ТЭРАТО́МА [ад грэч. teras (teratos) пачвара + ...ома],
пухліна жывёл і чалавека, якая ўзнікае ад парушэння фарміравання тканак у эмбрыянальны перыяд развіцця. Часцей дабраякасная, можа ператварацца ў злаякасную пухліну (тэратабластому). Бывае ў палавых залозах, крыжава-хвастцовай вобласці, на пярэдняй паверхні шыі, таксама ў поласці чэрапа, грудной клетцы. Адрозніваюць Т.: гістоідную (з тканак аднаго віду), арганоідную (з 2 розных тканак, напр., мышачнай і эпітэліяльнай) і арганізмоідную (з розных тканак 3 зародкавых лісткоў).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ТЭРМІ́ЧНЫ ЭКВА́ТАР, цеплавы экватар,
лінія, якая злучае пункты знайб. высокімі каля зямной паверхні сярэднімі тэмпературамі паветра. У студзені ён прыкладна супадае згеагр. экватарам (сярэдняя т-ра каля 26 °C), у ліп. знаходзіцца каля Паўн. тропіка (сярэдняя т-ра каля 28 °C), вясной і восенню размешчаны каля 10°паўн. ш. У больш шырокім паняцці Т.э. — паласа паміж 20°паўн. ш. і 10°паўд. ш.знайб. высокімі на зямным шары сярэднегадавымі т-рамі паветра.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
УІ́ПЛ (Whipple) Джордж Хойт (28.8.1878, г. Ашленд, ЗША — 1.2.1976),
амерыканскі ўрач-патолаг. Скончыў Іельскі ун-т (1900) і ун-т Дж.Хопкінса (1905). З 1914 праф. Каліфарнійскага ун-та, у 1921—55 ва ун-це Рочэстэра (штат Нью-Йорк). Навук. працы па анеміях (адзін з аўтараў т.зв. пячоначнага метаду лячэння перніцыёзнай анеміі), пігментным абмене, паражэннях печані і падстраўнікавай залозы, туберкулёзу, паразітарных хваробах. Нобелеўская прэмія 1934 (з Дж.Р.Майнатам і У.П.Мёрфі).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
УРВАНЦО́Ў Сяргей Мікалаевіч (24.6.1863, Казанская губ. — 5.1.1937),
адзін з арганізатараў аховы здароўя на Беларусі. Д-р медыцыны (1898). Скончыў Казанскі ун-т (1893). У 1906—18 урачэбны інспектар Мінскай губ.З 1918 заг. лячэбнага і сан.-эпідэміял. аддзелаў Мінскага губ. аддзела аховы здароўя і Наркамата аховы здароўя БССР, у 1922—27 гал. ўрач шэрагу мінскіх бальніц. Працы па тэорыі і практыцы развіцця медыка-сан. справы ў дарэв. Беларусі, абагульненні вопыту барацьбы зінфекц. хваробамі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ФАТАІ’РАФІ́ЧНАЯ ЭМУ́ЛЬСІЯ,
назва воднай суспензіі жэлаціны (найб. пашырана) з раўнамерна размеркаванымі мікракрышталямі (зернямі) галагенідаў серабра. Ф.э., нанесеная на аснову (паперу, шкло і інш.), пасля высушвання ўтварае святлоадчувальны слой фатаграфічных матэрыялаў.
З павелічэннем памераў зерняў галагенідаў павялічваюцца святлоадчувальнасць Ф.э. і яе зярністасць. Існуюць фотаматэрыялы з 2 і больш слаямі Ф.э. Неабходныя фіз.-хім. і фатагр. ўласцівасці надаюць увядзеннем дубільных рэчываў (гл.Дубленне), сенсібілізатараў, процівуаліруючых рэчываў (напр., браміду калію), колераўтваральных кампанентаў (гл.Колерафатаграфічныя матэрыялы) і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ФЕГАПТЭ́РЫС (Phegopteris),
род папарацей сям. тэліптэрысавых. 15 відаў. Пашыраны ў Паўн. паўшар’і. На Беларусі 1 від — Ф. звязвальны (Ph. connectilis). Трапляецца ў лясах, сярод хмызняку па берагах рэк.
Ф. звязвальны — травяністая расліна выш. да 45 см, з тонкім паўзучым карэнішчам, укрытым светла-карычневымі лускавінкамі. Лісце завостранае, з доўгімі рассеяна-валасістымі чаранкамі і трохвугольнай пласцінкай, з адагнутай ніжняй парай буйных перыстарассечаных сегментаў. Сорусы без пакрывальца, размешчаны паблізу ад краю сегмента. Гаметафіт маленькі, слаявінны, зялёны, двухполы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ФЕНО́МЕН (грэч. phainomenon тое, што з’яўляецца),
1) паняцце, якое азначае з’яву, што спасцігаецца ў вопыце з дапамогай пачуццяў. Прынцыпова адрозніваецца ад наўмена, які застаецца за межамі вопыту і з’яўляецца прадметам інтэлектуальнага сузірання. І.Кант імкнуўся з дапамогай паняцця Ф. рэзка адмежаваць з’яву ад сутнасці, якую лічыў непазнавальнай (гл.Агнастыцызм). З пункту гледжання дыялект. матэрыялізму непераадольнай мяжы паміж сутнасцю і з’явай няма; сутнасць пазнаецца праз з’яву.
2) Незвычайная, рэдкая з’ява, выключны факт, чалавек.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ФРЫ́ДРЫХ ВІЛЬГЕ́ЛЬМ II (Friedrich Wilhelm; 25.9.1744, г. Патсдам, Германія — 16.11.1797),
кароль Прусіі [1786—97]. З дынастыі Гогенцолернаў. Пляменнік Фрыдрыха II Вялікага, бацька Фрыдрыха Вільгельма III. Знаходзіўся пад уплывам сваіх міністраў. У 1788 увёў цэнзуру, абмежаваў свабоду веравызнання. У 1792 заключыў саюз з Аўстрыяй, які паклаў пачатак кааліцыі еўрап. манархаў супраць рэв. Францыі. Адзін з ініцыятараў другога падзелу Рэчы Паспалітай (1793) і трэцяга падзелу Рэчы Паспалітай (1795), у выніку якога да Прусіі адышла частка зах.-бел. зямель.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ФРЫ́ТЫ (франц. fritte ад лац. frigo падсмажваю, падсушваю), керамічныя ўгнаенні, шкляныя ўгнаенні,
угнаенні ў выглядзе сплаваў шкла ці керамікі з мікраэлементамі (борам, цынкам, марганцам, малібдэнам, меддзю, жалезам); адна з форм мікраўгнаенняў. З’яўляюцца крыніцай паступовага і раўнамернага жыўлення раслін мікраэлементамі (утрымліваюць іх у воданерастваральнай, але засваяльнай раслінамі форме). Ф. паляпшаюць рост раслін, якасць прадукцыі, павялічваюць актыўнасць некат. ферментаў, памяншаюць акісляльнасць тканак. Уносяць разам зінш. ўгнаеннямі пры асн. апрацоўцы ці мясцова пры пасадцы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ФРЭНЕ́ЛЯ ФО́РМУЛЫ,
суадносіны, якія звязваюць амплітуды, фазы і станы палярызацыі адбітай і пераломленай светлавых хваль, што ўзніклі пры праходжанні святла праз мяжу падзелу 2 празрыстых дыэлектрыкаў, з адпаведнымі характарыстыкамі падаючай хвалі. Устаноўлены А.Ж.Фрэнелем у 1823. Вынікаюць зэл.-магн. тэорыі святла пры рашэнні Максвела ўраўненняў і атаясамліванні светлавых ваганняў з ваганнямі вектара напружанасці эл. поля ў светлавой хвалі. Умова дастасавальнасці Ф.ф. — незалежнасць паказчыка пераламлення асяроддзя ад амплітуды вектара напружанасці эл. поля светлавой хвалі.