апісанне зямельных уладанняў у гарадах і сельскіх мясцовасцях для пазямельнага абкладання ў Расіі 15—17 ст. Прадугледжвала вымярэнне зямельных плошчаў (у гарадах — забудаваных дварамі), перавод атрыманых звестак ва ўмоўныя падатковыя адзінкі — сохі (гл.Саха) і вызначэнне на гэтай аснове памеру прамых падаткаў — т.зв. пасошнага. Тэхніка С.п. (ажыццяўлялася спец. пісцом з падначаленымі яму пад’ячымі) змянялася ў адпаведнасці са зменай паняцця «саха» і набыла ўстойлівыя формы ў 16—17 ст. у кнігах сошнага пісьма. Поўныя апісанні гарадоў і паветаў з іх насельніцтвам, дварамі і катэгорыямі землеўладання складалі пісцовыя кнігі. У 1646 адзінкай для вылічэння пасошнага стаў двор і замест пісцовых кніг пачалі складаць перапісныя кнігі, якія ўтрымлівалі толькі перапіс двароў і іх насельніцтва, а ў 1679 двор стаў і адзінкай падаткаабкладання (гл.Падворнае абкладанне).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СПЕРМАТАФО́РЫ (ад сперма + phoros які нясе),
капсулы ў некат. жывёл, запоўненыя сперматазоідамі. Выконваюць функцыю іх пераносу і захоўваюць ад высыхання. Могуць доўга знаходзіцца ў арганізме да наступлення апладнення. Асемяненне з удзелам С. — прамежкавае паміж асемяненнем у вадзе і капуляцыяй на сушы — характэрнае для п’явак, галаваногіх і некат. бруханогіх малюскаў, шэрагу членістаногіх, для паганафор і некат. земнаводных.
Форма, памеры і спосабы пападання С. ў палавую сістэму самкі розныя. У ракападобных, павукападобных і насякомых у пераносе С. удзельнічаюць канечнасці; у галаваногіх малюскаў адной з «рук», т.зв. гектакотылем, С. пераносяцца ў мантыйную поласць самкі; у некат. васьміногаў гектакотыль, напоўнены С., аддзяляецца ад цела самца, плавае і, калі знаходзіць самку, запаўзае ў яе мантыйную поласць. Самцы трытонаў і саламандраў прыклейваюць С. да якога-н. прадмета, а самка ўцягвае іх клаачнай адтулінай.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СРО́ДКІ ВЫТВО́РЧАСЦІ,
сукупнасць прадметаў і сродкаў працы, якія выкарыстоўваюцца ў працэсе вытв-сці матэрыяльных даброт. Прадметы працы — усё, што апрацоўваецца і на што накіравана праца чалавека. Да іх належаць прадметы, дадзеныя непасрэдна прыродай (руда, нафта, вугаль, што здабываюцца з нетраў зямлі), а таксама сыравіна — часткова апрацаваныя прадметы (кокс, бавоўна, піламатэрыялы). Сродкі працы — рэчы, прылады, з дапамогай якіх чалавек апрацоўвае прадметы працы. Да іх належаць прылады працы (абсталяванне, машыны, прыборы, станкі), вытв. будынкі і збудаванні, дарогі, трубаправоды, каналы, сродкі перавозкі грузаў (таварныя вагоны, платформы і інш.), ёмістасці для захоўвання прадметаў працы (цыстэрны, бочкі, балоны) і інш. С.в. ствараюць рэчыўны фактар вытв-сці, з’яўляюцца састаўной часткай прадукцыйных сіл грамадства. Пад уплывам пануючых вытв. адносін С.в. ў розных фармацыях грамадска-эканамічных выступаюць у розных формах (напр., абаротныя фонды, асноўныя вытворчыя фонды).
рухомыя злучэнні касцей шкілета пазваночных жывёл і чалавека, дапамогай якіх ажыццяўляюцца рознымі рухі. Іх сустаўныя паверхні раздзяляюцца сустаўнай поласцю, што ўтрымліваюць сінавіяльную вадкасць. Падзяляюцца на простыя, складаныя, комплексныя, камбінаваныя (у залежнасці ад колькасці сустаўных паверхняў). Паводле характару рухаў адрозніваюць аднавосевыя С., у якіх рух адбываецца вакол адной восі, двух-, трох- і шматвосевыя. Сучляненні касцей падзяляюць на асн. групы: бесперарывістыя і перарывістыя. Ступені свабоды С. абмяжоўваюцца яго формай, выступамі касцей, нацяжэннем сустаўнай сумкі і звязак. Звязкі ўмацоўваюць С., накіроўваюць іх рух. Паверхні касцей у С. укрыты сустаўнымі храсткамі (амартызуюць штуршкі пры руху, робяць рух эластычным), абкружаны сустаўнай сумкай, якая герметычна замыкае поласць С. мае невял. колькасць сінавіяльнай вадкасці. Пашкоджанні С. — артрыты, артрозы, вывіхі і інш.
Літ.:
Павлова В.Н. Синовиальная среда суставов. М., 1980.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ТАЙМЫ́РСКІ ЗАПАВЕ́ДНІК У Таймырскай (Даўгана-Ненецкай) нац. акрузе (Расія),
на правабярэжжы р. Таймыр. Пл. 1781,9 тыс.га. Засн. ў 1979. Пакатахвалістая раўніна з узгорыста-градавымі ўчасткамі, на ПнУ адгор’і гор Быранга (выш. да 567 м). Арктычныя і субарктычныя тундры, у адгор’і Быранга ўчасткі арктычных пустынь. На тэр.
Т.з. самыя паўн. ўчасткі лясных масіваў даурскай лістоўніцы. У фауне 16 відаў млекакормячых (заяц-бяляк, воўк, пясец, гарнастай, паўн. алень і інш.), з іх у Чырв. кнізе Расіі белы мядзведзь і морж лапеўскі; 85 відаў птушак (зімнік, сава белая, курапатка белая і тундраная, гусь-гуменнік, гага, гагара тундраная, кулікі, чайкі і інш.), з іх у Чырв. кнізе лебедзь малы, арлан-белахвост, беркут, крэчат, сапсан, казарка чорная, гагара чырвонаваллёвая. У іхтыяфауне больш за 20 відаў, у т. л. сіговыя, ласасёвыя, харыусавыя.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ТЭР’Е́РЫ (англ. terriers ад франц. terrier нара),
група парод паляўнічых сабак, службовых сабак і вытворных ад іхдэкаратыўна-пакаёвых сабак. Больш за 30 парод, сярод іх бедлінгтантэр’ер, фокстэр’ер, эрдэльтэр’ер. Большасць выведзена ў Вялікабрытаніі.
Найб. вядомыя: ірландскі Т. (выш. ў карку 40—56 см, шэрсць з кароткім густым падшэрсткам, грубая, рыжая); кэрыблютэр’ер (выш. ў карку 22 см, шэрсць мяккая, хвалістая, ад светла-попельнай да чорнай; тойтэр’ер, карлікавая форма стараж.англ. Т. (выш. ў карку 18—25 см, шэрсць кароткая, чорная з карычневымі падпалінамі і інш.); скайтэр’ер (выш. ў карку 20—30 см, шэрсць даўж. да 14 см, з густым падшэрсткам, прамая, блакітна-серабрыстая); лхаскі апсо (выш. ў карку 20—25 см, шэрсць з густым падшэрсткам, густая, шорсткая, залацістая) і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ФАРМАКАГНО́ЗІЯ (ад грэч. pharmakon лякарства + gnōsis веды),
навука аб лекавых раслінах, лек. сыравіне расл. і жывёльнага паходжання, таксама прадуктах першаснай перапрацоўкі раслін (эфірныя алеі, смолы, млечныя сокі і інш.) і жывёл (змяіны яд, прадукты жыццядзейнасці пчол і інш.), што ўжываюць у медыцыне. Цесна звязана з фармакалогіяй, арган. і біял. хіміяй, батанікай.
Вядома са старажытнасці Як навука ўзнікла ў 19 ст. Адрозніваюць агульную і спец. Ф. Задачы агульнай Ф.: вывучэнне хім. саставу лек. раслін і сыравіны расл. або жывёльнага паходжання, уплыў на іх фактараў навакольнага асяроддзя, выяўленне прамысл. запасаў лек. раслін, навук. абгрунтаванне развіцця сыравіннай базы для фармацэўтычнай прамысловасці, складанне нарматыўна-тэхн. дакументацыі і інш. Спецыяльная Ф. вывучае асобныя лек. расліны і сыравіну з іх. Пытанні Ф. вывучаюцца ў фармацэўтычных і мед.ВНУ, спец.НДІ.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ХІМІ́ЧНА ЎСТО́ЙЛІВЫЯ МАТЭРЫЯ́ЛЫ,
матэрыялы, якія характарызуюцца высокай устойлівасцю да дзеяння хімічна актыўных асяроддзяў (кіслот, шчолачаў, акісляльнікаў і інш.). Іх устойлівасць вызначаецца саставам, структурай, порыстасцю і інш. Падзяляюцца на метал. і неметал. (неарган., арган. і кампазіцыйныя).
Да метал. Х.ў.м. належаць сплавы на аснове жалеза (сталі і чыгуны), легіраваныя хромам, нікелем, марганцам і інш., некат. каляровыя металы (медзь, алюміній, тытан, цырконій) і іх сплавы. Найб. Х.ў.м. з’яўляюцца высакародныя металы. Сярод неарган. Х.ў.м. адрозніваюць прыродныя (базальт, граніты, даламіт, мармур, вапняк, кварцыты) і штучныя (сіталы тэхн., борасілікатнае і кварцавае шкло, эмалі, кераміка). Да Х.ў.м. арган. паходжання належаць прыродныя матэрыялы (драўніна, бітумы, асфальт) і сінтэтычныя (пластмасы. гума, графітапласты і інш.). Кампазіцыйныя Х.ў.м. маюць напаўняльнікі з неарган. рэчываў і сувязныя з арган. Х.ў.м.; вызначаюцца высокімі мех. трываласцю, цеплаўстойлівасцю, нізкай цеплаправоднасцю.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЧЫГУ́НАЧНЫ ВУ́ЗЕЛ,
пункт на перасячэнні некалькіх чыг. ліній, у якім размешчаны адна ці некалькі чыгуначных станцый; іншы раз — сукупнасць чыг. станцый, падыходаў да іх і злучальных пуцей на адной чыг. лініі. Асн. збудаванні Ч.в.: сартавальныя, грузавыя і пасаж.чыг. станцыі, злучальныя пуці паміж імі, станцыйныя збудаванні для пасажыраў, дэпо і інш. Бываюць Ч.в. транзітныя, транзітныя з вял. аб’ёмам перагрузачных работ і канцавыя, а таксама прамысл. (абслугоўваюць прамысл. прадпрыемствы ці раёны) і партовыя. Ў буйных Ч.в. перасякаецца да 20 ліній. На Беларусі больш за 30 Ч.в., з іх найбуйнейшыя Мінск, Баранавічы, Орша, Брэст, Жлобін, Асіповічы, Віцебск, Маладзечна, Магілёў, Крычаў, Гомель, Калінкавічы, Ліда, Лунінец, Полацк, Гродна, Ваўкавыск, Бабруйск. Гл. схему Беларускай чыгункі пры арт.Беларуская чыгунка.
Схема чыгуначнага вузла: а — з адной станцыяй; б — з крыжападобным размяшчэннем станцый; I—XIV — злучальныя веткі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЧЫ́НШАВЫЯ СЯЛЯ́НЕ,
у перыяд феадалізму сяляне, якія карысталіся спадчыннай зямлёй часова або бестэрмінова, за што плацілі натуральныя і грашовыя плацяжы (чынш). У 15—1-й пал. 19 ст. Ч.с. на Беларусі, Украіне і ў Літве — феад.-залежныя сяляне, гал. формай феад. павіннасцей якіх быў чынш. Ва «Уставе на валокі» 1557 Ч.с. наз. і асаднымі сялянамі. Ч.с. выкопвалі і дадатковыя павіннасці (дзякла, талака, згоны). З развіццём фальваркаў колькасць Ч.с. мянялася: у выпадку патрэбы феадалы пераводзілі іх у катэгорыю цяглых сялян і наадварот; павялічваліся і памеры чыншу. Найб. колькасць Ч.с. была ў 2-й пал. 17—1-й пал. 18 ст. У 1-й пал. 19 ст. Ч.с. наз. аброчнымі сялянамі, большасць іх пераведзена ў разрад паншчынных.
Літ.:
Гісторыя сялянства Беларусі: У 3 т. Т. 1. Мн., 1997.