назва сям’і універсальных трактароў. Распрацоўваюцца і выпускаюцца вытв. аб’яднаннем «Мінскі трактарны завод». Бываюць: універсальна-прапашныя, агульнага і спец. прызначэння; колавыя, паўгусенічныя і гусенічныя (колавыя — з 3 для работы на бавоўнавых палях або з 4 коламі). Маюць цэльнаметалічную кабіну, гідраўзмацняльнік рулявога кіравання, незалежны і сінхронны валы адбору магутнасці, прыстасаванні для агрэгатавання з інш. машынамі (да 540 машын з трактарам МТЗ-1025) і інш. Выпускаецца больш за 50 мадэляў магутнасцю ад 5 да 150 к.с.
Першая мадэль трактара «Беларусь» МТЗ-2 на пнеўматычных колах выпушчана ў 1953, удасканаленыя канструкцыі (МТЗ-5, МТЗ-7 і іх мадыфікацыі) — у 1959—60. У 1963 укаранёна ў вытв-сць базавая мадэль «Беларусь» МТЗ-50 і на яе аснове сям’я МТЗ-52 (1965) павышанай праходнасці з 4 вядучымі коламі (агрэгатуецца са 162 машынамі; экспартуецца з 1966). З 1974 выпускаецца сям’я мадыфікаваных трактароў МТЗ-80/82 (удасканалены пнеўматычная сістэма тармазоў прычэпаў, двухскорасны вал адбору магутнасці, гідракрук, аўтаблакіроўка дыферэнцыяла задняга моста, сістэма кандыцыяніравання паветра, кабіна павышанай герметычнасці і шумаізаляцыі і інш.; агрэгатуецца з 300 машынамі; экспартуецца з 1976). У 1984 укаранёны ў вытв-сць высокаэнерганасычаны МТЗ-12 магутнасцю 100 к.с. (74 кВт). Гл. таксама табл.
М.Р.Мялешка.
Асноўныя тэхнічныя характарыстыкі базавых мадэляў трактароў «Беларусь»
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЛІЗНЯ́ТЫ,
нараджэнне (амаль адначасовае) двух і болей дзяцей у чалавека і млекакормячых жывёл, для якіх характэрна аднаплоднасць. Блізняты могуць быць аднаяйцавыя (моназіготныя), развіваюцца з адной аплодненай яйцаклеткі — зіготы, і двух’яйцавыя (дызіготныя), развіваюцца з двух ці болей адначасова аплодненых яйцаклетак. Аднаяйцавыя блізняты заўсёды аднаполыя, маюць аднолькавы генатып, групу крыві і надзвычай высокую ступень падабенства. Двух’яйцавыя блізняты могуць быць адна- і разнаполыя, іх генатыпічнае і вонкавае падабенства не большае, чым паміж іншымі братамі і сёстрамі (сібсамі). Суадносіны паміж мона- і дызіготнымі блізнятамі ў чалавека вызначаюцца прыкладна як 1 і 2, нараджэнне двайнят у сярэднім складае 1 на 100 родаў (ад 0,6 у Японіі да 4,5 у Афрыцы), трайнят — прыкладна на 10 тыс., чацвярнят — на 1 млн.; вядомы выпадкі нараджэння 5 і 6 блізнят; шматплоднасць больш уласціва прадстаўнікам негроіднай расы, менш мангалоідам. Зніжэнне нараджэння блізнят у апошнія дзесяцігоддзі звязваюць з уплывамі сац.-быт. фактараў.
Сучасныя метады дыягностыкі дазваляюць устанавіць шматплоднасць у самыя раннія тэрміны цяжарнасці. Па даных гемелалогіі (навукі пра блізнят) асн. ролю ў вызначэнні шматплоднасці мае спадчыннасць. Па мацярынскай лініі перадаюцца ў спадчыну дызіготныя блізняты, па бацькоўскай — моназіготныя. Унутрывантробнае і пасляродавае развіццё блізнят вызначаецца шэрагам асаблівасцяў. У 70—75% выпадках аднаяйцавым блізнятам уласціва наяўнасць адной плацэнты і аднаго харыёна, у дызіготных блізнят яны асобныя для кожнага плода. Больш частыя (у 2 разы) у блізнят прыроджаныя заганы развіцця, магчымы выпадкі хімерызму, у аднаяйцавых — недаразвіццё або адсутнасць сэрца, спалучэнне крывяносных сістэм, няпоўнае раздзяленне тулаваў (гл.Сіямскія блізняты) і інш. У генетыцы вывучэнне ролі і ўзаемаадносін спадчыннасці і асяроддзя ў зменлівасці прыкмет і фарміраванні асобы (чалавека) складае сутнасць «блізнятнага метаду». У жывёлагадоўлі штучнаму рэгуляванню плоднасці свойскіх і інш. карысных жывёл надаецца гасп. значэнне.
Р.У.Дэрфліо.
Блізняты аднаяйцавыя (злева) і двух’яйцавыя.Да арт.Блізняты. Схематычнае адлюстраванне размяшчэння аднаяйцавых (1) і двух’яйцавых (2) блізнят у матцы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АНТЫФАШЫ́СЦКІ РУХ,
зарадзіўся на пач. 1920-х г. са з’яўленнем на паліт. арэне фашызму, актывізаваўся з усталяваннем фаш. рэжымаў у Германіі, Іспаніі і інш. краінах. Да пач. 2-й сусв. вайны прайшоў у сваім развіцці некалькі этапаў, узбагаціўся практыкай барацьбы супраць спроб фаш. пераваротаў у Аўстрыі і Францыі (1934), Іспаніі (1936—39). Тэарэт. асновы антыфашысцкага руху распрацаваны прадстаўнікамі камуністычных, сацыял-дэмакр., хрысц.-дэмакр. партый. Гэта дало магчымасць ужо ў канцы 1920-х г. прыпыніць пагрозу фашызму, арганізаваўшы адзіны пралет. фронт, які ў далейшым стаў апорай шырокага дэмакр. фронту з удзелам пэўных слаёў буржуазіі. VII Кангрэс Камінтэрна (1935) выпрацаваў тактыку адзінага Народнага фронту. Аднак сектанцтва, дагматычны падыход да развіцця антыфашысцкага руху кіраўніцтва СССР і КПСС, якое абвінаваціла с.-д. партыі ў т.зв. сацыял-фашызме, і іх рэакцыя ў адказ, курс СССР на супрацоўніцтва з фаш. Германіяй у 1939—41, рэпрэсіі ў адносінах да шэрагу кампартый (асабліва Польшчы і Германіі) перашкодзілі рэалізацыі ідэй Нар. фронту. Найб. развіцця антыфашысцкі рух дасягнуў у час 2-й сусв. вайны, калі асновай барацьбы супраць фашызму стала антыгітлераўская кааліцыя. Усюды разгарнуўся Рух Супраціўлення, які стаў працягам антыфашысцкага руху даваен. перыяду. Значны ўклад у антыфашысцкі рух зрабілі і патрыёты Беларусі, якія ва ўмовах жорсткага акупац. рэжыму стварылі разгалінаваную сетку патрыят. і антыфаш. падполля, прынялі актыўны ўдзел у арганізацыі і развіцці партызанскага руху на Беларусі ў Вялікую Айчынную вайну (гл. таксама Антыфашысцкія арганізацыі на Беларусі, Патрыятычнае падполле на Беларусі ў Вялікую Айчынную вайну). Гэта дало магчымасць Беларусі стаць адной з членаў-заснавальніц Арганізацыі Аб’яднаных Нацый. Пасля ваен.-паліт. разгрому асн. ачагоў фашызму (Германія, Італія, Японія) праблемы антыфашысцкага руху не былі зняты з парадку дня. У заканадаўстве шэрагу краін свету распрацаваны спец. законы, накіраваныя на забарону фашызму і ўмоў для яго дзейнасці, паколькі эканам., паліт., этн. і сац. ўмовы для адраджэння фаш. пагрозы захаваліся.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАЙНА́ РЭ́ЧЫ ПАСПАЛІ́ТАЙ З РАСІ́ЯЙ 1609—18,
вайна за вяртанне Смаленскай зямлі і за ўтварэнне федэрацыі Рэчы Паспалітай з Маскоўскай дзяржавай. У сувязі з няўстойлівым становішчам у Маскоўскай дзяржаве баярская апазіцыя, жадаючы пазбавіцца ад цара Васіля Шуйскага, патаемна прапанавала царскую карону каралевічу Уладзіславу, сыну караля польскага і вял.кн.ВКЛ Жыгімонта III Вазы. Узнік план далучыць Маскоўскую дзяржаву да Рэчы Паспалітай у якасці члена федэрацыі. Зачэпкай для пачатку вайны было ўвядзенне швед. корпуса на чале з Я.Дэлагардзі на тэр. Расіі для барацьбы з атрадамі Лжэдзмітрыя II. Паколькі Жыгімонт III быў у стане вайны са Швецыяй, то ўвядзенне швед. войск у Расію і яе саюз са Швецыяй разглядаўся як варожы акт. У вер. 1609 пачалася аблога Смаленска, але толькі 13.6.1611 горад быў узяты. 4.7.1610 войска С.Жулкеўскага (6,5 тыс.чал.) разбіла рус. войска каля Клушына і падышло да Масквы, дзе ў выніку перавароту цар Шуйскі быў скінуты, а царом абвешчаны Уладзіслаў. Баяры, жыхары Масквы і інш. гарадоў прынеслі яму прысягу. У вер. 1610 войска Рэчы Паспалітай заняло Маскву. 1-е рус. апалчэнне ўзяць Маскву не змагло. У 1612 2-е апалчэнне на чале з К.Мініным і Дз.Пажарскім вызваліла Маскву, у лют. 1613 Земскі сабор абраў царом 16-гадовага М.Ф.Раманава. У наступныя гады Жыгімонт III спрабаваў заваёўваць землі на У, але фінансавыя цяжкасці не дазволілі сабраць вял. войска. У 1617—18 Уладзіслаў сам узначаліў паход на Маскву, але штурм горада вынікаў не даў. Паводле заключанага Дэулінскага перамір’я 1618 да ВКЛ адыходзілі смаленскія (за выключэннем Вязьмы), да Польск. каралеўства — ноўгарад-северскія і чарнігаўскія землі. Каралевіч Уладзіслаў захаваў тытул «цара маскоўскага і ўсяе Расіі».
А.П.Грыцкевіч.
Да арт. Вайна Рэчы Паспалітай з Расіяй 1609—18. Аблога Смаленска беларуска-польскім войскам у 1610. Гравюра Г.Келера.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЕ́ТКАЎСКІ РАЁН,
на У Гомельскай вобл. Утвораны 8.12.1926. Пл. 1,6 тыс.км². Нас. 20,7 тыс.чал. (1995), гарадскога 30%. Сярэдняя шчыльн. 12,9 чал. на 1 км². Цэнтр раёна — г.Ветка, 88 сельскіх нас. пунктаў. Падзяляецца на 11 сельсаветаў: Вяліканямкоўскі, Данілавіцкі, Маланямкоўскі, Неглюбскі, Прыснянскі, Радужскі, Свяцілавіцкі, Стаўбунскі, Хальчанскі, Шарсцінскі, Яноўскі. Раён моцна пацярпеў ад аварыі на Чарнобыльскай АЭС (1986), адселена 16 700 жыхароў з 53 населеных пунктаў.
Большая ч. раёна размешчана ў межах Гомельскага Палесся, паўн., паўд.-зах. і ўсх. часткі — на Чачорскай раўніне. Паверхня раўнінная, пераважаюць выш. 120—150 м, найвыш. пункт 188,9 м (на ПдУ раёна, каля в. Старое Закружжа). Карысныя выкапні: торф, вапна, мел, гліны для грубай керамікі, пясчана-жвіровы матэрыял. Сярэдняя т-растудз. -7 °C, ліп. 18,6 °C. Ападкаў 580 мм за год. Вегетац. перыяд 193 сут. Рака Сож з прытокамі Беседзь, Нёманка, Спонка, Ліпа. У поймах рэк шмат старыц. Пашыраны дзярнова-падзолістыя і дзярнова-падзолістыя забалочаныя глебы. Пад лясамі 30,3% тэр. раёна. Найб. лясістасць на ПнЗ па левабярэжжы Сажа. Лясы пераважна хваёвыя, бярозавыя і чорнаальховыя. Балоты займаюць 10,3 тыс.га. Біял. заказнік Веткаўскі.
Агульная плошча с.-г. угоддзяў 51 тыс.га, з іх асушана 16,6 тыс.га. На 1.1.1996 у раёне 5 калгасаў і 10 саўгасаў. Конезавод «Гомельскі». Асн. галіна сельскай гаспадаркі — малочна-мясная жывёлагадоўля. Вырошчваюць збожжавыя, кармавыя культуры, бульбу, агародніну. Прадпрыемствы буд. матэрыялаў (цэгла, сталярныя вырабы), тэкст. (пража, пакрывалы, ручнікі), харч. (масла, крухмал) прам-сці. Па тэр. раёна праходзяць аўтадарогі Гомель—Ветка—Свяцілавічы—Чачэрск, Буда-Кашалёва—Ветка—Добруш. Суднаходства па Сажы і Беседзі. У раёне 11 сярэдніх, 3 базавыя, 5 пач. школ, дзіцяча-юнацкая спарт. школа, 15 дашкольных устаноў, 26 клубаў, 21 б-ка, 4 бальніцы, 16 фельч.-ак. пунктаў, пансіянат для ветэранаў Вял.Айч. вайны і працы. Помнік архітэктуры — сядзіба пач. 19 ст. ў в. Хальч. Вёска Неглюбка — цэнтр ткацкага рамяства. Выдаецца газ. «Голас Веткаўшчыны».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВО́ДНЫ БАЛА́НС ЗЯМЛІ́,
суадносіны паміж прыходам вады, якая паступае на паверхню зямнога шара ў выглядзе ападкаў атмасферных, і расходам вады праз выпарэнне з паверхні сушы і Сусветнага ак. за пэўны прамежак часу. Разлічваецца паводле ўраўнення воднага балансу, у якім звязаны ўсе расходныя і прыходныя элементы ўсяго зямнога шара або асобных тэрыторый. Паводле сярэдніх шматгадовых характарыстык, водны баланс Зямлі за год складаецца з 577 тыс.км³атм. ападкаў у прыходнай частцы і такой жа велічыні выпарэння ў расходнай. Водны баланс сушы фарміруецца ў вобласці вонкавага сцёку, дзе прыход вады складаюць атм. ападкі (110 тыс.км³), мінус сцёк (47 тыс.км³), расход — выпарэнне (63 тыс.км³), і ў вобласці ўнутранага сцёку, дзе ападкі і выпарэнне складаюць па 9 тыс.км³. Водны баланс Сусветнага ак. мае ў прыходнай частцы 458 тыс.км³атм. ападкаў і 47 тыс.км³ рачнога сцёку, у расходнай — 505 тыс.км³ на выпарэнне. Водны баланс Зямлі — колькаснае выражэнне кругавароту вады на Зямлі — цесна звязаны з цеплавым балансам Зямлі і зонамі геаграфічнымі. Разлікамі элементаў воднага балансу рачных басейнаў, тэр. асобных краін, прыродных зон і інш. шырока карыстаюцца ў гідралогіі для вывучэння воднага рэжыму. Водны баланс тэр. Беларусі для прыродных умоў у сярэднім за год складаецца з прыходу вады — 146 км³атм. ападкаў, расходу — 110 км³ на выпарэнне і 36,4 км³ на сцёк. Пад уплывам меліярацыі выпарэнне за год знізілася на 2,4 км³, што прывяло да адпаведнага павелічэння сцёку рэк.
Літ.:
Мировой водный баланс и водные ресурсы земли. Л., 1974.
В.В.Дрозд.
Схема воднага балансу рачнога басейна: 1 — снегавое покрыва; 2 — глеба; 3 — горныя пароды; P — ападкі; S — паверхневы сцёк; U — падземны сцёк; R — рачны сцёк; W — валавое ўвільгатненне глебы; N — выпарэнне з глебы; T — транспірацыя; E — сумарнае выпарэнне; V — водаабмен з падземнымі водамі, якія ляжаць ніжэй за ўзровень дрэнажу ракі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВО́ТЧЫНА,
галоўная форма зямельнай уласнасці ў сярэднявеччы. У гіст. л-ры тэрмінам «вотчына» абазначаюць комплекс зямельнай уласнасці феадалаў і звязаных з ёю правоў на залежных сялян. У сац.-эканам. значэнні вотчына — форма прысваення прыбавачнай працы сялян, аснова панавання феадалаў у сярэдневяковым грамадстве.
У краінах Еўропы склалася ў 8—9 ст. З фарміраваннем вотчыны ствараўся апарат прымусу (адміністрацыя, вотчынны суд). Сяляне, падначаленыя вотчыннай уладзе феадала, захоўвалі і абшчынную арганізацыю. Вотчына адрозніваліся эканам. структурай, памерамі, сац.-саслоўнай прыналежнасцю вотчыннікаў, юрыд. паходжаннем правоў. Аснова вытв. дзейнасці вотчыны — сял. гаспадарка. ДляЗах. Еўропы тыповая вотчына напачатку з панскай гаспадаркай, у 16—17 ст. — без панскай гаспадаркі (чыстая вотчына). У краінах Цэнтр. і Усх. Еўропы з 14—15 ст. пашыралася паншчынная гаспадарка, разлічаная на збыт с.-г. прадукцыі на ўнутр. і знешнім рынках. На Русі вотчына пашырылася ў 11—15 ст.Для яе характэрна спадчыннасць правоў на зямлю. У адрозненне ад памесцяў, падараваных у часовае ўладанне, вотчыну можна было прадаць, падарыць, закласці, перадаць у спадчыну. Адрознівалі вотчыны радавыя, купленыя, падараваныя, княжацкія і інш. У 13—15 ст. вотчына — пераважная форма феад. зямельнай уласнасці. З сярэдзіны 14 ст. з умацаваннем велікакняжацкай улады і ўтварэннем Рус. цэнтраліз. дзяржавы правы вотчыннікаў абмяжоўваюцца. Указам 1714 юрыдычна аформлена зліццё вотчыны і памесця.
На Беларусі ў 14—16 ст. тэрмінам «вотчына» абазначалася зямельная ўласнасць, якая перайшла ў спадчыну ад бацькі дзецям. Таму вотчынай называлі ўладанні і феадалаў, і сялян. Прававы статус вотчыны феадалаў развіваўся ў 14—16 ст. і заканадаўча аформлены шэрагам велікакняжацкіх прывілеяў і статутамі ВКЛ 1529, 1566, 1588. З канца 16 ст. тэрмін «вотчына» выцясняецца раўназначнымі польск. тэрмінамі «dziedzictwo» (спадчына), «mienie ojczyste» (бацькоўская маёмасць) і інш., з канца 18 ст. — рус. тэрмінам «памесце», які абазначаў зямельную ўласнасць дваран незалежна ад спосабу яе набыцця.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЫШЭ́ЙШЫЯ НАВУЧА́ЛЬНЫЯ ЎСТАНО́ВЫ (ВНУ). Рыхтуюць спецыялістаў вышэйшай кваліфікацыі для розных галін гаспадаркі, аховы здароўя, навукі, культуры, а таксама органаў дзярж. кіравання. Да ВНУ належаць ун-ты (у т. л.тэхн., мед., с.-г., пед.), ін-ты рознага профілю (інж., с.-г., маст. і інш.), акадэміі, кансерваторыі; у некат. краінах — каледжы, а таксама духоўныя ВНУ. Правобраз ВНУ — вышэйшыя для свайго часу філас. школы ант. перыяду, у якіх выкладанне вялося ў форме лекцый, гутарак і дыспутаў. Такую арг-цыю навучання перанялі сярэдневяковыя ун-ты, якія ўзніклі ў Зах. Еўропе ў 13 ст. У 16—17 ст. адбывалася пашырэнне спецыялізацыі ў вышэйшай школе. Пры ун-тах сталі ўзнікаць адносна самаст.навук. і практычныя школы. У 18 ст. значны ўплыў на змест і метады выкладання ў ВНУ аказалі ідэі В.Гумбальта, рэалізаваныя ў практыцы Берлінскага універсітэта; склалася факультэцкая сістэма. У канцы 19 ст. пры ВНУ пачалі ўзнікаць н.-д. падраздзяленні. У 20 ст. факультэцкая сістэма будовы ВНУ набыла больш свабодны характар, многія ВНУ перайшлі на шматпрофільную форму арг-цыі работы аддзяленняў і кафедраў. Большасць вядучых сучасных ВНУ — гэта вучэбна-навукова-вытворчыя комплексы, якія даюць студэнтам адукацыю і магчымасць займацца навук. даследаваннямі. У большасці краін свету асноўны ўплыў на сістэму вышэйшай школы аказваюць ун-ты і ВНУ універсітэцкага статуса.
У Беларусі першай ВНУ была Віленская акадэмія (з 1579; гл.Віленскі універсітэт). З 1775 дзейнічала Гродзенская медыцынская акадэмія — першая на Беларусі ВНУ па падрыхтоўцы мед. персаналу. У 1812—20 на правах ВНУ дзейнічала Полацкая езуіцкая акадэмія. У 1848—64, 1919—25 працаваў Горы-Горацкі земляробчы ін-т (гл.Горы-Горацкая земляробчая школа, Беларуская сельскагаспадарчая акадэмія). Сталая сетка ВНУ на Беларусі сфарміравалася ў 1920—30-я г. (гл. раздзел Асвета ў арт.Беларусь). У 1996/97 навуч.г. на Беларусі 39 дзярж., 18 недзярж. ВНУ.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЯРБЛЮДАГАДО́ЎЛЯ,
галіна жывёлагадоўлі, якая займаецца развядзеннем і выкарыстаннем вярблюдаў. Развіта ў зоне пустынь, паўпустынь і сухіх стэпаў Азіі, Афрыкі і Паўн.-Усх. Еўропы. Гадуюць 2 віды вярблюдаў: аднагорбых (драмедараў) — жывёл гарачага клімату і двухгорбых (бактрыянаў), прыстасаваных да суровых, марозных зім. Ва ўсім свеце каля 11 млн. вярблюдаў (1995), найб. іх у краінах Паўн. Афрыкі (каля 7 млн. галоў, толькі аднагорбыя), Зах., Сярэдняй і Паўд. Азіі (ад Турцыі да Індыі, ад Аравіі да Казахстана і прыкаспійскіх тэр. Расіі; каля 2 млн. галоў, пераважна аднагорбыя, на Пн двухгорбыя), у Манголіі і на суседніх тэр. Расіі і Кітая (больш за 1 млн. галоў, толькі двухгорбыя). У некат. краінах Азіі распаўсюджаны гібрыды аднагорбых і двухгорбых вярблюдаў, якія вызначаюцца большымі памерамі, магутнасцю і вынослівасцю.
Вярблюдагадоўля — вельмі эканамічная галіна жывёлагадоўлі. Вярблюды круглы год пасуцца на пашы, кормяцца раслінамі, якія не паядаюць або мала паядаюць інш. свойскія жывёлы. Могуць піць саленаватую ваду. У неспрыяльныя для пашы перыяды іх падкормліваюць сенам, а ў час напружанай работы і ў злучны сезон — канцэнтраванымі кармамі. Уючны вярблюджы транспарт зараз страціў сваё значэнне, хоць характарызуецца высокай праходнасцю і таннасцю перавозак. Малако вярблюдзіц мае вял. колькасць тлушчаў, бялкоў і малочнага цукру, ідзе ў асн. на кумыс, з яго вырабляюць таксама масла і сыры. Мяса маладых (узрост 18—19 месяцаў), добра ўкормленых вярблюдаў, не саступае па пажыўных якасцях мясу буйн. раг. жывёлы; мяса жывёл, забітых ва ўзросце 19—20 гадоў, выкарыстоўваюць на прыгатаванне каўбасных вырабаў і кансерваў. Тлушч з гарбоў — каштоўны харч. прадукт. З шэрсці вырабляюць бобрык, трыкат. вырабы, фастрыгаваныя коўдры. Выкарыстоўваюцца таксама скуры. Ва ўсіх краінах, дзе развіта вярблюдагадоўля, вярблюды выкарыстоўваюцца як цяглавая жывёла. Развіта гадоўля вярблюдаў для спартыўных мэт. У многіх краінах вядзецца селекцыйная работа і стварэнне новых парод вярблюдаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГА́НАК,
лёгкая прыбудова перад уваходам у будынак, звычайна слупавой канструкцыі. Здаўна пашыраны ў многіх народаў Еўропы ў жыллёвых, культавых (ганак базілікі Санта-Марыя Маджорэ ў Бергама, Італія; царквы ў в. Хабовічы Кобрынскага р-на Брэсцкай вобл.), сядзібна-палацавых (ганак гал. фасада сядзібнага дома ў г.п. Поразава Свіслацкага р-на Гродзенскай вобл.) пабудовах. На Беларусі найб. характэрны для сядзібна-палацавых пабудоў, а таксама длякорчмаў, аўстэрый, ратушаў і інш. Пад уплывам стылю класіцызму ў 2-й пал. 18—19 ст. ганак афармлялі порцікамі, трохвугольнымі або ступеньчатымі франтонамі. У гандлёвых радах, гасціных дварах, лямусах, некаторых храмах (Віцебшчына) яны ператвараліся ў працяглыя па ўсім фасадзе ці навокал храма аркадныя галерэі. У вясковым буд-ве набылі пашырэнне ў 2-й пал. 19 ст.Традыц. ганак — адкрыты: памост з 1- ці 2-схільнай стрэшкай на 2—4 слупах. Як дамінанту, што акцэнтуе ўваход у жыллё, ганак аздабляюць разьбянымі закрылінамі па краях стрэшкі, ажурным карнізам, вільчыкам. У 20 ст. адкрытыя ганкі саступілі месца паўзакрытым, ва ўнутр. прасторы да сценак ставяць 2 лаўкі. Традыц. разьбяны дэкор часам дапаўняецца паліхромнай расфарбоўкай. Такія ганкі больш пашыраны ва ўсх. раёнах, на Гомельшчыне іх заглыбляюць у вуглы хаты (упоравень са сценамі). На астатняй тэр. Беларусі пераважаюць закрытыя ганкі — веранды або веранды ў спалучэнні з адкрытым ці паўзакрытым ганкам. Цяпер у мураваным індывід. і тыпавым буд-ве сценкі ганка ўтвораны нярэдка з фігурна выгнутых метал. элементаў. У шматпавярховых, секцыйных, блакіраваных дамах, дамах вежавага тыпу і інш. ганкі — уваходы ў пад’езды — афармляюць казыркамі, дэкар. кратамі, мазаічнымі пано і інш.
Літ.:
Беларускае народнае жыллё. Мн., 1973;
Сахута Я. Народная разьба па дрэву. Мн., 1978.
Я.М.Сахута.
Ганак сядзібнага дома ў г.п. Поразава Гродзенскай вобл.Ганак базілікі Санта-Марыя Маджорэ ў г. Бергама (Італія).Ганкі царквы ў в. Хабовічы Кобрынскага раёна Брэсцкай вобл.