БУ́ДНЫ (Сымон) (каля 1530, в. Буды, цяпер Беластоцкае ваяв., Польшча — 13.1.1593),

дзеяч бел. культуры, гуманіст, філосаф, асветнік; актыўны ўдзельнік рэфармацыйнага руху; адзін з заснавальнікаў навук. крытыкі Бібліі. Скончыў Кракаўскі ун-т (паступіў у 1544), магчыма, і Базельскі пратэстанцкі ун-т. З 1558 выкладаў на бел. мове ў пратэстанцкай школе ў Вільні, з 1560 кальвінісцкі прапаведнік у Клецку. Заснавальнік (з Л.​Крышкоўскім і М.​Кавячынскім) Нясвіжскай друкарні, дзе выдаў на бел. мове «Катэхізіс», свае творы «Пра апраўданне грэшнага чалавека перад Богам» і інш. Незадаволены памяркоўнасцю кальвінізму, перайшоў на радыкальныя пазіцыі антытрынітарызму. З 1573 прапаведнік у Лоску (Валожынскі р-н). У 1574 у створанай ім Лоскай друкарні надрукаваў свой пераклад Новага Запавету з прадмовай, каментарыямі і заўвагамі, уласныя творы «Пра дзве сутнасці Хрыста», «Супраць хрышчэння дзяцей», «Кароткі доказ, што Хрыстос не з’яўляецца такім жа Богам, як айцец...» і інш. Меў сяброўскія кантакты з І.Фёдаравым і П.Мсціслаўцам, вёў перапіску з багасловам Арцеміем, Феадосіем Касым, удзельнічаў у рабоце арыянскіх сінодаў, дыспутах з езуітамі, палемізаваў з ідэолагамі арыянства Пятром з Ганёндза, Якубам з Калінаўкі, М.​Чаховіцам. Ідэі Буднага паўплывалі на развіццё еўрап. рацыяналізму 17 ст., садзейнічалі фарміраванню вальнадумства. Як прадаўжальнік традыцый Ф.Скарыны, выступаў за роўнасць усіх саслоўяў перад законам і справядлівасць правасуддзя. Яго паліт. ідэал — асветная манархія. Не адмаўляючы сутнасці прыгонніцтва, патрабаваў абмежавання феад. самавольства. Лічыў, што простаму народу патрэбны мір, што феадалы павінны клапаціцца пра яго адукацыю. Шмат зрабіў для развіцця бел. мовы, выступаў за выкарыстанне жывой нар. мовы ў рэліг. пісьменстве і царк. набажэнствах, за ўсебаковае супрацоўніцтва ўсіх славянскіх народаў.

Літ.:

Парэцкі Я.І. Сымон Будны. Мн., 1975;

Саверчанка І.В. Сымон Будны: Гуманіст і рэфарматар. Мн., 1993.

С.Будны.

т. 3, с. 315

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

САЮ́З БЕЛАРУ́СКАЙ МО́ЛАДЗІ (СБМ),

маладзёжная арг-цыя на акупіраванай ням.-фаш. захопнікамі тэр. Беларусі і ў Германіі ў Вял. Айч. вайну. Створаны 22.6.1943 па ініцыятыве герм. улад на ўзор саюза гітлераўскай моладзі (Гітлер-югенд) паводле загаду ген. камісара Беларусі В.​Кубэ. Дзейнічаў пад кантролем аддзела моладзі Ген. камісарыята Беларусь і спецслужбаў. Вышэйшы орган СБМ — Кіруючы штаб на чале з М.​Ганько (мужчыны) і Н.​Абрамавай (жанчыны). Штаб знаходзіўся ў Мінску, з ліп. 1944 — у Берліне; падпарадкоўваўся Бел. цэнтр. радзе. Друкаваныя органы: час. «Жыве Беларусь!», газ. «Юнацкі покліч». Гал. мэтай саюза была падрыхтоўка новай генерацыі беларусаў у духу герм. нацыянал-сацыялізму. СБМ павінен быў аб’ядноўваць бел. моладзь ва ўзросце 10—20 гадоў, яго дзейнасць будавалася на жорсткім прынцыпе фюрэрства. За чэрв. 1943 — ліп. 1944 на акупіраванай тэр. Беларусі падрыхтавана каля 1500 функцыянераў малодшага, сярэдняга і вышэйшага звяна СБМ. На 1.7.1944 адзінкі СБМ былі створаны ў 16 акругах і больш як 60 паветах, у іх налічвалася больш за 12,6 тыс. чал., з якіх 3,5 тыс. былі аб’яднаны ў рабочую групу СБМ «Германія» і працавалі на ваен. прадпрыемствах Трэцяга рэйха. Члены саюза прыцягваліся да ваен.-буд. і гасп. работ на акупіраванай тэр. Беларусі. Пад уплывам перамог Чырв. Арміі, прапагандысцкай і арганізац. дзейнасці сав. падполля многія радавыя члены і некат. кіраўнікі СБМ пераходзілі на бок партызан. Частка актыўных членаў (каля 3 тыс. чал.) пакінула Беларусь разам з адступаючай герм. арміяй. Дзейнасць СБМ працягвалася да вясны 1945 на тэр. Германіі. За ўдзел у СБМ пасля вайны судзілі як за здраду Радзіме, садзейнічанне акупантам і інш.

Літ.:

Каваленя А.А. Прагерманскія саюзы моладзі на Беларусі, 1941—1944: Вытокі. Структура. Дзейнасць. Мн., 1999.

А.​А.​Каваленя.

т. 14, с. 222

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАВЕ́ТРАНЫ ТРА́НСПАРТ,

адзін з відаў транспарту, які ажыццяўляе скарасныя перавозкі пасажыраў, грузаў і пошты на ўнутр. і міжнар. авіялініях з дапамогай авіяц. тэхнікі (самалётаў і верталётаў). Карыстаецца аэрапортамі і аэрадромамі, аснашчаны сучаснымі сродкамі сувязі і навігацыі паветранай, што гарантуюць высокую бяспеку палётаў. Займае важнае месца ў перавозках на далёкія адлегласці і цяжкадаступныя раёны. Выкарыстоўваецца таксама як сан. транспарт, у тушэнні лясных пажараў, для аэрафотаздымак і абслугоўвання геолагаразведкі, пошуку рыбных касякоў, авіяхім. работ і інш.

Узнік у краінах Еўропы і ЗША пасля 1-й сусв. вайны 1914—18, напр., у Францыі і Германіі як від транспарту — з 1920-х г. У СССР першая паветр. лінія Масква—Ніжні Ноўгарад адкрыта ў 1923. Развіццё П.т. паскорылася з 2-й пал. 1950-х г. у сувязі з выкарыстаннем пасажырскіх шматмесных рэактыўных самалётаў Ту-104, Ту-114, Ту-124, Іл-18, Ан-10, Ан-24 і інш. З 1970-х г. на авіялініях эксплуатуюцца самалёты Іл-62, Ту-134, Ту-154; на мясц. лініях — Як-40 і інш., пасаж. верталёты Мі-4, Мі-6, Мі-8, Мі-10, К-26 і інш. У пач. 1990-х г. паветр. лініі звязвалі 3600 гарадоў і інш. нас. пунктаў СССР. На міжнар. авіялініях значная доля паветр. перавозак прыпадае на лятальныя апараты амер. фірмы «Боінг», адна з мадэляў якога «Б-747» (умяшчальнасць каля 500 пасажыраў) эксплуатуецца з 1971. На канец 20 ст. сусв. П.т. налічваў каля 15 тыс. магістральных самалётаў, больш за 300 тыс. лёгкіх лятальных апаратаў; на рэгулярных маршрутах перавозілася больш за 1 млрд. пасажыраў за год.

На Беларусі П.т. развіваецца з 1930-х г. Першая трансп. лінія па маршруце Мінск—Мазыр адкрыта ў 1932, перавозка пасажыраў (Мінск—Масква) пачалася ў 1938. У Вял. Айч. вайну П.т. адыгрываў вял. ролю ў арганізацыі дапамогі партызанам. За час акупацыі сав. авіятары здзейснілі каля 6 тыс. самалётавылетаў да партызан, даставілі каля 2,5 тыс. т разнастайных грузаў, перавезлі з Вял. зямлі і вывезлі з партыз. зон 11,6 тыс. чал. Пасля вайны авіялініямі звязаны Мінск з абл. цэнтрамі і інш. гарадамі рэспублікі і СССР. Беларусь мае паветр. сувязь больш як з 50 краінамі свету (2000), у т. л. з Вялікабрытаніяй, Германіяй, Кітаем, ЗША. Працуюць 5 авіякампаній, у т. л. «Белавія», міжнар. аэрапорты Мінск-1, Мінск-2, у Брэсце, Гомелі, Гродне; нац. і мясц. аэрапорт ў інш. абл. цэнтрах, таксама ў гарадах Мазыр, Пінск, Полацк, Салігорск і інш. Грузаабарот П.т. (1999) склаў 12 млн. т км; пасажыраабарот каля 730 млн. пас.-км (перавезена больш за 270 тыс. чал.); авіяхім. работы ў сельскай і лясной гаспадарцы праведзены на плошчы каля 90 тыс. га. Дзейнасць сродкаў П.т., структура яго арганізацыі, прававыя адносіны, што ўзнікаюць у сувязі з яго выкарыстаннем, рэгулююцца Паветраным кодэксам Рэспублікі Беларусь ад 11.1.1999 і інш. нарматыўна-прававымі актамі. Гл. таксама Авіяцыя, Грамадзянская авіяцыя.

І.​У.​Косціна.

т. 11, с. 468

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАТЫ́Р, бахадур (цюрк.-манг.),

ганаровае званне ў цюркаў і манголаў, якое давалася за воінскія подзвігі. З батыраў фарміравалася феад. знаць. Тэрмін «батыр» з’явіўся не пазней як у 6 ст., шырока распаўсюджаны ў фальклоры і побыце цюрк. народаў.

т. 2, с. 353

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕРАГАВА́Я ЛІ́НІЯ,

лінія перасячэння паверхні мора або возера з паверхняй сушы. З’яўляецца мяжой дадзенага вадаёма. Умоўнае паняцце: узровень вады многіх вадаёмаў непастаянны, рэальная Б.л. няспынна змяняецца, таму за паказчык берагавой лініі прымаюць сярэдняе шматгадовае становішча ўзроўню вадаёма.

т. 3, с. 103

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АДЗІ́НКАВЫ ВЕ́КТАР,

орт, вектар, даўжыня якога прынята за адзінку выбранага маштабу. Адвольны вектар a→ можна атрымаць з якога-н. калінеарнага яму адзінкавага вектара e→ множаннем на лік (скаляр) λ : a→ = λe→. Гл. таксама Вектарнае злічэнне.

т. 1, с. 108

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

А́ВЕЛЬ,

паводле біблейскай міфалогіі сын Адама і Евы, пастух авечак, забіты з зайздрасці старэйшым братам Каінам за тое, што бог Яхве аддаў перавагу дарам Авеля. У пераносным значэнні — бязвінная ахвяра жорсткасці, правобраз усіх праведнікаў, якія церпяць ганенні.

т. 1, с. 60

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КА́СТАР,

α-Блізнят, зорка 1,6 візуальнай зорнай велічыні. Свяцільнасць у 34 разы большая за сонечную, адлегласць ад Сонца 14 пк. Уяўляе сабой сістэму 4 зорак. Названы імем аднаго з двух братоў-блізнят у стараж.-грэч. міфалогіі.

т. 8, с. 154

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЕ́ЛВІЛ (Melville),

заліў мора Бафіна, каля зах. берагоў Грэнландыі. Шыр. каля ўвахода 300 км. Глыб. больш за 1000 м. Узбярэжжа з мацерыковымі ледавікамі, ад якіх утвараюцца айсбергі. Названы ў 1822 у гонар першага лорда Адміралцейства Вялікабрытаніі Мелвіла.

т. 10, с. 271

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НАВАКО́ЛЛЕ пункта ў метрычнай прасторы,

мноства ўсіх пунктаў, адлегласць якіх да дадзенага пункта меншая за некаторы дадатны лік. У больш агульным выпадку Н. — любое адкрытае мноства, элементам якога з’яўляецца дадзены пункт. Н. — адно з асн. паняццяў тапалогіі.

т. 11, с. 99

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)