ФЕГАПТЭ́РЫС (Phegopteris),
род папарацей сям. тэліптэрысавых. 15 відаў. Пашыраны ў Паўн. паўшар’і. На Беларусі 1 від — Ф. звязвальны (Ph. connectilis). Трапляецца ў лясах, сярод хмызняку па берагах рэк.
Ф. звязвальны — травяністая расліна выш. да 45 см, з тонкім паўзучым карэнішчам, укрытым светла-карычневымі лускавінкамі. Лісце завостранае, з доўгімі рассеяна-валасістымі чаранкамі і трохвугольнай пласцінкай, з адагнутай ніжняй парай буйных перыстарассечаных сегментаў. Сорусы без пакрывальца, размешчаны паблізу ад краю сегмента. Гаметафіт маленькі, слаявінны, зялёны, двухполы.
т. 16, с. 342
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)