МАНЕ́ТА (лац. moneta),

грашовы знак, адзін з законных плацежных сродкаў. Стандартызаваны па памерах, пробе, масе кавалак каштоўнага металу правільнай формы, які можа прымацца не на вагу, а на лік, або грашовыя метал. знакі з медзі, бронзы, нікелю, алюмінію, цынку і інш. У адрозненне ад зліткаў мае па ўсёй паверхні адбітак штэмпеля з выявамі і надпісамі (з 2-й пал. 16—17 ст. і на гурце), якія засцерагалі М. ад падробкі, абразання і гарантавалі яе якасць ад імя імітэнта. Назву традыцыйна звязваюць з адным з імён вярх. рымскай багіні Юноны (Рэгіна — царыца, Соспіта — збавіцельніца; Манета — дарадчыца), пры храме якой у 3 ст. да н.э. ў рымскім Капітоліі знаходзіўся манетны двор. Першыя М. з’явіліся ў Кітаі ў 12 ст. да н.э. Надпіс «Moneta» сустракаецца на стараж.-рымскіх М., ранніх зах.-еўрап. дэнарыях; як частка легенды — на еўрап. М., што абарачаліся і ў ВКЛ з 14 ст., і ў легендзе М. ВКЛ. У 16 ст. ў ВКЛ М. называлі сярэднія наміналы, меншыя за талер, але большыя за пенязь (дэнарый); у 17 ст. — і талерную з удакладненнем «добрая», «твардая», а таксама дробную з удакладненнем «шэлядная» М. У бел. пісьмовых крыніцах на працягу 15—18 ст. сустракаюцца М. белая, М. бітая, М. важная, М. грубая, М. давна, М. добрая, М. старадавна, М. цвёрдая, М. цалковая як вызначэнне дабраякаснай, і М. фальшывыя, да якіх ставіліся як да непажаданых. Па манетнай стапе ў 16 ст. адрознівалі М. літоўскую і М. польскую (адпавядала ​8/10 літоўскай). Паводле прызначэння вылучаюць М. абяговую, М. данатыву («падарункавая»), М. камемаратыўную (памятная), М. пробную, М. навадзельную і М. антыкварную падробку. Паводле функцыі ў грашовым абарачэнні адрозніваюць М. паўнавартасную (банкаўскую) і разменную (дробную, білонную). Залежна ад тэхнікі вырабу М. адносяць да літых (адлітых у форму з выявамі), чаканеных (атрыманых з дэфармацыяй процілеглага ад выявы боку, аднабаковых), бітых (штампаваных), вальцаваных (зробленых пракаткаю). Паводле металу М. падзяляюцца на мона- і біметалічныя, у т. л. плакіраваныя (з ядром з інш. металу). М. мае манетнае поле з выявамі і легендамі на ім, апушку па краі поля, гурт. Гал. характарыстыкі М. — проба і маса (у стараж. нарматыўных дакументах апісвалася паняццем стапа); існавалі дапушчальныя адхіленні (рэмедыум) па масе, пробе і таўшчыні. У нумізматычных апісаннях істотную ролю адыгрывае фіксацыя суадносін восей выяў аверса (гал. бок) і рэверса (адваротны бок) М. адносна адзін аднаго. Гісторыю манетных сістэм і абарачэння М. у якасці грошай, М. як артэфакты, тэхніку манетнай справы вывучае нумізматыка.

Літ.:

Рябцевич В.Н. Нумизматика Беларуси. Мн., 1995.

І.​Л.​Сінчук.

Да арт. Манета. Рымскі дэнарый (каля 45 да н.э.) з выявамі багіні Юноны-Манеты і інструментаў манетчыка.

т. 10, с. 79

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НАВАГРУ́ДСКІЯ ЗА́МКІ.

Існавалі ў 11—пач. 18 ст. у г. Навагрудак Гродзенскай вобл. Вядомы т. зв. Замак на дзядзінцы і Малы замак.

Замак на дзядзінцы (быў стараж. цэнтрам г. Навагрудак і рэзідэнцыяй зах.-рус. і літ. князёў) заложаны на месцы гарадзішча на высокім (20 м) часткова насыпаным узгорку, т. зв. Замкавай гары, абкружанай ровам. Першыя ўмацаванні ў выглядзе кругавога абарончага вала з драўлянымі сценамі-гароднямі і астрогам узніклі ў 11 ст. У сярэдзіне 13 ст. пабудавана квадратная ў плане (12 × 12 м) 5-ярусная вежа-брама з падмуркам выш. 3,5 м, цокалем і сценамі таўшчынёй 2,75 м. У час аднаго з крыжацкіх нападаў (верагодна, 1394) гэтая вежа моцна пашкоджана, у канцы 14 ст. адноўлена; вядома пад назвамі Шчытоўка, Шчытовая ці Цэнтральная. У канцы 14 — пач. 15 ст. на тэр. замка ўзведзены яшчэ тры 3-ярусныя цагляныя вежы з байніцамі на кожным паверсе: Касцельная (9 × 9 м), Малая вежа-брама (8 × 10 м), Пасадская (7,7 × 7,7 м). Для забеспячэння замка вадой на ўсх. схіле над крыніцай была пастаўлена вынасная Калодзежная вежа (8 × 8 м). Будаўніцтва вежаў завершана да 1410. Вежы злучаліся мураванымі сценамі. Замак паспяхова процістаяў крыжацкім нападам. Далейшае ўмацаванне замка адбылося ў канцы 15 — пач. 16 ст. у сувязі з набегамі крымскіх татар. У паўн.-зах. частцы замка пабудавана вежа Дазорца (14 × 14 м), на паўд.-ўсх. схіле гары дадаткова ўзведзена Меская вежа-брама, злучаная прасламі сцен з Калодзежнай вежай і Малой брамай. Утварыліся 2 шматвугольныя прылеглыя мураваныя паясы абароны, адзін з якіх быў на дзядзінцы, другі — на схіле ўзгорка, перад уваходам у замак з боку горада. На замкавым двары стаялі жылыя і гасп. пабудовы. У канцы 16 — пач. 17 ст. узведзены палац, да якога прылягала капэла (канец 17 ст.). У 14—19 ст. на тэр. замка была царква, у якой да 1775 адбываліся сесіі Трыбунала — вышэйшага апеляцыйнага суда ВКЛ. У 1505 і 1506 татары двойчы асаджвалі замак, але ўзяць не змаглі. У 1706 замак узарваны шведамі.

Малы замак у 11 ст. — комплекс умацаванняў, які складаўся з землянога вала і драўляных абарончых канструкцый. У канцы 13 — пач. 14 ст. з захаду над уездам была надбудавана мураваная вежа, якая ў канцы 15 — пач. 16 ст. перабудавана ў 8-гранную. Абодва замкі ў 13 ст. былі дадаткова ўмацаваны земляным валам і ровам, якія праходзілі каля падножжа гары з паўн. і паўн.-зах. бакоў. Да 1828 ад Замка на дзядзінцы часткова ўцалелі 2 вежы: Шчытоўка і Касцельная.

М.​А.​Ткачоў.

Да арт. Навагрудскія замкі: 1 — рэшткі замка на дзядзінцы. Фота пач. 1990-х г.; 2 — рэканструкцыя В.​Сташчанюка. 1991.

т. 11, с. 98

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НАВУКО́ВА-ФАНТАСТЫ́ЧНЫ ФІЛЬМ,

фільм фантаст. кірунку, які грунтуецца на навук. гіпотэзах. Ад фільмаў групы «фэнтэзі» (ад англ. fantasy фантастыка) адрозніваецца тым, што аснову іх складаюць міфы і казкі ў сучаснай інтэрпрэтацыі. Гал. тэмы Н.-ф.ф. — падарожжы ў часе і касм. прасторы, кантакты з іншапланетнымі цывілізацыямі, альтэрнатыўная гісторыя чалавецтва, грамадства ва ўмовах будучыні. Развіццё такіх фільмаў звязана з навук. дасягненнямі і сац. зменамі ў грамадстве. Першы Н.-ф.ф. — «Заваяванне паветра» (1901, рэж. Ф.​Зека, Францыя). Як жанр склаўся ў фільмах рэж. Ж.​Мельеса, які прыдумаў першыя спецэфекты для здымак фантаст. кіно («Падарожжа на Месяц», 1902, ЗША; «20 000 лье пад вадою», 1907; «На заваяванне полюса», 1912, абодва Францыя, і інш.). У 1920-я г. з’явіліся фільмы з сац.-філас. кірункам і арыгінальнай стылістыкай («Аэліта», 1924, рэж. Я.​Пратазанаў, СССР; «Метраполіс», 1926; «Жанчына на Месяцы», 1929; абодва рэж. Ф.​Ланг, Германія, і інш.). З 1930-х г. пашырыліся фільмы пра звар’яцелых вучоных («Забойства на вуліцы Морг», 1932, рэж. Р.​Флорэ; «Чалавек-невідзімка», 1933; «Франкенштэйн», 1931; «Нявеста Франкенштэйна», 1935; усе рэж. Дж.​Уэйл, ЗША), фантаст. цывілізацыі («Страчаны гарызонт», 1937, рэж. Ф.​Капра, ЗША). У 1950—80-я г. пераважалі фільмы пра касм. падарожжы, прыбыццё іншапланецян на Зямлю, перспектывы развіцця навукі і тэхнікі і інш., у якіх цэнтр увагі часта пераносіўся на маральныя, філас., сац., экалагічныя праблемы: «Напрамак — Месяц» (1950, рэж. І.​Пайчэл), «Гэта прыйшло з іншай прасторы» (1953, рэж. Дж.​Арналд), «Заваяванне космасу» (1955, рэж. Б.​Хаскін), «На апошнім беразе» (1959, рэж. С.​Крамер), «Доктар Стрэйнджлаў, або Як я навучыўся не хвалявацца і палюбіў бомбу» (1963; усе ЗША), «Касмічная Адысея 2001» (1968, Англія—ЗША), «Завадны апельсін» (1971, Англія; усе рэж. С.​Кубрык), «Зорныя войны» (1977, рэж. Дж.​Лукас), «Іншапланецянін» (1982, рэж. С.​Спілберг), «Чужыя» (рэж. Дж.​Кэмеран), «Муха» (рэж. Д.​Кроненберг, абодва 1986; усе ЗША) і інш. Пашырыліся фантаст. кінасерыялы («Зорны шлях», з 1979, рэж. Р.​Уайз, І.​Кершнер і інш.). У 1990-я г. з’явіліся фільмы сінтэтычнага кірунку, якія спалучаюць рысы «фэнтэзі» і Н.-ф.ф., для маст. вырашэння актыўна выкарыстоўваюць новыя тэхналогіі і камп’ютэрныя спецэфекты («Парк Юрскага перыяду», 1995, рэж. Спілберг, ЗША, і інш.). З 1960-х г. развіваўся сав. Н.-ф. ф.; «Чалавек-амфібія» (1962, рэж. Г.​Казанскі, У.​Чабатароў), «Салярыс» (1972, рэж. А.​Таркоўскі), «Маўчанне доктара Івенса» (рэж. Б.​Мятальнікаў), «Масква—Касіяпея» (абодва 1974), «Падлеткі ў сусвеце» (1975), «Праз церні да зорак» (1981, усе рэж. Р.​Віктараў), «Атэль «Каля загінуўшага альпініста» (1979, рэж. Р.​Краманаў), «Завяшчанне прафесара Доўэля» (1984, рэж. Л.​Менакер), «Кін-дза-дза» (1986, рэж. Г.​Данелія) і інш.

Г.​У.​Шур.

т. 11, с. 109

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«НАРО́ДНАЯ ВО́ЛЯ»,

найбольш значная тайная рэв. народніцкая арг-цыя (партыя) у Расіі ў 1879—86. Узнікла ў выніку расколу «Зямлі і волі». Узначальваў выканаўчы к-т (Пецярбург), члены: А.І.Жалябаў, С.Л.Пяроўская, В.М.Фігнер, М.І.Кібальчыч, М.А.Марозаў, А.​Дз.​Міхайлаў і інш. У 1879—83 падп. сетка «Н.в.» ў 50 гарадах налічвала 80—90 мясц., 100—120 рабочых, 30—40 студэнцкіх, 20—25 гімназічных, каля 50 афіцэрскіх (былі аб’яднаны ў Ваен. арг-цыю «Н.в.») гурткоў; колькасць членаў да 500 чал., са спачуваючымі да 5 тыс., з іх 1,5 тыс. рабочыя. Друкаваныя органы: газ. «Народная воля» (1879—85), «Листок «Народной воли» (1880—86), час. «Вестник Народной воли» (1883—86) і інш. «Н.в.» прытрымлівалася тэорыі утапічнага «сялянскага сацыялізму». Яе праграмныя дакументы прадугледжвалі рэв. знішчэнне самадзяржаўя, перадачу зямлі сялянам, увядзенне дэмакр. дзярж. ладу з усеагульным выбарчым правам, раўнапраўе нацый і іх права на самавызначэнне і г.д. Практычная дзейнасць па падрыхтоўцы паліт. перавароту ў Расіі падзялялася на прапагандысцкую і разбуральную (індывід. тэрор як гал. метад барацьбы з урадам). Члены «Н.в.» разлічвалі, што група рэвалюцыянераў-змоўшчыкаў шляхам знішчэння вышэйшых чыноўнікаў і імператара здолее дэзарганізаваць дзярж. кіраванне, выклікаць масавыя нар. паўстанні і захапіць уладу. «Н.в.» ажыццявіла шэраг тэрарыст. актаў супраць буйных чыноўнікаў і агентаў паліцыі і забойства (пасля некалькіх няўдалых замахаў) імператара Аляксандра II (яго ажыццявіў 13.3.1881 ураджэнец Беларусі І.Я.Грынявіцкі), але сваёй мэты — выклікаць у краіне сацыяліст. рэвалюцыю — не дасягнула.

У Беларусі дзейнічалі прадстаўнікі выканкома «Н.в.» М.​Ф.​Грачэўскі, М.​М.​Рагачоў, М.​П.​Аўчыннікаў і інш. У Мінску, Магілёве, Гродне, Віцебску, Пінску існавалі яе ваен. і вучнёўскія гурткі. У пач. 1882 ваен. гурткі ўвайшлі ў нарадавольскую арг-цыю Віленскай ваен. акругі, астатнія — у Паўн.-Зах. краявую арг-цыю «Н.в.». У Пецярбургу існавала бел. фракцыя ў «Н.в.», на базе якой у 1884 узнікла рэв. група «Гоман». Пасля забойства Аляксандра 11 пачаліся масавыя арышты ўдзельнікаў «Н.в.». Жалябаў, Пяроўская, Кібальчыч і інш. пакараны смерцю, сотні нарадавольцаў асуджаны на катаргу і турэмнае зняволенне. Да вясны 1883 паліцыя разграміла выканком і асн. арг-цыі «Н.в.». Адначасова нарастаў ідэйны і арганізац. крызіс партыі. «Н.в.» як арганізаваная сіла фактычна спыніла існаванне пасля арышту кіраўніка яе Распарадчай камісіі Г.А.Лапаціна (кастр. 1884). Спробы яе аднаўлення, пачатыя ў 1880-я г. (у т. л. А.І.Ульянавым у 1886—87) поспеху не мелі. Асабістая самаахвярнасць і высакародныя памкненні нарадавольцаў сталі натхняльным прыкладам для наступных пакаленняў рэвалюцыянераў. Аднак тэрарыст. тактыка «Н.в.» справакавала ўрад на ўзмацненне паліт. рэакцыі і згортванне рэформ. Традыцыі і праграмныя ўстаноўкі «Н.в.» ў пач. 20 ст. імкнулася адрадзіць партыя сацыялістаў-рэвалюцыянераў (эсэраў).

Літ.:

Волк С.С. Народная воля, 1879—1882. М.; Л., 1966;

Багдановіч А. Да гісторыі партыі «Народная воля» ў Мінску і Беларусі (1880—1892) // Маладосць. 1995. № 11—12.

В.​В.​Сяргеенкава.

т. 11, с. 170

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАДЗЕ́МНЫЯ ВО́ДЫ,

воды ў тоўшчы горных парод верхняй часткі зямной кары ў вадкім, цвёрдым і парападобным стане; частка водных рэсурсаў, карысныя выкапні. Фарміруюцца пры інфільтрацыі з зямной паверхні дажджавых, расталых, рачных, азёрных і марскіх вод, кандэнсацыі вадзяной пары ў порах або шчылінах парод, пры асадкаўтварэнні або крышталізацыі магмы. П.в., якія перамяшчаюцца пад уплывам сілы цяжару, наз. гравітацыйнымі або свабоднымі, у адрозненне ад звязаных вод, што ўтрымліваюцца малекулярнымі і інш. сіламі на часцінках горных парод. Слаі горных парод, насычаныя гравітацыйнымі водамі, утвараюць ваданосныя гарызонты. У першым ад паверхні зямлі безнапорным ваданосным гарызонце залягаюць грунтавыя воды. Непасрэдна над іх свабоднай паверхняй знаходзяцца капілярныя воды. Зона ад паверхні зямлі да люстэрка грунтавых вод, дзе адбываецца прасочванне вады з паверхні, наз. зонай аэрацыі. У зоне аэрацыі над нявытрыманымі слабапранікальнымі праслойкамі ўтвараецца верхаводка. Ніжэй за грунтавыя воды паміж слабапранікальнымі пародамі залягаюць пластавыя воды, якія знаходзяцца пад гідрастатычным ціскам (гл. Артэзіянскія воды), радзей, на асобных участках безнапорныя. Паводле ступені мінералізацыі П.в. падзяляюцца на прэсныя (да 1 г/л), саланаватыя (ад 1 да 10 г/л), салёныя (ад 10 да 35 г/л) і расолы (больш за 35 г/л). У вертыкальным разрэзе прэсныя гідракарбанатна-кальцыевыя воды змяняюцца мінералізаванымі сульфатна-натрыевымі або сульфатна-кальцыевымі, у глыбокіх гарызонтах — высокамінералізаванымі хларыдна-натрыевымі і хларыдна-кальцыевымі, а на вял. глыбіні са значнай колькасцю брому, ёду і інш. мікраэлементаў. П.в. з павышанай канцэнтрацыяй біялагічна актыўных кампанентаў (часам арган. рэчываў) і спецыфічнымі фіз.-хім. ўласцівасцямі (хім. састаў, т-ра, радыеактыўнасць і інш.) наз. мінеральнымі водамі. П.в. шырока выкарыстоўваюцца для розных мэт, з’яўляюцца крыніцай якаснай пітной вады. Агульныя запасы П.в. сушы складаюць 60 млн. км³, але пашыраны яны нераўнамерна. Парадак карыстання П.в. і іх ахова рэгулююцца водным заканадаўствам. Даследуе П.в. гідрагеалогія.

На тэр. Беларусі прэсныя П.в. прымеркаваны да верхняй ч. літасферы (да глыб. 150—450 м). Натуральныя рэсурсы П.в. складаюць 43,5 млн. м³, эксплуатацыйныя каля 50 млн. м³/сут, у т. л. зацверджаныя 6,4 млн. м³/сут (1997). Хім, састаў іх на большай ч. тэр. блізкі да фонавага. Вызначанае пагаршэнне якасці П.в. звязана з гасп. дзейнасцю. Гал. крыніцы забруджвання: населеныя пункты, жывёлагадоўчыя фермы, неэфектыўныя ачышчальныя збудаванні і інш. Назіранні за рэжымам П.в. вядуцца на 216 пастах, іх вынікі аналізуюцца і сістэматызуюцца ў водным кадастры.

Літ.:

Государственный водный кадастр: Водные ресурсы, их использование и качество вод (за 1996 г.). Мн., 1997;

Альтшуль А.Х., Усенко В.С., Чабан М.О. Регулирование запасов подземных вод. М., 1977;

Кудельский А.В., Пашкевич В.И., Ясовеев М.Г. Подземные воды Беларуси. Мн., 1998;

Калинин М.Ю. Подземные воды и устойчивое развитие. Мн., 1998.

В.​С.​Усенка.

т. 11, с. 496

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРАТЭРАЗО́Й (ад грэч. proteros больш ранні + zōē жыццё),

пратэразойская акратэма (акрон), верхняя частка геал. утварэнняў дакембрыю і адпаведны адрэзак часу (акрон) іх фарміравання. Залягаюць на ўтварэннях архею, перакрываюцца адкладамі фанеразою. Пачаўся каля 2,5 млрд. г. назад і закончыўся 570 млн. г. назад. Тэрмін «П.» прапанаваў амер. геолаг Э.​Эманс у 1888. Розныя краіны маюць свае стратыграфічныя схемы П.; у СССР з 1977 (цяпер і ў краінах СНД) падзяляюць П. на ніжні (карэлій) і верхні (рыфей і венд) з мяжой на ўзроўні 1650 ± 50 млн. г.

Да пачатку П. завяршылася кратанізацыя зямной кары. Скучванне яе глыб прывяло да ўтварэння гіганцкага адзінага кантынента Пангея-0 (гл. Пангея). На працягу карэлію развіваліся протагеасінкліналі, якія падзялілі Пангею-0 на вял. колькасць протаплатформ. У канцы карэлію (1,8—1,7 млрд. г. назад) протагеасінкліналі моцна спаялі протаплатформы складкавымі сістэмамі. Утварыўся суперкантынент Пангея-1, які ў познім рыфеі распаўся на суперкантыненты Гандвану і Лаўразію.

Пароды П. разам з архейскімі складаюць фундамент стараж. платформ і выходзяць на паверхню на шчытах (Украінскі, Балтыйскі, Алданскі і інш.) і ў сярэдзінных масівах. Паводле саставу, ступені метамарфізму і характару складкавасці пароды ніжняга П. падобныя на архейскія, пераважна адпавядаюць амфібалітавай і зялёнасланцавай фацыям метамарфізму, у меншай ступені праявіліся гранітызацыя і мігматызацыя; часцей трапляюцца карбанатныя пароды, розныя гнейсы і сланцы. Пароды ніжняга П. прарваны інтрузіямі гранітаў і габроідаў. Для завяршальнага этапу магматызму ў П. на Балтыйскім шчыце і ў фундаменце Рускай пліты характэрны граніты рапаківі, прымеркаваныя да мяжы карэлію і рыфею. Пароды верхняга П. больш блізкія да палеазойскіх і прадстаўлены неметамарфізаванымі і слабаметамарфізаванымі тэрыгеннымі (пясчанікі, кварцыты, кангламераты, гліны, аргіліты), карбанатнымі (вапнякі, мармур) і вулканагеннымі адкладамі. У асадкавых пародах П. пашыраны (пераважна ў верхнім П.) арган. рэшткі — прадукты жыццядзейнасці бактэрый, цыянабактэрый і сіне-зялёных водарасцей (страматаліты, анкаліты, фіталіты). У познім рыфеі прысутнічаюць рэшткі мікрафлоры, у вендзе — мнагаклетачных бесшкілетных жывёлін — чарвей, медузоідаў і інш., што сведчыць пра павелічэнне ў марской вадзе долі свабоднага кіслароду. З адкладамі П. звязаны радовішчы жалеза, марганцу, медзі, нікелю, хрому. кобальту, тытану, урану і інш.

На Беларусі ў крышт. фундаменце адклады П. прадстаўлены гнейсамі, амфібалітамі і сланцамі аколаўскай серыі ў цэнтры краіны (Аколаўская грабен-сінкліналь) і сланцамі і вулканітамі жыткавіцкай серыі ў межах Мікашэвіцка-Жыткавіцкага выступу, іх прарываюць гранітоіды жухавіцкага, бабаўнянскага. жыткавіцкага, а таксама габроіды і дыябазы русінаўскага, нагорнаўскага комплексаў і інш. У аколаўскай серыі выяўлена некалькі калчаданных, жалезных (гл. Аколаўскае радовішча жалезных рудаў) рудапраяўленняў. З пародамі, што перасякаюць жыткавіцкую серыю, звязаны руды рэдкіх металаў.

Літ.:

Семихатов М.А. Стратиграфия и геохронология протерозоя. М., 1974.

І.​В.​Найдзянкоў.

т. 13, с. 27

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРЫБУ́ГСКАЯ РАЎНІ́НА.

На ПдЗ Беларусі, на ПнЗ Брэсцкай і Пд Гродзенскай абласцей, фізіка-геаграфічны раён Заходне-Беларускай правінцыі. Мяжуе з Ваўкавыскім узв. на Пн, Слонімскім узв. і Баранавіцкай раўнінай на ПнУ і У, Загароддзем на ПдУ, Брэсцкім Палессем на Пд; на З заходзіць на тэр. Польшчы (Бельская раўніна). Паводле В.​А.​Дзяменцьева П.р. падзяляецца на Нараўска-Ясельдзінскую і Камянецкую раўніны, паводле іншых даследчыкаў — на Высокаўскую, Пружанскую, Косаўскую раўніны. Пераважныя выш. 175—200 м. Пл. 5,7 тыс. км². Праз паўн. ч. раўніны праходзіць Балтыйска-Чарнаморскі водападзел.

У тэктанічных адносінах П.р. прымеркавана да Падляска-Брэсцкай упадзіны і Палескай седлавіны. Платформавы чахол складзены з парод позняга пратэразою, ардовіку, сілуру; пашыраны адклады юрскай, мелавой, палеагенавай і неагенавай сістэм. Антрапагенавыя адклады (магутнасць 60—80 м, у ледавіковых лагчынах да 160 м) залягаюць на подсцільнай паверхні, расчлянёнай ледавіковымі лагчынамі. У днішчы найб. глыбокай Нараўскай лагчыны даантрапагенавыя пароды ляжаць на глыб. 80 м ніжэй узр. м. У такіх лагчынах захаваліся адклады ніжняга і сярэдняга антрапагену, у т. л. і стараж. нараўская марэна. На П.р. найб. пашыраны адклады дняпроўскага і сожскага зледзяненняў, у паніжэннях значныя тоўшчы паазерскага гарызонту, таксама галацэнавыя алювіяльныя, балотныя, схілавыя і інш. адклады.

Паверхня раўнінная, пласкахвалістая, ускладнена краявымі ледавіковымі ўтварэннямі (грады, увалы) выш. да 10 м. Для паўн. ч. характэрны рэльеф водналедавіковых раўнін, на Пд пашыраны далінныя зандры. Даліны буйных рэк тэрасаваныя, уключаюць пойму, 1-ю і 2-ю надпоймавыя тэрасы. У паўн.-зах. напрамку раўніну перасякае шырокая (да 10 км) лагчына сцёку талых ледавіковых вод (глыбіня ўрэзу да 3—5 м). Карысныя выкапні: гліны легкаплаўкія, мел, пясчана-жвіровы матэрыял, торф. Сярэдняя т-ра студз. -5,1 °C, ліп. 18,3 °C. Ападкаў 572 мм за год. Найб. р. Буг з прытокамі Лясная (утвараецца ад зліцця Правай Лясной і Левай Лясной) і Пульва, Белая (прыток Правай Лясной), Нараў з Нараўкай, Ясельда і канал Вінец. Пераважаюць дзярнова-падзолістыя глебы рознай ступені ападзоленасці ў спалучэнні з дзярнова-падзолістымі забалочанымі. У катлавінах і лагчынах развіты пераважна тарфянабалотныя і дзярнова-глеевыя, па далінах рэк поймавыя дзярновыя забалочаныя глебы. Лясістасць П.р. невысокая (9,7%), за выключэннем паўн. ускраіны, дзе знаходзіцца б.ч. ляснога масіву Белавежская пушча. Захаваліся пераважна хваёвыя лясы, яловыя мяшаныя з дубам, дубровы з дамешкам хвоі, елкі і ясеню. Пашыраны другасныя бародаўчатабярозавыя лясы. У слабасцёкавых паніжэннях чорнаальховыя і пушыстабярозавыя лясы. Пераважаюць нізінныя балоты, часткова асушаныя. Па далінах рэк заліўныя лугі. Пад ворывам ад 50% на Пд да 25% на Пн, пад сенажацямі і пашай — 10—15%. На тэр. раўніны нац. парк Белавежская пушча, гідралаг. заказнік Дзікае.

У.​Я.​Навуменка.

Прыбугская раўніна каля в. Пелішча Камянецкага раёна Брэсцкай вобл.

т. 13, с. 55

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАМА́НАЎ (Еўдакім Раманавіч) (11.9.1855, мяст. Нова-Беліца, цяпер у межах г. Гомель — 20.1.1922),

бел. этнограф, фалькларыст, археолаг, краязнавец, педагог. Правадз. чл. Рус. геагр. т-ва (РГТ, 1886), Маскоўскага т-ва аматараў прыродазнаўства, антрапалогіі і этнаграфіі (1888), Маскоўскага археал. т-ва (1890, чл.-кар. з 1886). Скончыў Гомельскую прагімназію (1870), курсы настаўнікаў рус. мовы і гісторыі (1872). З 1872 працаваў настаўнікам, у 1886—1906 інспектарам нар. вучылішчаў Віцебскай, Гродзенскай і Магілёўскай губ. У 1906—16 чл. Часовай камісіі па ўладкаванні Віленскай публічнай б-кі і музея. У 1897—1903 рэдактар неафіц. аддзела газ. «Могилевские губернские ведомости», у 1900—03 пад яго рэдакцыяй выдадзены 3 вып. «Магілёўскай даўніны». З 1910 заг. секцыі этнаграфіі і археалогіі Паўн.-Зах. аддзялення РГТ. У 1917—22 жыў у г. Стаўрапаль (Расія). Друкаваўся з 1880. Вывучаў матэрыяльную і духоўную культуру беларусаў: жыллё, адзенне, нар. абрады, сямейны побыт, нар. каляндар і медыцыну, вераванні, дзіцячыя гульні. Апублікаваў працы па археалогіі, этнаграфіі, фалькларыстыцы, гісторыі, мова-, літ.- і музеязнаўстве, археаграфіі. Скразной лініяй навук. дзейнасці Р. стала яго думка пра самабытнасць нац. культуры бел. народа. Меркаваў выдаць бел. фалькл.-этнагр. матэрыялы ў 15 кн. Пры яго жыцці выйшла 9 тамоў «Беларускага зборніка» (1886—1912), 10-ы том выпусціў Інбелкульт, падрыхтаваныя 11—14-ы зб-кі матэрыялаў загінулі ў Вял. Айч. вайну, лёс 15-га невядомы. У 1886—94 вёў археал. раскопкі ў Магілёўскай і Віцебскай губ., адкрыў помнік эпіграфікі 12 ст. Барысаў камень (каля в. Высокі Гарадзец Талачынскага р-на). Склаў археал. карты Магілёўскай, Віцебскай і Гродзенскай губ. Сабраў звесткі пра 1 тыс. гарадзішчаў Беларусі, выявіў шмат стаянак першабытнага чалавека, вёў антрапалагічныя даследаванні. Удзельнічаў у рабоце 9-га археал. з’езда ў Вільні (1893). Звяртаў увагу вучоных на вывучэнне геагр. назваў. Вывучаў гарады Полацкай зямлі, у прыватнасці Лукомль, яго манастыр. Выступаў у абарону помнікаў гісторыі і культуры Беларусі. Шмат знаходак перадаў у Магілёўскі, Віцебскі, Віленскі музеі. Працуючы ў музеі ў Вільні, на кожны экспанат даваў падрабязную анатацыю. Сярод прац: «Матэрыялы па этнаграфіі Гродзенскай губерні» (вып. 1—2, 1911—12), «Крыніцы для гісторыі Магілёўскага краю» (вып. 1, 1916). У 1901 апублікаваў (са скарачэннямі) працу А.​Меера «Апісанне Крычаўскага графства 1786 г.». У 1900 выдаў зб. «Тарас на Парнасе» і іншыя беларускія вершы» (у 1902 дап. выданне). Папулярызаваў бел. л-ру, асабліва творы В.​Дуніна-Марцінкевіча, Ф.​Багушэвіча. Дзейнасць Р. адзначана залатым і вял. сярэбраным медалямі, дыпломамі навук. т-ваў.

Тв.:

Материалы по исторической топографии Витебской губернии. Уезд Велижский. Могилев, 1898;

Учебник русской грамматики. 4 изд. Могилев, 1904;

Беларускія народныя казкі: (Са зборнікаў Е.​Р.​Раманава). Мн., 1962.

Літ.:

Бандарчык В.К. Е.​Р.​Раманаў. Мн., 1961.

В.​К.​Бандарчык, Г.​А.​Каханоўскі.

Е.Р.Раманаў.

т. 13, с. 291

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАСО́НСКІ РАЁН.

Размешчаны на Пн Віцебскай вобл. Утвораны 17.7.1924, скасаваны 25.12.1962, адноўлены 6.1.1965. Пл. 1,9 тыс. км². Нас. 14,9 тыс. чал. (2000), гарадскога 36,2%. Сярэдняя шчыльн. 8 чал. на 1 км². Цэнтр — г.п. Расоны. Уключае 142 сельскія населеныя пункты, 10 сельсаветаў: Альбрэхтаўскі, Гарбачэўскі, Дварышчанскі, Заборскі, Клясціцкі, Краснапольскі, Марачкоўскі, Сакалішчанскі, Юхавіцкі, Янкавіцкі.

Тэр. раёна (б.ч.) у межах Полацкай нізіны, на У Нешчардаўскае ўзвышша. Паверхня пераважна плоская, забалочаная, з асобнымі ўчасткамі марэнных град, 50% яе на выш. да 125 м, 45% — 125—170 м. Найвыш. пункт 224 м (на З ад в. Забор’е). Нахіл паверхні з ПнУ на ПдЗ. Карысныя выкапні: торф, пяскі, гліны і суглінкі, пясчана-жвіровы матэрыял. Сярэдняя т-ра студз. -7,5 °C, ліп. 17,4 °C. Ападкаў 583 мм за год. Вегетац. перыяд 182 сут. Найб. р. Дрыса з прытокамі Свольна, Нішча, Нешчарда. Шмат азёр (27 рыбапрамысловых); найб. Нешчарда, Усвечча, Валоба, Сіньша, Расона, Дрысы, Межава, Межна, Шэвіна, Белае. Вадасховішча Клясціцкае на р. Нішча. Пераважаюць глебы с.-г. угоддзяў (%): дзярнова-падзолістыя (55,4), дзярнова-падзолістыя забалочаныя (19,6), дзярновыя і дзярнова-карбанатныя забалочаныя (11,8), тарфянабалотныя (10,9). Пад лесам 71% тэрыторыі. Лясы пераважна хваёвыя, бярозавыя, яловыя, альховыя. Пад балотамі 49% тэр. раёна. Найб. балотныя масівы: Заборскі Мох, Юхавіцкі Мох, Расонскі Мох, Межна. На тэр. раёна заказнікі рэсп. значэння: ландшафтныя — Сіньша, Чырвоны Бор (часткова), біял. — Фаміно. Ахоўныя тарфянікі: Вусце, Глаты, Круча Ждань.

Агульная пл. с.-г. угоддзяў 32,4 тыс. га, з іх асушаных 11,5 тыс. га. На 1.1.2001 у раёне 6 калгасаў, 8 саўгасаў, 14 фермерскіх гаспадарак. Сельская гаспадарка спецыялізуецца на мяса-малочнай жывёлагадоўлі, вырошчванні збожжа, лёну, бульбы, кармавых культур. Прадпрыемствы буд. матэрыялаў (цэгла), дрэваапр. (піламатэрыялы, драўняны вугаль), харч. (цэльнамалочныя вырабы, казеін і інш.), кааператыўнай прам-сці, лясгас. Па тэр. раёна праходзяць аўтадарогі: Полацк—Апочка (Расія), Дзісна—Невель (Расія), Полацк—Расоны і інш. У раёне 7 сярэдніх школ-садкоў, 6 базавых (у т. л. 5 школ-садкоў), 2 пач. (у т. л. 1 школа-садок), 2 дзіцяча-юнацкія спарт., 2 муз. школы і школа мастацтваў, цэнтр пазашкольнай працы, 4 дашкольныя ўстановы, 19 клубаў, 21 б-ка, 3 бальніцы, паліклініка, амбулаторыя, 11 фельч.-ак. пунктаў. Музей баявой садружнасці ў г.п. Расоны. Помнікі архітэктуры: паркі каля в. Двор Чарэпіта (пач. 20 ст.) і ў в. Казімірава (2-я пал. 19 ст.) Гіст. помнікі: замчышча «Сокал» ва ўрочышчы Сокал, за 1,5 км ад в. Кульнёва пры зліцці рэк Дрыса і Нішча; мемарыяльны комплекс героям вайны 1812 і Вял. Айч. вайны 1941—45 г. (1991) у в. Клясціцы. Выдаецца газ. «Голас Расоншчыны».

А.​І.​Герасімаў, Г.​С.​Смалякоў.

т. 13, с. 358

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

САРА́ТАЎСКАЯ ВО́БЛАСЦЬ Размешчана на ПдУ еўрап. ч. Расійскай Федэрацыі, у Ніжнім Паволжы. Утворана 10.1.1934. Пл. 100,2 тыс. км². Нас. 2907 тыс. чал. (2000), гарадскога 73%. Цэнтр — г. Саратаў. Найб. гарады: Балакова, Энгельс, Балашоў, Вольск.

Вобласць падзяляецца р. Волга на 2 часткі: зах. (правабярэжную) і ўсх. (левабярэжную, Заволжа). Б.ч. правабярэжжа займае Прыволжскае ўзв. (выш. да 370 м), на З — Окска-Данская раўніна. Левабярэжная частка раўнінная, з У і ПнУ абмежавана адгор’ямі Агульнага і Каменнага Сырта. На ПдУ — ч. Прыкаспійскай нізіны. Паверхня моцна парэзана ярамі. Карысныя выкапні: прыродны газ, нафта, гаручыя сланцы, калійна-магнезіяльныя солі, фасфарыты, сыравіна для буд. матэрыялаў. Клімат кантынентальны, засушлівы. Сярэдняя т-ра студз. -12 °C, ліп. 21,7 °C. Ападкаў за год ад 250 мм на ПдУ да 450 мм на Пн. Гал. р. Волга (у межах вобласці 420 км) з прытокамі Церашка (справа), Вял. і Малы Іргіз (злева); найб. прытокі р. Дон — Хапёр і Мядзведзіца, рэкі Вял. і Малы Узень у Заволжы. Валгаградскае і Саратаўскае вадасховішчы. Саратаўскі і Ерусланскі абвадняльныя каналы. Каля 80% тэр. вобласці ў стэпавай зоне з чарназёмнымі глебамі, у Заволжы пашыраны каштанавыя і светла-каштанавыя глебы. Лясістасць 5,5% (вяз, дуб, бяроза). Хвалынскі нац. парк.

Асн. галіна эканомікі — прамысловасць, дзе вылучаюцца машынабудаванне і металаапрацоўка (20,1% кошту прадукцыі, 1999). Вытв-сць самалётаў, тралейбусаў, станкоў, электрарухавікоў, акумулятараў, прылад, падшыпнікаў, дызеляў, аўтатрансп. прычэпаў, запчастак для аўтамабіляў, халадзільнікаў і маразільнікаў; аўтарамонт. Паліўна-энергет. комплекс (29%) прадстаўлены здабычай прыроднага газу (367 млн м³), нафты і кандэнсату (1,5 млн. т), вытв-сцю электраэнергіі (31,1 млрд. кВт∙гадз, 1999). Саратаўская ГЭС, Балакоўская АЭС. Развіта хім. і нафтахім. (штучнае і сінт. валакно, мінер. ўгнаенні, серная к-та, гумава-тэхн. вырабы), буд. матэрыялаў (цэмент, шыфер, вапна, мел, тэхн. шкло, цэгла і інш.), дрэваапр., лёгкая (трыкат., абутковая, швейная, вытв-сць шаўковых і баваўняных тканін), харч. прам-сць. Сельская гаспадарка спецыялізуецца на мяса-малочнай жывёлагадоўлі, птушкагадоўлі, вырошчванні збожжа. У структуры сельскай гаспадаркі 81 % прыпадае на прадукцыю жывёлагадоўлі. Пасяўныя пл. займаюць 4,4 млн. га, у т. л. пад збожжавымі культурамі 72% (пшаніца азімая і яравая, ячмень, проса, жыта), тэхн. 9,4% (сланечнік, цукр. буракі), кармавымі 17,3%. Вырошчваюць бульбу і агародніну. Гадуюць буйн. раг. жывёлу, свіней, авечак і коз, птушак. Даўж. чыгунак 2312 км; асн. чыгункі Масква—Саратаў—Арэнбург, Валгаград—Казань. Даўж. аўтадарог з цвёрдым пакрыццём 9828 км (Саратаў—Варонеж, Саратаў—Пенза і інш.). Суднаходства па Волзе і Вял. Іргізе. Парты: Саратаў, Энгельс, Вольск, Балакова. Буйн. газаправоды: Саратаў—Масква, Саратаў—Пенза—Ніжні Ноўгарад—Чарапавец, Сярэдняя Азія—Цэнтр. Курорт імя В.​І.​Чапаева.

П.​І.​Рогач.

т. 14, с. 177

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)