УО́РФ (Whorf) Бенджамін Лі (24.4.1897, г. Уінтрап, штат Масачусетс, ЗША — 26.7.1941),
амерыканскі мовазнавец і этнограф. Скончыў Масачусецкі тэхнал. ін-т (1918). З 1926 даследаваў праблему суадносін мовы і мыслення, вывучаў мовы амер. індзейцаў, семіцкія мовы. Першыя працы, у т. л. «Фанетычная ацэнка характэрных асаблівасцей пісьменнасці майя» (1933), прысвечаны дэшыфроўцы і лінгвістычнай інтэрпрэтацыі пісьменнасці майя. Пад уплывам ідэй Э.Сепіра і ў выніку назіранняў за юта-ацтэкскімі мовамі (асабліва хопі) сфармуляваў гіпотэзу пра лінгвістычную адноснасць (гіпотэза Сепіра—У.). Зрабіў вял. ўклад у распрацоўку тэорыі грамат. катэгорый.
Літ.:
Звегинцев В.А. Теоретико-лингвистические предпосылки гипотезы Сепира—Уорфа // Новое в лингвистике. М., 1960. Вып. 1.
т. 16, с. 242
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)