ЦЗІНЬ,
кітайская імператарская дынастыя [265—420]. Адрозніваюць Зах. Ц. [265—316] і Усх. Ц. [317-420]. Першая засн. палкаводцам Сыма Янем, які ў 280 перамог царства У і на кароткі час аб’яднаў дзяржаву; сталіца — г. Лаян. Міжусобіцы канца 3 — пач. 4 ст. аслабілі імперыю і дазволілі хуну і інш. качавым плямёнам захапіць Паўн. Кітай; у 316 імператар Мінь-дзі ўзяты імі ў палон. Адзін з саноўнікаў імперыі Сыма Жуй у 317 засн. Усх. Ц.; сталіца — г. Цзянькан (цяпер г. Нанкін). У час праўлення Усх. Ц. вялася бесперапынная барацьба за ўладу паміж знаццю Паўн. і Паўд. Кітая. У 420 да ўлады прыйшла дынастыя Сун (гл. Паўднёвыя і паўночныя дынастыі ў Кітаі).
т. 17, с. 111
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЦІМАФЕ́ЕВА Ніна Уладзіміраўна (н. 11.6.1935, С.-Пецярбург),
расійская артыстка балета. Нар. арт. СССР (1969). Скончыла Ленінградскае харэагр. вучылішча (1953). З 1953 салістка Ленінградскага т-ра оперы і балета, з 1956 — Вял. т-ра ў Маскве, у 1989—91 рэпетытар у ім. Адна з вядучых трагедыйных актрыс класічнага балетнага т-ра 1960—70-х г. Яе выканальніцтва вызначалася маштабнасцю рухаў, высокім, моцным скачком. Сярод партый: Адэта — Адылія («Лебядзінае возера» П.Чайкоўскага), Гаспадыня Меднай гары («Каменная кветка» С.Пракоф’ева), Мехменэ-Бану («Легенда пра каханне» А.Мелікава), лэдзі Макбет («Макбет» К.Малчанава) і інш. Здымалася ў тэлебалетах і кінафільмах-балетах («Спартак», 1976) і інш. З 1991 за мяжой.
т. 17, с. 113
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЦІТО́Ў Канстанцін Маркавіч (26.10.1905, с. Сачкавічы Клімаўскага р-на Бранскай вобл., Расія — 13.4.1972),
рускі паэт, перакладчык. Скончыў Ленінградскі ун-т (1937). Друкаваўся з 1927. У зб-ках паэзіі «Выступленне ў дарогу» (1941), «Салдацкія радкі» (1947), «Шукальнікі» (1956), «Сэрца зямлі» (1958), «Проста пра любоў» (1970), «Сляды на водмелі» (1972) услаўленне чалавека-працаўніка, гераізму сав. воінаў у Вял. Айч. вайне, хараства прыроды, дружбы, кахання. Яго творы вызначаюцца лірызмам, маляўнічасцю дэталей, разнастайнасцю жанраў, многія напісаны ў сюжэтна-баладнай форме. Аўтар тэкстаў песень, кніг для дзяцей. На рус. мову пераклаў творы бел. паэтаў, трылогію Р.Сабаленкі «Іду ў жыццё» (1963).
Тв.:
Солнце загорается за Сожем. Мн., 1978.
т. 17, с. 120
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЦНО,
возера ў Браслаўскім р-не Віцебскай вобл., у бас. р. Друйка (цячэ праз возера), за 1,5 км на У ад г. Браслаў. Уваходзіць у Браслаўскую групу азёр. Пл. 0,57 км², даўж. 1,1 км, найб. шыр. 850 м, найб. глыб. 2,9 м, даўж. берагавой лініі 3,7 км. Пл. вадазбору 452 км². Катлавіна падпруднага тыпу, лопасцевай формы. Схілы катлавіны выш. 6—10 м, у ніжняй ч. разараныя, у верхняй занятыя сухадольным лугам і лесам. Берагі нізкія, забалочаныя і сплавінныя. Дно плоскае, сапрапелістае, пры ўпадзенні Друйкі — заіленыя пяскі. У межах Ц. востраў пл. 0,011 км². Моцна зарастае. Па возеры праходзіць турысцкі маршрут.
т. 17, с. 133
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЦЫМЕРВА́ЛЬДСКАЯ КАНФЕРЭ́НЦЫЯ 1915,
міжнародная сацыяліст. канферэнцыя, што адбылася 5—8.9.1915 у пас. Цымервальд (Швейцарыя). 38 дэлегатаў з 11 еўрап. краін, у т. л. з Рас. імперыі. Большасць яе дэлегатаў складалі цэнтрысты, якім супрацьстаяла група інтэрнацыяналістаў — Цымервальдская левая. Асн. пытанне на канферэнцыі — барацьба пралетарыяту за мір ва ўмовах 1-й сусв. вайны. Прыняты Ц.к. кампрамісны маніфест адзначыў імперыяліст. характар вайны, а курс лідэраў Інтэрнацыянала 2-га на падтрымку рабочымі ваен. намаганняў сваіх урадаў заклеймаваў як здрадніцтва прынцыпам інтэрнацыяналізму. На Ц.к. ўтварылася т.зв. Цымервальдскае міжнар. аб’яднанне — блок рэв. сацыялістаў-інтэрнацыяналістаў з цэнтрыстамі, які афіцыйна распушчаны на 1-м кангрэсе Камуністычнага Інтэрнацыянала ў сак. 1919.
т. 17, с. 146
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЦЫСТЫ́Н,
дысульфід цыстэіна, заменная серазмяшчальная амінакіслата, 3,3-дытыобіс-2-амінапрапіёнавая кіслата, [HOOC—CH(NH2)—CH2S]2. У саставе многіх бялкоў і пептыдаў (у кераціне валасоў разам з цыстэінам да 18%), у невял. колькасці прысутнічае ў клетках усіх жывых арганізмаў.
Бясколерныя крышталі, мал. м. 240,3, tпл 247—249 °C, дрэнна раствараецца ў вадзе, раствараецца ў мінер. к-тах і водных растворах шчолачаў. За кошт Ц. ў малекулах бялкоў утвараюцца папярочныя дысульфідныя сувязі, якія забяспечваюць іх фізіял. актыўнасць. Біял. роля Ц. тоесная цыстэіну і ўтвараецца з яго. Можа ператварацца ў піравінаградную к-ту (ацэтыл-КоА). Генетычна абумоўленыя парушэнні абмену U прыводзяць да спадчыннай хваробы цыстынозу.
І.М.Семяненя.
т. 17, с. 153
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЦЫТАЗІ́Н, 2-оксі-4-амінапірымідзін,
пірымідзінавая азоцістая аснова. Змяшчаецца ва ўсіх жывых арганізмах у саставе нуклеінавых кіслот (ДНК і РНК).
Крышт. рэчыва белага колеру, tпл ~ 320 °C, добра раствараецца ў шчолачах, дрэнна ў халоднай вадзе; слабая аснова. Малекула Ц. мае плоскую канфігурацыю У ДНК утварае за кошт 3 вадародных сувязей камплементарную пару з гуанінам. Вядомы мінорныя асновы Ц. — 5-метылцытазін (выяўлены ў саставе ДНК вышэйшых раслін і некаторых бактэрый) і 5-оксіметылцытазін (у некаторых штамах фагаў кішэчнай палачкі). Зыходныя рэчывы для біясінтэзу Ц. — аспарагінавая к-та і карбамаілфасфат, які сінтэзуецца з двухвокісу вугляроду і аміяку з удзелам АТФ.
І.М.Семяненя.
т. 17, с. 154
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЦЭ́САРАЦ (Cesarec) Аўгуст (4.12.1893, Заграб — 17.7.1941),
харвацкі пісьменнік, публіцыст, грамадскі дзеяч. У 1919 з М.Крлежам выдаваў час. «Plamen» («Полымя»), супрацоўнічаў у перыяд. друку «левіцы». Друкаваўся з 1909. У кнігах аповесцей і апавяд. «Судзіце Мяне» (1925), «За новай дарогай» (1926), «Навелы» (1939), раманах «Імператарскае каралеўства» (1925), «Залаты юнак і яго ахвяры» (1928), «Уцекачы» (1933) і інш. сац. матывы, падпарадкаваныя духу часу. Аўтар зб. паэзіі «Вершы» (1919), п’есы «Сын айчыны» (1940), кніг публіцыстыкі «Са свету прыгнечаных» (1925), «Іспанскія сустрэчы» (1938), «Падарожжа па Савецкім Саюзе» (1940) і інш. Перакладаў з ням., франц., чэш. і рус. моў.
Тв.:
Рус. лер. — Тонкина любовь: Рассказы. М., 1961.
І.А.Чарота.
т. 17, с. 182
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЧАБЯРУ́К Алена Іванаўна (н. 11.11.1925, ст. Прыяміна Барысаўскага р-на Мінскай вобл.),
бел. мовазнавец. Канд. філал. н. (1969). Скончыла БДУ (1951). Працавала настаўніцай, у 1952—91 у Ін-це мовазнаўства АН Беларусі. Даследуе бел. дыялекталогію, балта-слав. моўныя кантакты. Аўтар працы «Лічэбнік у беларускіх гаворках» (1977), сааўтар «Дыялекталагічнага атласа беларускай мовы» (1963), «Нарысаў па беларускай дыялекталогіі» (1964), «Лінгвістычнай геаграфіі і групоўкі беларускіх гаворак» (1968—69), «Слоўніка беларускіх гаворак паўночна-заходняй Беларусі і яе пагранічча» (т. 1—5, 1979—86), «Лексічнага атласа беларускіх народных гаворак» (т. 1—5, 1993—98; Дзярж. прэмія Беларусі 2000). Дзярж. прэмія СССР 1971 за ўдзел у комплексе прац па бел. лінгвагеаграфіі.
т. 17, с. 202
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЧАРВАНЮ́К Яўген Іванавіч (21.4.1924, г.п. Брусілаў Жытомірскай вобл., Украіна — 12.2.1982),
украінскі спявак (бас), педагог. Нар. арт. СССР (1967). Скончыў Кіеўскую кансерваторыю (1950). У 1952—77 саліст Харкаўскага т-ра оперы і балета. Адначасова з 1960 выкладаў у Харкаўскім муз.-драм. ін-це (з 1974 праф.). Валодаў сакавітым, выразным голасам цёплага тэмбру. Першы выканаўца партый Арбеніна («Маскарад» А.Артамонава), Берніка («Букавінцы» М.Кармінскага) і інш. Сярод інш. партый: Тарас Бульба, Выбарны («Тарас Бульба», «Наталка Палтаўка» М.Лысенкі), Карась («Запарожац за Дунаем» С.Гулак-Арцямоўскага), Крыванос («Багдан Хмяльніцкі» К.Данькевіча), Сусанін («Іван Сусанін» М.Глінкі), Барыс Гадуноў («Барыс Гадуноў» М.Мусаргскага), Філіп II («Дон Карлас» Дж.Вердзі) і інш.
т. 17, с. 224
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)