КАЗБЯРУ́К Уладзімір Міхайлавіч (н. 29.8.1923, в. Бандары Беластоцкага ваяв., Польшча),
бел.літ.-знавец і крытык. Канд.філал.н. (1963). Скончыў БДУ (1949). Настаўнічаў. З 1955 выкладаў у Полацкім пед. ін-це. У 1959—93 у Ін-це л-ры АН Беларусі. Друкуецца з 1954. Даследуе бел. л-ру стараж. перыяду, 19 — пач. 20 ст., праблемы бел. рамантызму, бел.-польскія літ. сувязі, творчасць Я.Коласа, Ф.Багушэвіча, Ф.Скарыны, А.Гаруна, К.Каліноўскага, Г.Пельгрымоўскага, мітрапаліта Кіпрыяна і інш. Адзін з аўтараў «Гісторыі беларускай дакастрычніцкай літаратуры» (т. 2, 1969), кн. «Старонкі літаратурных сувязей» (1970), даследаванняў па гісторыі Беларусі.
Тв.:
Якуб Колас (жыццё і творчасць). Мн., 1962;
Традыцыі польскага рамантызму ў беларускай літаратуры пачатку XX ст.Мн., 1972;
Ступені росту: Бел.літ. канца XIX — пачатку XX ст. і традыцыі пол. пісьменнікаў. Мн., 1974;
Паэма Якуба Коласа «Новая зямля»: У святле слав. традыцый. Мн., 1979;
Славянскія літаратуры і праблемы беларускага параўнальнага літаратуразнаўства (дакастрычніцкі перыяд). Мн., 1982;
Рамантычны пошук: Назіранні над бел. рамантызмам пачатку XX ст.Мн., 1983;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАЗЕ́КА Янка (Іван Дарафеевіч; н. 31.8.1915, в. Кострычы Кіраўскага р-на Магілёўскай вобл.),
бел. крытык і літ.-знавец. Засл. работнік культ. Беларусі (1975). Скончыў Мінскі пед.ін-т (1938). Настаўнічаў, працаваў у прэсе. У 1957—67 гал. рэдактар выд-ва «Беларусь». У 1967—91 у выд-ве «Беларуская Савецкая Энцыклапедыя» (у 1969—79 нам.гал. рэдактара). Друкуецца з 1935.
Аўтар прац па пытаннях развіцця класічнай і сучаснай бел. л-ры: зб-кі «З невычэрпных крыніц» (1958), «Натхненне і майстэрства» (1963), кн. «Беларуская байка» (1960), «Кандрат Крапіва» (1965), «Кузьма Чорны» (1980). Даследуе пераважна прозу, а таксама жанры сатыры, байку, праблемы творчай індывідуальнасці пісьменніка (Я.Колас, К.Чорны, К.Крапіва, І.Мележ, І.Шамякін, В.Вітка, А.Кулакоўскі), стылёва-жанравых прыкмет маст. твора. Складальнік кніг аўтабіягр. матэрыялаў бел. пісьменнікаў «Пяцьдзесят чатыры дарогі» (1963), «Пра час і пра сябе» (1966), «Вытокі песні» (1973). Дзярж. прэмія Беларусі 1976 за ўдзел у выданні Бел.Сав. Энцыклапедыі ў 12 тамах.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАЗЛО́ЎСКІ Міхаіл Іванавіч (6.11.1753, С.-Пецярбург — 30.9.1802),
рускі скульптар і рысавальшчык. Вучыўся ў Пецярбургскай АМ (1764—73) у Н.Жыле і А.Ласенкі; пенсіянер АМ у Рыме (1774—79) і Парыжы (1779—80), дзе працаваў у 1788—90. З 1794 акад. і праф. Пецярбургскай АМ. Прадстаўнік класіцызму, рысы якога спалучаў з жывапіснасцю барока. Творчасць прасякнута ідэямі асветніцтва, гуманізмам і эмацыянальнасцю. У ранніх творах адчуваецца імкненне да ўраўнаважанасці і строгай пластычнай формы (рэльефы для Мармуровага палаца ў Пецярбургу, 1787; «Няспанне Аляксандра Македонскага», 1780-яг.). Пазней ствараў пластычна тонкія, пастаральна-ідылічныя статуі («Амур спіць», 1792), творы нац.гіст. тэматыкі («Якаў Далгарукі разрывае царскі ўказ», 1797), алегарычныя ўвасабленні воінскай славы Расіі («Геркулес на кані», 1799; помнік А.Сувораву ў Пецярбургу, 1799—1801; «Самсон раздзірае пашчу льву», 1800—02). Развіваў мастацтва класічнага манум. надмагілля (П.Мялісіна, 1800; С.Строганавай, 1801—02). Аўтар малюнкаў «Расійская лазня» (1778), «Меропа» (1790), «Смерць Іпаліта» (1792) і інш. Сярод вучняў С.Піменаў і В.Дэмут-Маліноўскі.
Літ.:
Петров В.Н. М.И.Козловский, 1753—1802. 2 изд. Л., 1983.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАЛГА́СНА-САЎГА́СНЫЯ ТЭА́ТРЫ,
вандроўныя прафес. т-ры для абслугоўвання калгасаў і саўгасаў. Узніклі ў 1930-яг. Сродкамі тэатр. мастацтва праводзілі агітацыю і прапаганду сярод сялян. Складаліся з мясц.прафес. артыстаў і ўдзельнікаў маст. самадзейнасці. Ставілі сав. п’есы, рус. і замежную класіку, творы «малых форм». У 1934—35 і 1939 у Маскве адбыліся 2 Усесаюзныя агляды К.-с.т. На Беларусі першыя К.-с.т. ўзніклі ў 1935 у Гомелі, Барысаве, Мазыры, у 1936 — у Слуцку і Полацку, у 1937 — у Рагачове, у 1938 — у Бабруйску, Лепелі і Заслаўі, у 1939 — у Рэчыцы, у 1940 — у Дзяржынску. У іх рэпертуары нац.бел. драматургія, найб. папулярныя сав., класічныя рус., замежныя творы. Значнае месца займалі літ. кампазіцыі, мантажы, створаныя на мясц. матэрыяле. У сваёй дзейнасці т-ры працягвалі традыцыі Першай бел. трупы І.Буйніцкага, трупы У.Галубка, выкарыстоўвалі практыку агітпаяздоў, агітбрыгад, «Сіняй блузы». У маі 1939 у Мінску адбыўся 1-ы Усебел. фестываль К.-с.т. З пач.Вял.Айч. вайны т-ры спынілі існаванне. У 1956—62 дзейнічаў як К.-с.т. Бабруйскі вандроўны беларускі драматычны тэатр.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАМАРО́Ў Уладзімір Сямёнавіч (н. 29.1.1923, в. Княжыцы Магілёўскага р-на),
бел. хімік. Акад.Нац.АН Беларусі (1980, чл.-кар. 1970), д-рхім.н. (1969), праф. (1972). Засл. дз. нав. Беларусі (1978). Скончыў БДУ (1952). З 1952 у Ін-це хіміі АНБССР, з 1959 у Ін-це агульнай і неарган. хіміі Нац.АН Беларусі (у 1969—93 дырэктар), адначасова ў 1982—92 акад.-сакратар Аддз.хім. і геал. навук АН Беларусі. Навук. працы па вывучэнні структуры, фізіка-хім. і каталітычных уласцівасцей прыродных і сінт. адсарбентаў, тэорыі і метадах фарміравання сітаватай структуры адсарбентаў, стварэнні новых каталізатараў. Распрацаваў новыя метады актывацыі малаактыўных глін. метады сінтэзу алюмасілікатных каталізатараў крэкінгу, цэалітнапоўненых каталізатараў акіслення вуглевадародаў і спіртоў, ізамерызацыі, сінтэзу аміяку. Дзярж. прэмія Беларусі 1979.
Тв.:
Физико-химические основы регулирования пористой структуры адсорбентов и катализаторов. Мн., 1981 (разам з І.Б.Дубніцкай);
Структура и пористость адсорбентов я катализаторов. Мн., 1988;
Адсорбенты: вопр. теории, синтеза и структуры. Мн., 1997.
Літ.:
В.С.Комаров // Весці Нац.АН Беларусі. Сер. хім.навук. 1998. № 1.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАМУНІ́СТЫ (ад лац. communis агульны) 1) аб’яднанне з белых рымска-каталіцкіх ксяндзоў на аснове ўласнага статута. Заснавальнік — ням. ксёндз Барталамей Хольцгаўзер. У 1640 ён стварыў аб’яднанне, члены якога абавязваліся жыць сумесна, мець агульны прыбытак (адсюль назва), дапамагаць адзін аднаму, клапаціцца пра сваю цнатлівасць. У 1680 папа рымскі Інакенцій XI зацвердзіў іх статут. На чале ўсёй арганізацыі К. стаяў ген. начальнік, які зацвярджаўся папам рымскім пажыццёва; пры ім былі 2 асістэнты і 2 ген. візітатары. Кіраўніцтва К. ў дыяцэзах (епархіях) ажыццяўлялі дыяцэзныя начальнікі, якія падпарадкоўваліся біскупам. Мясц. абшчыну ўзначальваў суперыёр. З 2-й пал. 17 ст. аб’яднанні К. пашырыліся ў інш.еўрап. краінах. У 1683 біскуп пазнанскі Вяжбоўскі запрасіў абшчыну К. у Рэч Паспалітую, дзе яны заснавалі семінарыю ў г. Гура-Кальварыя, потым — у Варшаве. На Беларусі найб. вядомая іх абшчына — дом К. у Пінску (16951836). У прыгарадзе Пінска Караліне для К. быў пабудаваны касцёл св. Карла Барамея. Апошнія дамы К. у Рас. імперыі закрыты разам з каталіцкімі кляштарамі ў 1830—60-яг. 2) Члены камуністычных партый.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАМЯНЕ́ЦКАЕ ПАЎСТА́ННЕ,
анты феадальнае выступленне сялян Камянецкай воласці Мазырскага пав. ў 1750-яг. Выклікана прыгнётам мясц. адміністрацыі. Хваляванні пачаліся яшчэ ў 1736. Пад уплывам паўстання гайдамакаў у суседняй Жытоміршчыне ў 1754 перараслі ва ўзбр. выступленне. Для падаўлення паўстання 7.9.1754 загадам М.К.Радзівіла ў Камянецкую воласць накіраваны 2 харугвы. У кастр. 1755 харугвы пасланы зноў супраць новага выступлення сялян, а ў ліст. — яшчэ 4 харугвы (70 коннікаў). Да студз. 1756 паўстанне ахапіла ўсю Камянецкую воласць (больш за 700 сял. двароў). Сабраўшыся каля мяст. Славечна, паўстанцы далі адпор харугвам і прымусілі іх да ўцёкаў. Некалькі тысяч сялян стварылі ўмацаваны лагер і пакляліся змагацца да апошняга. У сак. 1756 урадавае войска (400 чал. і гарматы) рушыла да Славечна. Пасля таго як сяляне адмовіліся ад капітуляцыі, жаўнеры кінуліся на штурм лагера і ўзялі яго. Паўстанцы страцілі 60 чал. забітымі. некалькі дзесяткаў чалавек патанула ў балотах, каля 60 чал. узяты ў палон. Многія ўдзельнікі выступлення пакараны смерцю, іншых білі бізунамі, 4 кіраўнікоў выступлення пасадзілі на кол, 10 сял. важакоў адасланы ў Нясвіж на суд да Радзівіла.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАНВЕ́ЛІШКІ,
вёска ў Воранаўскім р-не Гродзенскай вобл. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 21 км на ПнУ ад г.п. Воранава, 144 км ад Гродна, 9 км ад чыг. ст. Беняконі. 458 ж., 148 двароў (1998).
Вядомы з 2-й пал. 17 ст. як маёнтак Калвелішкі (двор, вёска і мяст. Смолінск) у Ашмянскім пав., што належаў Пражмоўскім, у 18 ст. — Храптовічам, з 1786 — Янкоўскім, з 1850-х г. — Умястоўскім. З 1795 у Рас. імперыі. У 19 ст. ў Дзевянішкаўскай вол. Ашмянскага пав. У 1880-яг. ў мястэчку 144 ж.. 4 крамы, карчма, бровар. У 1920—22 у складзе Сярэдняй Літвы, у 1922—39 у Польшчы. мястэчка і вёска Дзевянішкаўскай гміны Ашмянскага пав. У 1921 у мястэчку 180 ж., 39 двароў, у вёсцы 144 ж., 25 двароў. З 1939 у БССР, з 1940 цэнтр сельсавета Воранаўскага р-на. У пасляваенны час мястэчка і вёска зліліся. У 1971—170 ж., 55 двароў.
Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, амбулаторыя, аптэка, камбінат быт. абслугоўвання, аддз. сувязі. Помнік архітэктуры — драўляны касцёл Сэрца Ісуса (1916).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАНТРО́ЛЬ САЦЫЯ́ЛЬНЫ,
спосаб самарэгуляцыі сац. сістэмы, які забяспечвае ўпарадкаванае ўзаемадзеянне яе кампанентаў (індывідаў, груп, супольнасцей) з дапамогай нарматыўнага рэгулявання адпаведнымі нормамі, правіламі, традыцыямі, звычаямі. Важнейшая яго функцыя — стабілізуючая. Для ажыццяўлення К.с. неабходна аўтарытэтная інтэрпрэтацыя нарматыўных абавязацельстваў спец. створанымі сац. ін-тамі культуры, права, кіравання і інш., якія ў неабходных выпадках павінны прыняць не толькі меры выхавання і заахвочвання, але і прымусу. Гэтыя ін-ты ўжываюць санкцыі: фармальныя, афіц. прадпісаныя грамадствам або арг-цыяй (павышэнне або зніжэнне службовага статусу, узнагарода, пакаранне); нефармальныя (ухваленне, абурэнне і інш.); пазітыўныя (грамадскае прызнанне заслуг, прэміраванне, прысваенне ганаровага звання), негатыўныя (вымова, штраф, асуджэнне, ізаляцыя і інш.). Асн. спосабы К.с.: заахвочванне за ўчынкі, якія адпавядаюць каштоўнасцям і нормам, што існуюць у грамадстве; прадухіленне непажаданых учынкаў; устрымліванне ад дзеянняў, якія парушаюць нормы і правілы паводзін; пакаранне за парушэнне прававых, маральных і інш. нормаў; выпраўленне асоб, якія парушылі сац. нормы, учынілі злачынства і г. д. У сістэме К.с. асаблівая роля належыць сац. ін-там [крымінальнае права, міліцыя (паліцыя), суды, пракуратура і інш.], а таксама грамадскай думцы, культ. традыцыям народа.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАНЦЭПТУА́ЛЬНАЕ МАСТА́ЦТВА (англ. conceptional art ад concept ідэя, агульная задума + art мастацтва), канцэптуалізм,
кірунак у авангардным мастацтве 2-й пал. 20 ст. Узнікла ў ЗША ў канцы 1960-х г. (тэарэтык і аўтар тэрміна С.Ле Віт; мастакі Р.Бэры, Л.Вейнер, Д. Х’юблер, Дж. Косут), адначасова пашырылася ў Зах. Еўропе (мастакі англ. групы «Мастацтва і мова» Т.Аткінсан, Х.Харэл, Д.Байнбрыдж, М.Болдуін і інш.). Працягвае традыцыі дадаізму і антымастацтва. У аснове К.м. — ідэя (канцэпт) важнасці не самога суб’ектыўнага прадмета адлюстравання, якую дэклараваў поп-арт, а таго, што прадмет абазначае, адмаўленне абавязковай завершанасці маст. твора. Мастак-канцэптуаліст не столькі выканаўца твора, колькі яго праграміст, тэарэтык. Ён дае гледачу права на «сааўтарства», самаст. асэнсаванне магчымых варыянтаў разумення сутнасці твора, прапануе аналізаваць не твор, а прыроду, прызначэнне і сутнасць мастацтва. Аналіз кода твора ідзе праз філасофію і лінгвістыку. У якасці матэрыялу выкарыстоўваюць фотаздымкі, пісьмовую інфармацыю, графіку, гук, відэазапісы і інш., часам стварэнне маст. твора замяняецца рэфлекторнымі дыскусіямі. К.м. блізкае да перфомансу.