АУ́Н САН СУ ЧЖЫ (н. 19.6.1945, г. Янгон, М’янма),

палітычны дзеяч М’янмы (б. Бірмы). Дачка Аун Сана. Вучылася ў Дэлійскім і Оксфардскім ун-тах. Працавала ў Лонданскім ун-це (1968), сакратаром ААН (1969—71), Мін-ва замежных спраў Непала (1970-я г.) і інш. З 1988 на радзіме. Заснавальніца і ген. сакратар ЦВК партыі Нац. ліга за дэмакратыю, якая перамагла на парламенцкіх выбарах 1990. За выступленні супраць ваен. рэжыму краіны арыштавана ў 1989. Нобелеўская прэмія міру 1991.

т. 2, с. 82

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕЛЬКА́НТА (італьян. bel canto літар. цудоўныя спевы),

стыль вакальнага выканання, які вылучаецца лёгкасцю і прыгажосцю гучання, пявучасцю, дасканаласцю кантылены, вытанчанасцю і віртуознасцю каларатуры. Узнік у Італіі ў сувязі з развіццём у сярэдзіне 17 ст. нац. опернага мастацтва і вак. школы. Выразныя сродкі фарміраваліся на аснове фанет. асаблівасцяў італьян. мовы і традыцый нар. выканальніцтва. У працэсе развіцця ўзбагачаўся новымі тэхн. прыёмамі і эмацыянальнымі рысамі. Зрабіў вял. ўплыў на большасць еўрап. вак. школ, у т. л. на беларускую.

т. 3, с. 90

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕ́НЕШ ((Beneš) Эдуард) (28.5.1884, Кожляны, Чэхія — 3.9.1948),

чэхаславацкі дзярж. дзеяч. Юрыст, сацыёлаг. У 1915—18 ген. сакратар эмігранцкага Чэхаславацкага нац. савета ў Парыжы. У 1918—35 міністр замежных спраў, у 1935—38 прэзідэнт Чэхаславацкай рэспублікі. Актыўны ўдзельнік Антанты Малой. У 1923—38 член савета, старшыня К-та бяспекі Лігі нацый. У 1940—45 прэзідэнт Чэхаславацкай рэспублікі на эміграцыі (Лондан), пасля вызвалення Чэхаславакіі прэзідэнт рэспублікі (1946—48). Пасля прыходу да ўлады Камуніст. партыі Чэхаславакіі пайшоў у адстаўку.

т. 3, с. 97

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕРАГАВЫ́Я ХРЫБТЫ́ (Coast Ranges),

ланцуг невысокіх горных хрыбтоў і масіваў уздоўж зах. ўзбярэжжа ЗША (ад 34° паўн. ш. да 48°30 паўн. ш.). Найб. выш. 2428 м (г. Алімпус). Складзены з асадкавых і метамарфічных парод. Характэрны землетрасенні. Радовішчы нафты, вугалю, ртуці. На Пн ад 42° паўн. ш. схілы ўкрыты лясамі з сітхінскай елкі, туі, дугласіі, вышэй — лугі, горныя тундры, асобныя ледавікі. На Пд — хваёвыя лясы і вечназялёныя ксерафільныя хмызнякі (чапараль), участкі лясоў з гіганцкай секвоі. Нац. парк Алімпік.

т. 3, с. 104

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БІ́БІКАЎ (Васіль Мікалаевіч) (17.1.1910, г. Слаўгарад Магілёўскай вобл. — 3.9.1992),

савецкі военачальнік. Ген.-лейт. авіяцыі (1954). Скончыў Ваен. акадэмію Генштаба (1949). У Чырв. Арміі з 1929. Удзельнік нац.-рэв. вайны ў Іспаніі ў 1936—37: лётчык, камандзір звяна, атрада. Са снеж. 1937 камандзір авіяц. брыгады, ст. нам. інспектара ВПС Чырв. Арміі. З 1940 камандуючы ВПС арміі. У Вял. Айч. вайну з ліп. 1942 камандуючы паветр. арміяй Далёкаўсх. фронту. Удзельнік разгрому японскай Квантунскай арміі ў 1945. Да 1961 у ВПС СССР.

т. 3, с. 138

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГО́МЕС КА́СТРА ((Gómez Castro) Лаўрэана Элеўтэрыо) (20.2.1889, г. Багата, Калумбія — 13.7.1965),

палітычны і дзярж. дзеяч Калумбіі. З 1911 дэп. Нац. кангрэса. Міністр грамадскіх работ (1925—26), пасол у Аргенціне (1923—31) і Германіі (1931—32). Сенатар (1931—44). З 1932 лідэр Кансерватыўнай партыі. З 1948 міністр замежных спраў. У 1950—53 прэзідэнт Калумбіі, устанавіў у краіне рэжым асабістай дыктатуры. У выніку перавароту Г.​Рохаса Пінілы (1953) адхілены ад улады і эмігрыраваў у Іспанію. У 1958—62 старшыня сената Калумбіі.

т. 5, с. 350

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВУ́ІЧ ((Vujić) Іаакім) (9.9.1772 — 8.11.1847),

сербскі акцёр, драматург, перакладчык, тэатр. дзеяч. Кіраваў аматарскімі тэатр. калектывамі ў Ваяводзіне і Сербіі, у 1833—36 княжацкім т-рам у г. Крагуевац, у 1839 аматарскім т-рам у г. Нові-Сад (з 1840 у г. Заграб; паклаў пачатак стварэнню нац. т-ра). Вуіч стварыў тэатр. рэпертуар на роднай мове і выхаваў першых прафес. сербскіх акцёраў, за што быў названы «бацькам сербскага тэатра». Пакінуў аўтабіяграфію (1833), а таксама шматлікія дзённікі сваіх падарожжаў.

т. 4, с. 289

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАЙТА́Н ((Gaitán) Хорхе Эльесер) (23.1.1898, Багата — 9.4.1948),

палітычны дзеяч Калумбіі. Д-р права Нац. ун-та (з 1924). У 1929 выступіў з рэзкім асуджэннем масавых расстрэлаў рабочых, якія баставалі ў дэпартаменце Магдалена (1928—29). У 1940 і 1943 уваходзіў ва ўрад, міністр асветы і міністр працы, аховы здароўя і сац. забеспячэння. Лідэр Ліберальнай партыі (з 1946), старшыня сената (з 1947). Аўтар законапраекта аб нацыяналізацыі нафтавых радовішчаў, якія эксплуатавалі амер. манаполіі. Выступаў з крытыкай палітыкі ЗША. Быў забіты рэакцыянерамі.

т. 4, с. 440

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАЛАВА́ТАЯ (Раіса Уладзіміраўна) (н. 11.3.1953, г. Асіпенка, Украіна),

бел. мастак дэкар.-прыкладнога мастацтва. Скончыла Бел. тэатр.-маст. ін-т (1975). Працуе на Барысаўскім камбінаце прыкладнога мастацтва (з 1975). Сярод работ: габелены «Першыя камедыянты» (1980), «Сланечнікі» (1982), «Купалінка» (1983), «Ноч на Беразіне» (1986), трыпціх «Вытокі» (1988), «Герберы» (1989), «Каляды» (1991), «Ціхая затока» (1996) і інш. Стварае таксама касцюмы для самадз. фалькл. калектываў. У яе творах — сучасныя рытмы, багацце фарбаў, якія спалучаюцца з глыбокімі нац. традыцыямі.

Р.Галаватая. «Купалінка». 1983.

т. 4, с. 443

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДУ́ТАЎ (Аляксандр Рыгоравіч) (н. 6.4.1936, Ташкент),

бел. фізік. Д-р фіз.-матэм. н. (1991). Скончыў Сярэднеазіяцкі дзярж. ун-т (1959). З 1971 у Ін-це фізікі цвёрдага цела і паўправаднікоў Нац. АН Беларусі. Навук. працы па нейтронна-актывацыйным аналізе, радыяцыйна-стымуляваных працэсах у паўправадніках. Распрацаваў метады гетэрыравання дамешкавых элементаў у паўправадніковых структурах, спосабы павелічэння радыяцыйнай устойлівасці мікрасхем і інш.

Тв.:

Активационный анализ в науке и технике. Мн., 1984 (разам з Г.​В.​Леушкінай, В.​А.​Комарам).

т. 6, с. 264

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)