РАЁННЫ СУД,
асноўнае звяно сістэмы агульных судоў у Рэспубліцы Беларусь. Уведзены Законам «Аб судаўладкаванні і статусе суддзяў у Рэспубліцы Беларусь» ад 14.2.1995. Утвараецца ў раёне, горадзе абл. падпарадкавання, які не мае раённага падзелу, раёне ў горадзе. Складаецца са старшыні суда, суддзяў і суддзяў па адм. справах і выканаўчых вядзеннях. Пры наяўнасці 5 і больш суддзяў уводзіцца і пасада намесніка старшыні гэтага суда. Колькасць суддзяў для кожнага Р.с. ўстанаўліваецца Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь па сумесным прадстаўленні міністра юстыцыі і старшыні Вярх. Суда Рэспублікі Беларусь. Р.с. разглядае ўсе цывільныя, крымінальныя і адм. справы, за выключэннем спраў, што аднесены заканадаўствам да кампетэнцыі інш. судоў. У выпадках, прадугледжаных заканад. актамі рэспублікі, Р.с. разглядае матэрыялы аб выкананні рашэнняў, прыгавораў, пастаноў і вызначэнняў, вывучае і абагульняе суд. практыку, а таксама ажыццяўляе інш. паўнамоцтвы ў адпаведнасці з заканад. актамі. Старшыня Р.с. назначаецца Прэзідэнтам рэспублікі па сумесным прадстаўленні міністра юстыцыі і старшыні Вярх. Суда тэрмінам на 7 гадоў. Правы і абавязкі старшыні Р.с. і яго намесніка вызначаны заканадаўствам. Да ўтварэння Р.с. яго функцыі ў 1917—94 выконвалі нар. суды.
Э.І.Кузьмянкова.
т. 13, с. 247
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РЫ́КАЎ Аляксей Іванавіч (25.2.1881, г. Саратаў, паводле інш. звестак слабада Кукарка, цяпер у межах г. Савецк Кіраўскай вобл., Расія — 15.3.1938),
савецкі дзярж. і паліт. дзеяч. Скончыў гімназію ў Саратаве (1900). Чл. РСДРП з 1898, бальшавік з 1903; чл. ЦК (1905—07, 1917—18 і 1920—34, канд. у 1907—12, 1934—37) і Палітбюро ЦК (1922—30) партыі. Удзельнік рэвалюцый 1905—07 і Кастр. 1917. З ліст. 1917 нарком унутр. спраў. У 1918—21 і 1923—24 старшыня ВСНГ, адначасова з 1921 нам. старшыні СНК і Савета працы і абароны РСФСР. Старшыня СНК СССР (1924—30) і РСФСР (1924—29). Адначасова ў 1926—30 старшыня Савета працы і абароны. У канцы 1920-х г. разам з М.Л.Бухарыным выступіў супраць выкарыстання надзвычайных мер пры калектывізацыі і індустрыялізацыі, за што абвінавачаны ў «правым ухіле», выведзены з Палітбюро і зняты з пасады старшыні СНК. У 1931—36 нарком пошт і тэлеграфаў, нарком сувязі СССР. 27.2.1937 арыштаваны і на працэсе т.зв. «Праватрацкісцкага блоку» (сак. 1938) асуджаны на смяротнае пакаранне. Рэабілітаваны пасмяротна 4.2.1988.
Літ.:
Шелестов Д.К. Время Алексея Рыкова. М., 1990.
т. 13, с. 496
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СЛАІ́СТАСЦЬ горных парод,
будова горных парод у выглядзе налягання аднаго на другі слаёў або пластоў. Уласціва большасці асадкавых і вулканагенна-асадкавых парод, метамарфічным і магматычным утварэнням. Адрозніваюць С. асадкавых тоўшчаў, унутры слоя (слойчатасць), магматычную першасную і рэліктавую метамарфічных тоўшчаў. С. асадкавых тоўшчаў узнікае пры зменах гідрадынамічных і фіз.-хім.умоў асадканамнажэння пад уздзеяннем тэктанічных і кліматычных фактараў, можа ўзнікаць у выніку працэсаў дыягенезу і катагенезу. Утвараецца з гарыз. ці слабанахіленых слаёў парод, якія фарміруюць С. раўнамерную і нераўнамерную, тонкую, дробную, буйную і вельмі буйную. С. унутры слоя (слойчатасць) фарміруецца з тонкіх слайкоў, якія групуюцца ў серыі або пачкі; падзяляецца на гарызантальную, косую, хвалістую і інш. Вылучаюць генетычныя тыпы С.: рачны (рэчышчаў, поймаў, пляжаў), азёрны, азёрна-ледавіковы, часовых вадацёкаў, эолавы, зоны марскіх хваляванняў, цячэнняў і спакойнай седыментацыі. С. магматычная першасная ўласціва інтрузіям, якія крышталізаваліся ў спакойным тэктанічным становішчы і абумоўлена крышталізацыйнай дыферэнцыяцыяй магмы. С. рэшткавая метамарфічных тоўшчаў захоўваецца пры метамарфізацыі слаістых асадкавых і магматычных утварэнняў. С. улічваецца пры рэканструкцыі палеагеаграфічных умоў, стратыграфічным расчляненні, высвятленні ўмоў крышталізацыі інтрузій, пры пошуках карысных выкапняў.
В.І.Ярцаў.
т. 14, с. 505
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СТАМАТАЛО́ГІЯ [ад грэч. stoma (stomatos) рот + ...логія],
галіна клінічнай медыцыны, якая вывучае этыялогію, патагенез хвароб і пашкоджанняў зубоў, слізістай абалонкі рота, сківіц і інш. органаў поласці рота і сківічна-тваравай вобласці; распрацоўвае метады іх дыягностыкі, лячэння і прафілактыкі.
Як самаст. навука ўзнікла ў 1-й чвэрці 20 ст. ад спалучэння аданталогіі і сківічна-тваравай хірургіі. Падзяляецца на тэрапеўт., хірург., артапедычную, С. дзіцячага ўзросту, артадантыю. Тэрапеўт. С. вывучае і лечыць хваробы зубоў, калязубных тканак, слізістай абалонкі рота, распрацоўвае метады неаперацыйнай тэрапіі і прафілактыкі. Хірург. С. ўключае хірургію зубоў, лячэнне запаленчых захворванняў поласці рота, сківічна-тваравай вобласці, пухлін поласці рота і сківіц, пластычную, рэканструкцыйную і эстэт. хірургію, імпланталогію. Артапедычная С. займаецца пратэзаваннем поласці рота. С. дзіцячага ўзросту таксама падзяляецца на тэрапеўт., хірург. і артадантыю, вывучае асаблівасці фарміравання і развіцця органаў і тканак сківічна-тваравай вобласці.
На Беларусі пытаннямі С. займаюцца аддзяленні сківічна-тваравай хірургіі ў Мінскім, Віцебскім мед. ун-тах, Бел. МАПА. Вядучыя спецыялісты П.А.Леус, А.С.Арцюшкевіч і інш.
М.Ф.Адашчык, А.С.Арцюшкевіч, Р.М.Руман.
т. 15, с. 142
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СТАРАЖЫ́ТНЫ СВЕТ,
прынятае ў гістарыяграфіі абазначэнне першага і найб. працяглага перыяду ў гісторыі чалавецтва ад пачатку фарміравання грамадства (800—100 тыс. да н.э.) да пачатку сярэдневякоўя (першыя ст. н.э.). Ахоплівае 2 перыяды: першабытнага грамадства і стараж. дзяржаў (Стараж. Усход і антычнасць). У сучаснай гіст. навуцы ў больш вузкім сэнсе С.с. — стараж. цывілізацыі. Навука, якая вывучае С.с., — стараж. гісторыя, а таксама спец. гіст. дысцыпліны; гісторыя Стараж. Грэцыі, гісторыя Стараж. Рыма, асірыялогія, егіпталогія, індалогія, іраністыка, семіталогія, сіналогія, усходазнаўства, хеталогія і інш. У часы антычнасці пад старажытнасцю разумелі паданні і міфы пра подзвігі багоў і герояў. У сярэдневякоўі ў развіцці чалавецтва вылучалі 2 эпохі — язычніцтва і хрысціянства. Паняцце стараж. гісторыі з’явілася і пачало набываць сучасны змест у эпохі Адраджэння і Асветніцтва. У 18—19 ст. С.с. вывучаўся гал. чынам праз творы ант. аўтараў. З 2-й пал. 19 ст. новыя звесткі пачалі прыносіць археал., этнаграфічныя і інш. даследаванні. Сучасная гісторыя С.с. вылучае 2 гал. групы цывілізацый — Усходу і Захаду і вывучае іх механізм і развіццё.
А.Г.Зельскі.
т. 15, с. 157
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СТА́ТУС САЦЫЯ́ЛЬНЫ,
суадноснае становішча (пазіцыя) індывіда або групы ў сац. сістэме, якое вызначаецца па шэрагу эканам., прафес., этн. і інш. спецыфічных для дадзенай сістэмы адзнак (пол, узрост, прафесія, адукацыя, даход і інш.). Упершыню паняцце «С.с.» выкарыстаў у канцы 19 ст. англ. гісторык Г.Мэн. К.Маркс і Ф.Энгельс лічылі, што аб’ектыўнай асновай становішча індывідаў у грамадстве з’яўляецца грамадская практыка, іх сумесная дзейнасць, якая набывае ў ходзе развіцця асаблівыя гіст. формы. М.Вебер сцвярджаў, што стратыфікацыя грамадства і становішча індывіда ў ім вызначаюцца не толькі эканам. кампанентамі (доступ да сродкаў вытв-сці, грамадскіх багаццяў), але і сац. ролямі і пазіцыямі. Кожны індывід мае некалькі статусных характарыстык Вылучаецца гал. статус, які і вызначае становішча асобы ў грамадстве. У залежнасці ад таго, якую пазіцыю займае чалавек у грамадстве дзякуючы спадчынным адзнакам (сац. паходжанне, раса, нацыянальнасць і інш.) або асабістым намаганням (адукацыя, кваліфікацыя і г.д.), адрозніваюць прыродны і дасягальны С.с. Суадносіны іх у сац. структуры грамадства з’яўляюцца паказчыкамі характару эканам. і паліт. улады, якая і вызначае адпаведную структуру С.с.
І.В.Катляроў.
т. 15, с. 169
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СУПЯРЭ́ЧНАСЦЬ ДЫЯЛЕКТЫ́ЧНАЯ,
узаемадзеянне супрацьлеглых бакоў і тэндэнцый, якія знаходзяцца ў стане ўнутранага адзінства, узаемапранікнення і складаюць крыніцу самаруху і развіцця аб’ектыўнага свету, а таксама працэсу пазнання. С.д. займае цэнтр. месца ў дыялектыцы, у прыватнасці ў дыялектычным матэрыялізме, і характарызуе змест закону адзінства і барацьбы процілегласцяў. Прызнанне С.д. у якасці ўнутр. зместу ўсіх прадметаў і з’яў, асн. перадумовай іх руху і развіцця адрознівае дыялектыку ад метафізікі, дзе крыніцай руху лічыцца знешняе ўздзеянне. Завершаны цыкл развіцця С.д. уключае некалькі этапаў: адрозненне, палярызацыя, сутыкненне, антаганізм; адзінства супрацьлеглых бакоў пераходзіць у іх барацьбу, а ў канчатковым выніку — да вырашэння С.д. Развіццё С.д. акрэслівае паслядоўныя этапы ў развіцці прадмета ці з’явы, якое прыводзіць да іх пераходу ў новую якасць з новымі, пакуль скрытымі С.д. Існуюць разнастайныя формы С.д.: унутр. і вонкавыя, істотныя і неістотныя, антаганістычныя і неантаганістычныя. Працэс пазнання адбываецца праз пошук, вывучэнне і вырашэнне С.д., што суправаджаецца С.д. у развіцці думкі: барацьбой ідэй, тэорый і навук. школ. С.д. нельга атаясамліваць з т.зв. «лагічнай» супярэчнасцю, якая характарызуе непаслядоўнасць мыслення.
В.І.Боўш.
т. 15, с. 277
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ТЭА́ТР АБСУ́РДУ,
адно з праяўленняў авангардызму ў зах. л-ры і т-ры 1950—60-х г. Заснавальнікі — С.Бекет і Э.І.Іанеска (гл. таксама Абсурду драма). Паняцце «абсурд» прыйшло з філасофіі экзістэнцыялізму і асэнсоўвалася як нешта ірацыянальнае, пазбаўленае сэнсу і лагічнай сувязі з тэкстам або сцэн, увасабленнем. Элементы Т.а. прасочваюцца ў тэатр. формах і традыцыях задоўга да ўзнікнення абсурду 1950-х г. (фарс, гратэскныя інтэрмедыі У.Шэкспіра і т-ра рамантызму, камедыя дэль артэ і інш.). Эстэтычна абапіраецца на прынцыповы разрыў з мінулай традыцыяй — «антытэатр», які ўзнік як антытэзіс класіцысцкай драматургіі, эпічнай сістэме Б.Брэхта і рэалізму нар. т-ра і змяшчаў пафас пратэсту супраць мяшчанскай рэчаіснасці і маралі. Абсурд існуе ў некалькіх праяўленнях: нігілістычны — тэкст не нясе ніякай інфармацыі (Іанеска, В.Хільдэсхаймер); сатыр., асн. прыём якога — гратэск, пародыя (Ф.Дзюрэнмат, Г.Грас); як структурны прынцып адлюстравання сусветнага хаосу, негарманічнага вобраза чалавецтва (Бекет, А.Адамаў). Атрымаў развіццё таксама ў творчасці драматургаў-абсурдыстаў В.Гавела, С.Мрожака, Ж.Жэнэ, Х.Пінтэра і інш. Уплывае на стыль сучасных твораў і пастановак.
т. 16, с. 93
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«У ДАПАМО́ГУ ПЕДАГО́ГУ»,
серыя навукова-метадычных часопісаў для настаўнікаў, выкладчыкаў, выхавальнікаў і кіраўнікоў устаноў адукацыі. Засн. ў 1995 у Мінску рэдакцыяй час. «Адукацыя і выхаванне», якая была і выдаўцом. З 2001 выходзіць у выд-ве «Адукацыя і выхаванне». У серыі 22 час., якія выдаюцца на бел. і рус. мовах, у час. «Замежныя мовы ў Рэспубліцы Беларусь» друкуюцца арт. яшчэ і на англ., ням., франц., ісп. і інш. мовах. Часопісы «Біялогія: праблемы выкладання», «Геаграфія: праблемы выкладання», «Мастацкая адукацыя і культура», «Матэматыка: праблемы выкладання», «Музычнае і тэатральнае мастацтва: праблемы выкладання», «Псіхалогія», «Тэхналагічная адукацыя», «Фізічная культура і здароўе», «Чалавек. Грамадства. Свет» і інш. выходзяць штоквартальна; «Беларуская мова і літаратура», «Гісторыя: праблемы выкладання», «Дэфекталогія», «Кіраванне ў адукацыі», «Пачатковае навучанне: сям’я, дзіцячыя сад, школа», «Праблемы выхавання», «Сацыяльна-педагагічная работа», «Фізіка: праблемы выкладання», «Хімія: праблемы выкладання» — 1 раз у 2 месяцы; «Здаровы лад жыцця», «Русский язык и литература», «Пазашкольнае выхаванне» — штомесяц. У час. друкуюцца матэрыялы па праблемах навучання, выхавання, укаранення новых пед. тэхналогій, а таксама нарматыўна-метадычныя і дыдактычныя матэрыялы ў сувязі з рэфармаваннем сістэмы адукацыі.
У.П.Пархоменка.
т. 16, с. 152
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
УНУ́ТРАНАЯ ЭНЕ́РГІЯ,
частка энергіі фіз. сістэмы, што залежыць толькі ад яе ўнутранага стану. Складаецца з кінетычнай энергіі (энергіі цеплавога руху) часціц сістэмы (малекул, атамаў, электронаў, атамных ядраў і інш.), энергіі іх узаемадзеяння паміж сабой, а таксама энергіі электронных абалонак атамаў і іонаў, унутранай ядз. энергіі і інш. Ва У.э. не ўключаецца энергія мех. руху цела як цэлага і патэнцыяльная энергія яго ўзаемадзеяння з гравітацыйным, магн. і эл. палямі.
У.э. з’яўляецца адназначнай функцыяй параметраў стану сістэмы, а яе змена U пры пераходзе сістэмы са стану 1 у стан 2 не залежыць ад віду працэсу, пры якім адбываецца гэты пераход, і вызначаецца толькі значэннямі У.э., U1 і U2 у 1 і 2 станах сістэмы адпаведна ΔU = U2 − U1 Для ідэальнага аднаатамнага газу ΔU = 3/2 νRΔT, дзе ν — колькасць рэчыва, R — універсальная газавая пастаянная, ΔT = T2 − T1, T1 і T2 — абс. т-ра газу ў 1 і 2 станах адпаведна. У рэальных газах, вадкасцях і цвёрдых целах У.э. залежыць ад т-ры і ад ціску (аб’ёму). Гл. таксама Патэнцыялы тэрмадынамічныя, Першы закон тэрмадынамікі.
А.І.Болсун.
т. 16, с. 239
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)