ТЭРМАРЭГУЛЯ́ЦЫЯ (ад тэрма... +лац. regulo упарадкоўваю, рэгулюю),
фізіялагічная функцыя, што забяспечвае падтрыманне аптымальнай для дадзенага віду т-ры глыбокіх абласцей цела ва ўмовах тэмпературных змен навакольнага асяроддзя. Здольнасць да Т. ў значнай ступені вызначае межы рассялення і выжывання жывёл у розных кліматычных умовах і з’яўляецца адным з найважнейшых механізмаў іх гамеастазу. Пайкілатэрмным жывёлам уласціва пераважна паводзінская форма Т., або Т., якая ажыццяўляецца зменай стану (спячка, здранцвенне, змена сутачнай актыўнасці і інш.). Многія з іх здольныя кантраляваць і мяняць т-ру цела пры пастаянных умовах. Напр., за кошт задышкі некат. яшчаркі і кракадзілы доўгі час захоўваюць т-ру цела, на 2—5 °C ніжэйшую за т-ру навакольнага асяроддзя. Грамадскія насякомыя эфектыўна выкарыстоўваюць метабалічнае цяпло для падтрымання ўласнай т-ры цела і т-ры ўсяго гнязда (групавая Т.). Гамаятэрмныя жывёлы і чалавек маюць больш высокі ўзровень энергаабмену (тахіметабалізм) і разам з паводзінскай Т. выкарыстоўваюць механізм рэгуляцыі ўзроўню цеплапрадукцыі (хім. Т.) і цеплааддачы (фіз. Т.). Гэтыя працэсы кантралююцца цэнтрам Т., які з’яўляецца часткай сістэмы цэнтраў гіпаталамуса, што каардынуе вегетатыўныя, эмацыянальныя і адаптыўныя паводзіны. Цэнтр Т. ўспрымае сігналы тэрмарэцэптараў скуры, падскурных тканак, тэрмаадчувальных нейронаў гіпаталамуса і ажыццяўляе карэкцыю т-ры цела. Раздражненне перыферычных халадовых тэрмарэцэптараў суправаджаецца павелічэннем цеплапрадукцыі пераважна за кошт інтэнсіфікацыі абмену рэчываў, паяўлення халадовых дрыжыкаў і памяншэння цеплааддачы шляхам звужэння скурных і падскурных крывяносных сасудаў. Актываванне тэрмаадчувальных нейронаў гіпаталамуса пры пераграванні арганізма прыводзіць да памяншэння цеплапрадукцыі праз прыгнечанне мышачнага тонусу і да павелічэння цеплааддачы праз расшырэнне перыферычных крывяносных сасудаў і павелічэнне потавыдзялення (або цеплавой задышкі ў жывёл, якія не пацеюць. У гіпаталамічнай Т. ўдзельнічаюць залозы ўнутр. сакрэцыі, пераважна шчытападобная залоза і наднырачнікі. Працэсы Т. кантралююцца карой вял. паўшар’яў, што дазваляе арганізму на аснове агульнай тэмпературнай адчувальнасці выбраць пэўную паводзінскую рэакцыю (напр., актыўнае пазбяганне высокай ці нізкай т-ры, будаванне прыстанішча).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АНТРАПАСАЦЫЯЛО́ГІЯ,
1) вучэнне, паводле якога развіццё грамадства зводзіцца да канкурэнцыі расавых тыпаў; адна з антыгуманных біялагізатарскіх канцэпцый у антрапалогіі. Створана ў канцы 19 ст.франц. вучоным Ж.В. дэ Лапужам і ням. О.Аманам, якія спрабавалі даказаць, што псіхічныя асаблівасці брахікефалаў (кароткагаловых) больш нізкія ў параўнанні з доліхакефаламі (доўгагаловымі). Прадстаўнікі антрапасацыялогіі лічаць, што вышэйшыя псіхічныя якасці ўласцівыя толькі т.зв. арыйскаму — доўгагаловаму светлавалосаму тыпу, пашыранаму ў Паўн. і Цэнтр. Еўропе. Адкрыты Ч.Дарвінам прынцып барацьбы за існаванне паміж біял. відамі яны пераносілі на гісторыю чалавецтва, якую разглядалі як барацьбу асобных рас. Сцвярджэнне, што гісторыя чалавецтва падпарадкоўваецца не сацыяльным, а біял. законам, паўтарае і амер. вучоны, стваральнік сацыябіялогіі Э.Уілсан, які лічыць, што гуманітарныя і сац. навукі можна разглядаць як спецыялізаваныя раздзелы біялогіі.
2) Адзін з кірункаў у сацыялогіі. Узнікла ў канцы 19 — пач. 20 ст. на аснове тэорыі аб арыйцах як вышэйшай расе. Найб. развіццё атрымала ў Германіі. Новыя сацыялагічныя факты разглядае з пункту погляду антрапал. вучэння пра чалавека, яго цялесную арганізацыю і абумоўленыя антрапаметрыяй псіхічны стан, пачуцці, мысленне, волю, памяць, іх змены пад уздзеяннем культуры, індустр. тэхналогіі і ўласнай культуратворнай дзейнасці чалавека. Агульнатэарэт. пачатак антрапасацыялогіі — гэта фіксацыя адрознення чалавека ад жывёл. Неразвітасць у чалавека прыродных сродкаў самазабеспячэння стала ў прадстаўнікоў антрапасацыялогіі вядучым метадалаг. прынцыпам аналізу грамадскага жыцця. Сваю «недастатковасць» чалавек кампенсуе культурай, а адсутнасць прыроджаных генет. праграм паводзін папаўняе праграмамі сац. наследавання. Культура, паводле антрапасацыялогіі, гэта біялагічна неабходны працэс ператварэння знешняй прыроды ў жыццёвае асяроддзе. «Акультураная» прырода ўключае прылады працы, тэхніку, тэхналогію, сродкі камунікацыі і «сац. парадкі» (грамадскія ін-ты). Праблемамі антрапасацыялогіі з’яўляюцца таксама антрапал. змены сучаснага чалавека, што прынеслі з сабой тэхнізацыя, індустр. грамадства, навук.-тэхн.прагрэс.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЕРХАЯ́НСКІ ХРЫБЕ́Т,
горная краіна на ПнУ Сібіры, у Рэспубліцы Саха (Якуція), у Расіі. З’яўляецца водападзелам басейнаў рэк Лена і Алдан, Амалой, Яна. Даўж. каля 1200 км ад дэльты Лены дар. Тампо (правы прыток Алдана). Утварае выпуклую на ПдЗ дугу шыр. ад 100 да 250 км. Складаецца са шматлікіх масіваў і хрыбтоў з высакагорным (Арулган) і згладжаным сярэднягорным (Хараўлахскі, Кулар) рэльефам і ўпадзін, што іх падзяляюць. Вышыні ад 700 да 900 м на Пн і Пд у сярэдняй ч. павялічваюцца да 2389 м. Верхаянскі хрыбет — антыклінорый, складзены з алеўралітаў, пясчанікаў, сланцаў, радзей вапнякоў. Месцамі асадкавыя пароды прарваны дайкамі дыябазаў і гранітнымі інтрузіямі. Давыш. 800—1200 м лістоўнічныя рэдкалессі, вышэй — хмызняковая вольха і кедравы сланік; на вяршынях высакагорных хрыбтоў халодная арктычная пустыня. Усюды пашырана шматгадовая мерзлата. Радовішчы золата, алавяных руд.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КВАЗІАЛФАВІ́ТНАЕ ПІСЬМО́, кансанантнае пісьмо,
складовае пісьмо, кожны знак якога выражае адзін пэўны зычны гук з адвольным ці нулявым галосным. Вынайдзена ў 2-м тыс.дан.э.зах. семітамі на аснове стараж. пісьменнасцей Міжземнамор’я (егіп., крыта-мікенскай, лувійскай іерагліфічнай) і, магчыма, на аснове протабіблскага складовага пісьма. Вядома з канца 2-га — сярэдзіны 1-га тыс.дан.э. (клінападобнае угарыцкае пісьмо, лінейныя сінайскае пісьмо, фінікійскае пісьмо, паўд.-аравійскае і інш. аравійскія віды пісьма). З усіх пісьменнасцей К.п. найб. эканомнае па колькасці знакаў (літар), што выкарыстоўваюцца ў ім, і па хуткасці вывучэння. Але тэксты, напісаныя К.п., цяжка было прачытаць адназначна, асабліва да ўвядзення словападзелу. Пазней К.п. паступова ўдасканалена. Было запазычана народамі М. Азіі (1-е тыс.дан.э.), грэкамі (9—8 ст.дан.э.), якія пераўтварылі яго ў алфавіт.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЕРШАБЫ́ТНЫ БЫК, тур (Bos primigenius),
вымерлая млекакормячая жывёла сям. пустарогіх атр. парнакапытных; продак еўрап. свойскай буйн. раг. жывёлы. Быў пашыраны ў лесастэпах і стэпах Усх. паўшар’я ў 2-й пал. антрапагенавага перыяду. На Беларусі трапляўся дапач. 17 ст. ў Белавежскай пушчы, лясах Панямоння і Прыбужжа. Апошні тур (самка) у прыродных умовах забіты ў Польшчы ў 1627, на тэр.Зах. Сібіры дажыў да 18 ст.
Выш. ў карку да 2 м, маса да 1,5 т. Падобны да сучасных свойскіх быкоў, за выключэннем пераважна чорнай афарбоўкі цела і белай паласы ўздоўж спіны. У канцы антрапагену П.б. распаліся на буйную і дробную расы. Лічыцца, што буйная засталася ў дзікім стане (была аб’ектам палявання), а дробная прыручана ў Грэцыі каля 4 тыс.г. назад.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
УСТАНО́ЎКА,
стан гатоўнасці, схільнасці суб’екта да пэўнай актыўнасці ў адносінах да пэўнага аб’екта. Паняцце «У.» ўведзена ў ням.эксперым. псіхалогіі ў канцы 19 ст. (Г.Мюлер, Т.Шуман). Агульнапсіхал. тэорыю У. распрацаваў рас. псіхолаг Дз.М.Узнадзе, які эксперыментальна даказаў наяўнасць гатоўнасці індывіда да рэалізацыі актываванай патрэбнасці ў пэўнай сітуацыі (актуальная У.) і выявіў заканамернасці замацавання такой гатоўнасці пры паўтарэнні сітуацый, што дазваляюць задаволіць дадзеную патрэбнасць (фіксаваная У.). У сац. псіхалогіі і сацыялогіі паняцце «У.», ці аціцюд, абазначае каштоўнасныя адносіны індывіда да пэўнага сац. аб’екта, якія выяўляюцца ў гатоўнасці да станоўчай ці адмоўнай рэакцыі на яго. Сац. У. ўключае 3 аспекты: кагнітыўны (усведамленне аб’екта), афектыўны (эмацыянальная ацэнка аб’екта) і паводзінскі (дзеянні ў адносінах да аб’екта). Адрозніваюць пазітыўныя, негатыўныя і нейтральныя У. Сістэма разнастайных У. індывіда выступае рэгулятарам чалавечых паводзін і характарызуе агульную накіраванасць асобы, яе каштоўнасныя арыентацыі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЭМАТЫ́ЧНАЕ ПІСЬМО́,
позні від іерагліфічнага егіпецкага пісьма для хуткага запісу на папірусе вял. тэкстаў. Д.п. прыйшло на змену іератычнаму пісьму каля 6—7 ст.дан.э. і заставалася пісьмом егіпцян да 3 ст.н.э., калі змянілася копцкім пісьмом і значэнне іерогліфаў было забыта. У 1799 каля г. Разета (дэльта Ніла) знойдзены т.зв. Разецкі камень, на якім былі высечаны 2 іерагліфічныя надпісы і 1 на стараж.грэч. мове; адзін з іерагліфічных надпісаў выкананы манументальнымі іерогліфамі, другі — Д.п. У 1822 франц. вучоны Ж.Ф.Шампальён расшыфраваў іх і прыйшоў да высновы, што Д.п. максімальна набліжана да фанетычнага пісьма і складаецца з 3 відаў знакаў: ідэаграфічных, фанетычных і дэтэрмінатываў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЕЙКАЗЛУЧЭ́ННІ,
прадукты аднаўлення многіх арган. фарбавальнікаў.
Звычайна пры пераходзе фарбавальнікаў (напр., трыфенілметанавых, індыгоідных, хінонімінавых, сярністых) у Л. аднаўляюцца экзацыклічныя падвойныя (напр., C=O, C=C) ці дысульфідныя (S—S) сувязі, што прыводзіць да змены характару сувязей у араматычных астачах і, як правіла, колеру. Л. бясколерныя або слабаафарбаваныя, лёгка акісляюцца (многія пад уздзеяннем кіслароду паветра) да зыходных фарбавальнікаў. Воданерастваральныя кубавыя, сярністыя, індыгоідныя фарбавальнікі пры аднаўленні (напр., дытыянітам натрыю Na2S2O4) у шчолачным асяроддзі ўтвараюць солі Л., якія добра раствараюцца ў вадзе або асновах, вызначаюцца павышанай роднасцю да цэлюлозных валокнаў (гл.Кубавыя фарбавальнікі). Устойлівыя да акіслення алкілсульфаты Л. агульнай ф-лы R(OSO3Na)x (дзе R — арган. астача, x = 2—4) выкарыстоўваюць у кубавым фарбаванні. Гл. таксама Індыга.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РЭГРЭ́Су жывой прыродзе,
спрашчэнне арганізмаў у працэсе эвалюцыі. Паводле А.М.Северцава (1925), адрозніваюць Р. біял. і морфафізіялагічны. Біялагічны Р. — эвалюц. заняпад пэўнай групы арганізмаў, якая не здолела прыстасавацца да змен умоў знешняга асяроддзя або не вытрымала канкурэнцыі з інш. групамі. Характарызуецца памяншэннем колькасці асобін у пэўнай сістэм. групе, звужэннем яе арэала і памяншэннем колькасці падначаленых сістэм. груп; можа прывесці да вымірання дадзенай групы. Морфафізіялагічны Р. — агульная дэгенерацыя, або катамарфоз — спрашчэнне арганізацыі ў ходзе эвалюцыі пэўнай групы арганізмаў, якое суправаджаецца стратай шэрагу функцый і органаў, што выконвалі гэтыя функцыі; адзін са шляхоў дасягнення біял.прагрэсу, асабліва калі ён звязаны з развіццём прыстасаванняў да нерухомага, прымацаванага спосабу жыцця (напр., абалоннікі) або да эндапаразітызму (напр., рачок сакуліна). Гл. таксама Катагенез.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ФІНІКІ́ЙСКАЕ ПІСЬМО́,
адна з самых даўніх алфавітных сістэм пісьма, якою карысталіся ў Фінікіі, Сірыі, Палесціне, часткова ў Егіпце, Кілікіі, Карфагене і на Кіпры ў 12 ст.дан.э. — 3 ст. н.э.
Складалася з 22 літар, якімі абазначаліся толькі зычныя гукі. Літары мелі простую, зручную для запамінання і напісання форму. Кірунак Ф.п. гарызантальны, справа налева. Словы першапачаткова не аддзяляліся адно ад аднаго. Самыя раннія помнікі Ф.п. датуюцца 13—10 ст.дан.э. Большасць вядомых помнікаў адносіцца да 5 ст.дан.э. — 3 ст.н.э. На аснове Ф.п. ўзніклі арамейскае, грэчаскае і паўд.-арабскае пісьмёны, што далі пачатак большасці алфавітных сістэм.
Літ.:
Истрин В.А. Возникновение и развитие письма. М., 1965;