вёска ў Калінкавіцкім р-не Гомельскай вобл., каля аўтадарогі Мінск—Мазыр. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 31 км на Пн ад Калінкавіч, 151 км ад Гомеля, 7 км ад чыг. ст. Халоднікі. 808 ж., 301 двор (1997).
Узнікла не пазней пач. 16 ст. У інвентары Мазырскага замка 1552 упамінаецца як сяло, цэнтр «нядзелі» (адм.-тэр. адзінкі ў складзе воласці), 35 двароў. З 1565 у Мазырскім павеце, дзярж. ўласнасць. У 17—18 ст. цэнтр староства. З 1793 у Рас. імперыі, у Рэчыцкім пав. Да 1861 ва ўладанні памешчыка Міхайлава і яго нашчадкаў. Мелася праваслаўная царква. З 1861 цэнтр воласці Рэчыцкага пав. У 1924—35 і з 1960 у Калінкавіцкім р-не, у 1935—60 у Даманавіцкім раёне. У 1971 — 779 жыхароў.
Агароднінасушыльны з-д. Сярэдняя школа, клуб, б-ка, амбулаторыя, аддз.сувязі. Брацкая магіла сав. воінаў і партызан.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЖАМБАЛО́НЬЯ
(Giambologna),
Джавані Балонья (Giovanni Bologna; сапр.Жан дэ Булонь; Jean de Boulogne; 1529, г. Дуэ, Францыя — 13.8.1608), італьянскі скульптар, прадстаўнік маньерызму. У 1554 або 1555 прыехаў у Рым, дзе, верагодна, вучыўся ў Мікеланджэла. Працаваў у Фларэнцыі пры двары Медычы, а таксама ў Балонні, Генуі. Выконваў багата дэкарыраваныя фантаны, скульпт. групы і статуі, статычныя конныя помнікі («Нептун», Балоння; «Козіма I Медычы», 1593, Фларэнцыя). Развіваючы ідэі Б.Чэліні, імкнуўся да стварэння «ідэальна круглай» скульптуры з уласцівай ёй прасторавай свабодай і магчымасцю ўсебаковага агляду (спіралепадобная па кампазіцыі група «Выкраданне сабінянак», 1583, Фларэнцыя), да арган.сувязі з прыродным асяроддзем («Алегорыя Апенін», Праталіна). Манерная вытанчанасць прапорцый і рухаў, дынамічнасць кампазіцыі, віртуозная дакладнасць апрацоўкі матэрыялу («Меркурый», 1564, Балоння, і 1580, Фларэнцыя) спалучаюцца ў Дж. з натуралістычнымі эфектамі (статуі птушак для грота вілы ў Кастэла, Фларэнцыя).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ВІ́ЦЕБСК»,
рачны манітор сав. Пінскай ваен. флатыліі, які вызначыўся ў абарончых баях на Беларусі і Украіне летам — восенню 1941 у Вял. Айч. вайну. Пабудаваны ў 1920 у Гданьску, прайшоў некалькі мадэрнізацый. Да 24.10.1939 наз. «Warszawa» («Варшава»), уваходзіў у склад Віслінскай (1920—22) і Пінскай (1922—39) флатылій ВФМ Польшчы. Затоплены экіпажам у час паходу часцей Чырв. Арміі ў Зах. Беларусь. Падняты сав. маракамі з дна Прыпяці. Меў на ўзбраенні 3 гарматы і 4 кулямёты, экіпаж каля 40 чал. Вёў баі на Бярэзіне (каля Бабруйска і в. Новая Беліца Светлагорскага р-на), Дзясне (каля г. Асцёр Чарнігаўскай вобл.), Дняпры (каля нас. пунктаў Дамантава і Сухалучча Кіеўскай вобл. і каля Кіева). Летам 1941 карабель прадстаўлены ваен. саветам Паўд.-Зах. фронту да ўзнагароды ордэнам Чырв. Сцяга. Узарваны экіпажам 18.9.1941 у сувязі з адыходам сав. часцей на У ад Дняпра.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІ́ЦЕБСКІ ГІСТПА́РТ,
камісія па вывучэнні гісторыі кампартыі і Кастр. рэвалюцыі пры Віцебскім губкоме РКП(б). Існаваў з пач. 1922 да сак. 1924. Створаны на аснове пісьма ЦК РКП(б), у якім прапанавалася «неадкладна прыступіць да арганізацыі абласных і губернскіх гістпартаў». Узначальваў чл. губкома партыі С.М.Крылоў. Гал. кірункі работы камісіі — абследаванне архіваў і выяўленне матэрыялаў па гісторыі рэв. барацьбы, збор і публікацыя ўспамінаў старых бальшавікоў і ўдзельнікаў рэв. руху на Віцебшчыне. Асобныя матэрыялы друкаваліся ў час. «Коммунистический труд». Віцебскі гістпарт выпусціў кнігу мемуараў Б.Д.Пінсана «Бальшавікі ў Віцебску» (1922) і зб. успамінаў, артыкулаў і матэрыялаў «Чырвоная быль» (1923), у які ўвайшлі ўспаміны ўдзельнікаў барацьбы за сав. ўладу ў губерні Б.Брэслава, Я.Гоба, Крылова і інш., матэрыялы пра рэв. падзеі ў лют.—кастр. 1917 і ўстанаўленне сав. улады ў губерні. Віцебскі гістпарт ліквідаваны ў сувязі з уваходам Віцебскай губ. ў склад БССР.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВО́ЛМА,
вёска ў Дзяржынскім р-не Мінскай вобл., на р. Волма. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 30 км на ПнЗ ад г. Дзяржынск, 50 км ад Мінска, 33 км ад чыг. ст. Койданава. 580 ж., 198 двароў (1996).
Вядома з 2-й пал. 15 ст., належала В.Манівіду, А.Гаштольду, Валадковічам, Філіповічам, Ваньковічам. У 1472 у Волме існаваў касцёл (не збярогся). У 1581 мястэчка Мінскага пав. У 1861 — 93 ж., 14 двароў, нар. вучылішча. У 1921—39 у складзе Польшчы, з 1926 цэнтр гміны Стаўбцоўскага пав. З 1939 у БССР, з 1940 цэнтр сельсавета ў Івянецкім, з 1962 — у Стаўбцоўскім, з 1956 — у Валожынскім, з 1970 — у Дзяржынскім р-нах. У 1970 — 277 жыхароў.
Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, бальніца, амбулаторыя, аптэка, камбінат быт. абслугоўвання, аддз.сувязі. Помнікі архітэктуры — Успенскі касцёл (1751), сядзіба (19 ст.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЫНАХО́ДНІЦКАЕ ПРА́ВА,
прававыя нормы, якія рэгламентуюць адносіны, што ўзнікаюць у сувязі з адкрыццямі, вынаходствамі, рацыяналізатарскімі прапановамі і іх выкарыстаннем. У Рэспубліцы Беларусь крыніцамі вынаходніцкага права з’яўляюцца Грамадзянскі кодэкс і Закон «Аб патэнтах на вынаходствы» ад 5.2.1993, інш. нарматыўныя акты. Палажэнні вынаходніцкага права пашыраюцца на аўтараў адкрыццяў, вынаходстваў і рацыяналізатарскіх прапаноў — фіз. і юрыд. асоб Беларусі, замежных грамадзян, асоб без грамадзянства і замежных юрыд. асоб — і вынікі іх вынаходніцкай дзейнасці на тэр. Беларусі. Калі міжнар. дагаворам Рэспублікі Беларусь устаноўлены інш. правілы, чым тыя, што змешчаны ў нац. заканадаўстве, выкарыстоўваюцца правілы міжнар. дагавору.
Вынаходніцкае права замацоўвае за аўтарамі права на ўзнагароджанне і шэраг немаёмасных правоў (права на аўтарства, права даць вынаходству сваё імя ці якую-небудзь спец. назву і інш.), рэгулюе парадак выкарыстання вынаходстваў і ўкараненне рацыяналізатарскіх прапаноў і інш. Правы аўтараў ахоўваюцца ў адм. і судовым парадку.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕЛАРУ́СКАЯ СЕ́КЦЫЯ ПРЫ ГО́МЕЛЬСКІМ ГУБЕ́РНСКІМ АДДЗЕ́ЛЕ НАРО́ДНАЙ АСВЕ́ТЫ.
Існавала ў 1921—27. Падпарадкоўвалася Беларускаму цэнтральнаму бюро пры Народным камісарыяце асветы РСФСР у Маскве. Задачы: арганізацыя і забеспячэнне вучэбнай л-рай школ і культ.-асв. устаноў для бел. насельніцтва Гомельскай губ., падрыхтоўка настаўніцкіх кадраў. У студз. 1922 секцыя была скасавана губ. ўладамі, у 1923 адноўлена Наркаматам асветы РСФСР. З лета 1923 пад кіраўніцтвам секцыі працавала 6 бел. школ, з вясны 1926 ёй падначалена 96 бел. школ розных ступеняў, 75 пунктаў па ліквідацыі непісьменнасці, 5 хат-чытальняў. Супрацоўнікі секцыі арганізавалі бел. хары і драм. трупы ў Гомелі і Магілёве. У маі 1926 секцыя правяла губ. канферэнцыю настаўнікаў-беларусаў, на якой абмеркаваны пытанні развіцця школьнай сеткі і пашырэння беларусізацыі на Гомельшчыне. Супрацоўнічала з Гомельскай філіяй літ. аб’яднання «Маладняк». Спыніла дзейнасць у сувязі з далучэннем Гомельскай губ. да БССР.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«БЕЛАРУ́СКАЯ ШКО́ЛА Ў ЛА́ТВІІ»,
штомесячны навук.-папулярны, пед. і літ.-грамадскі часопіс. Засн. як орган «Таварыства беларускіх вучыцеляў у Латвіі» і пед. дадатак да газ.«Голас беларуса». Выдаваўся ў 1926—29 і 1932—33 у Рызе на бел. мове. З 1933 (з № 4) выходзіў 1 раз у 2 месяцы. Узнімаў актуальныя грамадска-паліт. і асв. пытанні жыцця бел. меншасці, шырока асвятляў работу і становішча бел. гімназій і школ у Латвіі, арганізацыю ў іх навуч. працэсу, дзейнасць «Таварыства бел. вучыцеляў у Латвіі» і «Беларускага навукова-краязнаўчага т-ва ў Латвіі». Пісаў пра гіст. падзеі 1917—19 на Беларусі. Змяшчаў артыкулы па гісторыі, культуры Беларусі, пра выдатных бел. дзеячаў. Рабіў агляды культ. жыцця беларусаў у Літве, Зах. Беларусі, БССР, Чэхаславакіі. Выйшлі 24 нумары. Закрыты ў сувязі з устанаўленнем у Латвіі аўтарытарнай дыктатуры К.Ульманіса.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕНГА́ЛІЯ,
гістарычная вобласць у Індыі, у бас. ніжняга цячэння Ганга і дэльты Ганга і Брахмапутры. У старажытнасці розныя часткі Бенгаліі вядомыя пад назвай Анга, Ванга, Гауда і інш. Агульная назва Бенгаліі з’явілася каля 10—12 ст. У 8 — пач. 13 ст. на тэр. Бенгаліі існавалі дзяржавы на чале з дынастыямі Палаў, пазней Сенаў. На пач. 13 ст. Бенгалія ўключана ў Дэлійскі султанат. У сярэдзіне 14 ст. стала незалежная. У 1575 заваявана Вялікімі Маголамі. На пач. 18 ст. на тэр. Бенгаліі ўзнікла самаст. дзяржава. У 1757 падпарадкавана англ. Ост-Індскай кампаніяй. У 1905 падзелена англ. ўладамі на адасобленыя тэр., у 1911 зноў аб’яднана. У 1947 у сувязі з падзелам Брыт. Індыі на самаст. дзяржавы Індыю і Пакістан Зах. Бенгалія адышла да Індыі, Усх. Бенгалія — да Пакістана. У 1971 на тэр.Усх. Бенгаліі створана дзяржава Бангладэш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАРНЯ́НЫ,
вёска ў Беларусі, у Астравецкім р-не Гродзенскай вобл. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 14 км ад г.п. Астравец, 216 км ад Гродна, 19 км ад чыг. ст. Гудагай, на шашы, што звязвае Варняны з Астраўцом. 1336 ж., 481 двор (1995).
У пісьмовых крыніцах згадваюцца ў 1391. У 1397 належалі вял.кн.ВКЛ Ягайлу і перададзены Віленскаму капітулу. У 16 ст. належалі Пронскім, Свірскім, Чыжам, з канца 16 ст. да 1860 — Абрамовічам, потым — Снядэцкім і Хамінскім. З 1688 мястэчка. З 1795 у складзе Рас. імперыі. У 1880-я г. 249 ж. У 1921—39 у складзе Польшчы, у Ашмянскім пав. Віленскага ваяв. З 1939 у БССР, з 1940 цэнтр сельсавета Астравецкага р-на. У 1962—65 у Ашмянскім р-не. У 1970 — 1284 жыхары.
Сярэдняя школа, клуб, б-ка, камбінат быт. абслугоўвання, аддз.сувязі. Варнянскі архітэктурны ансамбль.