УНІМА́ (UNIMA; скарочана ад франц. Union Internationale de la Marionette),
міжнародны саюз дзеячаў т-ра лялек пры ЮНЕСКА. Засн. ў 1929 у Празе, штаб-кватэра знаходзіцца (2002) у г. Шарлевіль Мезьер (Францыя). У 1996 засн. аддзяленне У. — Бел. цэнтр У. са штаб-кватэрай у Брэсцкім абл. т-ры лялек. Прэзідэнт — М.Шавель. Пры цэнтры працуюць камісіі: музейна-выставачная, інфарм.-выдавецкая, па павышэнні прафес. адукацыі і кваліфікацыі, крытыцы, абароне прафес. і сац. інтарэсаў, міжнар. дзейнасці. У 1998 цэнтрам засн. грашовая прэмія імя Ан.Ляляўскага «За яркія дасягненні ў галіне тэатра лялек». Сярод лаўрэатаў мастакі Л.Быкаў, А.Фаміна, артысты Т.Гарачава, В.Пражэева, У.Уласаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
УО́РФ (Whorf) Бенджамін Лі (24.4.1897, г. Уінтрап, штат Масачусетс, ЗША — 26.7.1941),
амерыканскі мовазнавец і этнограф. Скончыў Масачусецкі тэхнал.ін-т (1918). З 1926 даследаваў праблему суадносін мовы і мыслення, вывучаў мовы амер. індзейцаў, семіцкія мовы. Першыя працы, у т. л. «Фанетычная ацэнка характэрных асаблівасцей пісьменнасці майя» (1933), прысвечаны дэшыфроўцы і лінгвістычнай інтэрпрэтацыі пісьменнасці майя. Пад уплывам ідэй Э.Сепіра і ў выніку назіранняў за юта-ацтэкскімі мовамі (асабліва хопі) сфармуляваў гіпотэзу пра лінгвістычную адноснасць (гіпотэза Сепіра—У.). Зрабіў вял. ўклад у распрацоўку тэорыі грамат. катэгорый.
Літ.:
Звегинцев В.А. Теоретико-лингвистические предпосылки гипотезы Сепира—Уорфа // Новое в лингвистике. М., 1960. Вып. 1.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
У́РАДА, Урода,
возера ў Лепельскім р-не Віцебскай вобл., у бас.р. Тураўлянка, за 27 км на ПнУ ад г. Лепель. Уваходзіць ва Ушацкую групу азёр. Пл. 1,52 км², даўж. 3,4 км, найб.шыр. 800 м, найб.глыб. 6,5 м, даўж. берагавой лініі 8,8 км, пл. вадазбору 9,95 км². Катлавіна лагчыннага тыпу. Схілы выш. 2—5 м (на ПнУ, У і З месцамі да 20 м), пераважна разараныя. Берагі нізкія, часткова забалочаныя. Дно выслана гліністым ілам, уздоўж берага заіленым пяском. 2 астравы агульнай пл. 0,7 га. Зарастае да глыб. 2 м. Упадаюць 3 ручаі, выцякае р. Дзіва. Злучана 2 пратокамі з азёрамі без назвы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
УРА́НАВЫЯ СЛЮ́ДКІ,
група мінералаў (больш за 40), водных фасфатаў і арсенатаў уранілу. Агульныя формулы: A(UO2)2 [PO4AsO4]∙nH2O — крышталехім. група атаніту і A(UO2)3(PO4)2 (OH)2 × 10H2O — крышталехім. група фасфураніліту, дзе A — натрый, калій, кальцый, барый, медзь, магній і інш. Утвараюць цвёрдыя растворы ад фасфатаў да арсенатаў. Гал. мінералы тарберніт і атэніт. Крышталізуюцца ў тэтраганальнай і рамбічнай сінганіях. Утвараюць парашковыя, зямлістыя, лускаватыя агрэгаты, крышталі пласцініста-таблітчастыя. Колер жоўты і зялёны розных адценняў. Бляск шкляны або перламутравы. Цв. 2—3. Шчыльн. 3—6,9 г/см³. Некат. У.с. люмінесцыруюць. Радыеактыўныя. Трапляюцца ў зонах акіслення уранавых радовішчаў. Утвараюць уранавыя руды.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
УСВЕ́Я,
возера ва Ушацкім р-не Віцебскай вобл., у бас.р.Зах. Дзвіна, за 28 км на ПнУ ад г.п. Ушачы. Пл. каля 2,4 км², даўж. 3,4 км, найб.шыр. 960 м, найб.глыб. 1,9 м, даўж. берагавой лініі 8,2 км, пл. вадазбору 32,3 км². Катлавіна рэшткавага тыпу. Схілы выш. 11—18 м, разараныя, да возера абрываюцца ўступам выш. 4—6 м. Пойма шыр. да 20 м, затарфаваная, укрыта хмызняком. Берагі нізкія, забалочаныя, на У месцамі пясчаныя, на З тарфяністыя. Дно ўкрыта сапрапелем, месцамі вузкая прыбярэжная паласа апясчаненых адкладаў. Зарастае да глыб. 0,9 м. Упадаюць 2 ручаі, пратокай злучана з Зах. Дзвіной.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
УСТА́ВА, ухвала,
спецыяльны прававы акт ВКЛ у 16 ст., прысвечаны асобным пытанням цывільнага, крымін. і працэсуальнага права, а таксама дзярж. кіраванню краіны. Мела сілу закона. Паводле сцвярджэння гісторыка М.Н.Ясінскага ў працы «Устаўныя земскія граматы Літоўска-Рускай дзяржавы» (Кіеў, 1889), назва акта адрознівалася ў залежнасці ад суб’екта заканадаўства: акт, які прымаў вял. князь, наз. «ўстава», акт, што прымаў сойм — «ухвала». У. наз. таксама пісьмовыя распараджэнні ваявод пра ўстанаўленне цэн на пэўныя харч. тавары, віно, прыправы і рамесныя вырабы, што ўвозіліся з-за мяжы. Гэтыя своеасаблівыя прэйскуранты выдаваліся ў кожным ваяводстве звычайна двойчы на год, яны абвяшчаліся і вывешваліся на рынках і ў інш. людных месцах.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
УТРЫМА́ННІ З ЗАРАБО́ТНАЙ ПЛА́ТЫ,
устаноўленыя заканадаўствам падставы, пры якіх па распараджэнні наймальніка з работніка можа быць утрымана частка яго заробкаў. Паводле КЗаП Рэспублікі Беларусь утрыманні для пагашэння запазычанасці наймальніку могуць рабіцца: для вяртання авансу, выдадзенага ў кошт зарплаты, а таксама сум, што залішне выдадзены ў выніку падліковых памылак; для пагашэння непатрачанага авансу на службовую камандзіроўку або перавод у інш. мясцовасць, на гасп. патрэбы — калі работнік не аспрэчвае падставы і памер утрыманняў; пры звальненні работніка, які выкарыстаў працоўны водпуск, — за неадпрацаваныя дні водпуску; пры пакрыцці шкоды, нанесенай наймальніку па віне работніка. Памеры ўтрыманняў рэгламентуюцца заканадаўствам і не могуць перавышаць 50% пры кожнай выплаце зарплаты.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ФЕАДАРО́ (Theodōrō), Мангупскае княства,
дзяржава на ПдЗ сучаснага Крыма ў 12—15 ст. Вылучылася са складу Візантыі, займала тэр. паміж р. Кача на Пн і Чорным м. на Пд, сучаснымі гарадамі Севастопаль на З і Алушта на У. Цэнтр — г. Феадаро (у 10—12 ст.наз. Мангуп). Насельніцтва (аланы, грэкі, караімы, нашчадкі готаў) займалася земляробствам, жывёлагадоўляй, рамёствамі і гандлем. У 14—15 ст. Ф. адстойвала сваю незалежнасць ад мангола-татараў і генуэзцаў, з пач. 15 ст. валодала портам Каламіта ў вусці Чорнай рэчкі. У 1475 заваявана туркамі. Горад Феадаро спыніў існаванне ў 18 ст., яго руіны пад назвай Мангуп-кале за 20 км на У ад Севастопаля.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ФІЛІКІ́ ЭТЭРЫ́Я»
(«Philikē Hetaireia» «Сяброўскае таварыства»),
агульнагрэчаская тайная арг-цыя ў 1814—21, якая змагалася за вызваленне Грэцыі ад тур. няволі. Засн.грэч. перасяленцамі ў Адэсе (з 1818 цэнтр у Стамбуле); арганізац. структура шмат у чым запазычана ў карбанарыяў і масонства. Дзейнічала ў Грэцыі і інш. месцах Асманскай імперыі, Рас. імперыі (Прычарнамор’е, Бесарабія), Зах. Еўропы, дзе было грэч. насельніцтва і калоніі. Аб’ядноўвала рамеснікаў, гандл. буржуазію, інтэлігенцыю, ч. духавенства і гандл.-фін. арыстакратыі (фанарыётаў), правадыроў клефтаў і арматолаў (грэч. стражнікаў на тур. службе). З 1820 кіраўнік «Ф.Э.» — кн. А.Іпсіланці. «Ф.Э.» ў асн. падрыхтавала Грэчаскую нацыянальна-вызваленчую рэвалюцыю 1821—29 і з яе пачаткам спыніла існаванне.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ФІНА́НСАВЫ КРЫ́ЗІС,
глыбокае разладжванне дзяржаўнай фінансавай, грашовай сістэмы. Праяўляецца ў рэзкай неадпаведнасці даходаў бюджэту іх выдаткам, нестабільнасці і падзенні валютнага курсу нац. грашовай адзінкі, узаемных неплацяжах эканам. суб’ектаў, неадпаведнасці грашовай масы ў абарачэнні патрабаванням грашовага абарачэння. Выяўляецца ў хранічным бюджэтным дэфіцыце, выклікае інфляцыю. Рост бюджэтнага дэфіцыту выклікае вял. павелічэнне дзярж. доўгу, а плата працэнтаў па ім у сваю чаргу абцяжарвае бюджэт і павялічвае яго дэфіцыт. Звязаная з бюджэтным дэфіцытам пагроза інфляцыі падрывае дзярж. крэдыт. Напружанае становішча дзярж. бюджэту і дзярж. крэдыту непазбежна цягне за сабой рост падаткаў і адпаведна зніжэнне рэальнай заработнай платы. Ф.к. звычайна звязаны з агульнымі крызісамі эканамічнымі, якія перыядычна паўтараюцца ў рыначнай эканоміцы.