«СІНО́ПСІС»,

1) гісторыка-паліт. твор, выдадзены ў друкарні Святадухаўскага брацтва ў Вільні ў 1632. Выданне прымеркавана да сейма 1632, апісвае гіст., царк.-рэліг. і паліт. падзеі ў стараж.-рус. дзяржаве і ў ВКЛ з міфічных часоў да 1632. У 1632 брацтва выдала «Дадатак да «Сінопсіса» з новымі матэрыяламі па гісторыі рэлігійнай уніі, Святадухаўскага брацтва, правасл. царквы канца 16 — пач. 17 ст. 2) Гіст. твор, выдадзены ў друкарні Кіева-Пячэрскай лаўры ў 1674. Не раз быў перадрукаваны ў 17 і 18 ст. У ім апісаны гіст. сувязі ўсх.-слав. народаў, іх супольная барацьба супраць ворагаў, абгрунтавана неабходнасць уз’яднання Украіны з Расіяй. У «С.» выкарыстаны рус. летапісы, хронікі М.​Стрыйкоўскага, Ф.​Сафановіча і інш. гіст. крыніцы.

Г.​Я.​Галенчанка.

т. 14, с. 402

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СІПУ́ХА (Tyto alba),

птушка сям. сіпухавых атр. совападобных. 34 падвіды. Пашырана ўсюды, акрамя Антарктыды і Новай Зеландыі, пераважна ў тропіках і субтропіках. Жыве ў парках і насаджэннях з дуплаватымі дрэвамі, у пакінутых пабудовах. На Беларусі рэдкі аселы від, тут праходзіць паўд.-зах. мяжа яе арэала. Вядома па адзінкавых знаходках у паўд.-зах. ч. краіны; занесена ў Чырв. кнігу. Т. soumagnei, якая трапляецца на в-ве Мадагаскар, занесена ў Чырв. кнігу МСАП.

Даўж. цела да 43 см, маса да 355 г. Спіна буравата-пясочная з падоўжнымі радамі дробных цёмных і белых крапінак, брушка белавата-вохрыстае з рэдкімі цёмнымі крапінкамі. Тваравы дыск сэрцападобны, амаль белы, каля вачэй іржава-карычневы Корміцца дробнымі грызунамі, птушкамі, земнаводнымі, насякомымі. Нясе 3—7 (да 12) яец.

Сіпуха.

т. 14, с. 412

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СМЕРЧ,

моцны віхор у атмасферы, які ўтвараецца ў навальнічнай хмары і прасціраецца да зямной паверхні ў выглядзе цёмнага слупа з лейкападобным расшырэннем зверху і знізу. Паветра ў ім верціцца супраць гадзіннікавай стрэлкі са скорасцю да 100 м/с і адначасова падымаецца па спіралі, захопліваючы знізу пыл, ваду і розныя прадметы. Узнікае пры значнай няўстойлівасці ніжняга слоя паветра і рухаецца са скорасцю 10—20 м/с, праходзіць шлях 40—60 км. Верагоднасць С. стымулюе блізкасць атм. фронту. Суправаджаецца навальніцай, дажджом, градам; адна з прычын стыхійных бедстваў. Над морам і акіянам утвараецца часцей, чым над сушай, дзе завецца тромбам, у ЗША — тарнада. На Беларусі штогод з сак. да вер. адзначаюць 1—2 выпадкі С., у асобныя гады (напр., у 1951) — да 5.

т. 15, с. 54

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СО́ЦКІ Барыс Аляксандравіч (23.4.1930, г. Саратаў, Расія — 10.3.1995),

бел. фізік-тэарэтык. Д-р фіз.-матэм. н. (1989), праф. (1991). Скончыў БДУ (1953). З 1959 у Ін-це фізікі АН Беларусі (у 1976—93 заг. лабараторыі). Навук. працы па малекулярнай оптыцы і лазернай фізіцы. Распрацаваў паслядоўную малекулярную тэорыю эл.-магн. хваль у крышталях. Заклаў асновы квантавастат. тэорыі аптычных палёў, вызначыў сувязь паміж кагерэнтнасцю і энтрапіяй эл.-магн. выпрамянення.

Τв.: К молекулярной теории отражения и преломления света (разам з Ф.​І.​Фёдаравым) // Оптика и спектроскопия. 1958. Т. 4, вып. 3; Т. 5, вып. 1; Когерентные свойства оптических полей с антикорреляцией в высших порядках (разам з У.​А.​Дзмітрыевым) // Там жа. 1988. Т. 64, №1.

А.​І.​Болсун.

т. 15, с. 92

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СТУ́ЧКА (Stučka) Петэрыс (26.7.1865, б. Кокнеская вол., цяпер Айзкраўкльскі р-н, Латвія — 25.1.1932),

латвійскі і рас. паліт. і дзярж. дзеяч, пісьменнік, юрыст. Скончыў Пецярбургскі ун-т (1888). Рэдактар (1888—91, 1895—97) газеты лат. дэмакр. інтэлігенцыі «Dienas lapa» («Штодзённы лісток», Рыга). З 1895 сацыял-дэмакрат. Адзін з заснавальнікаў Лат. с.-д. рабочай партыі (1904) і Камуніст. партыі Латвіі (1919, КПЛ), старшыня Сав. ўрада Латвіі (1918—20). Нарком юстыцыі РСФСР (1917—18), старшыня Вярх. суда РСФСР (1923—32). Адначасова старшыня Замежнага бюро КПЛ і яе прадстаўнік у Камінтэрне (1920—32). Аўтар сатыр. зб. «Маленькія авадні» (1888, з Я.​Райнісам), літ.-крытычных артыкулаў, успамінаў, прац па тэорыі дзяржавы і права, грамадз. праве. Гал. рэдактар «Энцыклапедыі дзяржавы і права» (т. 1—3, 1925—27).

т. 15, с. 224

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СУВЕНІ́Р (ад франц. souvenir памяць),

памятны прадмет. Якасцямі С. валодаюць творы нар. або дэкар.-прыкладнога мастацтва, якія нясуць інфармацыю пра асаблівасці культуры народа, нагадваюць пра наведванне краіны, горада, музея і інш. (рэчы этнагр. характару, медалі, значкі, вымпелы, статуэткі, паменшаныя копіі скульпт. і арх. помнікаў і інш.), спец. вырабленыя прадметы утылітарнага прызначэння, якія маюць геральдычную, спарт. і інш. сімволіку, інфармацыю пра пэўную падзею ці дату (блакноты, ручкі, паштоўкі, кубкі і інш.), звычайныя рэчы, звязаныя з гіст. падзеямі (напр., прадметы, прывезеныя з касмічнай арбітальнай станцыі, кавалкі т.зв. Берлінскай сцяны, сав. ядзерных ракет), з успамінамі пра пэўную асобу (напр., асабістая рэч вядомага чалавека, фамільная каштоўнасць). Існуюць спец. прадпрыемствы па вырабе С. (гл. ў арт. Мастацкіх вырабаў вытворчасць).

С.​У.​Пешын.

т. 15, с. 243

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СУМА́ЦЫЯ ў фізіялогіі,

узаемадзеянне сінаптычных працэсаў (што ўзбуджаюць ці затарможваюць) на мембране нейрона або мышачнай клеткі, якое характарызуецца ўзмацненнем эфектаў раздражнення да рэфлекторнай рэакцыі ў адказ; адзін з механізмаў каардынавання рэакцый арганізма. Апісана І.М.Сечанавым у 1868. На сістэмным узроўні адрозніваюць С. прасторавую і часавую. Прасторавая С. адбываецца ў выпадку адначасовага ўздзеяння аферэнтных раздражненняў, кожнае з якіх неэфектыўнае для розных рэцэптараў адной і той жа рэцэптыўнай зоны (напр., узбуджэнне многіх нейронаў розных участкаў мозга). Часавая С. вызначаецца ўзаемадзеяннем нерв. уплываў, што прыходзяць з пэўным інтэрвалам да адных і тых жа ўзбудлівых структур па адных і тых жа нерв. каналах. Забяспечвае неабходную працягласць рэакцый і можа падтрымлівацца кальцавой сувяззю нейронаў. На клетачным узроўні С. мае прасторава-часавы характар.

С.​С.​Ермакова.

т. 15, с. 266

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ТАВАРЫ́СТВА ЎРАЧО́Ў МАГІЛЁЎСКАЙ ГУБЕ́РНІ.

Існавала ў 1862—1917 у г. Магілёў. Засн. паводле ініцыятывы ўрача К.​А.​Пабо. Садзейнічала развіццю мед. навукі і практыкі, грамадскай гігіены і інш. Ажыццяўляла сан. кантроль за гар. тэрыторыяй, арганізоўвала курсы санітараў і дэзінфектараў, бясплатны прыём хворых, праводзіла нар. чытанні, таксама імкнулася ахапіць урачэбнай дапамогай сельскае насельніцтва. Па рэкамендацыі т-ва ў 1892 у час эпідэміі халеры адкрыты халерны барак, праводзілася бясплатная выдача лякарстваў. У 1911 правяло збор сродкаў на барацьбу з сухотамі; стварыла мясц. аддзел Усерас. лігі барацьбы з сухотамі. Члены т-ва праводзілі медыка-тапагр. і статыст. даследаванні Магілёва. Выдавала свае «Пратаколы» і «Працы», абменьвалася імі з інш. мед. т-вамі Рас. імперыі, дасылала іх у Швейцарыю для рэферыравання ў замежных часопісах.

А.​П.​Малчанаў.

т. 15, с. 374

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ТАЛАЧЫ́НСКАЯ ЦАРКВА́,

помнік архітэктуры віленскага барока ў г. Талачын Віцебскай вобл. Храм Талачынскага манастыра базыльян. Засн. ў 1604 Л.​Сапегам. З 19 ст. правасл. Пакроўская царква. 3-нефавая базіліка з 2-вежавым гал. фасадам. Прамавугольны цэнтр. неф завершаны на тарцах фігурнымі атыкавымі франтонамі. Адметнасць гал. фасаду надаюць увагнутыя прасценкі і багатая ордэрная пластыка: ступеньчатыя пілястры, раскрапаваныя слаістыя карнізы, складаныя па форме праёмы, нішы, абрамленні і інш. Бакавыя фасады вырашаны плоскасна. Руставаная цокальная ч. і завяршэнні вежаў (верхнія ч. перабудаваны ў 19 ст.) маюць класіцыстычную трактоўку. У інтэр’еры ўнутр. слупы-апоры аформлены спаранымі пілястрамі з антаблементамі. Алтарная ч. аддзелена мураваным іканастасам 18 ст. Антаблементы. падпружныя аркі і арачныя праёмы аздоблены паліхромнай размалёўкай. У 1993 царква адрэстаўрыравана.

Ю.​А.​Якімовіч.

Талачынская царква.

т. 15, с. 399

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ТРАФІ́МАЎ Альберт Фёдаравіч (25.11.1936, г. Барысаў Мінскай вобл.),

бел. вучоны ў галіне жывёлагадоўлі і вет. медыцыны. Д-р вет. н. (1988), праф. (1991). Чл.-кар. Агр. АН Беларусі (1996). Скончыў Віцебскі вет. ін-т (1960). З 1975 у Бел. НДІ жывёлагадоўлі (у 1988—95 заг. аддзела, у 1995—98 нам. дырэктара). Навук. працы па пытаннях інтэнсіўных тэхналогій вытв-сці малака і мяса, сістэм атрымання і вырошчвання цялят; рэканструкцый жывёлагадоўчых памяшканняў; гігіены ўтрымання буйн. раг. жывёлы.

Тв.:

Содержание коров на фермах и комплексах. Мн., 1985 (разам з С.​І.​Пляшчанкам);

Выращивание телок. Мн., 1986 (у сааўт.);

Получение и выращивание здоровых телят. Мн., 1990 (разам з С.​І.​Пляшчанкам, В.​Ц.​Сідаравым);

Реконструкция животноводческих помещений. Молодечно, 2001 (у сааўт.).

А.Ф.Трафімаў.

т. 15, с. 520

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)