СПЕРМАТАФО́РЫ (ад сперма + phoros які нясе),
капсулы ў некат. жывёл, запоўненыя сперматазоідамі. Выконваюць функцыю іх пераносу і захоўваюць ад высыхання. Могуць доўга знаходзіцца ў арганізме да наступлення апладнення. Асемяненне з удзелам С. — прамежкавае паміж асемяненнем у вадзе і капуляцыяй на сушы — характэрнае для п’явак, галаваногіх і некат. бруханогіх малюскаў, шэрагу членістаногіх, для паганафор і некат. земнаводных.
Форма, памеры і спосабы пападання С. ў палавую сістэму самкі розныя. У ракападобных, павукападобных і насякомых у пераносе С. удзельнічаюць канечнасці; у галаваногіх малюскаў адной з «рук», т.зв. гектакотылем, С. пераносяцца ў мантыйную поласць самкі; у некат. васьміногаў гектакотыль, напоўнены С., аддзяляецца ад цела самца, плавае і, калі знаходзіць самку, запаўзае ў яе мантыйную поласць. Самцы трытонаў і саламандраў прыклейваюць С. да якога-н. прадмета, а самка ўцягвае іх клаачнай адтулінай.
А.М.Петрыкаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)