўных папераў), міжбанкаўскія (аперацыі на дагаворнай аснове паміж банкамі).
Г.І.Краўцова.
т. 2, с. 282
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕЛАРУ́СКАЕ БРА́ЦТВА,
тайная нацыянальна-адраджэнская арг-цыя, што, па некаторых звестках, існавала на пач. 1920-х г. у Коўне (сучасны Каўнас, Літва). Паводле матэрыялаў сфальсіфікаванай АДПУ БССР справы «Саюза вызвалення Беларусі» («СВБ»), Беларускае брацтва заснавалі ў 1921 В.Ластоўскі, В.Захарка, П.Крачэўскі (кіраўнікі Рады БНР), чл. арг-цыі: П.Бадунова, К.Езавітаў, У.Ігнатоўскі, І.Краскоўскі, М.Маркевіч, П.Мядзёлка, І.Цвікевіч, Я.Чарапук і інш. Намаганні Беларускага брацтва, якое нібыта будавалася і дзейнічала па прынцыпе масонскіх ложаў, былі скіраваны на пераадоленне супярэчнасцяў і рознагалоссяў у Радзе БНР, каардынацыю бел. нац адраджэнскіх сіл на эміграцыі і ў БССР. Паводле слоў Ластоўскага, Беларускае брацтва спыніла існаванне ў маі 1923. АДПУ імкнулася звязаць Беларускае брацтва з «Саюзам адраджэння Беларусі», які быццам бы ўзнік на пач. 1920-х г. за мяжой і каардынаваў дзейнасць бел. паліт. эміграцыі Літвы, Латвіі, Польшчы і Чэхаславакіі, а з пераездам Ластоўскага ў Мінск у 1926 быў нібыта ператвораны ў «СВБ». У 2-й пал. 1950-х г. у ходзе рэабілітацыі рэпрэсіраваных па справе «СВБ» дакумент. пацвярджэнняў існавання Беларускага брацтва не знайшлося. Захаваўся адзіны дакумент — праект статута Бел. нар. брацтва, які, верагодна, мае адносіны да дзейнасці Беларускага брацтва.
У.М.Міхнюк.
т. 2, с. 393
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
А́КТЫ О́РГАНАЎ ДЗЯРЖА́ЎНАГА КІРАВА́ННЯ,
дакументальная юрыд. форма дзейнасці выканаўчых і распарадчых органаў дзяржавы. У іх рэалізуюцца паўнамоцтвы адпаведных дзярж. органаў, змяшчаюцца правілы, афіцыйныя прадпісанні і ўказанні, абавязковыя да выканання. З’яўляюцца падзаконнымі, таму што прымаюцца на аснове законаў і ў адпаведнасці з імі ў межах кампетэнцыі пэўнага дзярж. органа. Лічацца нарматыўнымі, калі змяшчаюць нормы права, і індывідуальнымі, калі прымаюцца для вырашэння канкрэтных пытанняў. Сярод нарматыўных актаў Рэспублікі Беларусь асаблівае значэнне маюць пастановы і распараджэнні Кабінета Міністраў як вышэйшага выканаўчага і распарадчага органа краіны. Кіраўнікі мін-ваў, дзярж. к-таў і ведамстваў выдаюць, як правіла, загады і інструкцыі: выканкомы мясц. Саветаў дэпутатаў — рашэнні і распараджэнні; кіраўнікі аб’яднанняў, прадпрыемстваў, устаноў, арг-цый — загады, інструкцыі, распараджэнні. Такія акты звычайна набываюць сілу з моманту іх прыняцця або давядзення да ведама выканаўцаў. Тэрмін уступлення іх у дзеянне часам указваецца ў самім акце.
Кантроль над законнасцю актаў ажыццяўляюць вышэйшыя органы дзяржаўнага кіравання. У выпадку, калі акт ніжэйшага органа не адпавядае закону або акту вышэйшага органа, апошні абавязаны адмяніць яго. Агульны нагляд над законнасцю актаў ажыццяўляе пракуратура. Адпаведнасць нарматыўнага акта любога дзярж. органа Канстытуцыі і законам Рэспублікі Беларусь пры неабходнасці можа быць разгледжаны Канстытуцыйным Судом.
т. 1, с. 211
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АРХЕАЛАГІ́ЧНАЯ КУЛЬТУ́РА,
гіст. агульнасць археалагічных помнікаў, што існавалі на акрэсленай тэрыторыі, прыкладна ў адзін час, аднастайныя па сваёй матэрыяльнай культуры, але істотна адрозніваюцца ад адначасовых помнікаў суседніх абласцей. Археалагічная культура — аб’ектыўна існуючая рэальнасць, якая адлюстроўвае ў рэштках матэрыяльнай культуры генезіс развіцця і гіст. лёс этнасу, якому яна належала. Звычайна археалагічнай культуры даюць назву па найб. характэрнай прыкмеце (штрыхаванай керамікі культура, шарападобных амфар культура), абрадзе пахавання (адзінкавых пахаванняў культуры), ад найб. значнага ці найб. даследаванага помніка (банцараўская культура, калочынская культура, мілаградская культура) або мясцовасці, дзе пашыраны старажытнасці гэтай культуры (верхнедняпроўская культура, нёманская культура і інш.). Адрозненні археалагічнай культуры павінны існаваць у такіх памерах і разнастайнасцях, якія немагчыма растлумачыць ні падабенствам умоў існавання, экалогіі і гасп.-культурнага тыпу, ні аднолькавым узроўнем грамадска-эканам. развіцця. У раннім жалезным веку адпаведнасць археалагічнай культуры пэўнаму этнасу парушаецца. Пад уплывам прыродных працэсаў і чалавечай дзейнасці яна можа ўзбагачацца або збядняцца. Разам з тым археалагічная культура — навук. паняцце, з дапамогай якога даследуецца гіст. працэс.
Літ.:
Клейн Л.С. Археологическая типология. Л., 1991;
Загорульский Э.М. Археология Белоруссии. Мн., 1965;
Археалогія і нумізматыка Беларусі: Энцыкл. Мн., 1993.
У.Ф.Ісаенка.
т. 1, с. 520
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕЛАРУ́СКІ НАЦЫЯНА́ЛЬНЫ КАМІТЭ́Т (БНК) у Магілёве, бел. грамадска-паліт., культ.-асв. арг-цыя ў 1917—18. Створаны 17.4.1917. Заснавальнікі: выкладчыкі навуч. устаноў горада, работнікі суда, архіва, б-к, чыгункі, земскіх і гар. устаноў. К-т узначальваў І.І.Рэут, з кастр. 1917 — М.С.Кахановіч. У яго ўваходзілі Я. і Дз.Аляхновічы, Дз.І.Даўгяла (нам. старшыні), В.Я.Какошынскі, ксёндз Д.Лапошка, А.Ф.Пігулеўскі, А.М.Раждзественскі, І.А.Сербаў, М.А.Судзілоўскі, Шчансновіч і інш. Пры к-це працавалі паліт., арганізац., фінансавая, школьная, культ.-асв. і этнагр. камісіі. Меў на мэце стварэнне дзярж.-прававых, культ.-асв. і эканам. умоў для бел. адраджэння, пашырэнне нац. свядомасці сярод бел. насельніцтва. На пач. дзейнасці выступаў за аўтаномію Беларусі ў складзе Рас. дэмакр. рэспублікі, з 1918 за дзярж. незалежнасць Беларусі. Прадстаўнікі к-та ўдзельнічалі ў рабоце з’ездаў бел. арг-цый і партый у Мінску ў ліп. 1917, Усебел. з’ездзе 1917. Разам з інш. бел. арг-цыямі выставіў кандыдатуры ва Устаноўчы сход па Магілёўскай выбарчай акрузе. Спробы пераўтварыць к-т у губ. цэнтр бел, нац. арг-цый не мелі поспеху. Спыніў дзейнасць у ліст. 1918 з прыходам у горад Чырв. Арміі.
У.В.Ляхоўскі.
т. 2, с. 453
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЫШЭ́ЙШАЯ АДУКА́ЦЫЯ,
падрыхтоўка спецыялістаў вышэйшай кваліфікацыі для патрэб навукі, тэхнікі, культуры. На Беларусі ствараецца шматузроўневая сістэма вышэйшай адукацыі (гл. Вышэйшыя навучальныя ўстановы). Яна дазваляе пашырыць магчымасці вышэйшай школы ў забеспячэнні культ.-адукац. запатрабаванняў асобы і грамадства; павысіць гнуткасць агульнаадук., навук. і прафес. падрыхтоўкі спецыялістаў з улікам патрабаванняў эканомікі і рынку працы; стварыць умовы для больш поўнага забеспячэння падрыхтоўкі моладзі па кірунках, што адпавядаюць яе здольнасцям і інтарэсам. Шматузроўневая сістэма заснавана на прынцыпах дзярж. палітыкі ў галіне адукацыі, вызначаных законам «Аб адукацыі ў Рэспубліцы Беларусь» (1991) і міжнар. стандартнай кваліфікацыяй, прынятай ЮНЕСКА. Структура гэтай сістэмы мае 2 узроўні: 1-ы ўзровень (падрыхтоўка спецыяліста з вышэйшай адукацыяй, тэрмін навучання 4—5 гадоў) складаецца з 2 ступеняў. Першая ступень — 2 гады навучання, дае студэнту базавую падрыхтоўку (агульную гуманітарную, агульную навук. і пэўны аб’ём прафесійнай); 2-я ступень — працяг навучання 2—3 гады, дае прафес. падрыхтоўку па спецыяльнасці разам з дадатковай гуманітарнай і навук., у т. л. па праграме бакалаўрыята (гл. Бакалаўр). 2-і ўзровень (тэрмін навучання 1—2 гады) прадугледжвае спецыялізаваную (паглыбленую) падрыхтоўку спецыялістаў, якія маюць вышэйшую адукацыю, у канкрэтным кірунку прафес. дзейнасці, падрыхтоўку магістраў.
А.П.Сманцар, С.В.Снапкоўская.
т. 4, с. 333
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАЗААБМЕ́Н у фізіялогіі,
працэс пастаяннага абмену газаў паміж арганізмам і навакольным асяроддзем пры дыханні, фотасінтэзе і інш. Заключаецца ў паглынанні арганізмам кіслароду (O2) і выдзяленні вуглякіслага газу (CO2) — канчатковага прадукту акісляльнага метабалізму. Біял. роля газаабмену вызначаецца яго непасрэдным удзелам у абмене рэчываў, пераўтварэнні хім. энергіі засваяльных пажыўных прадуктаў у энергію, неабходную для жыццядзейнасці арганізма. Газаабмен адлюстроўвае інтэнсіўнасць працэсаў акіслення біялагічнага ва ўсіх органах і тканках. У раслін газаабмен адбываецца праз вусцейкі ліста; у чалавека і высокаарганізаваных жывёл — праз сістэмы органаў дыхання і кровазвароту і скуру, у прасцейшых — шляхам дыфузіі газаў праз паверхню цела. Патрэба ў газаабмене тым большая, чым вышэй арганізаваны жывы арганізм.
Газаабмен у чалавека і жывёл вызначаюць спец. прыладамі, з дапамогай якіх разлічваюць энергазатраты арганізма (непрамая каларыметрыя). Узровень газаабмену залежыць ад стану арганізма, умоў знешняга асяроддзя, інтэнсіўнасці мышачнай дзейнасці і інш. Рэгуляцыя газаабмену ідзе на ўсіх этапах транспарту газаў за кошт біяхім., біяфіз., нервовых і гумаральных уплываў. Газаабмен вывучаюць для ацэнкі дынамікі захворванняў і эфектыўнасці іх лячэння, у с.-г. жывёл — для распрацоўкі навукова абгрунтаваных нарматываў кармлення і ўтрымання.
Літ.:
Уэст Дж. Физиология дыхания: Основы: Пер. с англ. М., 1988;
Физиология дыхания. Л., 1991 (Руководство по физиологии).
Н.М.Петрашэўская.
т. 4, с. 424
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЭВІЯ́НТНЫЯ ПАВО́ДЗІНЫ,
паводзіны з адхіленнем ад агульнапрынятых у грамадстве прававых і маральна-этычных норм. Асн. іх віды: злачыннасць, алкагалізм, наркаманія, прастытуцыя, самазабойствы, сексуальная разбэшчанасць. Узнікненне Д.п. абумоўлена недахопамі выхавання, дэфектамі маральнай і прававой свядомасці, нізкім узроўнем інтэлектуальнага развіцця асобы, неспрыяльным уплывам спадчыннасці, асаблівасцямі характару, інтарэсаў і патрэбнасцей чалавека, яго эмацыянальна-валявой дзейнасці і інш. фактарамі. Італьян. псіхіятр Ч.Ламброза лічыў «крымінальны тып» своеасаблівым «вынікам» дэградацыі на больш ранніх стадыях чалавечай эвалюцыі. Франц. сацыёлаг Э.Дзюркгейм і прыхільнікі яго канцэпцыі сцвярджалі, што распаўсюджванню Д.п. садзейнічаюць сац.-эканам. і паліт. нестабільнасць, рэзкія змены ў грамадскім жыцці, сац. канфлікты, стрэсы і інш. Паводле тэорый анаміі і сацыялізацыі, праявы Д.п. узрастаюць, калі сацыяльна дапушчальныя сродкі дасягнення грамадскіх і індывід. мэт выконваюцца не ўсімі людзьмі або калі іх уваходжанне ў сац. жыццё адбываецца ў абставінах цярпімых адносін грамадства да амаральных учынкаў, насілля. У 1960-я г. атрымала пашырэнне канцэпцыя стыгматызацыі, паводле якой Д.п. — заканамерны вынік своеасаблівага «наклейвання» на чалавека ярлыкоў накшталт «алкаголік», «наркаман», «прастытутка» і імкнення сацыяльна ізаляваць, прыцягнуць да адказнасці, выправіць ці вылечыць такіх людзей. Існуюць канцэпцыі, у якіх сцвярджаецца, што Д.п. абумоўлены асаблівасцямі будовы чалавечага цела, анамаліямі палавых храмасом.
Э.С.Дубянецкі.
т. 6, с. 322
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАМЕАСТА́З (ад гамеа... + грэч. stasis стан, нерухомасць) у фізіялогіі, адноснае дынамічнае пастаянства саставу і ўласцівасцей унутр. асяроддзя і ўстойлівасць асн. фізіял. функцый арганізма чалавека, жывёл і раслін. Уяўленне сфармулявана франц. вучоным К.Бернарам (1878). Тэрмін «гамеастаз» прапанаваў амер. фізіёлаг У.Кенан (1929). Формы гамеастазу: структурны — падтрыманне дынамічнага пастаянства клетачнага саставу, структурнай арганізацыі і ўзаемнага размяшчэння элементаў у органах і арганізме; метабалічны — сукупнасць складаных прыстасавальных рэакцый арганізма, якія накіраваны на ліквідацыю ці макс. абмежаванне дзейнасці фактараў вонкавага і ўнутр. асяроддзя і захаванне ваганняў фізіял. і біяхім. канстантаў у вызначаных межах; генетычны — здольнасць папуляцый натуральным адборам ураўнаважваць свой генет. склад, парушаны ў выніку штучнага адбору ці змены ўмоў асяроддзя; антагенетычны (гамеастаз развіцця) — прыстасавальныя ўласцівасці арганізма дынамічна мяняць рэакцыю генатыпа на паўторныя змены ўмоў вонкавага і ўнутр. асяроддзя. Гамеастаз рэгулюецца нейрагумаральнымі, гарманальнымі, бар’ернымі, выдзяляльнымі, асматычнымі і інш. сістэмнымі рэгулятарнымі механізмамі. Паняцце гамеастаз ужываецца ў біяцэналогіі, генетыцы, кібернетыцы і інш.
Літ.:
Анохин П.К. Очерки по физиологии функциональных систем. М., 1975;
Гомеостаз. 2 изд. М., 1981;
Саркисов Д.С. Очерки по структурным основам гомеостаза. М., 1977;
Структурные основы адаптации и компенсации нарушенных функций. М., 1987.
А.С.Леанцюк.
т. 5, с. 14
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)