СЛУ́ЦКІЯ ЗА́МКІ.

Існавалі ў 15—18 ст. у г. Слуцк Мінскай вобл. Размяшчаліся ў абалоне р. Случ. Складаліся з Верхняга (Горнага), Ніжняга (Дольнага) і Новага (Цытадэлі) замкаў.

Верхні (Горны) замак займаў прыродную выспу авальнай формы памерам 80 × 100 м, якая ўзвышалася над поймай р. Случ на 5—7 м у сутоках яе з р. Бычок. У 11—14 ст. тут размяшчаўся дзядзінец летапіснага Случаска. Першыя звесткі пра Верхні замак адносяцца да 1409, калі ён згадваецца як умацаванне на насыпаным «капцы» з драўлянымі сценамі і вежамі. Па перыметры пляцоўкі быў насыпаны глініста-пясчаны вал шырынёй у аснове 22 м і вышынёй больш за 4 м. З боку поля вал апяразваўся ровам шырынёй 25 м і глыбінёй каля 2 м. Схілы замка былі ўмацаваны дубовымі завостранымі на конус палямі даўжынёй 4—6 м. Паводле інвентарных апісанняў Слуцка за 1627, 1728, 1791, 1793 і 1800, Верхні замак займаў плошчу каля 1,5 га. Цераз абарончы роў быў перакінуты пад’ёмны мост з парэнчамі, які вёў да ўваходнай замкавай брамы. Над ёй мелася высокая вежа з гадзіннікам. На вежы знаходзіўся пакрыты пазалотай медны шар з выявай арла на ім. Замкавая брама мела 4 ярусы бою. Яшчэ ў 1791 тут размяшчаліся 3 гарматы. На восі ўезду стаяў 1-павярховы палац з часаных брусоў на падмурку.

Ніжні (Дольны) замак размяшчаўся на ПнУ ад Верхняга замка (на месцы б. вакольнага горада) і быў аддзелены ад яго запоўненым вадой ровам. Гэты замак быў на 2—3 м ніжэйшы за Верхні і меў выгляд няправільнага чатырохвугольніка плошчай 1,9 га. Ён ахоўваўся земляным валам і драўляным парканам. Паводле інвентара 1687, тут стаялі 3 палацы, зрубленыя з часанага бруса на падмурку, вазоўня, замкавая стайня і інш.,гасп. пабудовы. Верхні і Ніжні замкі абмываліся водамі р. Бычок з дапамогай плацін і штучнага рова, які злучаў р. Бычок з р. Случ. У 18 ст. гэтыя замкі мелі назву «Земляны замак».

Новы замак (Цытадэль) размяшчаўся на левым беразе р. Случ на тэр. новага места (горада). Ён меў форму квадрата плошчай 1,1 га з 4 бастыёнамі і адным равелінам. На бастыёнах і курцінах стаялі драўляныя вежы, што не ўласціва для зах.-еўрап. бастыённай фартыфікацыі. Новы замак быў абкружаны вадзяным ровам, злучаным з р. Случ патаемным шлюзам. Уваход у цытадэль вёў цераз мост і браму, якая знаходзілася ў тоўшчы вала. Яна была 1-павярховая і мела вароты з 2 палотнішчаў, збітых з дубовых дошак. Новы замак уваходзіў у сістэму знешніх умацаванняў Слуцка 17—18 ст. Гл. таксама Слуцкія гарадскія ўмацаванні.

Літ.:

Грицкевич А.П. Древний город на Случи. Мн., 1985;

Ткачоў М.А. Замкі і людзі. Мн., 1991;

Калядзінскі Л. Верхні замак Слуцка // Бел. гіст. часоп. 1996. № 1.

Л.​У.​Калядзінскі, М.​А.​Ткачоў.

т. 15, с. 33

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СУСВЕ́ТНАЯ ГАСПАДА́РКА,

сукупнасць нац. гаспадарак усіх краін свету, іх эканам. узаемасувязей і ўзаемаадносін, уключаючы знешні гандаль, вываз капіталу, міграцыю рабочай сілы. Эканам. сувязі паміж рознымі рэгіёнамі і краінамі свету пачалі складвацца ў старажытнасці (Індыя, Кітай, Егіпет, Грэцыя, Рым). У сярэднія вякі праз гандаль актыўна пачалі наладжваць міжнар. эканам. адносіны Партугалія, Італія (Генуя, Венецыя), Іспанія, Вял. Ноўгарад. Але з-за адсутнасці дастатковых сродкаў зносін, нязначнага ўдзелу грошай (пераважаў натуральны тавараабмен) міжнар. эканам. сувязі мелі эпізадычны, абмежаваны характар. З’яўленне ў канцы 18 ст. буйной машыннай вытворчасці, трансп. сістэм і камунікацый значна павялічыла вываз і продаж за мяжу тавараў. Эканам. сувязі пачалі набываць стабільны, дынамічны характар. Замест часовых рэгіянальных пачаў складвацца сусветны рынак. Капіталіст. спосаб вытворчасці напачатку эканам., а потым паліт. і ваен. сродкамі разбурыў феад. замкнёнасць мясц. рынкаў, змяніў структуру таварных патокаў, стварыў эканам. ўмовы рухомасці тэхнікі, тэхналогій, міграцыі рабочай сілы. Для шэрагу прамыслова-развітых. краін узнікла неабходнасць набываць сыравіну, паліва, матэрыялы ў інш. краінах. Гандлёва-эканам. сувязі дапаўняюцца вытв. і фін.-эканам., ствараецца інтэрнац. адзінства капіталу і эканам. жыцця, развіваецца міжнародны падзел працы. Такім чынам, на базе сусв. капіталіст. гаспадаркі і па законах яе развіцця ў канцы 19 ст. стварылася С.г. У перыяд яе станаўлення ў сферу міжнар. падзелу працы ўваходзілі таксама зоны каланіяльнага панавання і краіны, дзе захоўваліся феад. адносіны. Пасля 1917 у сістэму С.г. ўвайшлі СССР і інш. сацыяліст. краіны; у выніку распаду каланіяльнай сістэмы — краіны, якія сталі на шлях развіцця. Апошнія ў большасці ўваходзілі ў сістэму капіталіст. вытв. адносін, але разнастайная і спецыфічная ўнутр. структура іх эканомік вылучала гэтыя краіны ў самаст. групу. Да пач. 1990-х г. сістэма С.г. падзялялася на капіталіст., сацыяліст. і краін, якія развіваюцца; у ёй панаваў дух саперніцтва і супрацьстаяння. Узніклі буйныя рэгіянальныя аб’яднанні па супрацоўніцтве ў эканам., сац. і культ. сферах: Савет Эканамічнай Узаемадапамогі (1949), Еўрапейская эканамічная супольнасць (1957), Бенілюкс (1958), Еўрапейская асацыяцыя свабоднага гандлю (1960), Асацыяцыя дзяржаў Паўднёва-Усходняй Азіі (1967) і інш. Перамены, якія ў апошнія гады адбываюцца ў б. сацыяліст. краінах, змянілі ўзаемаадносіны ў С.г. Пашырыліся эканам. кантакты, паглыбіўся міжнар. падзел працы, узмацніліся інтэграцыйныя працэсы ў эканоміцы. З’явіліся новыя эканам. аб’яднанні: Еўрапейскі саюз (1993), Сусветная гандлёвая арганізацыя (1995) і інш. З 1.1.2002 некаторыя еўрап. краіны перайшлі на адзіную валюту еўра. Аднак у канцы 20 ст. палітыка некаторых эканам. развітых краін, накіраваная на захаванне існуючага стану размеркавання і выкарыстання сусв. прыродных рэсурсаў, значна замарудзіла інтэграцыйныя працэсы. Гэтая палітыка выклікала негатыўную рэакцыю з боку многіх краін Азіі, Афрыкі і Лац. Амерыкі, а таксама часткі насельніцтва развітых краін, што выяўляецца, у прыватнасці. у руху антыглабалістаў.

І.​В.​Катляроў.

т. 15, с. 287

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ТАЦІ́ШЧАЎ Васіль Мікітавіч (29.4.1686. каля г. Пскоў, Расія — 26.7.1750),

расійскі дзярж. дзеяч, гісторык. Род Т. паходзіў ад смаленскіх князёў. Удзельнік Паўночнай вайны 1700—21, у т. л. баявых аперацый 1705—06 на тэр. ВКЛ і Польшчы, Палтаўскай бітвы 1709. Выконваючы ваен.-дыпламат. даручэнні Пятра I за мяжой, Т. узбагаціў свае веды ў галінах філасофіі і гісторыі, геаграфіі і горнай справы, эканам. і паліт. вучэнняў, што пазней дазваляла яму грунтоўна асвятляць адпаведныя пытанні ў сваіх творах і запісках. У 1720—22 і 1734—37 кіраўнік казённых заводаў на Урале, заснаваў г. Екацярынбург (1721); 1741—45 астраханскі губернатар. Аўтар прац па гісторыі, геаграфіі, філасофіі, эканоміцы (пры яго жыцці амаль не друкаваліся). На падставе шматлікіх летапісаў і інш. крыніц стварыў абагульняльную працу «Гісторыя Расійская з самых старажытнейшых часоў» (кн. 1—5, 1768—1848), дзе ўпершыню ў рас. гістарыяграфіі зрабіў спробу знайсці заканамернасці ў гіст. развіцці Расіі; гіст. прагрэс звязваў з развіццём асветы. Сярод выкарыстаных Т. крыніц былі летапісы, якія не дайшлі да нашага часу, у т. л. адзін са спісаў Полацкага летапісу. Па яго творах удакладняюцца многія падзеі з гісторыі Беларусі: месца бітвы кн. Уладзіміра Святаславіча з Яраполкам (на р. Друць), прычыны нападу Уладзіміра Святаславіча на Полацк у 980 (напад полацкага кн. Рагвалода на ўладанні Ноўгарада), уладкаванне спраў полацкіх князёў з Уладзімірам Усеваладавічам Манамахам у 1121, час заснавання Навагрудка (1044), Барысава (1102), акалічнасці ўзнікнення ВКЛ (вакол Навагрудскага княства), помсты Войшалка забойцам яго бацькі Міндоўга і інш. Т. упершыню даследаваў паходжанне тэрміна Белая Русь, які лічыў указаннем на прыгажосць і багацце гэтай зямлі і адносіў яго ўзнікненне да 12 ст. Даследаваў узнікненне герба ВКЛ «Пагоня», які лічыў запазычаным у стараж.-рус. княстваў. Т. паклаў пачатак этнаграфіі і крыніцазнаўства ў Расіі, упершыню апублікаваў Рускую праўду, Судзебнік 1550. Аўтар першага рас. энцыкл. слоўніка — «Лексікон расійскі гістарычны, геаграфічны, палітычны і грамадскі» (ч. 1—3, 1793, да літары «К»). Да праблем эканам. развіцця Расіі Т. падыходзіў з пазіцый развітога меркантылізму, адводзячы дзяржаве вырашальную ролю ў кіраўніцтве эканам. жыццём краіны. У працах па эканоміцы абгрунтоўваў тэорыю «гандл. балансу» і значную ролю купецтва ў павелічэнні даходаў дзяржавы. Адным з першых выказаў меркаванні аб неабходнасці банкаў, у т. л. для крэдытавання прам-сці і гандлю.

Тв.:

Собр. соч. Т. 1—8. М., 1994—96;

Записки. Письма, 1717—1750 гг. М., 1990.

Літ.:

Юхт А.И. Государственная деятельность В.​Н.​Татищева в 20-х — начале 30-х гг. XVIII в. М., 1985;

Шакинко И.М. В.​Н.​Татищев. М., 1987;

Кузьмин А.Г. Татищев. 2 изд. М., 1987;

Гісторыя Беларусі: У 6 т. Т. 1. Мн., 2000;

Штыхаў Г.В. Дзевяць стагоддзяў Барысава. Мн., 2002.

Г.​В.​Штыхаў, Р.​Ч.​Лянькевіч.

В.М.Тацішчаў.

т. 15, с. 464

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

УКРАІ́НСКАЯ ГРЭ́КА-КАТАЛІ́ЦКАЯ ЦАРКВА́, Украінская уніяцкая царква,

каталіцкая царква ўсх. абраду на тэр. Украіны. Усталявана ў выніку Брэсцкай уніі 1596, паводле якой правасл. царква на тэр. Рэчы Паспалітай прыняла дагматыку каталіцкага веравызнання, пры захаванні грэка-візант. рытуалаў і традыц. абраднасці. Яна не ўвайшла ў склад польскай каталіцкай царквы, а стала часткай самаст. уніяцкай царквы Рэчы Паспалітай, непасрэдна падпарадкаванай папу рымскаму. Яе вышэйшым кіраўніком з’яўляўся уніяцкі мітрапаліт кіеўскі, галіцкі і ўсяе Русі, якому падпарадкоўваліся таксама уніяцкія епархіі Беларусі і Літвы. Пераход ва унію адбываўся паступова, у ходзе барацьбы уніятаў з правасл. царквой, якая ў 1620 аднавіла сваю Кіеўскую мітраполію, а ў 1632 легалізавана ў Рэчы Паспалітай. На Левабярэжнай Украіне царк. унія скасавана ў выніку над.-вызв. вайны 1648—54, але ў 1692 да уніі далучылася Перамышльская епархія, у 1700 — Львоўская, у 1702 — Луцкая. У 18 ст. паскорылася «лацінізацыя» уніяцкай царквы — перайманне насуперак умовам Брэсцкай уніі рымска-каталіцкай абраднасці, што праявілася ў рашэннях Замойскага сабора 1720. У выніку 1-га падзелу Рэчы Паспалітай (1772) да Аўстрыі перайшла населеная пераважна ўкраінцамі-уніятамі Галіцыя з уніяцкімі епархіямі Львоўскай і Перамышльскай, часткамі Луцкай і Холмскай (пазней далучаны да Львоўскай і Перамышльскай). Паводле падзелаў 1793 і 1795 да Расіі далучана большасць тэр. Правабярэжнай Украіны. У 1795 Кацярына II скасавала ў Рас. імперыі ўсе уніяцкія епархіі, акрамя Полацкай, кіраўніцтва уніяцкімі прыходамі перайшло да каталіцкай царквы. Павел I у 1798 аднавіў на Валыні Луцкую уніяцкую епархію. У 1828 яна зноў скасавана, прыходы падпарадкаваны Літ. епархіі. Полацкі царкоўны сабор 1839 скасаваў уніяцкую царкву ў Рас. імперыі, у т. л. на Украіне. Улады Аўстрыі ў Галіцыі як процівагу апазіцыйна настроенай мясц. польска-каталіцкай шляхце падтрымлівалі грэка-каталіцкую царкву з яе пераважна ўкр. вернікамі, але паступова ўзмацнялі яе «лацінізацыю». У 1774 адкрыта духоўная семінарыя для уніятаў у Вене, у 1784 — у Львове. У 1782 скасаваны уніяцкія брацтвы Галіцыі. У 1795 львоўскі архіепіскап атрымаў ад аўстр. улад тытул мітрапаліта галіцкага. З 1856 рым. курыя неаднаразова надавала галіцкім мітрапалітам тытулы кардыналаў. У 1-й пал. 20 ст. уніяцкая («Руская») царква Галіцыі складалася з Львоўскай мітрапаліцкай, Перамышльскай і Станіслаўскай епархій. У 1939—42 пад яе кіраўніцтвам дзейнічаў Бел. грэка-каталіцкі экзархат. Львоўскі царк. сабор 1946 скасаваў Укр. г.-к.ц. і пастанавіў увайсці ў склад Рус. правасл. царквы, аднак дзейнасць шэрагу уніяцкіх святароў працягвалася ў падполлі і эміграцыі. У час перабудовы уніяцкая царква ў СССР легалізавана (снеж. 1989) і ў 1990-я г. яна цалкам аднавіла сваю дзейнасць у зах. абласцях незалежнай Украіны. Адроджана мітраполія з кафедрай у Львове.

Літ.:

Берестейска унія (1596—1996): Статті й матеріали. Львів, 1996.

М.​Г.​Нікіцін.

т. 16, с. 207

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

УМАЦАВА́НЫ РАЁН,

1) мясцовасць (паласа, рубеж), падрыхтаваная да працяглай абароны з мэтай прыкрыцця ўчастка дзярж. граніцы, важнага аператыўна-стратэг. напрамку і інш.

Пасля 1-й сусв. вайны замест устарэлай сістэмы цытадэлей (цытадэльных раёнаў) у шэрагу краін (Францыя, Фінляндыя, Германія, СССР і інш.) у сістэме ўмацаваных ліній ствараліся У.р. У СССР уздоўж зах. граніцы ў 1928—39 былі збудаваны 24 У.р., у т. л. 4 на зах. мяжы БССР (61-ы Полацкі, 63-і Мінскі, 65-ы Мазырскі, 67-ы Слуцкі). Пасля ўз’яднання Зах. Беларусі з БССР (1939) старыя У.р. былі ў асн. дэманціраваны. З сярэдзіны 1940 уздоўж зах. граніцы Беларусі пачалося буд-ва 4 новых У.р. (62-і Брэсцкі, 64-ы Замбраўскі, 66-ы Асавецкі, 68-ы Гродзенскі), у склад якіх былі ўключаны і адпаведныя цытадэлі, у т. л. Брэсцкая крэпасць. Усяго ў складзе У.р. на зах. мяжы СССР меркавалася пабудаваць каля 1,2 тыс. жалезабетонных абарончых збудаванняў. Да лета 1941 іх было 505, але поўнасцю ўзбр. і абсталяваных толькі 193 (17%), а таксама 909 збудаванняў палявога тыпу. У.р. займаў па фронце да 180 км, у глыбіню 10—30 км, падзяляўся на 3—4 вузлы абароны (у кожным з іх меліся апорныя пункты, адпаведныя батальённым сектарам абароны, на гал. паласе У.р. — да 12—15 доўгачасовых агнявых пунктаў з жалезабетону і інш. ўмацаванні). З пач. Вял. Айч. вайны найб. упартае супраціўленне ням. войскам аказалі Брэсцкі У.р. (гл. Брэсцкай крэпасці абарона 1941) і Мінскі ўмацаваны раён (гл. Мінска абарона 1941). Баі на рубяжы р. Зах. Дзвіна, у т. л. за Полацкі У.р., доўжыліся з 4 па 16.7.1941 (гл. Полацка абарона 1941). Важнай апорай сав. войск, якія з 22.7 па 22.8.1941 утрымлівалі Жыткавічы, Тураў, Мазыр і інш. нас. пункты, стаў таксама Мазырскі У.р.

2) Назва штатных вайск. фарміраванняў, якія спецыяльна падрыхтаваны для вядзення абарончых баявых дзеянняў і выкарыстоўваліся ў складзе агульнавайсковых армій. Пры правядзенні Беларускай аперацыі 1944 У.р. дзейнічалі ў складзе франтоў: 1-га Прыбалт. (155-ы — у 43-й арміі), 3-га Бел. (152-і — у 11-й гвардз. арміі), 2-га Бел. (154-ы — у 33-й арміі), 1-га Бел. (119-ы, 153-і і 161-ы — у 28-й арміі, 115-ы — у 48-й арміі). У Бабруйскай аперацыі 1944 115-ы У.р. сумесна з інш. злучэннямі 48-й арміі 26.6.1944 удзельнічаў у вызваленні Жлобіна, за што ўдастоены ганаровага наймення «Жлобінскі».

Літ.:

Хорьков А.Г. Укрепленные районы на западных границах СССР // Воен.-ист. журн. 1987. № 12;

Сухих А.Н. Некоторые вопросы боевого применения укрепленных районов // Воен. мысль. 1995. № 1;

Ваврентюк И. Героический Брест-Литовский УР: Погибаю, но не сдаюсь! // Армия. 1999. № 2—6.

В.​В.​Балута, У.​Ф.​Ісаенка.

т. 16, с. 230

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ФРЭ́СКА (італьян. fresco літар. — свежы),

тэхніка манументальнага жывапісу: размалёўка па свежым сырым тынку, які пры высыханні ўтварае тонкую празрыстую плёнку, што замацоўвае фарбы і робіць Ф. даўгавечнай; твор выкананы ў гэтай тэхніцы. Тэхнічныя разнавіднасці: а фрэска, а сэка, казеінава-вапнавы жывапіс.

Для Ф. выкарыстоўваюць парашкі мінер. пігментаў (охра, умбра, кобальт і інш.), расцёртыя на чыстай ці вапнавай вадзе або водна-клеявым саставе (дадаюць сінт. фарбы). Сувязным рэчывам паміж асновай і фарбавым слоем з’яўляецца вапна. Палітра фрэскавага жывапісу звычайна стрыманая, пры высыханні фарбы моцна блякнуць. Тэхніка Ф. вядома з 2-га тыс. да н.э. ў эгейскім мастацтве, была адной з асн. у ант. і візант. мастацтве, краін Каўказа, Балкан і Зах. Еўропы. Росквіту дасягнула ў 14—16 ст. у творчасці майстроў італьян. Адраджэння Джота, Мазачыо, П’ера дэла Франчэска, Рафаэля, Мікеланджэла. Высокім узроўнем вызначаюцца Ф. Сафійскага сабора ў Кіеве (10—12 ст.), а таксама майстроў 14—17 ст. Феафана Грэка, Андрэя Рублёва, Дыянісія. У 20 ст. вядомасць набылі Ф. мексіканскіх мастакоў Х.​К.​Ароска і Д.​Рывера.

На Беларусі найб. стараж. Ф. захаваліся ў інтэр’еры Сафійскага сабора ў Полацку (11 ст.). Унікальнымі з’яўляюцца Ф. Полацкай Спаса-Праабражэнскай царквы (12 ст.), якія вылучаюцца эмац. напружанасцю, выразнасцю ліній і штрыха. У фрэскавых размалёўках 12—16 ст. прасочваецца ўплыў візант. традыцый: Барысаглебская царква Бельчыцкага манастыра ў Полацку, Благавешчанская царква ў Віцебску, Барысаглебская царква ў Гродне (усе 12 ст.), Супрасльская царква-крэпасць (16 ст.). На манум. жывапіс 17—18 ст. паўплывалі тагачасныя эстэт. прынцыпы зах.-еўрап. мастацтва. У размалёўках праявіліся рысы барока: Ф. касцёла францысканцаў у в. Гальшаны Ашмянскага р-на Гродзенскай вобл. (17 ст.), Мікалаеўскай царквы (17—18 ст.) і касцёла кармелітаў (1-я пал. 18 ст.) у Магілёве, касцёлаў езуітаў у Нясвіжы, кармелітаў у Мсціславе, бернардзінцаў і езуітаў у Гродне, езуітаў у в. Лучай Пастаўскага р-на Віцебскай вобл., бернардзінцаў у в. Будслаў Мядзельскага р-на Мінскай вобл. (усе 18 ст.). Рысы класіцызму маюць размалёўкі цэркваў Варварынскай у Пінску, у в. Вейна Магілёўскага р-на (абедзве 19 ст.). У пач. 20 ст. мастакі С.​Рудзінскі і Б.​Вішнеўскі выканалі размалёўку ў інтэр’еры кляштара францысканцаў у Пінску. Ф. выконвалі бел. мастакі В.​Барабанцаў, Г.​Вашчанка, В.​Доўнар, В.​Ціханаў.

Літ.:

Виннер А.В. Материалы и техника монументально-декоративной живописи. М., 1953;

Чернышев Н.М. Искусство фрески в Древней Руси. М., 1954;

Жывапіс Беларусі XII—XVIII стст.: [Альбом]. Мн., 1980;

Церашчатава В.В. Старажытнабеларускі манументальны жывапіс XI—XVIII стст. Мн., 1986;

Помнікі культуры: Новыя адкрыцці. Мн., 1985.

Н.​Я.​Трыфанава.

Да арт. Фрэска. Рафаэль. Афінская школа. 1508—11.
Да арт. Фрэска ў інтэр’еры касцёла кармелітаў у Магілёве. 1-я пал. 18 ст.

т. 16, с. 492

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ХАРЭ́ЗМ,

старажытная дзяржава ў Сярэдняй Азіі з цэнтрам у нізоўі р. Амудар’я, вобласць развітага ірыгацыйнага земляробства, рамесніцтва і гандлю. высокай культуры. Упершыню згадваецца ў іран. крыніцах 6 ст. да н.э. У канцы 6 ст. да н.э. ў складзе Ахеменідаў дзяржавы. У 4—1 ст. да н.э. — незалежная дзяржава; у 1—2 ст. н.э. ў складзе Кушанскай дзяржавы, у 3 ст. зноў незалежны. У 712 заваяваны арабамі. У 995 аб’яднаны пад уладай эміра г. Ургенч. Найб. магутнасці Х. дасягнуў пры Вял. харэзмшахах [951—1220]. З 1220 у складзе Манг. імперыі, з 1224 — улуса хана Джучы, потым у Залатой Ардзе. У 1388 Х. падпарадкаваў Цімур. На працягу стагоддзя за валоданне ім змагаліся Цімурыды і ханы Залатой Арды. З пач. 16 ст. большасць тэр. Х. ўключана ў Хівінскае ханства, якое на мясц. афіц. тэрміналогіі наз. Харэзмскай дзяржавай, што дало падставу так назваць створаную ў 1920 Харэзмскую народную савецкую рэспубліку.

У перыяд Ахеменідаў у мастацтве Х. захоўваліся асобныя рысы сакаў. У 4—3 ст. да н.э. на аснове сінтэзу мясц. і запазычаных элементаў сфарміравалася самаст. маст. культура. На выяўл. мастацтва паўплывала эліністычнае мастацтва, успрынятае ад парфян (гл. Парфянскае царства) і кушан (гл. Кушанская дзяржава). Адметныя рысы архітэктуры — масіўнасць і лаканічнасць аб’ёму, стрыманасць вонкавага дэкору; буд. матэрыялы — пахса і сырцовая цэгла. Традыц. былі каменныя базы ў форме гаршка на 3-ступеньчатым квадратным падмурку. Гарады звычайна прамавугольныя ў плане, з рэгулярнай забудовай, умацаваны сценамі з галерэямі і вежамі (Кюзелі-Гыр). У асобных гар. кварталах ці палацавых комплексах узводзілі храмы і свяцілішчы з брукаванай пляцоўкай для свяшчэннага агню. Палацы ўключалі парадныя двары з айванамі, залы і шматлікія пакоі, злучаныя калідорамі (Калалы-Гыр, 5—4 ст. да н.э.; Тапрак-Кала, 2—6 ст.). Пахавальныя збудаванні ўяўлялі сабой вежападобныя пабудовы з крыжападобнай планіроўкай (на гарадзішчы Кюзелі-Гыр, 5 ст. да н.э.) або цыліндрычныя храмы-маўзалеі (Кой-Крылган-Кала, 4—3 ст. да н.э.). У сінтэзе з архітэктурай развіваліся жывапіс і скульптура (гліняныя расфарбаваныя статуі і барэльефы, шматкаляровыя размалёўкі мінер. фарбамі). Асаблівы від мастацтва — урны-асуарыі ў выглядзе пустацелых статуй (5 ст. да н.э.) ці ў форме куфэрка (7—8 ст.), часам з размалёўкай. Пашыраны тэракотавыя статуэткі. У 4—3 ст. да н.э. выраблялі керамічныя біклагі з барэльефамі міфічнага зместу. Сярэдневяковыя дойліды Х. распрацавалі арыгінальныя шатрова-купальныя канструкцыі (маўзалеі 12 ст. ў г. Ургенч), у арх. дэкоры выкарыстоўвалі ўзорыстую цагляную муроўку, разную тэракоту, ганч. Развіццё мастацтва познафеад. Х. звязана з узвышэннем Хівы (культавыя і палацавыя ансамблі, кераміка, чаканка па медзі, разьба па дрэве, мармуры, ганчы).

Да арт. Харэзм. Тапрак-Кала. Фрагмент манументальнай скульптуры з алебастру. 3 ст.

т. 16, с. 557

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЧЫРВО́НАЯ ГВА́РДЫЯ,

у Pacü 1917—18 узбр. фарміраванні рабочых, якія разам з часцямі арміі і флоту былі гал. ударнай сілай бальшавікоў у Кастрычніцкай рэвалюцыі 1917. Узніклі пад рознымі назвамі (нар. дружыны, вольныя атрады, нар. апалчэнне і інш.) у першыя дні Лют. рэвалюцыі 1917 па ініцыятыве бальшавікоў Петраграда, Масквы, Адэсы, Харкава і інш. гарадоў. Назва «Ч.г.» пашырылася з крас. 1917. Першаснай арганізац. адзінкай Ч.г. быў дзесятак (13—15 чал.), 4 дзесяткі складалі ўзвод, 4 узводы — дружыну, 3 дружыны — батальён (каля 600 чал.), некалькі батальёнаў — полк. Складалася з добраахвотнікаў (членаў сацыяліст. партый і прафсаюзаў або рэкамендаваных імі), фарміравалася паводле тэр.-вытв. прынцыпу; камандзіры выбіраліся на сходах чырвонагвардзейцаў. Узбраенне было разнастайным: ад самаробных пік і паляўнічых стрэльбаў да кулямётаў, гармат і бронемашын. Ч.г. падпарадкоўвалася мясц. Саветам. Яе агульны колькасны склад у кастр.—ліст. 1917 дасягаў 200 тыс. чал., пасля Кастр. рэвалюцыі — 253 тыс. У губернях і гарадах выдаваліся ўласныя статуты Ч.г., паводле якіх яна стваралася ў мэтах абароны заваёў рэвалюцыі, барацьбы з контррэвалюцыяй, аховы грамадскага парадку, умацавання сав. улады. У канцы 1917 — пач. 1918 атрады Ч.г. падаўлялі антысав. выступленні на Доне, Паўд. Урале, Украіне, Сібіры і на Д. Усходзе, з лют. 1918 удзельнічалі ў баях з наступаючымі герм. войскамі. З утварэннем Чырв. Арміі, якая спачатку фарміравалася найперш за кошт уступлення ў яе чырвонагвардзейцаў (паасобку і цэлымі падраздзяленнямі). Ч.г. (36 000 чал. на 20.5.1918) паступова расфарміравана да восені 1918, але яе асобныя атрады, пераважна з міліцэйскімі функцыямі, дзейнічалі і пазней.

Першымі фарміраваннямі, створанымі ў сак. 1917 на Беларусі на ўзор Ч.г., былі баявая дружына рабочых Оршы і рабочая міліцыя Мінска (нач. М.В.Фрунзе). Бел. атрады Ч.г. колькасна выраслі і ўмацаваліся ў час барацьбы з Карнілава мяцяжом 1917, калі яны затрымлівалі і раззбройвалі эшалоны карнілаўцаў, што ішлі на Маскву і Петраград. Да кастр. 1917 у 44 нас. пунктах Беларусі налічвалася больш за 16 тыс. чырвонагвардзейцаў. Яны актыўна ўдзельнічалі ў Кастр. рэвалюцыі, у т. л. дружына пад камандаваннем П.​Ф.​Голуба — ва ўзбр. паўстанні ў Петраградзе. Мінскія зводныя рэв. атрады разам са зводным атрадам з Петраграда і Ч.г. Віцебска, Гомеля, Оршы, Полацка і інш. ліквідавалі супраціўленне Стаўкі вярхоўнага галоўнакамандуючага ў Магілёве. У пач. 1918 Ч.г. на Беларусі налічвала больш за 20 тыс. чал. Яе атрады ў лют. 1918 змагаліся з Доўбар-Мусніцкага мяцяжом 1918, у лют.—сак. вялі баі супраць наступаючых герм. войск каля Мінска, Калінкавіч, Жлобіна, Рэчыцы, Оршы, Гомеля, Добруша. Пазней яны былі перафарміраваны ў часці Чырв. Арміі, якія дзейнічалі на Зах. фронце.

Літ.:

80 лет Вооруженным силам Республики Беларусь // Армия. 1998. № 1.

М.​Г.​Нікіцін.

т. 17, с. 314

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РЫБЫ.

У іхтыяфауне вадаёмаў Беларусі адзначана 58 відаў рыб з 18 сямействаў, з іх 13 відаў завезены з мэтай акліматызацыі і развядзення, 8 з іх трапляюцца і цяпер — амур белы, сазан амурскі, сіг, сомікі амерыканскі і канальны, стронга радужная, таўсталобікі белы і стракаты. Некаторыя віды прадстаўлены падвідамі і морфамі. Напр., кумжа звычайная (стронга) у вадаёмах Беларусі прадстаўлена морфай — стронгай ручаёвай. Іхтыяфауна вадаёмаў у межах зоагеагр. акруг характарызуецца розным якасным і колькасным складам. У вадаёмах Зах. акругі 43 віды, Усх. — 37, Чарнаморскай — 49 відаў рыб. Асаблівасцю вадаёмаў Балтыйскай правінцыі з’яўляецца разнастайнасць ласасёвых рыб, Понта-Каспійска-Аральскай — вял. разнастайнасць карпавых рыб. З 46 відаў-абарыгенаў 24 віды пашыраны ў азёрах і рэках, 18 відаў — у рэках і толькі выпадкова могуць заходзіць у праточныя азёры. З рачных рыб галец, гальян звычайны, стронга ручаёвая, харыус насяляюць пераважна вярхоўі рэк і ручаёў з чыстай халоднай вадой, белавочка, бычок-пясочнік, джгір-насар, сцерлядзь — больш цеплалюбівыя і жывуць на раўнінных участках рэк; прамежкавае становішча займаюць быстранка, вусач, галавень, ялец, якія жывуць на ўчастках з цёплай вадой, але абавязкова на цячэнні. Чыста азёрнымі з’яўляюцца рапушка (сялява) і сняток, што жывуць у глыбокіх мезатрофных азёрах бас. Зах. Дзвіны і Віліі. З прадстаўнікоў сучаснай іхтыяфауны толькі ў бас. Дняпра водзяцца белавочка, бычок-пясочнік, джгір-насар, сінец і сцерлядзь. Тыповыя формы вусача і падуста, якія жывуць у Нёмане і Зах. Бугу, у бас. Дняпра маюць падвіды. На працягу апошніх 10 гадоў у бас. Дняпра адзначаны бычок-ганец, бычок-кругляк, ратан-галавешка, чабачок амурскі, у бас. Зах. Буга — бычок-ганец. Спецыфічнымі для вадаёмаў Балтыйскага м. з’яўляюцца вугор, ласось высакародны (сёмга), сіг, сняток, рапушка (сялява), харыус. Звычайнымі аб’ектамі сажалкавага рыбаводства сталі карась сярэбраны, карп, акліматызаваныя амур белы, таўсталобікі белы і стракаты. У азёрах гадуюць вугра, у стронгавых гаспадарках — радужную стронгу. Многіх рыб разводзяць у акварыумах для дэкаратыўных мэт. Праводзяцца мерапрыемствы па ахове рыб (ахова вадаёмаў, месцаў нерасту ад забруджванняў, будаўніцтва рыбаахоўных збудаванняў і прыстасаванняў), мэтанакіраваная рэканструкцыя іхтыяфауны (акліматызацыя, вырошчванне і інтрадукцыя рыб). У 2-й пал. 20 ст. з вадаёмаў Беларусі зніклі асятры атлантычны і рускі, бялуга, выразуб, прахадныя корушка і сіг, сазан, рыбец. У 2-е выданне Чырв. кнігі Беларусі ўключана 5 відаў.

Літ.:

Жуков П.И. Рыбы Белоруссии. Мн., 1965;

Яго ж. Рыбные ресурсы Белоруссии. Мн., 1983;

Яго ж. Рыбы. Мн., 1989.

Т.​М.​Шаўцова.

Рыбы. 1. Рапушка еўрапейская (сялява). 2. Вусач. 3. Ласось-таймень (кумжа). 4. Харыус звычайны. 5. Рыбец. 6. Стронга радужная. 7. Корушка азёрная (сняток) 8 Ласось высакародны (сёмга). 9. Падуст. 10. Сцерлядзь.

т. 18, кн. 2, с. 69

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АРХІТЭКТУРА 1930—41.

Бел. архітэктура гэтага часу развівалася ў агульнасаюзным рэчышчы. Гэта быў час пошуку новых форм, які суправаджаўся проціборствам паміж старой творчай інтэлігенцыяй і новай — пралетарскай. Новая архітэктура страціла нац. каларыт і развівалася як частка шматнацыянальнай сав. архітэктуры. Мінск як сталіца рэспублікі стаў цэнтрам арх. жыцця, канцэнтрацыі вялікага маст. і інтэлектуальнага патэнцыялу. Рост эканомікі БССР актывізаваў будаўнічую дзейнасць, стымуляваў развіццё культуры. У 1933 створаны першы на Беларусі буйны праектны інстытут рэсп. маштабу «Белдзяржпраект» (дырэктар А.​П.​Воінаў), у 1936 — «Белпрампраект». У «Белдзяржпраекце» распрацаваны генпланы Магілёва (арх. М.​Андросаў, Н.​Трахтэнберг), Оршы і Мазыра (арх. П.​Кірыенка), Полацка (арх. І.​Рапапорт), Слуцка і Рэчыцы (арх. Г.​Парсаданаў). У 1941 была завершана распрацоўка праекта генеральнай схемы планіроўкі рэканструкцыі Мінска да 1955 (арх. В.​Мураўёў, І.​Трудаў, Г.​Якушка, інж. Д.​Яскевіч); згодна са схемай планавалася капітальнае будаўніцтва на асноўных яго магістралях. Пры ўзвядзенні Дома ўрада (1930—34, арх. І.​Лангбард) азначыўся адыход ад канструктывізму. На шляху пошуку новых форм працаваў І.​Лангбард, ён выкарыстоўваў трохчвэртныя калоны, рытмічны лад якіх надаваў будынкам магутную выразнасць і кампазіцыйную завершанасць (Дом Чырвонай Арміі, комплекс Акадэміі навук, будынак тэатра оперы і балета, усе ў Мінску). У кірунку маст. перабудовы і крытычнага асваення класікі вылучаліся работы В.​Батаева, І.​Валадзько, У.​Вараксіна, А.​Воінава, М.​Гілярава, В.​Гусева, А.​Крылова, А.​Брэгмана, Р.​Столера, М.​Томаха, Г.​Якушкі і інш. (у Мінску — будынкі ЦК КПБ, партыйных курсаў, Палац піянераў, Ін-т фізкультуры, сярэдняя школа №4, гасцініцы Бел. ваеннай акругі, «Беларусь», 122-кватэрны жылы дом на Круглай пл., жылы дом гарсавета на вул. Савецкай; Дом гарсавета ў Гомелі). Стылістычныя змены часцей адлюстроўваліся ў дэкаратыўным убранні, а ў аб’ёмна-кампазіцыйных вырашэннях захоўваліся прынцыпы канструктывісцкай архітэктуры. Забудова 1930-х г. характарызавалася маштабнай цэласнасцю і ансамблевасцю, фарміравала новае архітэктурна-прасторавае і маст. асяроддзе (забудова Круглай пл., універсітэцкага гарадка, 1-й клінічнай бальніцы, політэхнічнага інстытута, усе ў Мінску). Вялікую ролю ў фарміраванні тэарэтычнай праблематыкі 1930-х г. адыгралі 1-ы (1935) і 2-і (1941) Усебеларускія з’езды Саюза архітэктараў, а таксама 1-ы з’езд Саюза архітэктараў СССР (1937). У гэты перыяд адбывалася станаўленне архітэктуры сацыяліст. рэалізму. У архітэктурнае жыццё актыўна ўваходзяць праблемы крытычнага асваення класічнай спадчыны. Практычныя пытанні, што абмяркоўваліся на з’ездах Саюза архітэктараў, сфарміравалі цэлыя блокі тэарэт. праблематыкі. У гэтых умовах вывучэнне пытанняў нац. своеасаблівасці бел. архітэктуры штучна прыпынена.

Касцёл у в. Сар’я Верхнядзвінскага раёна. 1852—57.
Ільінская царква ў г.п. Бешанковічы. 1870.
Андрэеўскі касцёл у г.п. Лынтупы Пастаўскага раёна. 1908—14.
Царква ў в Мількаўшчына Гродзенскага раёна 1906—08.
Палац у г.п. Жалудок Шчучынскага раёна. 1908.
Былая гасцініца Беларускай ваеннай акругі ў Мінску. 1920-я г. Фота 2004.

т. 18, кн. 2, с. 644

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)