украінскі вучоны ў галіне электразваркі, металургіі і тэхналогіі металаў. Акад.АН Украіны (1958). Акад.Рас.АН (1962). Чл. шэрагу замежных акадэмій. Двойчы Герой Сац. Працы (1969, 1978). Сын Я.А.Патона. Скончыў Кіеўскі індустр. (політэхн.) ін-т (1941). З 1942 у Ін-це электразваркі АН Украіны (з 1953 дырэктар). Адначасова з 1962 прэзідэнт АН Ўкраіны. Навук. працы ў галіне зваркі, спец. электраметалургіі, зварачных працэсаў у космасе. Распрацаваў асновы тэорыі аўтаматаў для дугавой зваркі. Зрабіў значны ўклад у стварэнне і развіццё дугавой паўаўтаматычнай, электрашлакавай, мікраплазмавай, кантактнай, электронна-прамянёвай і інш. спосабаў зваркі, электрашлакавага пераплаву і ліцця, тэхналогіі вытв-сці труб вял. дыяметра і буд-ва трубаправодаў. Ленінская прэмія 1957. Дзярж. прэмія СССР 1950. Залаты медаль імя Ламаносава АНСССР 1981.
Тв.:
Электрошлаковая сварка. Киев, 1960;
Электрооборудование для дуговой и шлаковой сварки. М., 1966 (разам з У.К.Лебедзевым);
Плазменные процессы в металлургии и технологии неорганических материалов. М., 1973 (у сааўт.);
Промышленные роботы для сварки. Киев, 1977 (разам з Г.А.Спыну, У.Г.Цімашэнкам);
Электрошлаковое литье. 2 изд. Киев, 1981 (у сааўт.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАГВАЛО́Д БАРЫ́САВІЧ, Рагвалод Рагвалодавіч (у хрышчэнні Васіль),
князь полацкі і друцкі ў 2-й пал. 12 ст.СынРагвалода Усяславіча. У 1129 разам з інш. полацкімі князямі высланы кіеўскім кн.Мсціславам Уладзіміравічам у Візантыю, адкуль вярнуўся ў 1139. Каля 1144 стаў полацкім князем. У 1151 выгнаны вечам з Полацка і сасланы ў Мінск да яго ворага Расціслава Глебавіча. Па патрабаванні Юрыя Далгарукага вызвалены і з’ехаў у Чарнігаў да Святаслава Ольгавіча, які дапамог яму войскам у вяртанні зямель. У 1158 (у летапісе 1159) па запрашэнні жыхароў Друцка «з вялікай пашанай увайшоў у горад» (на радзіму вяртаўся са Слуцка), потым пры дапамозе сваіх прыхільнікаў зноў выбраны вечам на княжанне ў Полацку (сеў «на столе деда своего и отца своего с честью великою»), Зрабіў некалькі паходаў на Мінск і Гарадзец супраць Расціслава Глебавіча, у 1161 разбіты мінскім кн.Валадарам Глебавічам, пасля чаго вярнуўся ў Друцк, а «Полотьску не сме ити, занеже множьство погибе полочан». У 1171 паводле загаду Р.Б. высечаны надпіс на вял. камяні (т.зв. Рагвалодаў камень).
Літ.:
Алексеев Л.В. Полоцкая земля в IX—XIII вв.: (Очерки истории Северной Белоруссии). М., 1966;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАДЗІВІ́Л Канстанцін (5.4.1793—6.4.1869),
палітычны дзеяч, мецэнат, адзін з першых бел. фалькларыстаў. Сын Мацея Радзівіла. Атрымаў у спадчыну маёнтак Паланэчка ў Навагрудскім пав., які быў адным з культ. асяродкаў у краі. Збудаваў Паланэчкаўскі палац. Сабраў значную б-ку (4 тыс. тамоў), архіў, калекцыю твораў мастацтва, у якой былі партрэты прадстаўнікоў роду Радзівілаў, карціны Ю.Пешкі, Я.Рустэма, гравюры, габелены, медалі. Камергер імператарскага двара. У 1820 уступіў у тайнае паліт.т-ва «Нацыянальнае масонства», а ў 1821 далучыўся да яго пераемніка — Патрыятычнага таварыства (чл.к-таЛіт. правінцыі). Пасля задушэння паўстання дзекабрыстаў 1825 быў арыштаваны. У 1850-я г. даслаў у Рус.геагр.т-ва «Статыстычны нарыс Навагрудскага павета» і «Этнаграфічныя звесткі пра жыхароў Навагрудскага павета» (зберагаюцца ў архіве т-ва). Склаў слоўнічак мясц. слоў, апісаў знешні выгляд навагрудскіх сялян, іх адзенне, абрады на Купалле, Дзяды, Куццю, сял. вяселле. Запісаў 84 прыказкі, калядную, 2 купальскія і 27 вясельных песень.
Літ.:
Цішчанка І.К. Да народных вытокаў. Мн., 1986;
Aftanazy R. Dzieje rezydencji na dawnych kresach Rzeczypospolitej. 2 wyd. Wrocław etc., 1992. T. 2. S. 317—321.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАЖДЗЕ́СТВЕНСКІ Роберт Іванавіч (20.6.1932, с. Касіха Троіцкага р-на Алтайскага краю, Расія — 20.8.1994),
рускі паэт. Скончыў Літ.ін-т імя М.Горкага ў Маскве (1956). Друкаваўся з 1950. Першая кніга — «Сцягі вясны» (1955). У паэт. зб-ках «Выпрабаванне» (1956), «Равесніку» (1962), «Радыус дзеяння» (1965), «Сын Веры» (1966), «Усур’ёз» (1970), «Радар сэрца» (1971), «Голас горада» (1977), «Гэты час» (1983), «Узрост» (1988) і інш. тэма вернасці загінуўшым у Вял.Айч. вайну, роздум над сэнсам жыцця, лірыка кахання. Паэма «Рэквіем» (1961, музыка Дз.Кабалеўскага) прысвечана памяці тых, хто загінуў у Вял.Айч. вайну. «Ліст у трыццатае стагоддзе» (1963) — своеасаблівая размова з нашчадкамі. Аўтар «Паэмы пра розныя пункты погляду» (1967), паэмы «Чаканне» (1982), кн. падарожных публіцыст. нарысаў «І не заканчваецца зямля...» (1971) і інш. За кнігу «Голас горада» і паэму «210 крокаў» (1978). Дзярж. прэмія СССР 1979. Многія яго вершы пакладзены на музыку. На бел. мову асобныя вершы Р. пераклалі Г.Бураўкін, І.Калеснік, В.Макарэвіч, М.Танк, В.Шыханцоў і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РО́ЗА (Rosa) Сальваторэ (Сальватор; 20.6 або 21.7.1615, г. Арэнела, Італія — 15.3.1673),
італьянскі жывапісец, графік, паэт. Вучыўся жывапісу ў Ф.Фраканцыяна і, магчыма, Х. дэ Рыберы. Зазнаў уплыў караваджызму. Працаваў у Неапалі (да 1635), Рыме, Фларэнцыі (1640—48). Выявіў перадрамантычныя тэндэнцыі ў жывапісе класіцызму, выступаў супраць акад. кірунку італьян. барока. Пісаў карціны на біблейскія і міфалагічныя сюжэты, пейзажы з відамі дзікіх, часам фантастычных ландшафтаў, сцэны бітваў. Творы вызначаюцца экспрэсіўна-змрочнай атмасферай, якую ствараў свабоднай манерай пісьма з дапамогай рэзкіх святлоценявых кантрастаў буравата-свінцовага каларыту: «Бітва» (1637), «Блудны сын» (каля 1640—48), «Адысей і Наўзікая», «Дэмакрыт здзіўляецца спрыту Пратагора» (абедзве 1650-я г.), «Нявер’е Фамы», «Хрышчэнне ў Іардане», «Лясны пейзаж з трыма філосафамі», «Пейзаж з мостам», «Марына», «Дэмакрыт думае», «Астрэя развітваецца з сялянамі», «Караблі» і інш. Ствараў афорты («Гульня трытонаў») і малюнкі («Баявая схватка»). У паэт. творах (напісаны тэрцынамі 7 сатыр) выкарыстоўваў складаныя алегорыі і вычурна драматызаваныя вобразы, высмейваў тагачасныя плыні італьян. л-ры, недахопы грамадства. У сатыры «Вайна» адлюстраваў паўстанне гар. нізоў Неапаля пад кіраўніцтвам Мазаньела.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РО́КФЕЛЕРЫ, Ракфелеры (Rockefeller),
сямейная фінансава-прамысл. група ў ЗША. Склалася ў канцы 19 ст. Яе заснавальнік — Дж.Д.Рокфелер старэйшы (1839—1937). Прамысл. ядро — утвораная ў 1892 нафтавая кампанія «Стандарт ойл компані (Нью-Джэрсі)» якая ў 1973 перайменавана ў «Эксан». фін. цэнтр — «Чэйз Манхатан банк». Сфера ўплыву: прам-сць (электратэхніка, машынабудаванне) і крэдытна-фін. інстытуты, страхаванне жыцця. У 1913 засн. таксама Ракфелераўскі фонд для садзейнічання дабрабыту чалавецтва, які з 1928 спрыяе і навуцы (належыць да найб.вял. фондаў свету); складаецца з некалькіх інш. фондаў, у т. л. для Ракфелераўскага ун-та ў Нью-Йорку (засн. ў 1901 як мед.ін-т), Ракфелераўскага братэрскага фонду (з 1940), Ракфелераўскага сямейнага фонду (з 1967). З 1980-х г. роля групы памяншалася, ч. падкантрольнай уласнасці распраданая. З сям’і Р. найб. вядомы: сын Дж.Д.Рокфелера старэйшага Джон Дэйвісан Р. малодшы (1874—1960; субсідзіраваў куплю зямлі для штаб-кватэры ААН у Нью-Йорку і пабудаваў Ракфелераўскі цэнтр), яго сыны — Джон Дэйвісан трэці (1906—78; садзейнічаў заснаванню Лінкальн-цэнтра), Нелсан Олдрыч (1908—79; віцэ-прэзідэнт ЗША у 1974—77).
Літ.:
Рокфеллер Дж.Д. Искусство разбогатеть: Мемуары американского миллиардера: Пер. с англ.М., 1992.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РО́ТШЫЛЬДЫ (Rothschild),
сямейная фінансавая група яўр. паходжання, якая дзейнічае ў некат. краінах Зах. Еўропы і ЗША. Яе заснавальнік — Маер Амшэль Р. (1744—1812), які ўзбагаціўся на ваен. пастаўках, фін. спекуляцыях і ў 1766 стварыў у г. Франкфурт-на-Майне (Германія) уласны банк. Яго справу пераняў старэйшы сын Амшэль Маер Р. (1733—1855), іншыя 4 сыны стварылі самаст. банкі ў Лондане, Парыжы, Вене і Неапалі (апошнія 2 пазней спынілі існаванне). З часоў Венскага кангрэса 1814—15 сям’я Р. давала пазыкі дзяржавам Еўропы, фінансавала буд-ва першых еўрап. чыгунак, асабліва ў Аўстрыі і Францыі, Суэцкага канала. У 1901 спыніў дзейнасць франкфурцкі банк Р. У пач. 20 ст. дзейнасць Р. канцэнтравалася ў Парыжы (Гі дэ Р.) і Лондане; іх фін. актыўнасць пашырылася на Азію. У 2-ю сусв. вайну некалькі прадстаўнікоў Р. пакінулі Еўропу і перанеслі сваю дзейнасць пераважна ў ЗША. У 1960-я г. група пранікла ў нафтавую прам-сць і каляровую металургію. Пасля нацыяналізацыі ў 1982 «Банк дэ Ротшыльд» у Парыжы [засн. ў 1817 Якавам Р. (1792—1868)], працягваюць дзейнічаць толькі іх банкі ў Лондане [«Н.М.Ротшыльд энд санс», засн. Натанам Р. (1777—1836)] і Швейцарыі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СЛАВУ́К (Слаук) Валерый Пятровіч
(н. 7.4.1947, г.п. Коханава Талачынскага р-на Віцебскай вобл.),
бел. графік. Скончыў Бел.тэатр.-маст.ін-т (1977). З 1997 выкладае ў Бел.АМ. Працуе ў станковай і кніжнай графіцы. Творчай манеры ўласцівы контурнасць выявы, мадэліроўка аб’ёмаў філіграннымі дробнымі штрыхамі, часта гратэскавасць і іранічнае шаржыраванне персанажаў. Для станковых твораў характэрны адыход ад канкрэтыкі сюжэтнага дзеяння, абагульненне вобразнай шматграннасці зместу, падрабязнае адлюстраванне прадметаў побыту і навакольнага асяроддзя: «Белы кот» (1995), «Начны візіт», «Дарога» (абодва 1996), «Аднарог», «Прыцемкі» (абодва 1997), «Запаволены рух», «Эдэм», «Ператварэнне» (усе 1998) і інш. Кніжная графіка вызначаецца абвостраным успрыманнем літ. зместу, эмацыянальным і глыбокім выяўленнем характараў герояў, своеасаблівасцей сюжэтаў: нар. казкі «Удовін сын» (1977—80), «Піліпка-сынок», «Курачка Раба» (абедзве 1983), «Людзей слухай, а свой розум май» (1988), «Алёнка» (1989), «Залаты птах» (1993), казку «Лятучы цмок» У.Ягоўдзіка (1995), кнігі «Касмалёт» М.Ганчарова (1979), «Ад рэчыва да сутнасці» К.Шарыкава (1982), «Шляхціц Завальня, або Беларусь у фантастычных апавяданнях» Я.Баршчэўскага (1990), «Вясна ўвосень» У.Караткевіча (2000) і інш.Дзярж. прэмія Беларусі 2001.
Літ.:
Баразна М.Р. Беларуская кніжная графіка 1960—1990-х гг.Мн., 2001.
М.Р.Баразна.
В.Славук. Іл. да казкі «Лятучы цмок» У.Ягоўдзіка. 1995.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СТАРО́Е СЯЛО́,
вёска ў Лятчанскім с/с Віцебскага р-на, на аўтадарозе Віцебск—Полацк; чыг. ст. на лініі Віцебск—Полацк. Цэнтр камунальнага унітарнага с.-г. прадпрыемства. За 24 км на З ад Віцебска. 534 ж., 224 двары (2001). Сярэдняя школа, клуб, б-ка, бальніца, аддз. сувязі. Брацкая магіла сав. воінаў і партызан. Помнік землякам, якія загінулі ў Вял.Айч. вайну. Каля вёскі археал. помнік Старое Сяло.
У пач. 16 ст. вядома як баярская ўласнасць, у Віцебскім ваяв.ВКЛ. У 1523 баярыня А.Мастычына і яе сын Ю.Сянкевіч прадалі С.С. віцебскаму ваяводу і каралеўскаму маршалку І.Б.Сапегу. З 18 ст. родавы маёнтак Лускінаў, у склад якога ўваходзілі таксама в. Плетніца і Запруддзе, у 1846 у С.С. вадзяны млын, крупадзёрка, кузня, карчма, штогод адбываліся кірмашы, з 1865 нар. вучылішча; з 1886 валасное праўленне, паштовая станцыя, школа. З 20.8.1924 вёска, цэнтр сельсавета Лосвідскага раёна, з 29.10.1924 у Кузняцоўскім раёне, з 26.3.1927 у Віцебскім раёне. У 1941—481 ж., 125 двароў. У Вял.Айч. вайну ў чэрв. 1944 гітлераўцы знішчылі 18 жыхароў і спалілі вёску. З 22.12.1960 у Лятчанскім с/с. У 1969 у С.С. 611 ж., 245 двароў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СТА́САЎ Уладзімір Васілевіч (14.1.1824, С.-Пецярбург — 23.10.1906),
рускі маст. і муз. крытык, гісторык мастацтва. Сын В.П.Стасава. Ганаровы чл.Рас.АН (1900). Скончыў Вучылішча правазнаўства (1843). З 1872 заг.маст. аддзела Публічнай б-кі (цяпер Публічная б-ка імя М.Салтыкова-Шчадрына). З 1847 публікаваў у друку артыкулы па л-ры, мастацтве, музыцы. Выступаў супраць акадэмізму, быў прыхільнікам рэаліст. мастацтва, дэмакратызацыі маст. жыцця. Актыўна ўдзельнічаў у творчым жыцці Арцелі мастакоў, Т-ва перасоўнікаў, кампазітараў «Новай рус.муз. школы», названай ім «Магутнай кучкай». Даследаваў і прапагандаваў творчасць М.Глінкі (больш за 30 работ). Аўтар манаграфій пра кампазітараў А.Барадзіна, М.Мусаргскага, мастакоў М.Антакольскага, К.Брулова, В.Верашчагіна, М.Ге, А.Іванава, І.Крамскога, В.Пярова, І.Рэпіна, творчых партрэтаў майстроў выканальніцкага мастацтва (А.Рубінштэйна і інш.). Адзін з першых пачаў збіраць і публікаваць эпісталярную спадчыну рус. мастакоў і кампазітараў.
Тв.:
Избр. соч. Т. 1—3. М., 1952;
Письма к родным Т. 1—3. М., 1953—62;
Статьи о музыке. Вып. 1—5. М., 1974—80.
Літ.:
Лебедев А.К., Солодовников А.В. В.В.Стасов. М., 1982.