ЛО́ЗКА (Алесь) (Аляксандр Юр’евіч; н. 7.12.1952, в. Прыбалавічы Лельчыцкага р-на Гомельскай вобл.),
бел. фалькларыст, педагог. Канд.філал.н. (1989). Скончыў Гомельскі ун-т (1975). Настаўнічаў. З 1987 працаваў у Ін-це мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору АН Беларусі, Нац. Скарынаўскім цэнтры, Рэсп. цэнтры эстэт. выхавання дзяцей. З 1992 дырэктар Бел.навук.-метадычнага цэнтра гульні і цацкі (адначасова з 1995 выкладчык у БДУ). З 1999 выкладае ў Бел.пед. ун-це імя М.Танка. Аўтар кніг «Беларускі народны каляндар» (1993, першае на Беларусі сістэматызаванае выданне па нар. календары), «Беларуская батлейка: Каляндарныя і абрадавыя гульні» (1997), «Тэатр лялек» (1998, у сааўт.). Склаў том серыі «Беларуская нар. творчасць» «Гульні, забавы, ігрышчы» (1996). Адзін з аўтараў і кіраўнік творчых калектываў па стварэнні дапаможнікаў для навучальна-выхаваўчых устаноў па беларусазнаўстве («Ехала Каляда ў чырвоным вазочку...», 1990; «Беларусазнаўства», вып. 1—4, 1992—94; серыя кніг «Бібліятэчка народных свят і прысвяткаў», з 1995). Стваральнік гульнявых сродкаў навучання і выхавання для дзіцячых садоў, школ і сям’і, распрацоўшчык методыкі батлейкавага т-ра. Даследчык скаўцкай методыкі, гісторыі сусв. і бел. скаўцкага руху («Беларускі скаўтынг», 1997).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛУГАЎСКО́Й (Уладзімір Аляксандравіч) (1.7.1901, Масква — 5.6.1957),
расійскі паэт. Скончыў Ваенна-пед.ін-т (1921). Друкаваўся з 1924. Да 1930 удзельнік Ліг. цэнтра канструктывістаў (гл. ў арт.Канструктывізм), што паўплывала на рацыянальны пафас ранняй паэзіі (зб-кі «Бліскавіцы», 1926; «Мускул», 1929). Аўтар зб-каў вершаў «Пакуты маіх сяброў» (1930), «Еўропа» (1932), кн. паэм «Жыццё» (1933), паэт. эпапеі «...Бальшавікам пустыні і вясны» (кн. 1—3, 1931—48), зб. артыкулаў «Роздум пра паэзію» (1960) і інш. У творах апошніх гадоў (зб-кі «Сонцаварот», 1956; «Сіняя вясна», апубл. 1958, і інш.) філас. асэнсаванне гісторыі. Кн.філас. паэм на аўтабіягр. аснове «Сярэдзіна стагоддзя» (апубл. 1958) ахоплівае найб. важныя падзеі сярэдзіны 20 ст. У зб. «Новыя вершы» (1941) цыкл вершаў «Ноч пад Маладзечна» пра вызваленне Зах. Беларусі ў 1939. На бел. мову асобныя вершы Л. пераклалі С.Дзяргай, Х.Жычка, А.Звонак.
Тв.:
Собр. соч.Т. 1—3. М., 1988—89;
Ответственность перед эпохой: Лит.-критич. статьи и выступления. М., 1988.
Літ.:
Страницы воспоминаний о Луговском. 2 изд. М., 1981.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАКАВЕ́ЛЬСКІ (Аляксандр Восіпавіч) (10.7.1884, г. Гродна — 16.12.1969),
філосаф. Чл.-кар.АНСССР (1946), чл.кар.АНАзерб. ССР (1949). Засл. дз. нав. Азербайджана (1930). Скончыў Казанскі ун-т (1907) і працаваў там. З 1918 праф. У 1913—18 у навук. камандзіроўцы (Берлін, Мюнхен). З 1920 у Бакінскіх ун-це і пед. ін-це. З 1945 дырэктар, з 1950 навук. супрацоўнік Ін-та філасофіі і права АНАзерб. ССР. Асн.навук. працы па гісторыі ант. філасофіі (атамісты, сафісты), філасофіі народаў Б. Усходу, логіцы і псіхалогіі, па гісторыі філас. думкі Азербайджана, у т. л.літ. помнікаў (Авеста) і спадчыны Нізамі Ганджэві. У перакладзе М. і з яго каментарыямі выдадзены шэраг прац стараж.-грэч. філосафаў.
амерыканскі псіхолаг, філосаф; адзін з заснавальнікаў гуманістычнай псіхалогіі. Д-р псіхалогіі (1934). Скончыў Мадысанскі ун-т (1930). У 1934—61 працаваў у пед. каледжы, узначальваў ф-т псіхалогіі ў Брандэйскім ун-це. Быў рэдактарам-заснавальнікам «Journal of Humanistik Psychology» («Часопіса гуманістычнай псіхалогіі») і «Journal of Transpersonal Psychology» («Часопіса трансперсанальнай псіхалогіі»), Стварыў іерархічную мадэль чалавечай матывацыі, у адпаведнасці з якой вылучаў патрэбнасці: фізіялагічныя (ніжэйшы ўзровень); бяспека і абарона; любоў, прыхільнасць і прыналежнасць да пэўнай сац. групы; павага і прызнанне; самаактуалізацыя, г.зн. рэалізацыя здольнасцей і талентаў асобы. Лічыў, што ўсе патрэбнасці чалавека прыроджаныя, вышэйшыя з іх могуць накіроўваць паводзіны чалавека, калі забяспечаны больш нізкія. Паводле М., у кожным чалавеку закладзены патэнцыяльныя магчымасці для пазітыўнага ўнутр. росту і самаўдасканалення, рэалізацыя якіх у значнай ступені залежыць ад сац. і культ. норм і правіл паводзін у грамадстве. Асн. працы: «Матывацыя і асоба» (1954), «Рэлігія, каштоўнасці і пікавыя перажыванні» (1964), «Псіхалогія быцця» (1968).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАХНА́Ч (Аляксандр Сямёнавіч) (н. 8.12.1918, в. Хатляны Уздзенскага р-на Мінскай вобл.),
бел. геолаг. Акад.Нац.АН Беларусі (1971, чл.-кар. з 1959), Д-р геолага-мінералаг. н. (1959), праф. (1960). Засл. дз. нав. Беларусі (1980). Ганаровы чл.Рас.АН (1992). Скончыў Мінскі пед.ін-т (1940). З 1950 у Ін-це геал. навук АН Беларусі, з 1969 гал. вучоны сакратар прэзідыума АН Беларусі, у 1973—86 віцэ-прэзідэнт, з 1986 член прэзідыума, з 1992 саветнік прэзідыума Нац.АН Беларусі. Навук. працы па літалогіі і геахіміі пратэразою, дэвону, стараж. корах выветрывання, па фацыяльным і фармацыйным аналізе, тэктоніцы, нафтаноснасці нетраў, гісторыі навукі. Удзельнічаў у адкрыцці на тэр. Беларусі радовішчаў калійнай і каменнай солей, жал. руд, гаручых сланцаў і інш. карысных выкапняў. За адкрыццё і разведку нафты Дзярж. прэмія Беларусі 1972.
Тв.:
Железорудные формации докембрия Белоруссии. Мн., 1974 (у сааўт.);
Рифей и венд Белоруссии. Мн., 1976 (у сааўт.);
Верхнедевонская щелочная вулканогенная формация Припятской впадины. Мн., 1977 (разам з В.П.Корзунам);
Геология и полезные ископаемые кристаллического фундамента и нижней части платформенного чехла Беларуси. Мн., 1996 (у сааўт.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАЦКЕ́ВІЧ (Юзэфа Фларыянаўна) (н. 27.7.1911, в. Ухлё Чашніцкага р-на Віцебскай вобл.),
бел. мовазнавец. Чл.-кар.АН Беларусі (1969). Д-рфілал.н. (1963). Засл. дз. нав. Беларусі (1978). Скончыла Мінскі пед.ін-т (1938). Настаўнічала. У 1945—91 працавала ў Ін-це мовазнаўства імя Я.Коласа АН Беларусі (у 1952—86 заг. сектара дыялекталогіі). Асн.навук. працы ў галіне дыялекталогіі і гісторыі бел. мовы, сучаснай бел.літ. мовы. Аўтар манаграфіі «Марфалогія дзеяслова ў беларускай мове» (1959), сааўтар кніг «Курс сучаснай беларускай літаратурнай мовы. Марфалогія», «Нарысы па гісторыі беларускай мовы» (абедзве 1957), «Хрэстаматыя па беларускай дыялекталогіі» (1962), «Дыялекталагічны атлас беларускай мовы» (ч. 1—2, 1963), «Нарысы па беларускай дыялекталогіі» (1964), «Лінгвістычная геаграфія і групоўка беларускіх гаворак» (1968—69), «Мікратапанімія Беларусі» (1974), «Слоўнік беларускіх гаворак паўночна-заходняй Беларусі і яе пагранічча» (т. 1—5, 1979—86), «Лексічны атлас беларускіх народных гаворак» (т. 1—5, 1993—98), «Лексічныя ландшафты Беларусі: Жывёльны свет» (1995) і інш.Дзярж. прэмія СССР 1971 за ўдзел у комплексе прац па бел. лінгвагеаграфіі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЯТЛА́ (Пётр Васілевіч) (1890, в. Кухцінцы Міёрскага р-на Віцебскай вобл. — 12.8.1936),
дзеяч нац.-вызв. руху ў Зах. Беларусі. Скончыў пед. курсы ў Коўне (1912), працаваў настаўнікам. У 1914—17 у арміі. У 1917—21 настаўнічаў на радзіме. З 1921 заг. аддзела Віленскага саюза кааперацыі. Удзельнічаў у стварэнні нац.-вызв. арг-цый, бел. школ у Зах. Беларусі. У 1922 выбраны дэп. польскага сейма, уваходзіў у Беларускі пасольскі клуб. Адзін са стваральнікаў і чл.ЦКБеларускай сялянска-работніцкай грамады (БСРГ). З 1926 чл.КПЗБ. Пасля разгрому БСРГ 16.1.1927 арыштаваны і асуджаны на 12 гадоў турэмнага зняволення. У выніку абмену паліт. вязнямі з 1930 жыў у БССР. Працаваў нам.нач. планавання, нач. сектара кадраў ВСНГБССР, потым у камісіі па вывучэнні Зах. Беларусі пры АНБССР. Аўтар прац па гісторыі нац.-вызв. руху ў Зах. Беларусі, у т. л. «Аб таварыстве беларускай школы і яго барацьбе» (1932). У 1933 арыштаваны па справе т.зв.«Беларускага нацыянальнага цэнтра», прыгавораны да вышэйшай меры пакарання (заменена на 10 гадоў папраўча-прац. лагераў). Памёр у лагеры на буд-ве Беламорска-Балт. канала. У 1956 рэабілітаваны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАДЖМІ́ (сапр.Назмутдзінаў) Назар Назмутдзінавіч
(5.2.1918, в. Мінішты Дзюрцюлінскага р-на, Башкортастан — 6.9.1999),
башкірскі паэт.Нар. паэт Башкортастан (1992). Скончыў Башкірскі пед.ін-т (1947). У 1947—59 працаваў у друку. У 1962—69 старшыня праўлення Саюза пісьменнікаў Башкірыі. Друкаваўся з 1937. Першая кніга — «Кропелькі» (1950). Зб-кам вершаў і паэм «Хвалі» (1955), «Нечаканы дождж» (1960), «Зямля і песня» (1962), «Дыханне» (1976), «Бакі» (1980), «Пакуль святло» (1984), «Бацькоўскі дом» (1988) і інш. уласцівы спалучэнне драм. напружання з тонкім лірызмам, фалькл. традыцый з дасягненнямі сучаснай паэзіі. Аўтар апавяданняў, п’ес «Вясновая песня» (1951), «Госць у суседзяў» (1974), кн. дарожных нататак «Індыйскія старонкі» (1960), мемуараў, літ.-крытычных і публіцыстычных артыкулаў, тэкстаў песень і інш. Пераклаў на башкірскую мову вершы А.Пушкіна, М.Лермантава, Р.Гамзатава, К.Куліева і інш. Асобныя творы Н. на бел. мову пераклаў Ю.Свірка. Рэсп. прэмія Башкірыі імя С.Юлаева 1972, Дзярж. прэмія Расіі імя М.Горкага 1982.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НЕСЦЯРЭ́НКА (Аляксандр Андрэевіч) (н. 6.8.1935, с. Падгорнае Калачаеўскага р-на Варонежскай вобл., Расія),
расійскі і бел.літ.-знавец. Д-рфілал.н. (1989), праф. (1991). Скончыў Маскоўскі ун-т (1959). З 1959 выкладаў у Чымкенцкім (у 1965—66 заг. кафедры), Калужскім пед. ін-тах. З 1989 у Віцебскім ун-це. Навук. працы па гісторыі рус. л-ры 19 ст., творчасці Л.Талстога, тэорыі л-ры, эстэтыцы. Аўтар кн. «Аўтарскі пачатак у эпічным творы» (1982), «Л.М.Талстой і руская літаратура» (2000), вучэбных дапаможнікаў для ВНУ «Тэорыя літаратуры і метадалогія аналізу мастацкага твора» (1993), «Руская літаратура ў кантэксце сусветнай» (1998, у сааўт.), «Навукова-метадычныя матэрыялы літаратуразнаўчага цыкла» (1999. ў сааўт.).
Тв.:
Проблема «авторского начала» в художественном творчестве Л.Н.Толстого // Вопр. философии. 1984. №7;
Рассказ — повесть — роман: динамика жанров и повествование в художественной прозе Л.Н.Толстого // Жанр и творческая индивидуальность. Вологда. 1990;
Луначарский читает Достоевского и Бахтина: Опыт объективного анализа // Диалог. Карнавал. Хронотоп. 1999. № 3;
Ф.М.Достоевский и Л.Н.Толстой как мыслители и художники // Весн. Віцеб. дзярж. ун-та. 2000. № I.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЛТАРА́Н (Ляпеская) Вера Сямёнаўна
(28.3.1919, в. Бабунічы Петрыкаўскага р-на Гомельскай вобл. — 28.3.1989),
бел. пісьменніца. Засл. работнік культ. Беларусі (1979). Вучылася ў Мінскім пед. ін-це (1937—41), скончыла БДУ (1945). Працавала ў газ. «Чырвоная змена», «Літаратура і мастацтва», з 1953 у час. «Маладосць», з 1973 у выд-ве «Мастацкая літаратура». Друкавалася з 1949. За кн. нарысаў «Ключы ад Сезама» (1967) і нарыс «Дзівасіл» (1968) Дзярж. прэмія Беларусі імя П.М.Лепяшынскага 1970. Аўтар зб. «Дзівасіл» (1974). Асн. тэма нарысаў — жыццё вёскі. Творы П. узнімаюць праблемы адказнасці чалавека перад грамадствам, сваім сумленнем. Яны напісаны з глыбокім пранікненнем у душу чалавека-працаўніка, з любоўю да народа і яго духоўнай спадчыны, з тонкім адчуваннем роднай мовы. Пісала пра творчасць А.Адамовіча, В.Карамазава, А.Кудраўца, І.Мележа, І.Пташнікава, М.Стральцова і інш.
Тв.:
Чалавек на вятрах часу: Публіцыстыка. Літ. крытыка. Мн., 1989.