ГАСТРАСКАПІ́Я (ад гастра... + ...скапія),

метад даследавання ўнутр. паверхні страўніка пры дапамозе спец. прыбора — гастраскопа; разнавіднасць эндаскапіі. Гастраскоп — гібкая трубка, унутры якой — аптычная сістэма са шматлікіх кароткафокусных лінзаў і эл. лямпачка. Гастраскапію робяць для дыягностыкі хвароб страўніка (пухліны, язвы, гастрыты), кантролю за дынамікай працэсу, дэталёвага вывучэння слізістай абалонкі. Пры гастраскапіі магчымы дадатковыя маніпуляцыі: дыягнастычныя (біяпсія слізістай абалонкі з гісталагічным і гістахім. даследаваннем, фатаграфаванне ўнутр. паверхні страўніка) і лек. (выцягванне іншародных цел, выдаленне ці дыятэрмакаагуляцыя пухлін, паліпаў, спыненне крывацёку, у т. л. з дапамогай лазера, увядзенне ў страўнік лек. прэпаратаў і інш.).

т. 5, с. 84

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«ГАЎДЭА́МУС»

(ад лац. gaudeamus будзем радавацца),

сярэдневяковая песня на лац. мове, гімн студэнтаў. Пачынаецца словамі «Gaudeamus igitur, juvenes dum sumus» («Будзем радавацца, пакуль мы юныя»); усхваляе жыццё, маладосць і навуку. У яе аснове песня 13 ст., упершыню надрукавана ў 1776. У 1781 апрацавана ням. вандроўным паэтам К.​В.​Кіндлебенам і стала папулярным студэнцкім гімнам у Германіі і інш. краінах Еўропы, у т. л. ў Расіі, Беларусі, краінах Балтыі, а таксама ў ЗША. Мелодыю «Гаўдэамус» выкарыстоўвалі кампазітары Ф.​Ліст, І.​Брамс, А.​Кос-Анатольскі, Э.​Гумпердынк (опера «Гаўдэамус») і інш.

т. 5, с. 88

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЖО́ПЛІН ((Joplin) Джэніс) (19.1.1943, г. Порт-Артур, штат Тэхас, ЗША — 4.10.1970),

амерыканская рок-спявачка і кампазітар, аўтар тэкстаў; адна з першых вядомых белых спявачак блюза. З 1966 выступала і гастраліравала з некалькімі рок-групамі (у т. л. «Вялікі брат і кампанія»), стала кумірам руху хіпі. Валодала дасканалым ад прыроды моцным прыгожым голасам, тонкай нюансіроўкай. Яе рэпертуар уключаў блюзы, творы ў стылях «соўл» і «кантры» (у т. л. ўласныя). Вылучалася эмацыянальна-страснай манерай выканання (сярод прыёмаў — віск, хрып, шэпт, стогн), якая зрабіла вял. ўплыў на наступныя пакаленні рок-спевакоў.

Дз.​А.​Падбярэзскі.

т. 6, с. 90

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЖЫЛАЎДА́РЫ (Ігар Захаравіч) (н. 9.8.1945, г. Гомель),

бел. фізік. Д-р тэхн. н. (1991), праф. (1993). Скончыў БДУ (1968). З 1968 у Ін-це фізікі АН Беларусі, з 1978 у БПА. Навук. працы па оптыцы і тэарэт. механіцы. Даследаваў асаблівасці адбіцця святла ад узмацняльных і нелінейных асяроддзяў. Распрацаваў тэорыю і прынцыпы пабудовы адчувальнага элемента індукцыйнага гравітацыйнага градыентаметра для рухомых аб’ектаў.

Тв.:

Отражение плоской световой волны от нелинейной прозрачной изотропной среды (разам з Б.​Б.​Бойкам, М.​С.​Пятровым) // Журн. прикладной спектроскопии. 1975. Т. 23, № 5.

т. 6, с. 95

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЗЕ́МІНЕЦ,

возера ва Ушацкім р-не Віцебскай вобл., у бас. р. Крашанка, за 4 км на ПдУ ад г.п. Ушачы. Пл. 0,31 км², даўж. 1,3 км, найб. шыр. 520 м, найб. глыб. 2,9 м, даўж. берагавой лініі каля 4 км. Пл. вадазбору 24 км². Схілы катлавіны выш. да 8 м, параслі лесам. У паўд. плёсе 2 астравы агульнай пл. 2 га. Дно плоскае, выслана сапрапелямі. У возера ўпадаюць 4 ручаі, у т. л. з воз. Доўгі Дземінец і з возера без назвы; на Пн выцякае ручай у воз. Ваўчо.

т. 6, с. 104

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЗЁМА́Н,

археалагічная культура плямён, якія ў 5-м тыс. — 3 ст. да н.э. жылі на тэр. Японіі. Назва ад асаблівага тыпу керамікі з лінейным арнаментам у большасці спіральна-крывалінейных форм (яп. «дзумон»), Насельніцтва жыло на паселішчах у лёгкіх хацінах круглай і прамавугольнай формы, займалася рыбалоўствам, паляваннем, збіральніцтвам ракавін. З 4-га тыс. да н.э. вядомы свойская жывёла, проса, грэчка. Пахавальны абрад — трупапалажэнне ў скурчаным ці выцягнутым становішчы ў грунтавых пахаваннях. Прылады працы выраблялі з каменю (шліфаваныя сякеры, нажы) і касцей (рыбалоўныя кручкі, гарпуны). Змянілася культурай Яёі.

А.​В.​Іоў.

т. 6, с. 109

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЗЮРО́К,

парода свіней мяснога кірунку. Выведзена ў 1860 у ЗША, дзе і цяпер найб. пашырана. На Беларусі гадуюць на племянной ферме ў Гродзенскім р-не з 1987. Выкарыстоўваюць у прамысл. скрыжаванні і пры стварэнні спец. мясных ліній.

Жывёлы з шырокімі і глыбокімі грудзямі, доўгім тулавам, аркападобнай спінай і звіслым крыжам. з вял. кумпякамі. Масць ад цёмна- да светла-чырвонай і залаціста-рыжая. Жывая маса дарослых кныроў да 277, матак 245 кг, даўж. тулава адпаведна 171 і 162 см. Пладавітасць 9—10 парасят за апарос.

т. 6, с. 131

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЗЯ́ГІЛІ,

возера ў Мядзельскім р-не Мінскай вобл., у бас. р. Вузлянка, за 7 км на ПнУ ад г.п. Мядзел. Пл. 1,37 км², даўж. 1,7 км, найб. шыр. 1,2 км, найб. глыб. 1,7 м, даўж. берагавой лініі каля 4,4 км. Пл. вадазбору 4 км². Схілы катлавіны выш. 1 м (на Пн да 7 м), параслі хмызняком, на Пн участкамі разараныя. Берагі сплавінныя, тарфяністыя, пад хмызняком. Дно выслана сапрапелем, уздоўж паўн. берага — пяском. Шыр. паласы надводнай расліннасці да 50 м. З возера бярэ пачатак Дзягільскі канал.

т. 6, с. 135

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЗЯК (ад грэч. diakonos служыцель),

1) начальнік, пісьмавод канцылярыі розных устаноў у Расіі да 18 ст. Напачатку слуга князя, якому даручаліся казна і пісьмовыя справы, з 15 ст. — чын урадавай адміністрацыі, кіраўнік канцылярыі цэнтр. (т.зв. прыказа) і мясц. устаноў. Адрознівалі Дз. гасударавых (царовы, вял. князя, дварцовы), буйных феадалаў, вечавыя (пры гар. вечы), гарадскія, земскія і інш. З 16 ст. былі думныя Дз. (засядалі ў Баярскай думе). У ВКЛ функцыі Дз. выконвалі сакратар і пісар.

2) Святар у праваслаўнай царкве, у абавязкі якога ўваходзіць чытанне св. пісання і спевы на клірасе.

т. 6, с. 136

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДО́СЛЕД,

агульнанавуковы метад вывучэння з’яў аб’ектыўнага свету ў спецыяльна створаных, дакладна вызначаных умовах. Адрозніваецца ад назіранняў актыўным аперыраваннем аб’ектам, які вывучаецца. Ажыццяўляецца на аснове тэорыі, што вызначае пастаноўку задач і інтэрпрэтацыю яго вынікаў. Д. — праверка гіпотэз і пацвярджэнне тэорыі; часам выступае як адна з формаў практыкі (эксперыменту), выконвае функцыю крытэрыю сапраўднасці, навук. пазнання ўвогуле. З развіццём навукі і тэхнікі межы выкарыстання Д. пашыраюцца, ён робіцца больш складаным. Вял. значэнне мае сац. Д., які дапамагае выяўляць і даследаваць працэсы сац.-эканам., паліт. і духоўнага развіцця грамадства.

т. 6, с. 185

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)