СТРОЙ у музыцы,

1) суадносіны ступеней гукавой сістэмы па вышыні (частаце), выражаныя ў матэм. велічынях. С. абумоўлены рэгіянальнымі і гіст. асаблівасцямі муз. культур. Вядомы 17- і 24-ступенныя сістэмы ў музыцы арабскіх краін, 22-ступенны С. у Індыі, 7-ступенны піфагораў С. у Еўропе (у перыяд развіцця аднагалосся). Для хар. шматгалосся быў неабходны чысты (натуральны або тэрцава-квінтавы) С. Развіццё еўрап. ладагарманічнай сістэмы (павелічэнне колькасці танальнасцей, з’яўленне складаных акордаў, мадуляцый і г.д.) прывяло да нераўнамернай, а потым да раўнамернай 12-ступеннай тэмперацыі С. з матэм. дасканалай фіксацыяй вышынь гукаў перадае норму гукавых суадносін.

2) Частата (вышыня) настройкі эталоннага тону гукараду (a​1 = 440 ваганняў за секунду).

3) Асаблівасць настройкі ці канструкцыі муз. інструмента (квінтавы С. скрыпкі, храматычны — баяна, натуральны — валторны). С. духавых інструментаў вызначае суадносіны паміж іх рэальным гучаннем і нотным запісам для іх (труба in B, кларнет in A).

4) Ступень зладжанасці паміж спевакамі ў хоры; характарыстыка хар. гучання.

5) С., або тон, тое, што танальнасць (устарэлае паняцце).

т. 15, с. 205

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)