атрад крывасосных насякомых. Каля 1 тыс. відаў, пашыраны ўсюды. На Беларусі каля 50 відаў. Дарослыя насякомыя — вонкавыя паразіты цеплакроўных жывёл (млекакормячых, птушак) і чалавека. Найб. вядомыя блыха чалавечая (Pulex irritans), блыха кашэчая (Ctenocephalus felis), блыха сабачая (C. canis).
Даўж. цела 0,5—6 мм. Самцы драбнейшыя за самак. Цела пляскатае з бакоў, укрыта хіцінавым покрывам з валаскамі або шчацінкамі. Бяскрылыя. На галаве пара простых вачэй (некаторыя сляпыя). Ротавы апарат колюча-сысучы. Развіццё з поўным ператварэннем. Лічынкі кормяцца арган. рэшткамі і экскрэментамі блох, дарослыя — крывёй. Многія — пераносчыкі ўзбуджальнікаў чумы, тулярэміі і інш. хвароб, прамежкавыя гаспадары некаторых відаў гельмінтаў. Меры барацьбы: сан.-гігіенічныя, хімічныя.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БО́БРЫЦА,
возера ў Беларусі, у Лепельскім р-не Віцебскай вобл., у бас.р. Ула, за 10 км на ПнУ ад г. Лепель. Пл. 2,25 км², даўж. 4,49 км, найб.шыр. 1,02 км, найб.глыб. 23 м, даўж. берагавой лініі 10,3 км. Пл. вадазбору 16,3 км².
Схілы катлавіны выш. 14—20 м, стромкія, на Пд да 8 м, спадзістыя, параслі лесам. Берагі высокія, на Пн зліваюцца са схіламі. Дно карытападобнае, утварае 2 плёсы: усх.глыб. да 20 м і зах., больш шырокі, глыб. да 14 м. Плёсы злучаны нешырокім пралівам. На мелкаводдзі дно пясчанае, глыбей сапралелістае. Ёсць 2 астравы агульнай пл. 0,2 га. Расліннасць да глыб. 5,5 м. Злучана пратокай з воз. Уклейка.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БО́РАЎНА,
вёска ў Беларусі, у Горацкім с/с Лепельскага р-на Віцебскай вобл.За 7 км на У ад Лепеля, 122 км ад Віцебска, на аўтадарозе Лепель—Чашнікі. 164 ж., 72 двары (1995). Пач. школа, клуб, б-ка. Каля вёскі гарадзішча днепра-дзвінскай (3—5 ст.н.э.) і банцараўскай (6—8 ст.н.э.) культур.
У гіст. крыніцах упершыню ўпамінаецца ў 1503, калі на гэта сяло разам з Лепелем (сучасная назва в. Стары Лепель) атрымаў пацвярджэнне віцебскі касцёл. З 1541 уласнасць віленскага капітула, з 1586 — Льва Сапегі. У 1897 было 549 ж., 80 двароў. З 1923 Б. ў Бачэйкаўскім пав. Віцебскай губ., з 1924 у Лепельскім р-не. У 1970 у Бораўне 259 ж., 81 двор.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БО́РМАН (Bormann) Марцін (17.6.1900, г. Гальберштат, Германія — 2.5.1945, паводле афіц. версіі),
палітычны дзеяч фаш. Германіі. У 1922—23 у добраахвотніцкім корпусе «Росбах». У сак. 1924 за ўдзел у забойстве ўдзельніка аднаго з мілітарысцкіх «саюзаў» асуджаны на 1 год зняволення. Чл. нацысцкай партыі (НСДАП) з 1927. Нач. штаба Р.Геса, рэйхсляйтэр НСДАП і дэпутат рэйхстага (з 1933). Найбліжэйшы саветнік рэйхсканцлера Германіі А.Гітлера і кіраўнік яго парт. канцылярыі з 1941. У маі 1945 знік. На Нюрнбергскім працэсе завочна прыгавораны да пакарання смерцю як адзін з гал.ваен. злачынцаў. У 1973 прызнаны судом ФРГ памерлым. Дакладных звестак пра лёс Бормана няма.
Літ.:
Черная Л.Б. Коричневые диктаторы: Гитлер, Геринг, Гиммлер, Геббельс, Борман, Риббентроп. М., 1992. С. 279—331.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БО́РХЕРТ (Borchert) Вольфганг (20.5.1921, г. Гамбург, Германія — 20.11.1947),
нямецкі пісьменнік. У 1941—45 на фронце (за антыфаш. погляды арыштаваны, прыгавораны да пакарання смерцю, замененага штрафным батальёнам). Друкаваўся з 1938. Аўтар зб. вершаў «Ліхтары, ноч і зоркі» (1946), драмы «На вуліцы перад дзвярыма» (1947). Кнігі «Дзьмухавец», «У гэты аўторак» (абедзве 1947) склалі апавяданні з выразна акрэсленым сюжэтам, мастацка-публіцыст. дэкларацыі ад імя «пакалення тых, хто вярнуўся», вершы ў прозе і эсэ. У літ. творах — уплыў І.Гёльдэрліна і Р.М.Рыльке, элементы экспрэсіянізму і «плыні свядомасці»: двухпланавасць фабулы і вобраза, спалучэнне рэальнага з умоўным. Паклаў пачатак т.зв. «л-ры руінаў».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БРА́ГІНСКІ ЗА́МАК.
Існаваў у 15—17 ст., размяшчаўся на месцы дзядзінца стараж.Брагіна. Замкавая пляцоўка памерам 90×70 м, была ўмацавана валам выш. 5—6 м, шыр. ў аснове больш за 10 м. Паводле інвентара 1574, на вале былі сцены-гародні з усходамі на бланкаванне, абарончая вежа з боку р. Брагінка, 2-ярусная драўляная вежа-брама з вял. святліцай наверсе. Злева ад увахода ў лініі гародняў стаяла драўляная царква св. Тройцы. На падворку былі падклецці, спіжарні, склеп і «светлицы в стене». Да замкавай брамы вёў мост на палях, апошняе звяно якога падымалася з брамы на ланцугах. Замак разбураны ў час антыфеадальнай вайны 1648—51 і ператвораны ў гасп. «двор» князёў Вішнявецкіх.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БРА́ЎХІЧ (Brauchitsch) Вальтэр фон (4.10.1881, Берлін — 18.10.1948),
ваенны дзеяч Германіі. Ген.-фельдмаршал (1940). У арміі з 1900. Быў афіцэрам Ген. штаба ў 1-ю сусв. вайну. З 1932 ген.-інспектар артылерыі. Камандаваў 1-й ваен. акругай (з 1933) і 1-м армейскім корпусам (з 1935) ва Усх. Прусіі, 4-й армейскай групай (з 1937). У 1938—41 галоўнакаманд. сухап. войскамі вермахта. Кіраваў акупацыяй Аўстрыі (сак. 1938) і Чэхаславакіі (сак. 1939), кампаніямі супраць Польшчы, Нарвегіі, Даніі, Францыі, Югаславіі і Грэцыі, СССР у пач. 2-й сусв. вайны. 19.12.1941 пасля правалу ням.-фаш. наступлення на Маскву і з-за рознагалоссяў з Гітлерам звольнены ў адстаўку. У 1945 арыштаваны англічанамі. Памёр у лагеры для ваеннапалонных у Гамбургу.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАЛІ́ЦКІ Аляксандр (8.2.1826, Вільня — 1.6.1893),
літаратар, музычны крытык. Скончыў Харкаўскі ун-т. Меў у Мінску кнігарню (канец 1850 — пач. 1860-х г.), вакол якой групавалася прагрэсіўная інтэлігенцыя. За ўдзел у антыўрадавых дэманстрацыях 1863 сасланы ў Тамбоў. З 1868 жыў у Польшчы. У 1890—93 працаваў у бібліятэцы Радзівілаў у Нясвіжы. Аўтар манаграфіі «Станіслаў Манюшка» (1873), дзе падрабязна паказаў сувязь кампазітара з грамадскасцю Мінска. Паводле ўспамінаў Р.Зямкевіча, пісаў на бел. мове (творы не захаваліся) пад псеўданімам Місцюк (у Я.Карскага — Міншчук). У працы «Нашы памылкі ў размове і пісьме...» (1886) апісаў беларусізмы ў польск. мове. Сябар В.Дуніна-Марцінкевіча, Я.Лучыны (у 1889 аказаў дапамогу ў выданні нарыса паэта «З крывавых дзён»).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАЛЮ́ТНЫЯ АБМЕЖАВА́ННІ,
сістэма мерапрыемстваў і нарматыўных правіл, устаноўленых у заканадаўчым ці адміністрацыйным парадку з мэтай абмежавання аперацый з замежнай валютай і інш. валютнымі каштоўнасцямі; элемент валютнай палітыкі. Ажыццяўляюцца для рэгулявання плацежнага балансу краіны, падтрымання валютнага курсу, канцэнтрацыі валюты ў дзярж. структурах і фарміравання ўстойлівай валютнай сістэмы. Да валютных абмежаванняў адносяцца: ліцэнзаванне валютных аперацый, поўнае ці частковае блакіраванне валютных рахункаў, абмежаванне канверсаванасці валют, абавязковы (поўны ці частковы) продаж экспарцёрамі валютнай выручкі цэнтр. банку ці інш. упаўнаважаным на гэта органам, асобы рэжым увозу-вывазу валюты (у т. л. і нац.), жорсткі кантроль за дзейнасцю валютнага рынку і інш. Могуць пашырацца на бягучыя валютныя аперацыі і аперацыі, звязаныя з рухам капіталу.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАУ́ЛІ ПІЕТО́МІН, Ваўлё Ненянге,
кіраўнік паўстання ненецкай беднаты ў 1830—40-я г. Аленявод нізавой тундры з р. Таз. На чале ўзбр. дружыны вёў барацьбу супраць мясц. князькоў, багатых аленяводаў, купцоў і царскіх чыноўнікаў. У студз. 1841 з атрадам (400 чал.) падышоў да г. Абдорск (цяпер г. Салехард). Быў схоплены, дастаўлены ў г. Бярозаў, пасля ў г. Табольск і сасланы на катаргу ва Усх. Сібір, дзе памёр. Паўстанне Ваулі Піетоміна ўпершыню апісала ў сваім дзённіку ўраджэнка Беларусі Е.Фялінская, якая адбывала ў Бярозаве ссылку зарэв. дзейнасць.
Літ.:
История Сибири с древнейших времен до наших дней. Т. 2. Л., 1968;
Грицкевич В.П. От Немана к берегам Тихого океана. Мн., 1986. С. 188—203.