1) філасофскае вучэнне, паводле якога існуе некалькі (мноства) незалежных пачаткаў быцця або асноў ведаў. Процілеглае манізму.
Тэрмін «П.» увёў у філасофію К.Вольф. У залежнасці ад вырашэння асноўнага пытання філасофіі П. можа быць матэрыялістычны (Эмпедокл у анталогіі, Спіноза ў гнасеалогіі) і ідэалістычны (Г.Лейбніц). Асобная форма філас. П. — дуалізм, які адстойвае незалежнае існаванне матэрыяльнага і ідэальнага (Р.Дэкарт, картэзіянцы) Філас. сістэмы мінулага, якія імкнуліся выявіць унутр. ўзаемасувязь з’яў, звесці іх разнастайнасць да адзінай асновы, мелі маністычную накіраванасць. З канца 19 ст. назіраецца ўзмацненне тэндэнцый да плюралістычнай. трактоўкі быцця і пазнання.
2) Характарыстыка дэмакр.паліт. сістэмы грамадства, пры якой сцвярджаецца неабходнасць разнастайнасці суб’ектаў эканам., паліт. і культ. жыцця; арганізацыя ўлады, якая абапіраецца на ўзаемадзеянне асн. партый, паліт. рухаў і прадухіляе манапалізацыю ўлады ў адных руках. Паліт. П. мае на мэце паслядоўнае правядзенне прынцыпу раздзялення ўлады (заканадаўчай, выканаўчай, судовай) і ажыццяўляецца ў форме прававой дзяржавы.
3) Разнастайнасць чаго-н., напр., форм уласнасці, думак, поглядаў, партый.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПНЕЎМАТЫ́ЧНАЯ ЗБРО́Я,
від стралковай зброі, у якой куля з канала ствала выштурхоўваецца сілай ціску сціснутага паветра ці інш. газу (найчасцей вуглякіслага).
Паводле спосабаў стварэння павышанага ціску П.з. падзяляецца на: спружынна-поршневую з аднаразовым, шматразовым і папярэднім напампоўваннем і пнеўмабалонную. Кулі чашападобныя (свінцовыя) і круглыя (свінцовы шрот і метал. шарыкі), калібр 4,5, 5,0, 5,6 і 6,0 мм; далёкасць палёту кулі да 400 м, пач. скорасць -300 м/с. У Еўропе вядомая з 1430. Сучасную П.з. звычайна вырабляюць у выглядзе дакладных копій пашыраных баявых вінтовак, пісталетаў, рэвальвераў і нават пісталетаў-кулямётаў. Выкарыстоўваюць для навучання стральбе, палявання на дробную дзічыну (эфектыўная далёкасць стральбы каля 40 м), падводнага палявання. Гл. таксама Паляўнічая зброя.
В.І.Вараб’ёў.
Даарт.Пнеўматычная зброя: а — сістэмы пнеўматычнай зброі (1 — спружынна-поршневая з бакавым рычагом узводу; 2 — спружынна-поршневая з падствольным рычагом узводу; 3 — адна- і шматразовага напампоўвання; 4 — папярэдняга напампоўвання са зменнымі паветранымі балонамі); б — пнеўматыкі-імітатары баявой зброі (1 — пнеўмабалонны пісталет, ЗША; 2 — шасцізарадная пнеўмабалонная вінтоўка, Расія).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПО́ЛАЦКАЯ КІ́РХА,
лютэранская царква; помнік архітэктуры неаготыкі ў г. Полацк Віцебскай вобл. Закладзена ў 1775 (верагодна, драўляная, няскончана). На мяжы 19—20 ст. (з 1901 існаваў прыход) узведзена мураваная кірха. Даасн. прамавугольнага ў плане аб’ёму з боку гал. фасада далучаецца 2-ярусная чацверыковая вежа, завершаная высокім 4-схільным дахам (першапачаткова высокі шатровы) з пінаклямі па вуглах, з процілеглага боку — 4-гранная апсіда з рызніцай. Гал. ўваход у 1-м ярусе вежы вылучаны стральчатым парталам, над якім — круглы аконны праём. Другі ярус мае 2 злучаныя стральчатыя аконныя праёмы. Абодва ярусы вежы завершаны ляпнымі накладнымі карнізамі з ажурным арнаментальным поясам, вуглы дэкарыраваны лапаткамі. Вуглы асн. аб’ёму на гал. фасадзе і каля апсіды завершаны пінаклямі. Бакавыя фасады напачатку мелі стральчатыя аконныя праёмы, цяпер іх форма часткова зменена. У 1926 П.к. прыстасавана пад краязнаўчы музей (зроблена прыбудова да бакавога фасада, зменена ўнутр. планіроўка). Цяпер у будынку размешчаны Полацкі краязнаўчы музей.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ПОЛЕ́СЬЕ»,
грамадска-паліт. і літ. газета радыкальна-ліберальнага кірунку. Выдавалася з 24.9(7.10).1909 да 7(20).10.1912 у Гомелі на рус. мове 3 разы на тыдзень. Друкавала інфармацыю пра дзейнасць Дзярж. думы, урада і мясц. улад, аб новай хвалі дэмакр. і рэв. руху ў 1912, арыентавала грамадскую думку на дэмакратыю еўрап. ўзору. Выступала супраць ідэі вял. Расіі Т.І.Струвэ, салідарызавалася з канцэпцыяй М.Горкага пра свабоднае развіццё ўсіх народаў. Прыхільна ставілася дакульт.-нац. самавызначэння беларусаў, крытыкавала антыкаталіцкую і антыбел. прапаганду акцябрыстаў і «Саюза рускага народа» (арт. Р.Зялёнага «Пра беларускае пытанне»). Шмат увагі аддавала прапагандзе рус. і зах.-еўрап. л-ры, тэатра, інш. відаў мастацтва. Друкавала творы Л.Талстога, артыкулы пра творчасць А.Пушкіна, Ф.Дастаеўскага, А.Чэхава, Л.Андрэева, С.Надсана, У.Меерхольда і інш. Асвятляла тэатр. жыццё ў С.-Пецярбургу, Маскве і Гомелі. За крытыку палітыкі ўрада яе тыражы неаднаразова канфіскоўваліся.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПОЛІВІНІЛАЦЭТА́ЛІ,
сінтэтычныя палімеры, прадукты ўзаемадзеяння полівінілавага спірту з альдэгідамі.
Цвёрдыя аморфныя бясколерныя рэчывы. Паводле прыроды арган. радыкала R (вадарод, алкіл, фурфурыл і інш.) тэрмапласты ці тэрмарэактапласты, мал. м. (15—200)∙10. Раствараюцца ў многіх арган. растваральніках. Раскладаюцца пры t > 150 °C і апрацоўцы мінер. к-тамі. Атрымліваюць звычайна гідролізам полівінілацэтату з наступным далучэннем альдэгіду да полівінілавага спірту, (полівінілбутыраль); x, y, z — колькасць адпаведна ацэтальных, вінілспіртавых і вінілацэтатных звёнаў у макрамалекуле, што ўтварыўся пры гідролізе, таму макрамалекулы П. акрамя асн. ацэтальных звёнаў (гл.Ацэталі) маюць вінілспіртавыя і вінілацэтатныя звёны. Найважн. П. — полівінілфармаль (П. на аснове фармальдэгіду) і полівінілбутыраль (на аснове масленага альдэгіду). Тэрмапласты. Вызначаюцца высокай адгезіяй да металаў, шкла і інш. матэрыялаў. Выкарыстоўваюць полівінілфармаль пераважна для вырабу электраізаляцыйных лакаў, полівінілбутыраль — для вырабу сінт. кляёў (тыпу БФ), лакаў, грунтовак, эмаляў, атрымання антыкаразійных і дэкар. пакрыццяў на металах, у вытв-сці безасколачнага шкла трыплекс.
М.Р.Пракапчук.
Агульная формула полівінілацэталей. R — вадарод (полівінілфармаль) ці арганічны радыкал, напр., C3H7.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПОП-АРТ (англ. pop art ад popular art папулярнае мастацтва),
кірунак у мастацтве 1950—60-х г., для якога характэрны выкарыстанне і перапрацоўка вобразаў масавай культуры. Узнік у Лондане ў творчасці «Незалежнай групы» Ін-та сучаснага мастацтва (П.Блейк, Э.Паалоцы, П.Колфілд, Р.Хэмілтан і інш.) як рэакцыя на элітарнасць абстракцыянізму і станаўленне новага урбаністычнага асяроддзя. Найб. вядомы амер. варыянт П.-а. (Р.Раўшэнберг, Дж.Джонс, Э.Уорхал, Дж.Розенквіст, Р.Ліхтэнстайн, Т.Весельман, К.Олдэнберг), развіваўся таксама ў Францыі (Арман, Н. дэ Сен-Фаль), Германіі (П.Вундэрліх) і інш. П.-а. сцвярджаў эстэт. каштоўнасць тыповых быт. рэчаў і з’яў праз выкарыстанне ў творах кампазіц. і маст. прыёмаў рэкламы, коміксаў, вобразаў-штампаў са сродкаў масавай інфармацыі і паўсядзённага жыцця (часта з дапамогай калажу, фотаўзнаўлення ці стварэння муляжа арыгінала).
Літ.:
Кузьмина М. Поп-арт... // Модернизм. 3 изд. М., 1980.
Даарт.Поп-арт. Р.Ліхтэнстайн. Whaam. 1963.Даарт.Поп-арт. Т.Весельман. Вялікая амерыканская аголеная № 98. 1967.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПОР-РАЯ́ЛЬ, Пор-Руаяль (Port-Royal),
жаночы кляштар у Францыі, які ў 17 ст. быў цэнтрам асветы і л-ры. Засн. ў 1204 каля Парыжа. У 1625 ад яго аддзяліўся кляштар, які размяшчаўся ў Парыжы; кляштар у старым будынку стаў называцца П-Р. дэ Шан. Намаганнямі абатысы Анжэлікі Арно і яе братоў у 17 ст. абодва кляштары сталі цэнтрамі франц. л-ры і філас. думкі. У 1630-я г. П.-Р. — цэнтр янсенізму. Сюды з’язджалася моладзь для навук. заняткаў. Для выкладання ў П.-Р. былі складзены лепшыя на той час падручнікі па лац. і грэч. мовах, логіцы. З П.-Р. дэ Шан былі цесна звязаны філосафы, вучоныя, пісьменнікі — Б.Паскаль, Ж.Расін, да яго быў блізкі Р.Дэкарт. П.-Р. удзельнічаў у барацьбе супраць езуітаў. У 1710 П.-Р. дэ Шан паводле загаду караля Людовіка XIV разбураны. Парыжскі П.-Р. існаваў да 1790. Ш.А.Сент-Бёў напісаў «Гісторыю Пор-Раяля» (т. 1—5, 1840—59).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ПРА БАГА́ЦТВА ДЫ БЕ́ДНАСЦЬ»,
перакладны твор бел. л-ры 19 ст. Пераклад зроблены з укр. брашуры С.А.Падалінскага (1875, 2-е выд. 1876), выдадзены ў Жэневе ў 1881 з дапамогай М.П.Драгаманава, які напісаў дабел. выдання прадмову. У творы элементы маст. прозы спалучаны з агітацыйна-прапагандысцкім зместам, выкладаецца марксісцкае вучэнне пра крыніцы росту капіталу і дадатковую вартасць. Дасведчаны рабочы-чыгуначнік Кастусь тлумачыць сваім сябрам, што для паляпшэння жыцця трэба зямлю, фабрыкі і заводы зрабіць грамадскай уласнасцю, ліквідаваць эксплуатацыю чалавека чалавекам. Пераклад дапасаваны дабел. умоў і нар. побыту, значна ўзмоцнены маст. элемент (пейзажныя замалёўкі, партрэты дзейных асоб больш яркія і вобразныя). У творы жывая лексіка, шмат нар. зваротаў і трапных вобразаў, удала перададзены фанетычныя асаблівасці бел. мовы, што сведчыць пра дасканалае валоданне роднай мовай перакладчыкам.
Публ.:
Беларуская літаратура XIX ст.: Хрэстаматыя. 2 выд.Мн., 1988.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРАВІДЭНЦЫЯЛІ́ЗМ (ад лац. providentia прадбачанне),
рэлігійная інтэрпрэтацыя гісторыі як ажыццяўлення боскага плана выратавання чалавека і чалавецтва. Першапачаткова ідэя П. ўзнікла ў працах айцоў царквы, яна сістэматызавана ’і распрацавана Аўгусцінам і М.Лютэрам. Уведзены Аўгусцінам правідэнцыялісцкі шлях да «царства Божага» быў асновай сярэдневяковай схаластыкі. Надаўшы Божай волі статус адзінага вытоку сусв. гісторыі, П. Аўгусціна паслядоўна падводзіў да прызнання абсалютнага наканавання чалавечага лёсу небам, што сустракала крытыку з боку прыхільнікаў пелагіян, якія сцвярджалі наяўнасць у чалавека свабоды волі і магчымасці сваімі добрымі ўчынкамі выпраўляць наканаваны лёс. Ідэі П. былі ўласцівы У.Данілеўскаму, А.Тойнбі, Ж.Марытэну і інш.хрысц. філосафам і гісторыкам. Канцэпцыя П. ў хрысціянстве арганічна суадносіцца з тэлеалогіяй і эсхаталогіяй. П. як дактрына або ідэя ўваходзіць у тэалагічныя сістэмы ўсіх хрысц. плыняў, а таксама ў канцэпцыі ісламу, іудаізму і інш. канфесій. З эпохі Асветніцтва ў процівагу П. развіваецца рацыяналістычны погляд на гісторыю як працэс ажыццяўлення «прыроднага закону», розуму, пазней — здаровага сэнсу.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРОПРЫЯРЭЦЭ́ПТАРЫ, прапрыяцэптары (ад лац. proprius уласны, асаблівы + рэцэптары),
спецыялізаваныя чуллівыя нервовыя канцы (механарэцэптары) апорна-рухальнага апарату пазваночных жывёл і чалавека. Самы пашыраны від — свабодныя нерв. канцы, а найб. спецыялізаваныя структуры — мышачныя верацёны (у шкілетных мышцах) і органы Гольджы (у сухажыллях). Узбуджэнне ў П. узнікае пры нацяжэнні мышачных валокнаў, сухажылляў, фасцый, пры скарачэнні або пасіўным расцяжэнні мышцы. Імпульсы, што паступаюць у ц. н. с. ад мышачных валокнаў, аблягчаюць узнікненне актыўнасці ў рухальных нейронах сваёй мышцы і тармозяць скарачэнні мышцы-антаганіста. Імпульсы, што прыходзяць ад органаў Гольджы, маюць процілеглы эфект. У мозг ад П. паступае інфармацыя аб становішчы часткі цела ў прасторы, стане мышцаў, ступені іх напружання. Невял. здольнасць П. да адаптацыі дазваляе ц. н. с. бесперапынна атрымліваць сігналы аб стане шкілетнай мускулатуры і ажыццяўляць бесперапынную складана-каардынаваную рухальную дзейнасць арганізма. Актыўнасць П. ляжыць у аснове мышачнага пачуцця. Часам да П. адносяць рэцэптары вестыбулярнага апарату, сэрца і крывяносных сасудаў.