род базідыяльных грыбоў сям. пукцыніевых. Вядома каля 40 відаў. Пашыраны ў Еўразіі, Японіі, Паўн. Амерыцы. На Беларусі часцей трапляецца гімнаспарангій звычайнаядлоўцавы (G. juniperinum), гімнаспарангій рагацікападобны (G. clavariforme), гімнаспарангій дрыжалкападобны (G. tremelloides), гімнаспарангій казацкаядлоўцавы (G. salinae). Двухдомныя паразіты, выклікаюць іржу раслін, пераважна грушы, яблыні, рабіны, глогу.
У цыкле развіцця грыбоў 4 стадыі (базідыі, спермагоніі, эцыдыі, тэлейталожы) з характэрным споранашэннем — базідыяспоры, спермацыі, эцыдыяспоры (звычайна развіваюцца на яблыні і грушы), тэлейтаспоры (на ядлоўцы). Міцэлій зімуе ў галінках ядлоўца. Вясной развіваюцца базідыяспоры, якія заражаюць маладое лісце яблыні. Эцыдыяспоры восенню пераносяцца ветрам на ядловец (на звычайны — іржа яблыні, на казацкі — іржа грушы) і развіваюць міцэлій.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГОМАЗІГО́ТНАСЦЬ (ад гома... + зігота),
спадчынная аднароднасць гібрыднага арганізма, звязаная з наяўнасцю ў яго гамалагічных храмасомах ідэнтычных алеляў дадзенага гена, якія аднабакова ўплываюць на пэўную прыкмету. Арганізм пры гэтым наз. гомазіготным адпаведна разглядаемай пары генаў. Пры размнажэнні гомазіготы звычайна адсутнічае расшчапленне прыкмет. Гомазіготнасць уласціва самаапладняльным арганізмам. Гомазіготы маюць паніжаную жыццяздольнасць і больш вузкую магчымасць прыстасаванасці да умоў асяроддзя, чым гетэразіготныя арганізмы (гл.Гетэразіготнасць). У эксперыментах іх атрымліваюць з дапамогай інбрыдзінгу. Гомазіготнасць неабходна для падтрымання розных формаў арганізмаў у генетычных калекцыях, захоўвання пэўных характарыстык ліній, сартоў і парод. Гомазіготныя формы (лініі) выкарыстоўваюць для вырашэння пытанняў спадчыннасці і зменлівасці, у с.-г. вытв-сці — для атрымання эфекту гетэрозісу.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЖА́ЛЬНІКІ,
магілы 12—16 ст., абазначаныя абкладкай з камянёў, круглаватай, авальнай ці чатырохвугольнай формы, з 1—2 валунамі ў галавах, часам і ў нагах, з каменнымі крыжамі або накрытыя валунамі. На камянях і каменных крыжах часта высечаны знакі (крыжы, крыжыкі, краты, стрэлачкі, свастыкі і інш.). Большасць пахаванняў без інвентару, звычайна з адным пахаваннем у яме, галавой на 3. Пашыраны пераважна на Наўгародчыне і Пскоўшчыне (Расія), дзе звязваюцца з прыбалтыйска-фін. насельніцтвам, таксама ва Усх. Латвіі і некат. мясцінах Пн Беларусі (часцей у складзе курганна-жальнічных могільнікаў).
Л.У.Дучыц.
Да арт.Жальнікі. Курганна-жальнікавае пахаванне 11—14 ст. каля в. Сухая Гара Лагойскага раёна Мінскай вобл.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЖЫВАКО́СТ (Symphytum),
род кветкавых раслін сям. бурачнікавых. Каля 30 відаў. Пашыраны ў Еўропе і Зах. Азіі. На Беларусі па берагах рэк, канаў, у алешніках, на сырых лугах звычайна трапляецца Ж. лекавы (S. officinale) і вельмі рэдка — Ж. данскі (S. tanaicense). З інтрадукаваныя віды: Ж. каўказскі (S. caucasicum), Ж. крымскі (S. tauricum) і Ж. цвёрды (S. asperum), вырошчваюцца як кармавыя расліны.
Шматгадовыя буйныя, апушаныя, травяністыя расліны з тоўстымі галінастымі амаль чорнымі каранямі і суцэльным цвердаватым лісцем. Кветкі двухполыя. правільныя. пурпурова-фіялетавыя, ружова-чырвоныя, з трубчаста-званочкавым вяночкам, у паніклых, густааблісцелых завітках. Плод — чатырохарэшак. Лек. (вяжучая, супрацьзапаленчая. кроваспыняльная) і кармавая расліна.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІЗАТО́ПНЫЯ ІНДЫКА́ТАРЫ, мечаныя атамы,
рэчывы, якія маюць адрозны ад прыроднага ізатопны склад. Выкарыстоўваюцца ў якасці адзнакі («меткі») у фізіцы, хіміі, біялогіі, медыцыне, металургіі і інш. пры вывучэнні розных працэсаў (у т. л. ў жывых арганізмах).
Метад І.і. заснаваны на блізкасці фіз.-хім. уласцівасцей розных ізатопаў аднаго і таго ж хім. элемента. Прапанаваны ў 1913 венг. радыехімікам Дз.Хевешы і ням. хімікам Ф.Панетам. У якасці ізатопнай «меткі» звычайна выкарыстоўваюць радыеактыўныя ізатопы (напр., вуглярод-14, фосфар-32, жалеза-59, кобальт-60, ёд-131), якія можна лёгка выявіць і вымераць колькасна з дапамогай дэтэктараў ядзерных выпрамяненняў. Стабільныя І.і. выяўляюцца метадамі мас-спектраскапіі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІМПЕ́РЫЯ (ад лац. imperium улада, дзяржава),
1) найменне манарх. дзяржаў, на чале якіх стаіць імператар. Звычайна вялізная дзяржава, якая ўключае ў свой склад (у т. л. шляхам заваяванняў) тэр.інш. дзяржаў і народаў. Напр., І. наз. Рымская дзяржава (з канца 1 ст. да н.э.), Франкская дзяржава (з 800), Расія (1721—1917), Аўстра-Венгрыя (1867—1918), Германія (1871—1918) і інш. Асобныя рысы І. мела і Полацкае княства (узначальвалася князем).
2) Буйная дзяржава, якая мае вял.калан. ўладанні (калан. І.). Складаецца з метраполіі і калоній. Прыклад — б.Брытанская імперыя, якая разам з Вялікабрытаніяй уключала ўсе яе калоніі і дамініёны. З 1979 у свеце афіц. не існуе І.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІНСТАЛЯ́ЦЫЯ (ад англ. installation устаноўка, размяшчэнне, збудаванне),
від мастацтва поп-арту, мантаж у прасторы аб’ектаў з рэчавага асяроддзя ці сканструяваных мастаком. Ствараецца на час правядзення буйных выставак у экспазіцыйных памяшканнях або ў экстэр’еры, звычайна размешчаны на вял. плошчы. Дазваляе стварыць незапраграмаванае вобразнае ўражанне, часта праз парадаксальныя спалучэнні рэчавых элементаў нестандартнымі сродкамі выразіць актуальныя праблемы. Узнікла ў 1970-я г., пашырылася ў ЗША (Р.Раўшэнберг), ФРГ (І.Бойс), Польшчы (Я.Бярдышак) і інш. На Беларусі выкарыстоўваецца з канца 1980-х г. у творах І.Кашкурэвіча, А.Клінава, А.Вараб’ёва і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАЛЕ́ДЖ (англ. college),
навучальная ўстанова (вышэйшая, сярэдняя, павышаная сярэдняя) у Вялікабрытаніі, ЗША і некаторых іншых краінах. Самастойныя К. звычайна даюць агульную сярэднюю адукацыю. Могуць уваходзіць у склад ун-та (навучанне ў К. — першая ступень вышэйшай прафес. адукацыі). Узніклі ў пач. 13 ст. ў Англіі.
На Беларусі ствараюцца з 1990. Забяспечваюць паглыбленую сярэднюю спец. адукацыю, інтэграваную з агульнай сярэдняй і вышэйшай пры арыентацыі на канкрэтную галіну прафес. дзейнасці. Падрыхтоўка вядзецца на 2 узроўнях. Першы (узровень тэхнікума) рыхтуе спецыялістаў з сярэдняй спец. адукацыяй, 2-і — з паглыбленай сярэдняй адукацыяй (у праграмы ўключаны дысцыпліны, якія вывучаюцца ў ВНУ, што дазваляе пры паступленні ў ВНУ па профілі займацца па скарочанай праграме).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАНА́ПА (франц. canapé),
шырокае драўлянае сядзенне на ножках, з падлакотнікамі і спінкай; від мэблі. Вядома з часоў сярэдневякоўя ў інтэр’ерах палацаў і сядзіб. У формах і аздабленні (разьба, інкрустацыя, абіўка са скуры ці тканін) праявіўся ўплыў маст. стыляў рэнесансу, барока, класіцызму, ампіру і інш. З 19 ст. пашырана ў інтэр’еры бел.нар. хаты, замяніла лаву. К. выраблялі мясц. майстры-саматужнікі, аздаблялі прапілоўкай па краях спінкі, такарнымі элементамі, фігурнымі накладкамі. На З Беларусі бытаваў таксама шлябан — К. з сядзеннем у выглядзе скрыні, куды складвалі розныя рэчы. У наш час самаробныя К. саступілі месца прамысл. вырабам, якія звычайна ўваходзяць у гарнітур мэблі для гасціных пакояў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАРАГО́Д, танок,
масавая нар. гульня, найб. пашыраная са стараж. часоў да пач. 20 ст. ў слав. народаў, у т. л. на Беларусі. Уключае танец, хар. спевы і элементы драм. дзеяння; драм. і танц. сцэны часцей за ўсё ілюструюць змест песні. К. бываюць адкрытыя і закрытыя, падвойныя і адзінарныя, павольныя і хуткія з прытанцоўваннем; іх удзельнікі трымаюцца за рукі, часам за рагі хустак. У бел. летапісах згадваюцца з 11 ст.Асн. сюжэты К. — выбар маладога і маладой, праводзіны ў войска, падзеі сямейнага жыцця і інш. У наш час на Беларусі карагодныя песні і танец звычайна выконваюцца прафес. і самадз.маст. калектывамі.