бераг ракі, канала, штучнага ці натуральнага вадасховішча, мора, умацаваны сцяной з каменю, бетону, цэменту, дрэва і інш., а таксама вуліца, якая ідзе ўздоўж такога берага. Аб’ект гідратэхнікі і архітэктуры. Развіліся ў выніку ўдасканалення канструкцый (драўляных, звычайна слупавых, і каменных), што ўмацоўвалі берагі абарончых равоў феад. замкаў і гарадоў. Пашыраны з сярэдзіны 18 ст. ў буйных еўрап. гарадах. Уздоўж Н. пракладвалі вуліцы, бульвары, на іх рабілі прычалы, спускі і з’езды да вады, аглядныя пляцоўкі, альтанкі, пазней пляжы. Н. адыгрываюць важную ролю ў аб’яднанні значных па плошчы гар. тэрыторый у адзіны арх. ансамбль (Н. рэк Сены ў Парыжы, Тэмзы ў Лондане, Нявы, Фантанкі, Мойкі, Крукава канала ў Санкт-Пецярбургу, Масквы-ракі і Яўзы ў Маскве і інш.). На Беларусі ствараліся з канца 18 ст. ў буйных палацава-паркавых комплексах (Н. ўздоўж каналаў у Альбінскім палацава-паркавым ансамблі, 1780-яг.). Н., што будуюцца з сярэдзіны 20 ст., становяцца месцамі адпачынку (Н. р. Свіслач і Сляпянскай воднай сістэмы ў Мінску і інш.).
С.А.Сергачоў.
Набярэжная ракі Свіслач у Мінску.Набярэжная Крукава канала ў Санкт-Пецярбургу.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАВАГРУ́ДСКІ ФА́РНЫ КАСЦЁЛ,
помнік архітэктуры барока ў г. Навагрудак Гродзенскай вобл. Першы гатычны касцёл засн. ў 1395 пры кн. Вітаўце (існаваў да 1712). На яго месцы ўзведзены новы мураваны, у 1723 асвячоны віленскім біскупам Мацеем Анцатам. Храм 1-нефавы, з 2-вежавым гал. фасадам і паўкруглай алтарнай апсідай, да якой з паўн. боку прылягае сакрысція. У кампазіцыі будынка 2 стараж. гранёныя капліцы ранейшага касцёла. Каб зрабіць іх непрыкметнымі з боку ўвахода, сцяна гал. фасада і вежы ссунуты адносна падоўжнай восі будынка, што надае яму замаскіраваную асіметрычную кампазіцыю. Сцены па перыметры завершаны адзінай цягай карніза, які падзяляе гал. фасад на высокую ніжнюю частку і трохвугольны атыкавы франтон паміж чацверыковымі вежамі з пакатымі шатрамі. Аконныя праёмы і нішы з паўцыркульнымі арачнымі завяршэннямі. У капліцах захаваліся гатычныя зорчатыя нервюрныя скляпенні, вітражы. У капліцы Божага цела ў паўн. сцяне ўмуравана мемар. пліта, заказаная ў 1643 кашталянам Я.Рудамінам у памяць пра брата і суседзяў, якія загінулі ў 1621 у баі з туркамі пад Хоцінам.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАВІКО́Ў Мікалай Іванавіч (8.5.1744, радавы маёнтак Ціхвінскае-Аўдоцціна каля г. Бронніцы Маскоўскай вобл., Расія — 12.8.1818),
рускі асветнік, журналіст, кнігавыдавец, пісьменнік. Вучыўся ў дваранскай гімназіі пры Маскоўскім ун-це. З 1769 выдаваў часопісы. у т. л. сатырычныя («Трутень», «Пустомеля», «Живописец», «Кошелек»), першыя рас. часопісы: філас. «Утренний свет» (1777—80), крытыка-бібліягр. «Санкт-Петербургские ученые ведомости» (1777), дзіцячы «Детское чтение...» (1785—89). Склаў і выдаў «Спроба гістарычнага слоўніка пра расійскіх пісьменнікаў» (1772), кнігу помнікаў рас. гісторыі і л-ры «Старадаўняя расійская вівліёфіка» (1773—75) і інш. Аўтар цыкла сатыр. апавяданняў «Прыказкі расійскія» (1782), прац па педагогіцы («Пра выхаванне і навучанне дзяцей...», 1783), эканоміцы («Пра гандаль увогуле», 1783) і інш. Выступаў супраць прыгоннага права, за нац. асновы рус. культуры. Арганізатар друкарняў, бібліятэк, школ у Маскве, кніжных магазінаў у гарадах Расіі. У 1770-яг. далучыўся да масонаў. У 1792 за антыўрадавую дзейнасць паводле загаду Кацярыны II зняволены на 15 гадоў, вызвалены ў 1796 без дазволу працягваць ранейшую дзейнасць.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАЗАЛО́ГІЯ (ад грэч. nosos хвароба + ...логія),
навука, якая вывучае медыка-біял. асновы, этыялогію і патагенез хвароб чалавека і жывёл з мэтай іх універсальнай класіфікацыі. Вылучае назалагічныя адзінкі, або назалагічныя формы (у медыцыне іх больш за 20 тыс.), з пэўнымі прычынай (гал. крытэрый), тыповымі вонкавымі праявамі (сімптамакомплексам), спецыфічнымі структурна-функцыян. парушэннямі ў органах і тканках і механізмам развіцця (могуць выкарыстоўвацца і інш. крытэрыі). Звязана з паталогіяй, мікрабіялогіяй, цыталогіяй, біяхіміяй, генетыкай, малекулярнай біялогіяй і інш. Вызначае падыходы ў дыягностыцы, лячэнні, прафілактыцы.
Зараджэнне Н. як навукі звязана з працамі італьян. вучонага Дж.Марганьі (1-янавук. класіфікацыя хвароб, 1761) і франц. вучонага М.Біша. У 2-й пал. 19 ст., з развіццём паталаг. анатоміі і бактэрыялогіі, клінічны крытэрый групавання хвароб (сімптомы або сіндромы) дапоўнены марфалагічным і этыялагічным. У канцы 19 ст. вылучаны асн. назалагічныя формы. Уклад у развіццё Н. зрабілі К.Бернар, Р.Вірхаў, Л.Пастэр, І.П.Паўлаў, Л.Полінг, А.Дз.Спяранскі, І.В.Давыдоўскі, кан. вучоны Г.Селье і інш.
Літ.:
Царегородцев Г.И., Кротков Е.А., Боголюбов В.М. О понятии нозологической формы заболевания // Терапевтич. архив. 1976. Т. 48, № 1.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАЗАРЧУ́К Мікалай Аляксандравіч (н. 5.8.1927, в. Санюкі Ельскага р-на Гомельскай вобл.),
бел. жывапісец. Скончыў Бел.тэатр.-маст.ін-т (1961). У 1952—55 выкладаў у Віцебскім маст. вучылішчы, у 1964—77 — у Мінскім арх.-буд. тэхнікуме, Рэсп. школе-інтэрнаце па музыцы і выяўл. мастацтве, БПІ. У 1982—89 нам. старшыні Маст. фонду Бел. саюза мастакоў. Для твораў характэрны выразная дэкаратыўнасць каларыту і кампазіцыі, узгодненасць колеравых мас. Аўтар сюжэтна-тэматычных кампазіцый «Вечар у вёсцы Яршэвічы» (1963), «Ветэраны рэвалюцыі» (1967), «У новую вёску», «Сын» (абедзве 1978), «М.Гусоўскі на Радзіме» (1981), «Салдаты і кветкі» (1985), «Танкавы бой пад Сянно. 1941» (1986), «В.Дунін-Марцінкевіч чытае сваю паэму над Іслаччу» (1987), «Святая і чыстая» (1990), «Т.Касцюшка перад войскам» (1994), «Беларусь, твой народ дачакаецца...» (1996), «І прыйдзе час» (1999), партрэтаў «Маці салдата» (1967), К.Каліноўскага, М.Багдановіча, Ф.Багушэвіча, Героя Сав. Саюза У.З.Царука, Героя Сац. Працы Я.І.Фаменкі (усе 1984), трыпціха «Ахвяра» (1998), дыярамы «Прырода Палесся» ў калгасе «Прамень Кастрычніка» (в. Махнавічы) Мазырскага р-на Гомельскай вобл. (з У.Летуном, У.Гоманавым, В.Цюрыным; 1984).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАРАДЖА́ЛЬНАСЦЬ,
працэс узнаўлення насельніцтва ў сукупнасці людзей, што складаюць пакаленне або сукупнасць пакаленняў. У статыстыцы Н. вымяраюць частатой нараджэння дзяцей у пэўнай групе людзей або ва ўсім насельніцтве. Яго ўзровень вызначаюць каэфіцыентам Н. — суадносінамі ліку народжаных да колькасці ўсяго насельніцтва, у праміле (на 1000 чал.). Н., смяротнасць і працягласць жыцця — асн. паказчыкі натуральнага руху насельніцтва. Біял. аснова Н. — здольнасць чалавека ўзнаўляць патомства. Патэнцыяльная магчымасць Н. рэалізуецца ў выніку рэпрадуктыўных паводзін чалавека, якія абумоўлены сістэмай патрэбнасцей грамадства, і рэгулюецца сац.-культ. нормамі, традыцыямі, грамадскай думкай і інш. Звесткі аб Н. даюць: перапіс насельніцтва або выбарачныя абследаванні, бягучы ўлік нараджэнняў вядуць ЗАГСы, сельсаветы і інш. На Беларусі з пачатку 1990-х г. назіраецца рэзкае скарачэнне Н. (сумарны каэфіцыент Н. ў 1998 у параўнанні з 1989 знізіўся з 2 да 1,2). Гэта абумоўлена супадзеннем шэрагу прычын: новая мадэль рэпрадуктыўных паводзін, накіраваная на фарміраванне 1—2-дзетнай сям’і; дыспрапорцыя ў полаўзроставай структуры насельніцтва; сац.-эканам. нестабільнасць; экалагічныя наступствы катастрофы на Чарнобыльскай АЭС і інш.Гл. таксама «Дэмаграфічны выбух», Дэмаграфія.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАЦЫЯЛЕ́КТ [ад нацыя + (дыя)лект],
сукупнасць фармальных і семантычных уласцівасцей пэўнай нацыянальнай мовы, калі яна шырока выкарыстоўваецца іншым этнасам у якасці сваёй другой мовы або мовы міжнац. зносін. Напр., рус. мова (нацыялект) армян, літоўцаў, таджыкаў, украінцаў і г.д. У шырокім сэнсе Н. — рэалізацыя пэўнай мовы ў маўленчай практыцы іншага этнасу. Н. — адзін з відаў суцэльнага вар’іравання мовы (параўн.: дыялект — вар’іраванне тэрытарыяльнае, сацыялект — вар’іраванне сацыяльнае, ідыялект — вар’іраванне індывідуальнае, хроналект — вар’іраванне ў часе, Н. — вар’іраванне іншанацыянальнае, іншаэтнічнае). Н. ўласцівы пэўныя ўстойлівыя рысы, што ўзнікаюць у мове пад уплывам іншай ці роднай мовы. Напр., рус. Н. беларусаў уласцівы ўстойлівыя інтэрферэнцыйныя рысы: цвёрдае «р» (гаварыт — «гаворыць», румка — «келішак»), фрыкатыўнае «γ» (ноγи — «ноги», γолос — «голас»), сібілянты «с’» і «з’» (з’има, с’ерый), пропуск «й» (полны — «поўны», велики — «вялікі»), канструкцыі «мой собачка» (рус. «моя собачка»), «более-менее» (рус. «более или менее», бел. «больш-менш»), «жениться с кем» (рус. «жениться на ком», бел. «ажаніцца з кім»), адсутнасць моцнай колькаснай рэдукцыі галосных ([малако], рус. [мьлʌ-ко]) і інш.
Літ.:
Михневич А.Е. О языковом и лингвистическом статусе «нациолекта» // Вариативность как свойство языковой системы: Тез. докл.М., 1982. Ч. 1.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НЕАДНАРО́ДНЫЯ ХВА́ЛІ,
электрамагнітныя ваганні, у якіх плоскасці роўных фаз і роўных амплітуд непаралельныя. Узнікаюць у празрыстых асяроддзях пры поўным адбіцці і ў паглынальных (узмацняльных) асяроддзях пры падзенні выпрамянення нахільна да мяжы асяроддзяў. Уласцівасці Н.х. улічваюцца ў разліках пры распрацоўцы аптычных прылад, напр., хваляводаў і аптычных ліній сувязі, лазераў хваляводнага тыпу і інш.
Тэорыя Н.х. распрацавана ў Ін-це фізікі АН Беларусі Ф.І.Фёдаравым у 1950—70-яг. на аснове каварыянтных метадаў. Н.х. адрозніваюцца тым, што вектары эл. і магн. палёў ляжаць у розных плоскасцях і апісваюць розныя крывыя (за выключэннем выпадку кругавой палярызацыі). Паток і шчыльнасць энергіі такіх хваль залежаць ад палярызацыі зыходнага выпрамянення. На ўласцівасцях Н.х. заснавана з’ява бакавога зрушэння адбітага праменя (Фёдарава зрух). У крышталях пры адсутнасці падвойнага праменепраламлення магчыма ўзнікненне Н.х., палярызацыя якіх змяняецца з глыбінёй пранікнення паводле лінейна-экспаненцыяльнага закону (хвалі Фёдарава—Пятрова).
Літ.:
Федоров Ф.И. Оптика анизотропных сред. Мн., 1958;
Петров Н.С., Федоров Ф.И. Новый вид плоских электромагнитных волн в поглощающих кристаллах // Оптика и спектроскопия. 1963. Т. 15, № 6.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НЕСЦЯРЭ́НКА Васіль Барысавіч (н. 2.12.1934, г.п. Красны Кут Луганскай вобл., Украіна),
бел. вучоны ў галіне ядз. энергетыкі і радыяцыйнай бяспекі. Чл.-кар.Нац.АН (1972), д-ртэхн.н. (1968), праф. (1969). Засл. дз. нав. і тэхн. Беларусі (1978). Скончыў Маскоўскае вышэйшае тэхн. вучылішча імя Баўмана (1958). З 1963 заг. лабараторыі Ін-та цепла- і масаабмену, у 1965—90 у Ін-це ядз. энергетыкі АН Беларусі (з 1965 нам. дырэктара, з 1977 дырэктар, з 1987 заг. лабараторыі), адначасова ў 1971—87 гал. канструктар перасовачных АЭС. З 1990 дырэктар Ін-та радыяцыйнай бяспекі «Белрад». Навук. працы па вывучэнні цеплаабмену і газадынамікі ў ядз. рэактарах з дысацыіруючым цепланосьбітам, даследаванні новых хімічна рэагавальных цепланосьбітаў, вызначэнні тэхніка-эканам. характарыстык АЭС з рэактарамі на хуткіх нейтронах. Дзярж. прэмія Беларусі 1986.
Тв.:
Физико-технические основы применения диссоциирующих газов как теплоносителей и рабочих тел атомных электростанций. Мн., 1971;
Теплообмен в ядерных реакторах с диссоциирующим теплоносителем. Мн., 1980 (разам з Б.Я.Твяркоўкіным);
Масштабы и последствия катастрофы на Чернобыльской АЭС для Беларуси, Украины и России. Мн.. 1996;
Чернобыльская катастрофа: радиационная защита населения. Мн., 1997.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НІКУ́ЛІН Леў Веньямінавіч (сапр.Альканіцкі Леў Уладзіміравіч; 20.5.1891, г. Жытомір, Украіна — 9.3.1967),
рускі пісьменнік. Скончыў Маскоўскі камерцыйны ін-т (1917). Друкаваўся з 1910. Першая кніга — «Чатырнаццаць месяцаў у Афганістане» (1923). Распрацоўваў жанр рэв.-прыгодніцкага рамана: «Ніякіх выпадковасцей» (1924), «Таямніца сейфа» (1925) і інш. Раманы «Расіі верныя сыны» (1950, Дзярж. прэмія СССР 1952), «Маскоўскія світанкі» (кн. 1—2, 1954—57), «Мёртвы зыб» (1965, экранізацыя пад назвай «Аперацыя «Трэст», 1969) на гіст. тэматыку. Аўтар аўтабіягр. рамана «Час, прастора, рух» (кн. 1—2, 1931—32), п’ес «Справа радавога Шыбуніна» (1935), «Порт-Артур» (1937), зб-ка вершаў «Гісторыя і вершы Анжалікі Саф’янавай» (1918), паэм, апавяданняў, кніг падарожных нататак, кінасцэнарыяў і інш., біягр. нарысаў («Людзі рускага мастацтва», 1947; «Фёдар Шаляпін», 1954; «Чэхаў. Бунін. Купрын», 1960), мемуараў («Людзі і падарожжы. Успаміны», 1962) і інш. Быў знаёмы з Я.Купалам. У 1954 на бел. мову яго раман «Расіі верныя сыны» пераклаў В.Вітка.