КААРДЫНА́ТЫ (ад лац. co разам, сумесна + ordinatus упарадкаваны, вызначаны) у матэматыцы, сістэма лікаў ці інш. сімвалаў, якія вызначаюць становішча матэм. аб’екта (пункта) на зададзенай лініі, паверхні, у трохмернай прасторы ці ў абагульненай геам. прасторы. Паміж сістэмамі лікаў і пунктамі прасторы ўстанаўліваецца ўзаемна адназначная адпаведнасць, якая можа быць зададзена мноствам спосабаў. Правіла задання адпаведнасці наз.сістэмай каардынат. Гл.Дэкартава сістэма каардынат, Сферычная сістэма каардынат, Цыліндрычная сістэма каардынат, Палярная сістэма каардынат. К. выкарыстоўваюцца ў геадэзіі (гл.Геадэзічныя каардынаты) і ў геаграфіі (гл.Геаграфічныя каардынаты).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАБАЛА́ (стараж.-яўр., літар. паданне),
містычная плынь у іудаізме. Аб’яднала пантэістычную пабудову неаплатанізму і міфалагемы гнастыцызму з верай у Біблію як свет сімвалаў. Узнікла ў 9 ст., развіццё атрымала ў 13 ст. сярод яўрэяў Іспаніі і Праванса (Францыя), у 15 ст. распаўсюдзілася сярод хрысціянскіх вучоных Еўропы. Вучэнне К. — кабалістыка прапаведуе пошук асновы ўсіх рэчаў у лічбах і літарах яўр. алфавіта, лекавых сродкаў — у амулетах і формулах. Заснавана на веры, што пры дапамозе спец. рытуалаў і малітваў чалавек можа ўмешвацца ў боска-касм. працэс.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАБАЧКІ́ (Cucurbita pepo var. giraumontia),
аднагадовая травяністая расліна роду гарбузсям. гарбузовых; разнавіднасць гарбуза звычайнага. Агароднінная, кармавая, алейная (алей з насення) культура на ўсіх кантынентах. Радзіма К. — Мексіка.
Аднадомная расліна куставой формы. Сцябло даўж. 60—90 см. Лісце буйное, 5-лопасцевае. Кветкі аднаполыя, адзіночныя, жоўтыя. Плод — падоўжаная, цыліндрычная, белая ці зялёная гарбузіна; у маладым узросце — каштоўны дыетычны прадукт. Мае цукар (да 2,8%), сухое рэчыва (4—8%), вітаміны (35—40 мг%) і інш. Сарты: Грыбаўскія 37, Італьянскія, Даўгаплодныя, Белыя 13.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАВАЛЁЎ Мікіта Рыгоравіч (20.12.1909, в. Майскае Жлобінскага р-на Гомельскай вобл. — 10.5.1978),
Герой Сав. Саюза (1944). Скончыў Ульянаўскае бранятанк. вучылішча (1937), Ленінградскую вышэйшую бранятанк. школу (1953). У Чырв. Арміі з 1931. У Вял.Айч. вайну з ліст. 1941 на Зах., Паўн.-Зах., Варонежскім, 1-м і 2-м Укр., Забайкальскім франтах. Камандзір танк. батальёна маёр К. вызначыўся пры вызваленні Кіева: 6.11.1943 яго батальён у ліку першых уварваўся ў горад. Удзельнік сав.-японскай вайны 1945. Да 1969 у Сав. Арміі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАВАЛЯРО́ВІЧ (Kawalerowicz) Ежы (н. 19.1.1922, г.п. Гваздзец Івана-Франкоўскай вобл., Украіна),
польскі кінарэжысёр і сцэнарыст. Скончыў кінаінстытут (1946) і Акадэмію прыгожых мастацтваў (1948) у Кракаве. Дэбютаваў у кіно ў 1952. Сярод фільмаў: кінадылогія «Цэлюлоза» (у сав. пракаце «Дарогі жыцця») і «Пад фрыгійскай зоркай» (1954, паводле І.Неверлі), «Маці Іаана ад анёлаў» (1961, паводле Я.Івашкевіча), «Фараон» (1965, паводле Б.Пруса), «Смерць прэзідэнта» (1977), «Карчма» (1982, паводле Ю.Стрыйкоўскага), «Палоннік Еўропы» (1989, паводле Ю.Данкоўскага). Дзярж. прэміі Польшчы 1954, 1966.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КА́ВЕНДЫШ (Cavendish) Генры (10.10.1731, г. Ніцца, Францыя — 24.2.1810),
англійскі фізік і хімік. Чл. Лонданскага каралеўскага т-ва (1760). Скончыў Кембрыджскі ун-т (1753). Навук. працы па хіміі і эксперым. фізіцы. Атрымаў у чыстым выглядзе вадарод (1766), вызначыў колькасць кіслароду ў паветры (1781) і хім. састаў вады (1784). Пры вывучэнні ўзаемадзеяння эл. зарадаў практычна прадугадаў Кулона закон (1771). Вызначыў гравітацыйную пастаянную, масу і сярэднюю шчыльнасць Зямлі (1798). У гонар К. названа Кавендышская лабараторыя.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАЗЛО́ЎСКІ Мікалай Кузьміч (15.12.1917, в. Гапонавічы Крупскага р-на Мінскай вобл. — 11.10.1943),
Герой Сав. Саюза (1944). Скончыў Сызранскае танк. вучылішча (1942). У Вял.Айч. вайну з 1942 на Паўд.-Зах., Варонежскім франтах. Вызначыўся ў 1943 пры вызваленні Кіеўскай вобл. Танкавая рота пад камандаваннем лейтэнанта К. 26 вер. фарсіравала Дняпро каля в. Зарубінцы; 28—29 вер. каля в.Вял. Букрын адбіла 6 контратак, падбіла 6 танкаў і самаходных гармат, знішчыла 2 мінамётныя батарэі, 50 станковых кулямётаў ворага. Загінуў у баі. На радзіме помнік.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАЛЕ́СНІК Уладзімір Рыгоравіч (28.6.1911, г. Асцёр Казялецкага р-на Чарнігаўскай вобл., Украіна — 25.11.1943),
удзельнік вызвалення Беларусі ў Вял.Айч. вайну, Герой Сав. Саюза (1944). Скончыў Ленінградскія бранятанк. курсы (1942). На фронце са жн. 1942. Вызначыўся ў Палескай вобл.: экіпаж танка на чале з К. у 12-гадзінным баі знішчыў 4 гарматы, 7 кулямётных кропак, 2 мінамётныя батарэі, шмат жывой сілы ворага. Загінуў у гэтым баі. На месцы гібелі экіпажа каля в. Загальская Слабодка Хойніцкага р-на Гомельскай вобл. пастаўлены абеліск.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАЛЕ́СНІКАЎ Іван Сцяпанавіч (18.11.1911, г. Новакубанск Краснадарскага краю, Расія — 28.5.1994),
удзельнік вызвалення Беларусі ў Вял.Айч. вайну, Герой Сав. Саюза (1944), ген.лейт. (1960). Скончыў Тбіліскае ваенна-паліт. вучылішча (1938), Ваен. акадэмію Генштаба (1946). У Чырв. Арміі з 1933. У Вял.Айч. вайну з 1941 на Зах., Бранскім, Цэнтр., 1-м Бел. і інш. франтах. 30.9.1943 стралковы полк пад камандаваннем падпалкоўніка К. вызначыўся ў Камарынскім р-не: фарсіраваў Дняпро, захапіў плацдарм і адбіў некалькі контратак праціўніка. Да 1972 у Сав. Арміі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАЛІ́ГУЛА Гай Юлій Цэзар (Gaius Julius Caesar Caligula; 31.8.12, Анціум, цяпер г. Анцыо, Італія — 24.1.41),
старажытнарымскі імператар [37—41]. З дынастыі Юліяў-Клаўдзіяў, пераемнік Тыберыя. Выхоўваўся ў ваен. лагеры свайго бацькі Германіка; мянушку Калігула атрымаў ад салдацкага абутку (лац. caligula літар. боцік), які насіў з дзяцінства. Праўленне К. вызначалася дэспатызмам, імкненнем да неабмежаванай улады, марнаваннем дзярж. сродкаў на гульні і відовішчы, што вяло да непамерных падаткаў і выклікала хваляванні сярод яўрэяў у г. Александрыя і ў Палесціне. Забіты ў выніку змовы трыбунаў прэтарыянскай гвардыі.