злачынная дзейнасць у сферы палітыкі або дзярж. кіравання, якая выяўляецца ў карыслівым выкарыстанні службовымі асобамі нададзеных ім правоў і ўладных паўнамоцтваў для асабістага ўзбагачэння.
Найб. тыповыя праяўленні К. — подкуп службоўцаў і грамадска-паліт. дзеячаў, хабарніцтва за законнае і незаконнае наданне даброт і прывілеяў, пратэкцыянізм. К. вельмі пашырана ва ўмовах разрастання бюракратыі і пераўтварэння яе ў асаблівы сац. слой, які валодае ўладнымі прывілеямі, становіцца неад’емным элементам і ўмовай функцыянавання ценявой эканомікі, сац. расслаення грамадства, адной з гал. прычын дэградацыі эканам. і паліт. жыцця, падзення грамадскіх нораваў. Карумпіраванне работнікаў дзярж., адм. і праваахоўных органаў стварае сітуацыю, калі пры павелічэнні эканам. і інш. злачыннасці змяншаецца прыцягненне правапарушальнікаў да крымін. адказнасці. актывізуюцца мафіёзныя структуры грамадства (гл.Мафія).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАРЦЫНАЛО́ГІЯ (ад грэч. karkinos рак + ...логія),
раздзел заалогіі, які вывучае ракападобных.
На Беларусі даследаванні вядуцца з 1920 (агляд фауны галінаставусых ракападобных Віцебскай, Гродзенскай і Мінскай губ.), паглыбленыя — з 1950-х г. у БДУ, Ін-це заалогіі Нац.АН Беларусі, Бел.н.-д. і праектна-канструктарскім ін-це рыбнай гаспадаркі, Віцебскім ун-це. Вывучаецца фауна ракападобных, іх біял. асаблівасці, энергетыка і функцыян. роля ў водных экасістэмах, стан і перспектывы промыслу рачных ракаў, развіццё і станаўленне фауны ракападобных вадасховішчаў, колькасныя заканамернасці жыўлення і росту. У Браслаўскіх азёрах выяўлены і даследаваны рэлікты ледавіковага перыяду — лімнакалянус, мізіда рэліктавая, палазея, понтапарэя. Распрацаваны пытанні аквакультуры прэснаводных крэветак, інтрадукаваны субтрапічныя крэветкі ў вадаёмы-ахаладжальнікі ДРЭС, новыя для Беларусі віды мізід і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАРЫ́ДА (ісп. corrida de toros літар. бег быкоў),
бой быкоў, нац.ісп. відовішча. Вядома са старажытнасці, звязана з тагачасным культам быка. З пач. 18 ст. — традыц. цыркавое відовішча ў Іспаніі, Партугаліі, Паўд. Францыі і краінах Лац. Амерыкі, якое звычайна наладжваецца ў час свят. Адбываецца на спец. арэне ці абгароджанай пляцоўцы. Кожная К. праходзіць у некалькі этапаў: спачатку тарэра (удзельнікі К.) дражняць быка чырв. плашчамі, потым пікадоры (конныя тарэра) наносяць жывёле лёгкія ўдары доўгімі пікамі, а бандэрыльё раздражняюць яе кароткімі коп’ямі (бандэрыльямі); завяршае К. матадор (гал. фігура К.), які трапным ударам шпагі ў загрывак забівае раз’юшанага быка. У краінах, дзе пашырана К., у яе ёсць шмат праціўнікаў, якія разглядаюць К. як крывавае, небяспечнае для людзей, негуманнае ў адносінах да жывёлы і таму амаральнае відовішча.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАРЭ́ЛЬСКАЯ КУЛЬТУ́РА,
археалагічная культура плямён паляўнічых і рыбаловаў канца 3 — канца 1-га тыс. да н.э. (позняга неаліту, бронзы і ранняга жалеза) на тэр. сучаснай Карэліі. У перыяд неаліту для яе характэрны грубыя прылады са сланцу і кварцу, мясцовая таўстасценная кераміка тыпу «сперынгс» і ямкава-грабеньчатая кераміка волга-окскага тыпу. У 2-м і 1-м тыс. да н.э. распаўсюджваецца танкасценная кераміка з Дамешкамі азбесту ў гліне. Выраб медных прылад вядомы з сярэдзіны 2-га тыс. да н.э., жалеза — з 4—3 ст. да н.э. Заснавальнікамі К.к. былі плямёны, што ўтварыліся ў выніку змяшэння мясц. насельніцтва (продкаў саамаў) з протаугра-фінамі, якія праніклі сюды ў 6—3-м тыс. да н.э. з Пд і ПдЗ.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАСМІ́ЧНАЯ ПРАСТО́РА,
прастора па-за межамі паветр. сферы Зямлі, прававы рэжым якой вызначаецца міжнар.касмічным правам. Агульнапрызнанага міжнар. прававога вызначэння К.п. ў сучасны момант няма. Рэжым К.п. вызначаны міжнар. пагадненнямі, паводле якіх К.п. адкрыта для даследавання і выкарыстання ўсімі дзяржавамі на аснове роўнасці без усякай дыскрымінацыі. Яна не падлягае нац. прысваенню ні шляхам абвяшчэння над ёй суверэнітэту, ні шляхам выкарыстання або акупацыі, ні любымі інш. сродкамі. Дзейнасць па даследаванні і выкарыстанні К.п. ажыццяўляецца ў адпаведнасці з міжнар. правам, уключаючы Статут ААН, у інтарэсах падтрымання міжнар. міру і бяспекі, развіцця міжнар. супрацоўніцтва і ўзаемаразумення У К.п. забаронена выпрабаванне ядз. зброі і размяшчэнне ў ёй любых інш. відаў зброі масавага знішчэння. Пры даследаваннях і выкарыстанні К.п. дзяржавы павінны кіравацца прынцыпам супрацоўніцтва і ўзаемнай дапамогі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КВА́НТАВЫ ГІРАСКО́П,
прылада квантавай электронікі для выяўлення і вызначэння велічыні і знака вуглавой скорасці вярчэння або вугла павароту адносна інерцыяльнай сістэмы адліку. Дзеянне заснавана на гіраскапічных уласцівасцях часціц або хваль (атамных ядраў, электронаў, фатонаў і інш.).
Гэтыя ўласцівасці абумоўлены спінавымі (гл.Спін) і арбітальнымі момантамі мікрачасціц і інш. Карысны сігнал (ён прапарцыянальны скорасці вярчэння) узнікае за кошт прэцэсіі мех. і магн. момантаў мікрачасціц або за кошт узнікнення рознасці фаз ці частот паміж сустрэчнымі хвалямі ў вярчальным контуры. У навігацыі выкарыстоўваюць К.г. лазерныя (адчувальным элементам у іх з’яўляецца кальцавы лазер, які генерыруе 2 сустрэчныя хвалі), валаконна-аптычныя (заснаваны на выкарыстанні эфекту Саньяка — зрушэння інтэрферэнцыйных палос у вярчальным кальцавым інтэрферометры); распрацоўваюцца гіраскопы ядзерныя, электронныя, іонныя, радыеізатопныя, джозефсанаўскія і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КЕ́ГЛІ (ням. Kegel),
гульня спарт. тыпу, мэта якой — збіць меншай колькасцю шароў, што пускаюць рукамі, найб. колькасць фігур—кегляў, размешчаных на пляцоўцы ў пэўным парадку і на адлегласці 15—20 м.
Вядомы са стараж. часоў. Радзіма сучасных К. — Германія (17—18 ст.). Як від спорту К. былі пашыраны ў 19—20 ст. у многіх краінах. Сучасныя спарт. К. культывуюцца з 1920. Міжнар. федэрацыя кегельнага спорту засн. у 1952 (Хельсінкі). Нац. чэмпіянаты па спарт. К. праводзяць Вялікабрытанія, Германія, ЗША, Францыя, Японія і інш., чэмпіянаты свету — з 1926, Еўропы — з 1964. У краінах, дзе культывуюць К., ёсць спец. збудаванні — кегельбаны (з 18 ст.), абсталяваныя аўтаматызаванымі дарожкамі для пуску шароў, сігнальна-выліч. прыладамі. Спарт. К. ў ЗША і інш. краінах наз. боўлінг.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КЕТО́НЫ,
клас арган. злучэнняў, малекулы якіх маюць карбанільную групу >C=O, звязаную з двума вуглевадароднымі радыкаламі. Адрозніваюць К. сіметрычныя (група >C=O звязана з аднолькавымі радыкаламі; напр., CH3COCH3ацэтон), несіметрычныя (з рознымі радыкаламі; напр., CH3COC2H5 метылэтылкетон ці 2-бутанон), цыклічныя (з карбанільнай групай у кальцы; напр., цыклагексанон). Асобны клас складаюць цыклічныя ненасычаныя дыкетоны — хіноны.
Ніжэйшыя аліфатычныя К. — вадкасці з характэрным пахам, вышэйшыя (у малекуле больш за 11 атамаў вугляроду) — цвёрдыя рэчывы. Раствараюцца ў арган. растваральніках, ніжэйшыя — і ў вадзе. Паводле хім. уласцівасцей аналагічныя альдэгідам. У прам-сці атрымліваюць каталітычным акісленнем алканаў і алефінаў кіслародам, дэгідрыраваннем ці акісленнем другасных спіртоў. Выкарыстоўваюць як растваральнікі, экстрагенты; для сінтэзу палімераў, пестыцыдаў, фотаматэрыялаў, лек. і пахучых рэчываў і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КЕФА́ЛЕВЫЯ (Mugilidae),
сямейства рыб атр. кефалепадобных. 15 родаў, больш за 100 відаў. Пашыраны ў марскіх, саланаватых і прэсных вадаёмах трапічных і ўмераных шырот, у т. л. ў Азоўскім, Каспійскім, Чорным і Японскім морах. Трымаюцца каля берагоў невял. касякамі, спалоханыя часта выскакваюць з вады. Асн.прамысл. віды з роду Mugil: лабан (M. cephalus), сінгіль (M. auratus), вастранос (M. saliens).
Даўж. да 90 (звычайна 35—50) см, маса да 7 кг. Цела валькаватае, тулава і галава ўкрыты буйной луской. На спіне 2 плаўнікі. Рот маленькі, зубы дробныя або адсутнічаюць. Нерастуюць паблізу берагоў у вер.—кастрычніку. Ікра пелагічная. Для нагулу заходзяць у залівы, ліманы. Кормяцца дэтрытам, абрастаннямі, дробнымі беспазваночнымі. Аб’ект промыслу, спарт. лоўлі і развядзення.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КІРА́СА (франц. cuirasse ад cuir скура),
від засцерагальнага ўзбраення, прызначанага для засцярогі грудзей і спіны воіна ад халоднай і агнястрэльнай зброі. Складалася з 2 пласцін, выгнутых па форме спіны і грудзей (часам толькі з адной грудной пласціны) і злучаных спражкамі на плячах і баках. У старажытнасці і ў раннім сярэдневякоўі выраблялася з лямцу і скуры, з 13 ст. з жалеза (маса жал. К. да 10 кг, таўшчыня да 3,5 мм). У канцы 16 — пач. 18 ст. складала ч. ўзбраення коннікаў асобных часцей цяжкай кавалерыі ВКЛ. У канцы 16 — пач. 20 ст. К. выкарыстоўвалася ў зах.-еўрап. і рас. (з пач. 18 ст.) арміях кірасірамі (з 1860-х г. толькі як параднае ўзбраенне).
Нагруднік кірасы са збраёўні князёў Радзівілаў у Нясвіжы. 17—18 ст.