РЫ́КАЎ (Аляксей Іванавіч) (25.2.1881, г. Саратаў, паводле інш. звестак слабада Кукарка, цяпер у межах г. Савецк Кіраўскай вобл., Расія — 15.3.1938),

савецкі дзярж. і паліт. дзеяч. Скончыў гімназію ў Саратаве (1900). Чл. РСДРП з 1898, бальшавік з 1903; чл. ЦК (1905—07, 1917—18 і 1920—34, канд. у 1907—12, 1934—37) і Палітбюро ЦК (1922—30) партыі. Удзельнік рэвалюцый 1905—07 і Кастр. 1917. З ліст. 1917 нарком унутр. спраў. У 1918—21 і 1923—24 старшыня ВСНГ, адначасова з 1921 нам. старшыні СНК і Савета працы і абароны РСФСР. Старшыня СНК СССР (1924—30) і РСФСР (1924—29). Адначасова ў 1926—30 старшыня Савета працы і абароны. У канцы 1920-х г. разам з М.Л.Бухарыным выступіў супраць выкарыстання надзвычайных мер пры калектывізацыі і індустрыялізацыі, за што абвінавачаны ў «правым ухіле», выведзены з Палітбюро і зняты з пасады старшыні СНК. У 1931—36 нарком пошт і тэлеграфаў, нарком сувязі СССР. 27.2.1937 арыштаваны і на працэсе т.зв. «Праватрацкісцкага блоку» (сак. 1938) асуджаны на смяротнае пакаранне. Рэабілітаваны пасмяротна 4.2.1988.

Літ.:

Шелестов Д.К. Время Алексея Рыкова. М., 1990.

т. 13, с. 496

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)