ПАТРАНА́Т (позналац. patronatus ад лац. patronus апякун),
1) у Старажытным Рыме асаблівая форма апякунства, якая фактычна вызначала залежнасць непаўнапраўных ці бедных грамадзян ад грамадзян багатых. Бяспраўныя плебеі ішлі пад П. (атрымлівалі родавае імя патрона, ч. родавай зямлі, абарону ў судах і г.д.) знатных і багатых патрыцыяў (гл.Кліентэла). У час позняй Рым. імперыі пад П. аддаваліся дробныя землеўладальнікі, вёскі, абшчыны, гарады Італіі і правінцый. Землеўладальнікі аддавалі патрону сваю зямлю і атрымлівалі яе назад у якасці прэкарыя, каб пазбегнуць падатковага, ліхвярскага, суд. прыгнёту.
2) Форма ўладкавання дзяцей, якія засталіся без апекі бацькоў, — выхаванцаў дзіцячых інтэрнатных устаноў — у сям’ю патранатнага выхавальніка. Абавязкі па абароне законных правоў і інтарэсаў дзіцяці размяркоўваюцца паміж патранатным выхавальнікам, органам апекі і папячыцельства і ўстановай, што перадае дзіця на патранатнае выхаванне. На Беларусі праваадносіны, якія ўзнікаюць пры ажыццяўленні П., рэгулююцца Кодэксам аб шлюбе і сям’і. Патранатны выхавальнік адказны за жыццё, здароўе, выхаванне і адукацыю дзіцяці ў перыяд пражывання ў сям’і, куды яно змяшчаецца на падставе прац. дагавору, што заключаецца патранатным выхавальнікам з установай, выхаванцам якой з’яўляецца дзіця.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАТРЫЯРХА́Т (ад грэч. pater бацька + archē улада),
1) форма родавай арганізацыі першабытнаабшчыннага ладу, якая характарызуецца вяршэнствам мужчыны ў грамадскай вытв-сці і сац. жыцці. П. ўласцівы патрылакальнасць (прыход жанчын у сем’і родавых абшчын) і патрылінейнасць (адлік роднасці па бацькоўскай лініі). Адрозніваюць ранні П., заснаваны на парнай сям’і, і позні П., які з’явіўся ў канцы першабытнаабшчыннага ладу ў выглядзе манагамных патрыярхальных сем’яў. Як і матрыярхат, П. існаваў не ва ўсіх народаў і не быў стадыяй развіцця першабытнаабшчыннага ладу. Прыхільнікамі тэорыі першапачатковай патрыярхальнасці грамадства ў ант. часы былі Платон, Арыстоцель. У сярэднія вякі гэты погляд быў пануючым, у 19 ст. яго абараняў Г.Мэн. У 1860—80-я г. І.Бахафен і Л.Морган абверглі гэту ідэю. На тэр.Беларусі першыя адзнакі патрыярхальных адносін выяўлены пры даследаванні помнікаў эпохі бронзы: на паселішчах Падзвіння скульпт. і графічныя выявы мужчын-духаў, што сведчыць пра большую ролю мужчын у рэліг. вераваннях; на калект. могілках сярэднедняпроўскай культуры пахаванні мужчын часцей займаюць цэнтр. месца.
2) У хрысціянстве П., патрыярхія — кіруемая патрыярхам царква ў сукупнасці яе элементаў: веравучэння, культу, падання і традыцыі, іерархічнай сістэмы кіравання.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПА́ЎЛАЎ (Дзмітрый Рыгоравіч) (4.11.1897, в. Паўлава Калагрыўскага р-на Кастрамской вобл., Расія — ліп. 1941),
сав. ваенны дзеяч, Герой Сав. Саюза (1937), ген. арміі (1941), удзельнік абарончых баёў на Беларусі ў Вял.Айч. вайну.
Скончыў Омскую вышэйшую кав. школу (1922), Ваен. акадэмію імя Фрунзе (1928), акад. курсы пры Ваенна-тэхн. акадэміі (1931). У Чырв. Арміі з 1919. Удзельнік 1-й сусв. і грамадз. войнаў. З 1931 на ваен. службе ў Гомелі, Бабруйску. Удзельнік вайны ў Іспаніі 1936—39, баёў на р. Халхін-Гол у 1939, сав.фінл. вайны 1939—40. З чэрв. 1940 камандуючы войскамі Зах. асобай ваен. акругі, з пач.Вял.Айч. вайны — войскамі Зах. фронту, пасля разгрому якіх у Навагрудскім «катле»Ваен. калегіяй Вярх. суда СССР адхілены ад пасады і 22.7.1941 прыгавораны да пакарання смерцю. Рэабілітаваны 31.7.1957. Чл.ЦВКБССР у 1935—36. Дэп. Вярх. СаветаСССР з 1940.
Літ.:
Качелин М.М. Дальний костер: Воспоминания. М., 1968;
Голубев Е.П. Боевые звезды. 2 изд. Ярославль, 1972;
Жуков Г.К. Воспоминания и размышления. Т. 1. 10 изд. М., 1990.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЎНАМО́ЦНАЕ ПРАДСТАЎНІ́ЦТВА БССР ПРЫ СНК РСФСР,
дзяржаўная ўстанова для забеспячэння сувязі паміж БССР і РСФСР у 1921—22. Створана 24.3.1921 па ініцыятыве бел. кіраўніцтва на падставе дагавора аб ваенным і гаспадарчым саюзе паміж РСФСР і БССР. Падпарадкоўвалася Наркамату замежных спраў (НКЗС) БССР, выконвала функцыі дыпламат. прадстаўніцтва, падтрымлівала афіц. кантакты з НКЗС РСФСР, кіраўнікамі і супрацоўнікамі інш.дыпламат. прадстаўніцтваў, акрэдытаваных у Маскве. Паўпрэд (М.І.Мароз) і саветнік прызначаліся Прэзідыумам ЦВКБССР. Выконвала ў межах РСФСР даручэнні бел. ўрада, ЦККП(б)Б, наркаматаў і ведамстваў БССР, вяло работу па вяртанні на радзіму спецыялістаў — ураджэнцаў Беларусі, пошуку вывезеных з тэр. рэспублікі матэрыяльных каштоўнасцей. Выдача замежных пашпартоў для грамадзян БССР перайшла пад кантроль НКЗС РСФСР. Пашпарты, выдадзеныя НКЗС БССР без візы НКЗС РСФСР і Асобага аддзела ВЧК, лічыліся несапраўднымі. Гэта ўшчамляла суверэнныя правы БССР у зносінах з РСФСР, інш.сав. рэспублікамі і прадстаўніцтвамі замежных дзяржаў. Пасля ўтварэння СССР (30.12.1922) прадстаўніцтва пераўтворана ў Пастаяннае прадстаўніцтва СНК (СМ) БССР пры СНК (СМ) СССР (гл.Пастаяннае прадстаўніцтва Савета Міністраў БССР пры Савеце Міністраў СССР).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПА́ША, выпас,
зямельныя ўгоддзі, травастой якіх выкарыстоўваецца для выпасу жывёлы; адна з асн. крыніц высокапрадукц. і таннага корму для с.-г. жывёл.
Адрозніваюць П. прыродную (натуральную) і сеяную (палепшаную, ці штучную). У расл. покрыве натуральнай П. пераважаюць дзікарослыя злакавыя травы, асокі і разнатраўе. Палепшаную П. ствараюць шляхам спец. сяўбы бабова-злакавых ці злакавых пашавых травасумесей. Звычайна П. займае сухадольныя ці нізінныя месцы. участкі поймавых лугоў і неасвоеных нізінных балот з натуральным травастоем. Прадукцыйнасць прыроднай П. нізкая (у 3—5 разоў ніжэй за сеяную), павышаюць яе асушэннем, культуртэхнічнымі работамі і інш. аграмеліярац. мерапрыемствамі; вапнаваннем, выкарыстаннем угнаенняў, падкошваннем, падсевам траў, арашэннем, аховай ад перавыпасу.
На Беларусі пад П. занята 1,7 млн.га, з іх палепшанай 1,1 млн.га, асушанай 0,78 млн.га. Прыродныя ўмовы і біякліматычны патэнцыял краіны спрыяюць стварэнню высокапрадукцыйнай П. практычна ва ўсіх рэгіёнах.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЕРЫЯДЫ́ЧНЫ ДРУК,
друкаваныя выданні, якія выпускаюцца праз пэўныя прамежкі часу; адзін са сродкаў навукова-тэхнічнай масавай інфармацыі і прапаганды. Да іх адносяцца газеты, часопісы, альманахі, бюлетэні і перыяд. зборнікі, што распаўсюджваюць грамадска-паліт., сац.-эканам., культ.-асв. і навук.-тэхн. інфармацыю. Ім уласцівы рэгулярнасць выхаду (ад штодзённага да гадавога), пастаянная назва, нумарацыя (нумар выдання, выпуску і г.д.), аб’ём, як правіла, фармат, аднатыпнае афармленне. Падзяляюцца на агульнаграмадскія (змяшчаюць інфармацыю пра ўсе сферы жыцця) і вузкаспец. (навук., спарт., рэкламныя і інш.). У Рэспубліцы Беларусь зарэгістравана (на 1.1.2001) 1113 перыяд. выданняў, у т. л. 731 газета, 329 часопісаў, 48 бюлетэняў, 2 альманахі, 1 каталог. Выходзіць штогадовы бібліягр. паказальнік «Летапіс перыядычных выданняў і выданняў, якія прадаўжаюцца». Звесткі пра сучасныя сусв.перыяд. выданні змяшчаюць «Ulrich’s International periodical directory» («Міжнародны даведнік «Улрык» па перыёдыцы», з 1932), «World list of social Science periodical» («Міжнародны паказальнік грамадска-палітычных перыядычных выданняў», ЮНЕСКА, з 1980) і інш.Гл. таксама ў арт.Выдавецкая справа.
Jlint.: Перыядычны друк Беларусі. Мн., 1981; Пресса Республики Беларусь. Мн., 1998.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЛАДАВО́ДСТВА,
галіна раслінаводства, якая вывучае будову, заканамернасці росту і развіцця пладовых культур, займаецца іх вырошчваннем. Кірункі П.: гадавальнікаводства (вырошчванне пасадачнага матэрыялу пладовых культур; гл.Пладовы гадавальнік), уласна П. (вырошчванне семечкавых, костачкавых і арэхаплодных культур), ягадаводства (вырошчванне ягадных культур). Субтрапічнае П., вінаградарства і цытрусаводства звычайна разглядаюцца як самаст. галіны. У сусв. сартымент уваходзяць больш за 100 відаў і дзесяткі тысяч сартоў пладовых культур, найб. пашыраныя яблыня, масліна, груша, сліва. Агульная пл. каля 20 млн.га.
На Беларусі (1998) агульная плошча пладова-ягадных насаджэнняў усіх узростаў — 100,3 тыс.га, валавы збор пладоў і ягад — 350 тыс.т. Сучасны кірунак развіцця — інтэнсіўнае П., прадугледжвае выкарыстанне нізкарослых насаджэнняў (выш. 1,5—3 м), якія рана пладаносяць (на 2—3-і год), выкарыстанне плоскіх форм кроны дрэў, інтэграваных метадаў барацьбы з хваробамі і шкоднікамі і інш.Асн. пастаўшчыкі садавіны і ягад — гаспадаркі, дзе П. развіваецца паводле закончанага цыкла (ад вырошчвання да пастаўкі прадукцыі пакупнікам): «Рассвет», «Беражное» (Брэсцкая вобл), «Прагрэс» (Гродзенская вобл.), «Зубкі», «Клецкі» (Мінская вобл.) і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЛАНІРО́ЎШЧЫК,
машына для планіроўкі (выраўноўвання) с.-г. зямель і адхонаў меліярац. каналаў. Бываюць прычапныя, паўпрычапныя і навясныя, доўга- і кароткабазавыя.
П.-выраўноўвальшчыкі прызначаны для паслойнай планіроўкі зямель пры буд-ве меліярац. сістэм, культуртэхнічных работах і інш. П. каўшовыя — для планіроўкі паверхні меліяраваных зямель зразаннем грунту на ўзвышэннях і перамяшчэннем яго ў паніжэнні; бываюць з мех., гідраўл. і электрагідраўл. прыводам, з капірнай і бескапірнай сістэмамі аўтаматыкі, рабочы орган — бяздонны коўш. П. адхонаў — навясныя рабочыя органы да трактароў. П.-рыхліцелі актыўнага дзеяння робяць планіроўку, рыхленне і прыкочванне паверхняў адхонаў перад гідрасяўбой траў, навешваюцца на каналаачышчальнік; П. пасіўнага дзеяння выпускаюцца як зменныя рабочыя органы да бульдозераў.
На Беларусі выкарыстоўваюцца П.-рыхліцелі актыўнага дзеяння і паўпрычапныя каўшовыя П. канструкцыі Бел.НДІ меліярацыі і лугаводства (умяшчальнасць каўша 3,5 м³).
В.М.Кандрацьеў.
Планіроўшчыкі: а — многаадвальны (1 — колавыя цялежкі, 2 — гідрацыліндры кіравання, 3 — адвалы); б — каўшовы (1 — колавыя цялежкі, 2 — планіравальныя элементы, 3 — гідрацыліндры кіравання, 4 — адвал); в — кароткабазавы канструкцыі БелНДІМіЛ (1 — рама навясная, 2 — апора, 3 — коўш, 4 — колавая цялежка).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЛЕМЯННЫ́Я ГАСПАДА́РКІ, племгасы,
жывёлагадоўчыя гаспадаркі, што маюць высокапрадукц. статак жывёл пэўнай пароды, прыплод ад якога гадуюць на племя. Уключаюць племянныя заводы, саўгасы і фермы, кантрольна-выпрабавальныя станцыі і плем. рэпрадуктары.
Племянныя заводы займаюцца ўдасканаленнем існуючых і вывядзеннем новых парод, забяспечваюць прадпрыемствы каштоўнымі чыстакроўнымі жывёламі. Племянныя саўгасы і фермы разводзяць чыстапародных жывёл для ўласнага статка. На кантрольна-выпрабавальных станцыях ацэньваюць быкоў малочных парод, бараноў, свінаматак па якасці патомства, быкоў мясных парод па ўласнай прадукцыйнасці, праводзяць выпрабаванні парод і ліній свіней на спалучальнасць. Племянныя рэпрадуктары прызначаны для вырошчвання двухпародных свінаматак.
На Беларусі больш за 20 плем. заводаў: па развядзенні чорна-пярэстай малочнай пароды і мясной пароды шарале буйн. раг. жывёлы («Чырвоная зорка» Клецкага, «Карэлічы» Карэліцкага, «Рось» Ваўкавыскага, «Ведрыч» Рэчыцкага, «Прамень» Бярозаўскага і «Дружба» Кобрынскага р-наў); па бел. тыпу буйной белай і чорна-рабой пародах свіней («Нача» Ляхавіцкага, «Рэканструктар» Талачынскага, «Порплішча» Докшыцкага, «Ціманава» Клімавіцкага, «Леніна» Горацкага, імя Дзяржынскага Капыльскага р-наў); конныя заводы («Зарэчча» Смалявіцкага, эксперым. база «Ніва» Лідскага р-наў, Гомельскі, Мсціслаўскі) і інш. Каля 70 плем. саўгасаў і ферм.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЛО́МБА (ням. Plombe ад лац. plumbum свінец),
кавалачак свінцу з адбіткамі пячаткі, якім апламбоўваецца пэўны прадмет. Стараж. П. адрозніваюцца ад віслых пячатак (гл.Була) невял. памерамі (1—1,5 см) і прызначэннем. На Русі П. «наўгародскага тыпу» служылі малымі пячаткамі пасаднікаў (канец 11—13 ст.). Найб. пашыраны П. «драгічынскага тыпу», якіх у Драгічыне-Надбужскім (Польшча) выяўлена некалькі тысяч. Шырока бытуе меркаванне, што П. прывешвалі да цюкоў з таварамі, якія вывозілі на знешні рынак, што гарантавала іх захаванасць. У Зах. Еўропе двухсастаўныя гандл. П. вядомы ў 15—17 ст. У 19—20 ст. выкарыстоўваюцца П. пад пламбір (прыстасаванне ў выглядзе клешчаў) на пошце, чыгунцы, у банках і інш. установах. З 2-й пал. 20 ст. ў шырокім ужытку П. з пластмасы з адтулінамі для прасоўвання кантрольнага дроту або шнура; маюць выявы дзярж. герба, даты, умоўныя літары і лічбы. На тэр.Беларусі ў час археал. раскопак П. выяўлены ў Віцебску, Тураве, Брэсце, Полацку і інш.
Пломбы 16—18 ст. з Дзісны і Друі (правы і адваротны бакі).