СТА́ВЕР Алесь (Аляксандр Сяргеевіч; 10.8.1929, в. Маргавіца Докшыцкага р-на Віцебскай вобл. — 23.7.1995),
бел.паэт. Скончыў Мінскі пед.ін-т (1954). Настаўнічаў, працаваў у Белдзяржфілармоніі, Ін-це мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору АН Беларусі, у Бюро прапаганды маст. л-ры Саюза бел. пісьменнікаў. Друкаваўся з 1949. Першы зб. вершаў «Золак над Бярозай» (1959). Зб-кі вершаў «Ластаўкі перад дажджом» (1967), «Жураўлі ляцяць...» (1972), «Лірнік» (1975), «Жнівеньскі вырай» (1979), «Мой край беларускі» (1983), «Зоры зямныя» (1989) пра любоў да роднай зямлі, працоўныя будні, мінулае народа, маладосць і каханне. Раман «Пад канвоем» (1966), кнігі аповесцей і апавяданняў «Да сваіх» (1974), «Лясныя аповесці» (1986) пра Вял.Айч. вайну. Аўтар лірычнай камедыі «Алімпіяда Салодкая», п’есы «Слова — не верабей» (абедзве паст. 1977). Для дзяцей зб-кі «Касцёр не гасне» (1961), «Пад вясёлкавай дугой» (1984). На многія яго вершы напісаны песні («Жураўлі на Палессе ляцяць», «Косіць хлопец канюшыну», «А мне ў шчасце верыцца», «Беларусачка» і інш.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СТА́РАСТА СЕ́ЛЬСКІ,
ніжэйшая службовая асоба сял. грамадскага кіравання ў Рас. імперыі, у т. л. на Беларусі. У адпаведнасці з рэформай дзярж. вёскі 1830—50-х г. пасада С.с. ўведзена ў паселішчах казённага сялянства еўрап. часткі краіны, а ў выніку сялянскай рэформы 1861 — і ў паселішчах б. панскіх сялян. Выбіраўся сельскім сходам на 3 гады. Выступаў адначасова як кіраўнік сельскай грамады і як ніжэйшая службовая асоба дзярж. кіравання. Ён склікаў па меры патрэбы сельскі сход і выконваў яго пастановы, назіраў за спраўнасцю дарог і мастоў, за захаваннем збожжа ў хлебазапасных магазінах і інш. На яго ўскладаліся таксама фіскальныя абавязкі і адм. паліцэйскія функцыі, меў права караць сялян. Непасрэдна падпарадкоўваўся валасному старшыні, выконваў распараджэнні паліцыі, міравога пасрэдніка, земскага ўчастковага начальніка і «ўсіх прызначаных улад па прадметах іх ведамства». Старасты меліся ў дзярж. маёнтках і да 19 ст., а ў панскіх уладаннях і да 1861, але назначаліся адпаведна ўладамі і памешчыкамі, поўнасцю падпарадкоўваліся ім.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СТАФ (Staff) Леапольд (14.11.1878, г. Львоў, Украіна —31.5.1957),
польскі паэт, перакладчык. Скончыў Львоўскі ун-т (1901). У першым зб. «Сны пра магутнасць» (1901) працягваў сімвалісцкія пошукі «Маладой Польшчы», выступіў супраць дэкадансу. У зб-ках «Квітнеючая галінка» (1908), «Усмешкі імгненняў» (1910) і інш. цікавасць да культуры антычнасці і Адраджэння, апяванне вечных этычных і эстэт. каштоўнасцей; у зб. «Вясёлка са слёз і крыві» (1918) грамадз. лірыка. Лірычныя зб-кі «Высокія дрэвы» (1932), «Колер мёду» (1936), «Мёртвае надвор’е» (1946), «Вербалозы» (1954), «Дзевяць муз» (выд. 1958) адметныя пошукамі ўзвышанага ў паўсядзённасці, імкненнем да прастаты і гармоніі ў выяўленні агульначалавечых пачуццяў. Пераклаў некат. творы ант., ням. і франц. аўтараў. На бел. мову яго асобныя творы пераклалі С.Дзяргай, М.Машара, А.Мінкін, М.Танк. Дзярж. прэмія Польшчы 1927, 1937, 1951, 1955.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СТРОЙу музыцы,
1) суадносіны ступеней гукавой сістэмы па вышыні (частаце), выражаныя ў матэм. велічынях. С. абумоўлены рэгіянальнымі і гіст. асаблівасцямі муз. культур. Вядомы 17- і 24-ступенныя сістэмы ў музыцы арабскіх краін, 22-ступенны С. у Індыі, 7-ступенны піфагораў С. у Еўропе (у перыяд развіцця аднагалосся). Для хар. шматгалосся быў неабходны чысты (натуральны або тэрцава-квінтавы) С. Развіццё еўрап. ладагарманічнай сістэмы (павелічэнне колькасці танальнасцей, з’яўленне складаных акордаў, мадуляцый і г.д.) прывяло да нераўнамернай, а потым да раўнамернай 12-ступеннай тэмперацыі С. з матэм. дасканалай фіксацыяй вышынь гукаў перадае норму гукавых суадносін.
3) Асаблівасць настройкі ці канструкцыі муз. інструмента (квінтавы С. скрыпкі, храматычны — баяна, натуральны — валторны). С. духавых інструментаў вызначае суадносіны паміж іх рэальным гучаннем і нотным запісам для іх (труба in B, кларнет in A).
4) Ступень зладжанасці паміж спевакамі ў хоры; характарыстыка хар. гучання.
5) С., або тон, тое, што танальнасць (устарэлае паняцце).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СТУ́ДЗЕНЬ (назва ад слова «сцюжа»),
першы месяц каляндарнага года (31 дзень), самы халодны на Беларусі. 15 °C. даўж. дня ў Мінску 7 гадз 56 мін, выш. Сонца над гарызонтам у поўдзень 14,8°. Сярэдняя сума сонечнай радыяцыі за месяц 69 МДж/м², радыяцыйны баланс адмоўны (-22 МДж/м²). Сярэдняя т-ра паветра ад -4,5 °C на ПдЗда -7,9 °C на ПнУ Беларусі. Адносная вільготнасць паветра 86—90%, колькасць вільготных дзён 19—25, ападкаў 25—35 мм за месяц. У С. з адлігай 8—11 дзён на Пн і 11—15 дзён на ПдЗ. Глеба прамярзае на 30—50 см. Рэкі і азёры скаваны лёдам, паўсюднае снегавое покрыва. У С. пачынаецца гон у ваўкоў. Мядзведзі, барсукі, янотападобныя сабакі, вожыкі, кажаны ў зімовай спячцы. З тундры прылятаюць белая сава, пуначка, касматаногі канюк. У канцы С. пачынаюць віць гнёзды крыжадзюбы — адзіныя з птушак, што гняздуюцца зімой. У пошуках корму да чалавечага жылля прылятаюць амялушкі, гіль, чачотка, шчыгол, чыж, аўсянка.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СУБАРКТЫ́ЧНЫ ПО́ЯС, субарктыка,
прыродны геагр. пояс у Паўн. паўшар’і паміж умераным поясам і арктычным поясам, у межах ад 60—65°да 67—73°паўн. ш. Межы вызначаюцца сезоннымі перамяшчэннямі атм. фронту, што раздзяляе паветра арктычнае і ўмераных шырот; а таксама напрамкам цёплых і халодных цячэнняў, пашырэннем сезонных ільдоў. Клімат халодны. Сярэднія т-ры студз. на мацерыках і астравах ад -5 °Cда -40 °C, ліп. 5—12 °C. Летам пераважаюць зах. перанос паветраных мас умераных шырот і цыклоны, зімой — арктычнае паветра і антыцыклоны. Ападкаў 300—500 мм за год. Снегавое покрыва 8 месяцаў. Характэрны шматгадовая мерзлата і звязаныя з ёй формы рэльефу; моцная забалочанасць. Вегетац. перыяд 2—3 месяцы. На Пн пояса — тундравая зона, на Пд — лесатундравая зона. У паўн.-амер. і еўрап.-азіяцкім С.п. вылучаюць па 2 прыакіянічныя і па 1 кантынентальнаму сектару. Значная ч. акіянскай прасторы ў С.п. замярзае, воды халодныя (10—5 °C), маюць высокую біял. прадукцыйнасць (вял. колькасць планктону, рыб і інш.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СУ́ЗДАЛЬСКА-НІЖАГАРО́ДСКАЕ КНЯ́СТВА,
княства Паўн.-Усх. Русі ў 14—15 ст. Займала тэр. па рацэ Ірміс, Нерль Клязьмінская, ніжніх цячэннях Клязьмы і Акі, сярэднім цячэнні Волгі (дар. Сура). Асн. цэнтры — Суздаль, Ніжні Ноўгарад, Гарахавец, Гарадзец, Курмыш. Утварылася ў 1341, калі мангола-татары перадалі суздальскаму князю Канстанціну Васілевічу Ніжні Ноўгарад і Гарадзец. Каля сярэдзіны 14 ст. сталіца княства перанесена з Суздаля ў Ніжні Ноўгарад. Князі Канстанцін Васілевіч і яго сын Дзмітрый вялі барацьбу з маскоўскімі князямі за вял. княжанне Уладзімірскае, у 1360 і 1363 Дзмітрый ненадоўга захапіў вял. княжанне. У 1364—82 ён дзейнічаў як саюзнік маскоўскага князя. У 1382 ніжагародскія князі ўдзельнічалі ў нападзе Тахтамыша на Маскву. У 1392 маскоўскія князі захапілі Ніжні Ноўгарад і з таго часу ўтрымлівалі Сярэдняе Паволжа ў сваіх руках. Князі С.-Н.к. пры дапамозе мангола-татар дамагаліся вяртання Ніжняга Ноўгарада ў 1395, 1411—14, 1440-я г. Уласна Суздальскае княства ў гэты час распалася на шэраг удзелаў, якія ў сярэдзіне 15 ст. далучаны да Масквы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СУ́РАЖСКІ Васіль, бел. і ўкр. пісьменнік-палеміст 2-й пал. 16 ст. Мяркуючы па прозвішчы, паходзіў з Суража, але невядома з якога — віцебскага, бранскага ці падляшскага. Пасля смерці І.Фёдарава кіраваў да 1598 Астрожскай друкарняй. Да асобных яе выданняў напісаў прадмовы. Быў членам літ. гуртка кн. К.Астрожскага. У гісторыю палемічнай л-ры ўвайшоў як аўтар кн. «Аб адзінай ісціннай праваслаўнай веры і святой саборнай апостальскай царкве» (Астрог, 1588), скіраванай супраць прапаганды ідэі царкоўнай уніі Б.Гербеста і П.Скаргі. У творы выявіў эрудыцыю ў веданні царк.-кананічнай л-ры. Цікавая зместам і некат. запазычаннямі ў інш. аўтараў кніга С. не вызначаецца літ. густам. Свае думкі ён выклаў на царк.-слав. мове і толькі зрэдку ўстаўляў словы жывой нар. мовы, таму стыль надзвычай цяжкі.
Літ.:
Памятники полемической литературы в Западной Руси. Кн. 2. СПб., 1882;
Возняк М. Історія української літератури. Т. 2, ч. 1. Львів, 1921;
Гісторыя беларускай дакастрычніцкай літаратуры. Т. 1. Мн., 1968;
История белорусской дооктябрьской литературы. Мн., 1977.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СУРВІ́ЛІШСКІ ТРО́ІЦКІ КАСЦЁЛ,
помнік архітэктуры барока ў в. Сурвілішкі Іўеўскага р-на Гродзенскай вобл. Пабудаваны ў 2-й пал. 18 ст. з дрэва на месцы касцёла 1550, фундаванага Р.Гайкоўскай і яе братамі Іванам і Антонам. Храм крыжападобны ў плане, уключае 1-нефавы прамавугольны асн. аб’ём, вузкі трансепт і 5-гранную апсіду, да якой прылягаюць нізкія сакрыстыі. Асн. аб’ём і апсіда аб’яднаны агульным 2-схільным дахам з вальмай над алтарнай часткай. Сцены фасадаў маюць лучковыя і круглыя аконныя праёмы ў простых ліштвах і завершаны шырокім карнізам па перыметры асн. аб’ёму, трансепта і апсіды. Гал. фасад расчлянёны 2 тонкімі пілястрамі на 3 часткі. завершаны фігурным франтонам. У інтэр’еры арган, аформлены ў стылі барока. У трансепце захаваліся 2 барочныя алтары, аформленыя калонамі і пілястрамі карынфскага ордэра, разным расл. арнаментам, галоўкамі пуцці. У 1878—80 да касцёла прыбудавана званіца (захаваўся яе цагляны фундамент). Храм абкружаны бутавай агароджай з 2-яруснай мураванай брамай.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«СЫН БЕЛАРУ́СА»,
заходнебеларуская газета. Выдавалася з 18.5 да 19.9.1924 у Вільні на бел. мове 3 разы на тыдзень. Прадаўжала традыцыі забароненай польскімі ўладамі газ.«Голас беларуса». Выкрывала палітыку ўрада Польшчы, скіраваную на дэнацыяналізацыю ўскраін, паліт. ўціск працоўных. Адстойвала інтарэсы нар. мас Зах. Беларусі, выступала супраць польскіх партый і бел. праўрадавых груповак. Друкавала выступленні бел. дэпутатаў у польскім сейме, справаздачы пра мітынгі ў Гарадку і Беластоку, інфармавала пра работу Бел.нац.к-та ў Вільні. Да 10-й гадавіны з пач. 1-й сусв. вайны змясціла антываен. публікацыі, у якіх асуджалася палітыка дзяржаў, што развязалі вайну. Падтрымлівала змаганне за бел. школы, культуру як сродак сац. і нац. ўсведамлення народа. Паведамляла пра жыццё беларусаў у Чэхаславакіі, Латвіі, Сербіі, БССР і ЗША. Змясціла ўспаміны пра Ф.Багушэвіча, І.Буйніцкага, І.Луцкевіча, арт. У.Самойлы пра творчасць К.Сваяка, апавяданне В.Адважнага. Інфармавала пра новыя бел. кнігі. Выйшлі 42 нумары. Закрыта польскімі ўладамі.