Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАКЕТАНО́СНАЯ АВІЯ́ЦЫЯ,
ва ўзброеных сілах шэрагу краін назва ваен.авіяцыі, аснашчанай самалётамі-ракетаносцамі і верталётамі (з 1980-х г.), якія здольны прымяняць кіроўныя і некіроўныя ракеты розных класаў і прызначэння («паветра—зямля», «паветра—паветра» і «паветра—карабель»), Гл. таксама Ракета-носьбіт.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РО́ЗНАСЦЬу матэматыцы,
вынік аднімання лікаў, вектараў, матрыц і інш. Р. арыфметычнай прагрэсіі — пастаянны лік, які дадаецца да папярэдняга члена прагрэсіі, каб атрымаць наступны. Р. мностваўA і B — сукупнасць (мноства) членаў мноства A, якія не ўваходзяць у мноства B.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РЫ́МСКАЕ ПРА́ВА,
сістэма права Стараж. Рыма. Уключала прыватнае права і публічнае права. Мела распрацаваную сістэму норм, якія рэгулявалі розныя віды маёмасных адносін, рэчавых правоў. Прыватнае Р.п. з’явілася класічным правам грамадства, заснаванага на прыватнай уласнасці. Яно было запазычана (рэцэптавана) многімі краінамі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АРХІПЕЛА́Г (італьян. arcipelago),
значная група астравоў, якія размешчаны паблізу адзін ад аднаго і звычайна разглядаюцца як адно цэлае. Астравы аднаго архіпелага найчасцей маюць аднолькавае паходжанне (мацерыковае, вулканічнае, каралавае) і падобную геал. будову (гл., напр., Канадскі Арктычны архіпелаг, Гавайскія а-вы, Маршалавы а-вы).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАЛЯ́СЫ, балясіны,
невысокія фігурныя слупкі, якія падтрымліваюць поручні агароджы балкона, усходаў, парапета і інш., элемент балюстрады. Вырабляюць з дрэва, бетону, металу. Бываюць плоскія, круглыя ці гранёныя ў сячэнні. Складаюцца з базы, ствала грушападобнай, прызматычнай, вазона- або келіхападобнай формы, нярэдка завяршаюцца плінтам.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АСТРО́НАМА-ГЕАДЭЗІ́ЧНАЯ СЕ́ТКА,
сістэма звязаных паміж сабою астронама-геадэзічных пунктаў, якія размешчаны адзін ад аднаго на адлегласці 70—100 км. Утворана з радоў і сетак трыянгуляцыі і паліганаметрыі. Служыць для вызначэння фігуры і памераў Зямлі, складання тапаграфічных картаў. Гл.Апорная геадэзічная сетка.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АСТЭАБЛА́СТЫ (ад астэа... + грэч. blastos зародак),
клеткі пазваночных жывёл і чалавека, якія ўдзельнічаюць ва ўтварэнні касцявой тканкі. Сінтэзуюць матэрыял яе валокнаў і асн. рэчыва. Са спыненнем росту касцей ператвараюцца ў астэацыты; у сфарміраванай тканцы сустракаюцца толькі ў месцах яе разбурэння, аднаўлення або функцыян.перабудовы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЎТААЛЕРГІ́Я (ад аўта... + алергія),
павышаная адчувальнасць арганізма да ўласных бялкоў і клетак тканак, якія набылі ўласцівасці алергенаў (эндаалергенаў). Пры пэўных умовах аўтаалергічны працэс можа перарасці ў аўтаімунную хваробу. Да хвароб аўтаалергічнай этыялогіі належаць некаторыя віды гемалітычных анемій, міястэнія, рэўматоідны артрыт і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАРЫ́ЛКА,
бандарны выраб у беларусаў; двухдонная бочачка на 5—10 л. Прызначалася, як і біклага, для пераносу вады на поле, сенажаць, лесасеку. Звычайна рабілася з дубовых клёпак, сцягнутых па краях некалькімі парамі абручоў, пасярэдзіне клёпак былі 1—2 адтуліны, якія затыкаліся коркамі.